Пераднавагодні дэбют – першы альбом Pafnutiy’s Dreams ‘The Sandman’, які стрэліў у канцы 2013 года, – крытыкі ледзь не адзінадушна прызналі тагачасным фаварытам. Цяпер на прыступках увагі – другі альбом «Сутра подсолнуха», які мы ў лічаныя дні маем гонар выдаць на «Першаку». Напярэдадні рэліза гутарым са стваральнікам гурта Паўлам Кузюковічам пра карысць развагаў пра смерць, сыход з «Ляпісаў» і перамены да лепшага ў сучасным Менску.
Як ты выступіў на «Народным альбоме»?
У мяне было адчуванне, што гэта беларускі Ману Чао з адкрытай, чыстай і светлай энергіяй. «Народны альбом» – сапраўдная беларуская музыка. Не этнічная народная, а стылізаваная. І нацыяналізм тут такі здаровы, які не выклікае адарвання. Усе стагналі: «Мы хочам яшчэ, мы хочам у тур паехаць з гэтым!» Гэта была жывая, выразная і класная музыка, якая не патрабуе рэкламы.
Увогуле энергія – гэта адзін з галоўных складнікаў, які прысутнічае ў паветры. Без энергіі не будзе ні фіга! Гэта тое, што я якраз бачу ў класічнай музыцы. У ёй закладзена энергіі больш, чым у любой іншай. Таму што яна была створана ў іншых умовах: без інфармацыйнай плыні, шуму. Людзі ж не чулі музыкі ані з якой крыніцы – не было гуказапісу. Усё светаўспрыманне чалавека ўнутры яго адбывалася. Усе гукі ўзнікалі ўнутры кампазітара. Зараз музыкі не могуць пазбавіцца ад знешніх гукаў, у любы момант могуць уключыць нешта. Раней гэта нараджалася само сабой. Уяві, якую сілу мела гэтая энергія. І якую сілу перадавала.
Папярэдняя плытка The Sandman – гэта гуллівая элегія, прысвечаная пераходнаму стану паміж сном і рэальнасцю. Раскажы пра новы альбом.
Першы альбом больш дзіцячы. Я яго называю нулявым. Але ён адпавядае таму ўзросту, які ў мяне быў у той час. Усё было запісана за кароткі тэрмін, хоць і рабілася паўтара года. Ты жывеш, займаешся сваімі справамі, ён дзесьці ляжыць, але працэсы ўжо запушчаныя. Нешта стала зернем, якое потым саспела.
Калі першая праца – нулявы клас, то другая плытка – ужо трэці, заканчваем пачатковую школу. Тэма альбома – смерць, але не змрочнасць, якая традыцыйна звязаная з ёй, а нешта іншае: тое, з чым мы пастаянна жывем. Ува мне страх перад смерцю пасяліўся ў 5-6 гадоў. Тады я зразумеў, што мая мама можа памерці. Я не мог дапусціць да шасці наогул такой думкі. Гэтае адчуванне засталося на ўсё жыццё. Я сталеў, паміралі мае аднагодкі, паміралі сябры, сваякі – з узростам гэты працэс толькі набірае абароты. Я жыву за горадам. Сядзіш сабе ў холадзе адзiн, сувязі з рэальнасцю няма – тады трапляеш на гэтую тэму і разумееш, што паэты таксама яе адчуваюць і перадаюць праз мастацтва, нягледзячы на розныя эпохі, мовы і культуры.
«Калі першая праца – нулявы клас, то другая плытка – ужо трэці, заканчваем пачатковую школу»
Што ў выніку даюць развагі пра смерць?
Мне цікавы сам момант. Я веру, што, паміраючы, мы не заканчваемся, але ў адрэзку паміж нараджэннем і смерцю ёсць увесь сэнс жыцця. Таму ён жыццём і завецца. Смерць аб'ядноўвае ўсіх: і паспяховага кіраўніка, і багатага чалавека, і дзіця, якое толькі два тыдні пражыло. Потым – момант пераходу і іншы этап.
Для мяне развагі пра смерць даюць магчымасць караскацца з поўнага адчаю і вар'яцтва. Таксама – успрымаць жыццё збоку, ісці сваёй дарогай і глядзець на сутнасць рэчаў. Жыццё – сапраўднае, зярністае, як кавалак хлеба, як глыток чыстага паветра або прахалоднай вады. Гэта сапраўдныя рэчы.
Я кажу пра сур'ёзныя тэмы і ўсё ж такі разумею, што гэтая праца – трэці клас. Нават не сярэдняя школа. Я маю надзею, што тое, чым мы займаемся, праз гады вырасце ў нармальнага выпускніка сярэдняй еўрапейскай школы.
«Сутра подсолнуха», апроч тэмы, – канцэптуальны альбом і па форме. Кожная кампазіцыя – гэта дыялог паміж музыкай і паэтамі. Антоніа Мачада, Эдгар Алан По, Тумас Транстромер, Карл Сэндберг, Ален Гінзберг, Луіс Сернуда – раскажы болей пра задумку.
Калі ты адкрыты, у тваё ўспрыманне ўсё трапляе, кожнае слова нясе за сабой сэнс. На працягу 6-7 гадоў я ўвесь час думаў, як сумясціць слова і музыку. Доўгі час не разумеў паэзію, хоць і цяпер не разумею. Я купляў, спрабаваў, псіхаваў: «Ну чаму? Не разумею і ўсё!» Я не мог зрабіць выгляд, што разбіраюся. Вывучыць верш і сыпаць усюды – так. Але адчуваць…
Тэксты прыйшлі неяк падчас запісу. У мяне былі вобразы, карцінкі… Палову альбома мы запісалі ўдваіх з ударнікам Ромам Цябутам за тры гадзіны. Ён граў адной рукой на клавішах, другой – на ўстаноўцы. Я стаяў на другім паверсе, чуў яго ў навушніках і чытаў. Мы не ведалі пачатку, канца, развіцця – нічога, лавілі адзін аднаго, адчувалі, а потым нічога не перапісвалі. Калі я пачуў, як атрымалася, узрадаваўся і кажу: «Давай так выпусцім!» Ён: «Ты што, звар'яцеў? Там жа лухта!» Потым Рома мяне пераканаў, што трэба неяк хоць палітру разнастаіць. У мяне ёсць такое: складзецца нешта ў галаве – і падаецца, што ў іншых гэтак жа склалася і не патрабуе ніякай дапрацоўкі.«Момант прыдумвання або запісу адрозніваецца ад звычайнага жыцця. Ты ўваходзіш у пэўны стан, у якім пачынаеш нешта хутка рабіць: шукаць тэкст, яшчэ нешта. Гэта падобна да бойкі»
Ты кажаш, што стаяў на другім паверсе. Калі слухаю альбом, дакладна маю адчуванне вежы, у якой уяўляецца нябачная цёмная фігура.
Шмат слаёў там. Момант прыдумвання або запісу адрозніваецца ад звычайнага жыцця. Ты ўваходзіш у пэўны стан, у якім пачынаеш нешта хутка рабіць: шукаць тэкст, яшчэ нешта. Гэта падобна да бойкі. У бойцы час праходзіць па-іншаму. Тое, што цягнецца, – збоку адбываецца за секунды. Ты бачыш усе палёты рук, ног, кожную дэталь. Тое ж самае і ў творчасці: паскарэнне цябе, а ўсё астатняе, наадварот, замірае. У такім стане ты можаш выхопліваць многія рэчы і адчуваць іх. Потым гэта перадаецца. Калі не перадаецца, то для мяне гэта бессэнсоўна. Кожны раз, калі людзі кажуць пра шматслойнасць, я радуюся, што гэта нездарма і ніхто не скажа: «Пафнуцій-шмуцій».
Пра што тэкст «Званы» Эдгара По, я паглядзеў, калі мы ўжо запісаліся. Аказалася, што на гэты верш Рахманінаў напісаў аднайменную кантату. А я памятаю, што слухаў яе яшчэ ў музвучылішчы. Паставіў кружэлку – і цалкам праспаў. У маладосці для мяне гэта было паказчыкам добрай музыкі. Я засынаў толькі пад добрую музыку: увесь час і ўсюды, нават на канцэртах. Чым лепей была музыка, тым мацней быў мой сон.
Музыка «Сутры сланечніку» – загалоўнай тэмы альбома – адсылае да творчасці амерыканскага джазмэна Sun Ra. Я тады слухаў яго запіс аркестра перад рэпетыцыяй у Оперным тэатры. А таксама Beastie Boys з Вівальдзі. Нават спазніўся тады. Гэтыя тры выканаўцы нарадзілі мне настрой для гэтай кампазіцыі. Я прыйшоў да сваіх музыкаў, не змог растлумачыць на словах, але яны адчулі і зрабілі.
На альбоме ёсць трэк Deadman, ці ёсць тут адсылка да фільма Джармуша?
Так, тут канкрэтная адсылка. Гэта адзін з маіх любімых фільмаў. Раней ён быў для мяне маркерам, я чапляўся з ім да ўсіх: «А ты “Мерцвяка” ведаеш? У цябе ёсць тытунь?» Праз дзесяць гадоў я пераглядаў яго і зразумеў, наколькі ён у маладосці на мяне паўплываў. Канкрэтна гэты фільм, канкрэтна гэтыя вобразы.
Мы, дарэчы, запісалі яго з аднаго дубля. Навошта перапісваць, калупацца ў носе, калі сопляў няма. Там, дзе трэба, мы калупаемся, а дзе не трэба – навошта? Каб знайсці скарб, можна выкапаць вялікую яму, але калі там не ляжыць куфэрак са скарбам, то, колькі б ты ні капаў, не выкапаеш яго. Таму трэба капаць там, дзе ёсць. Гэтак з многімі рэчамі, з мастацтвам у тым ліку.Ты 14 гадоў, з 1996-га па 2010-ы, удзельнічаў у «Ляписе Трубецком». Як было сыходзіць з гурта на піку ягонай папулярнасці?
Так, пік якраз пачынаўся. Я не хацеў тады называць прычыну, ды і канкрэтнай прычыны, уласна, не было. Я пражыў пэўны час з вельмі крутымі людзьмі – гэта ўвесь гурт – і атрымаў вопыт, які не атрымае ўжо ніхто. Але я адчуваў, што больш не магу. Фізічна не магу. Час прайшоў, мне цяпер прасцей гэта сфармуляваць. Раней я наогул на гэтае пытанне б не адказваў. Сёння я спакойна да гэтага стаўлюся, як да аднаго з этапаў майго жыцця. У мяне цяпер хлеў руйнуецца і стаіць выбар: альбо яго разбурыць і зноўку пачаць будаваць, альбо паспрабаваць выратаваць. Але я разумею, што ён усё роўна разбурыцца. А разбурыўшы, я магу выбудаваць выдатны прыгожы хлеў, які мне патрэбны.
Што для цябе музыка?
Я ўспрымаю музыку толькі ў сувязі з чалавекам і яго асобай. Па мне, самой па сабе музычнай субстанцыі не існуе. Гісторыі пра спевы птушак, якія нібы музыка, – лухта! Я таксама на прыродзе слухаю спеў птушак і рык кароў. Гэта не музыка. А музыка – гэта якраз праламленне навакольнага свету праз асобу чалавека. Таму я захапляюся тымі людзьмі, што пішуць оперы, якія я граю. Бо я бачу, наколькі гэта крута. Таму мне вельмі падабаецца тое, што цяпер адбываецца ў электроннай музыцы.
Электроніка 80-х была больш эксперыментальнай. Цяпер яна не эксперыментальная, цяпер яна частка свету. Праз гаджэты. Казаць, дрэнна тое ці добра – дык не пра гэта гаворка.
Мы ў часопісе шмат кажам пра лета 2016-га, Бахарэвіч добра развівае гэтую тэму. Што ты думаеш пра сучасны Менск?
У мяне няма адчування, што свет ляціць у бездань. Адной з прычын якраз гэты крызіс і выступае. Ён проста выратаванне для нас. Калі няма грошай, грашовым дэманам няма чым харчавацца. Няма сэнсу ў нашай беднай краіне навязваць культуру спажывання, бо каму і што спажываць? А глядзіш: жывыя ўсе і накормленыя. Часам адсутнасць магчымасцяў грае добрую ролю. Гэты крызіс, які, здавалася б, вытравіць усё жывое, вытравіў усё нежывое. Вытраўлівае. Цяпер мы працуем з раніцы да вечара. Такая Амерыка без грошай.
«Два гады таму мне здавалася, што ў метро ездзяць усе персанажы Босха і Брэйгеля»
Сёння час утопій, якія, як планеты, максімальна наблізіліся да рэальнасці. Яны, падаецца, вось-вось спраўдзяцца. Нават калі і не спраўдзяцца, яны ўжо дапамагаюць не ачмурэць. Візуальна я назіраю вельмі прыгожых людзей. Хоць два гады таму мне здавалася, што ў метро ездзяць усе персанажы Босха і Брэйгеля. Для каго я граю «Шчаўкунчыка»? – жахаўся я. А праз два гады ці то людзі змяніліся, ці я. Цяпер колькасць прыгожых людзей проста зашкальвае.
У мяне няма адчування апакаліпсісу. Святлей і святлей усё становіцца. Можа, у мяне цяпер такое пачуццё, бо я паеў і пайграў у оперным тэатры. Альбом вось выпускаю, мне класна.
Як мастачка намагаецца наблізіцца да новага разумення жыцця.
Антон Кашлікаў размаўляе з Іллёй Чарапко-Самахвалавым.
Інтэрв’ю з заснавальніцай фемстэндап-клуба Марні Вішнеўскай.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.