Шабаш #1: nixelpixel у «Корпусе» і партрэт Русі
- Рубрыка: ШАБАШ
- 18.06.2018
- 7290
Пачынаем фіксаваць лета 2018-га: у новай рубрыцы «Шабаш» сябры 34 Media будуць расказваць, што бачылі, перажывалі і пазнавалі на выходных – у тыя дні, калі жыццё становіцца асабліва канцэнтраваным. У першым выпуску Віка Біран звазіла свайго візаві спадара Шуневіча на амерыканскі прайд-парад, Надзя Саяпіна малявала Русю і Лёшу з Shuma, Даша Sheeborshee здзіўлялася міліцыянтам на Кастрычніцкай, Андрэй Завалей адчуваў уздым пасля лекцыі nixelpixel у «Корпусе», а Таня Капітонава –драматургію жыцця на лецішчы.
Віка Біран
Гэтыя выходныя я правяла не абы-дзе, а на прайд-парадзе ў амерыканскім горадзе Луісвіль, бурбонавай сталіцы свету. Разам са мной на парад адправіўся і міністр МУС Беларусі спадар Шуневіч. У нас з ім цёплыя адносіны яшчэ з часоў публікацыі «калонкі» на сайце МУС, дзе гаворыцца, што ЛГБТ-людзі – гэта падробка. Мы разам гулялі, практычна трымаліся за ручкі, знаёміліся з непадробленымі белымі, чорнымі, чырвонымі, блакітнымі – увогуле з усімі рознакаляровымі людзьмі. Рабілі фотаздымкі і распавядалі амерыканцам, дзе знаходзіцца Беларусь. Было весела. Спадзяюся, яму спадабалася. Пасля нам давялося расстацца, таму што няёмка было са спадаром пад пахай хадзіць.
Прайд-вечарына ў галоўным гарадскім клубе была аб'яўлена як «пенная». Фігня там пена была – толькі ножкі памачыць! Не тое што на падпольных ЛГБТ-вечарынках у Менску, дзе пад пенай можна было схавацца і ніхто, акрамя самых абраных, не пазнаў бы, колькі прадметаў адзення ты паспела з сябе зняць.
Ля барнай стойкі я пазнаёмілася з чуваком з Германіі, ён дапамог мне трохі ўспомніць нямецкую. На гэтай хвалі вырашыла пагаварыць з бармэнам таксама на нямецкай. Замест zwei (двух) бурбанадаў (бурбон з імбірным ліманадам) ён выдаў мне five (пяць). Мабыць, варта папрацаваць над вымаўленнем.
Атрымліваю асалоду ад сустрэч, уражанняў, смакаў. Назапашваю сілы для вяртання ў Менск. Сумна там дакладна не будзе.
Надзя Саяпіна
Мая субота пачалася позняй раніцай – цяпер для мяне гэта нешта прыемнае і, разам з тым, трывожнае. Прыемнае, таму што ўключаецца рэжым выходнага дня. Трывожнае, таму што зусім хутка – 28 чэрвеня – адкрыецца мая персанальная выстава «Лица шума» і колькасць спраў цяпер зашкальвае.
Адразу ж я паехала ў SUMMERSPACE – летнюю рэзідэнцыю ад хаба Ok16, дзе ўжо каля месяца працую над сваім праектам. Нязвыклым аказалася тое, што ў вялізным ангары было малалюдна, залагоджана, спакойна. Дробны дождж таксама дадаваў антуражнасці.
У такім спакоі я заканчвала працу над дыпціхам партрэтаў Русі і Лёшы з Shuma. З другога канца ангара да мяне даляталі абрыўкі музыкі, і гэта стварала сюррэалістычную атмасферу. Дыпціх выклікаў натхнёнае ўзбуджэнне і нецярплівасць, далікатныя і пяшчотныя пачуцці. Праца ўжо набліжаецца да фіналу, і гэта дае імпульсы знутры.
Потым я спакойна паглядзела серыял. Напэўна, не рабіла гэтага ўжо пару гадоў.
Даша Sheeborshee
Так як у гэтыя выходныя са мной адбылося шмат класных рэчаў, то распавяду пра самы дзіўны вопыт – паход на фестываль «ОК 15» ад завода «МИНСК КРИСТАЛЛ». Усю суботу я праводзіла семінар на Кастрычніцкай, і мне, як закладніцы такіх абставінаў, давялося апынуцца на фэсце з самай раніцы.
Пахмурна, вуліца перакрытая аўтазакамі. Вакол супрацоўнікі сілавых ведамстваў усіх масцяў: АМАП, міліцыя, ДАІ. Апошнія з раніцы эвакуатарамі прыбіралі машыны з паркоўкі каля ENZO. Не пакідала пачуццё знаходжання ў нейкай паралельнай дыстапіі. Нас пастаянна пыталіся, хто мы і што тут робім. Хоць больш заканамерна было б спытаць: «Што вы ўсё робіце на МАЁЙ вуліцы?»
Але, чаго кпіць, мяне трохі замілоўвала тое, як міліцыянты стаялі ў чарзе па шаўрму, шпацыравалі ўздоўж муралаў, сядзелі на лавачках у двары «Лаўкі», а адзін з супрацоўнікаў кемарыў на канапах каля прасторы .PUNKT. Дарэчы, Андрэй Касай яшчэ ў 2010-м праспяваў пра мае пачуцці.
Карацей, «ОК 15» – гэта скрыжаванне FSP і «Дажынак»: сцэна «Бальшавікі» з аніматарам у вобразе Леніна, батл літаратараў, фотазона «Ваенны час», ігра на баяне, грэчка, усякія пошласці на сцэне «90-я»...
Добра, што гэта скончылася.
Андрэй Завалей
На гэтых выходных у Менск прыязджала блогерка Ніка Водвуд, яна ж nixelpixel. Два дні мерапрыемстваў былі прысвечаны анлайн-актывізму, і, акрамя самой сустрэчы з Нікай, у іх увайшла прэзентацыя даследавання анлайн-актывізму на тэму ЛГБТ у Беларусі, дыскусія пра гендарны гвалт і варкшоп па стварэнні актывісцкіх відэа.
Першы дзень праходзіў пад лозунгам «Час казаць» і цалкам апраўдаў закладзены ў яго сэнс. Галасоў было шмат, галасы былі розныя. Гучалі жывыя, шчырыя, гарачыя, асабістыя, палітычныя выказванні. Вечар быў прасякнуты атмасферай салідарнасці і, нягледзячы на прысутнасць у «Корпусе» больш чым двухсот чалавек, хатняй утульнасцю і цяплом.
У такія моманты разумееш, што, нягледзячы на ўсю тую дзічыну, якая адбываецца ў Беларусі, нягледзячы на вельмі нізкую дасведчанасць грамадства пра структурную дыскрымінацыю і гвалт, ёсць шмат людзей, гатовых супрацьстаяць гэтаму, даносіць інфармацыю, распавядаць пра свой вопыт.
Пасля мерапрыемстваў я рэдка так востра адчуваю агульнасць, уздым, натхненне і імкненне працягваць сваю працу. Прыйшлі новыя ідэі і ўсведамленне таго, што мы ўсё робім не дарма.
Таня Капітонава
Упершыню за доўгі час з'ездзіла на дачу. У дзяцінстве праводзіла тут усё летнія месяцы, а цяпер – добра, калі раз у год выберуся. Таму змены бачныя асабліва востра і здаюцца даволі драматычнымі.
Мы з мамай ідзем па вуліцах нашага старэнькага кааператыва «Прагрэс», і яна пералічвае, хто з'ехаў, хто з кім пасварыўся, а хто – памёр.
Старыя сябры – Сашка, Ромка, Шурык, Косцік, Гошка – таксама даўно не прыязджаюць. Новых дзяцей ні ў каго не з'явілася, таму ўжо не чуваць ні смеху, ні шуму, ні крыкаў. Па раніцах не ездзіць малочнік на ровары і не галосіць працяжна: «Ма-ла-ко!.. Ма-ла-ко!..» Нават быццам птушкі спяваць перасталі.
На гарышчы знаходжу ліст з 90-х ад далёкай сваячкі да бацькоў маёй мамы. Тры старонкі. Усё дакладна, па фактах: Люся хварэе, Юра ажаніўся, Санька пойдзе ў школу, Галю паралізавала, Люба носіць ёй прадукты, Генадзь атрымаў кватэру, Ніна зламала нагу, Саша развёўся, Алег у арміі, у Славы ёсць ліцэнзія на паляванне на дзіка і лася. Адзіны асцярожны ўсплёск пачуццяў бачу ў канцы ліста: «У крамах у нас часта нічога няма. Па талонах даюць усё: і хлеб, і салодкае. Дажылі да добрага жыцця?»
З прыемнага – даведалася, што са стрэлак часныку, якія перашкаджаюць яму расці, можна зрабіць мноства смачных гарніраў.
А яшчэ так выдатна засыпаць, трымаючы ў далонях руку мамы.
Фота – Віка Біран, Таня Капітонава, Даша Sheeborshee, Віялета Саўчыц, Natalya Goncharik
КАМЕНТАРЫ (1)
Кайф