Шабаш #5: 40-годдзе Чарапко і фінал ЧС
- Рубрыка: ШАБАШ
- 16.07.2018
- 5353
Працягваем фіксаваць выходныя гэтага лета ў гісторыях нашых сяброў і герояў часопіса. У пятым выпуску Ілля Чарапко расказвае пра сваё 40-годдзе, на якім ён бы хацеў адсвяткаваць дзень крэмацыі Фрыды Кала; Ксенія Галубовіч запрашае пашпацыраваць па Грушаўцы, пакуль яна яшчэ ёсць; Лёша Горбаш захапляецца чэмпіянатам свету па футболе ў Маскве, а Глеб Кавалёў бяжыць ад гэтага свята ў Францыю.
Ілля Чарапко-Самахвалаў
Адчуваю глыбокае задавальненне ад уступлення ў клуб саракагадовых. Адначасна яшчэ радасна ад таго, што я дажыў да гэтай памятнай даты. Думаю, я буду вельмі змрочным, але гадоў праз 30.
Наогул я хацеў адзначаць некалькі іншых дат: напрыклад, дзень крэмацыі Фрыды Кала, дзень нараджэння Інгмара Бергмана, дзень узяцця Бастыліі або, на худы канец, дзень першага залпу рэактыўных мінамётаў «Катюша». У выніку прыйшлося адзначаць сваё саракагоддзе: ніхто не хацеў святкаваць дзень крэмацыі Фрыды Кала. У цэлым, расказаць асабліва і няма чаго. Нічога экстраардынарнага не было: напіліся, патанчылі, пакрычалі – вось і ўсё.
Наступны дзень прайшоў цудоўна – так, як я і хацеў. Я ляжаў у гарызантальным становішчы, у стане поўнага спакою. Можна сказаць, што на час памёр. Я часта практыкую такую схему.
А наогул 15 ліпеня ўсім, хто паважае Іена Кёрціса, варта адзначаць яго дзень нараджэння.
Лёша Горбаш
Чэмпіянат свету – гэта заўсёды крута. Па-першае, гэта насамрэч лепшы футбольны турнір з лепшымі гульцамі, прыгожымі галамі і абавязковай драмай. Па-другое, гэта дазваляе цэлы месяц кайфаваць ад футбола без прывязкі да любімай каманды. На ўзроўні зборных я звычайна падтрымліваю Галандыю, але яны зараз не надта мацнейшыя за зборную Беларусі, таму можна было спрацаваць па ўлюбёнай схеме «Заўзею за андэрдогаў».
Ну і галоўнае – гэтым разам ЧС праходзіў літаральна за ноч у аўтобусе ці гадзіну ў самалёце ад Менска. Сябры вырашылі ехаць у Маскву на фінал яшчэ ў пачатку чэрвеня, я ж сабраўся духам літаральна за тыдзень да самога фіналу. І сапраўды, у наступны раз ЧС даедзе да Еўропы ў 2030 годзе – там будзе ўжо не той узрост, каб да раніцы скакаць па горадзе-фіналісце.
Здаровы сон у пятніцу, падбадзёрлівы келіх у «Галилео» а 10-й раніцы, ну і ўсё – футбольны weekend mode on. Да Масквы мы дабраліся бліжэй да 5-й вечара, як раз пад пачатак матча за трэцяе месца (калі іх ужо адменяць, госпадзе). За ім – акуратны рэйд па мясцовых барах, каб не зрабіць фальстарт і не сапсаваць галоўны дзень лета.
Яшчэ ў Менску я хадзіў гуляць у футбол за пару дзён да ад'езду і чуў такую рэпліку: «Прыедзем з сябрамі да "4-4-2" да 10-й раніцы ў нядзелю і будзем трымаць месца». І злавіў сябе на думцы, што ў нас і блізка няма ніякіх планаў на фінал. У выніку першая палова нядзелі прайшла ў абмеркаваннях: ісці ў фан-зону або паспрабаваць знайсці варыянт з барам і экранам у адносным цэнтры горада. Ад фанзоны рашуча адгаворвалі мясцовыя: натоўп, дрэнна відаць, чэргі – пекла. Яшчэ раз узважыўшы ўсе за і супраць, вырашылі ўсе ж такі паспрабаваць – выправіліся туды за 3 гадзіны да матча, каб пакінуць зманлівую магчымасць куды-небудзь пераехаць.
У выніку на тэрыторыю фанзоны мы зайшлі гадзіны за паўтары да матча. І прыкладна адразу стала зразумела, што будзе вельмі добра. Чэргі – вялікія, але памяркоўныя. Нам хапіла часу заняць выдатныя сядзячыя месцы на насцілах яшчэ за 40 хвілін да пачатку. Адзіны мінус – дзіўная шоу-праграма для наведвальнікаў фан-зоны. Памятаеце групу «Игра слов»? У іх яшчэ была песня пра Аліну Кабаеву. Вось, я таксама паспеў сто разоў забыць – а яны «грэлі» аўдыторыю за гадзіну да старту фіналу ЧС. Што, навошта, чаму? Жудасна.
Добра, што ўсё гэта хутка скончылася і пачаўся сам футбол. Прыгожы, відовішчны, эмацыйны. Гэта сапраўды быў лепшы фінал ЧС, што я бачыў. Заўзеў за Харватыю, але Францыя – гэта а-а-а. Мбапе – рэінкарнацыя Анры, і гэта цудоўна. І вось ужо фінальны свісток, каментатараў у дынаміках замяняюць горшыя рэгетон-хіты з саўндтрэку «Фарсажу», мы вырашаем дачакацца цырымоніі ўзнагароджання. І калі вы глядзелі трансляцыю па ТБ, то бачылі гэты шалёны лівень. Ад стадыёна «Лужники» да нашай фанзоны – у лепшым выпадку пара кіламетраў.
І ўвесь гэты лівень мы перажылі роўна гэтак жа, як гульцы і афіцыйныя асобы на полі. Толькі калі ў Пуціна з'явіўся асабісты парасон, у нас з'явіліся асабістыя лужыны: праз 10 хвілін гэтай залевы сябры ўжо спакойна ныралі ў бліжэйшыя лужыны: розніцы не было ніякай.
Як вынік, мокры да ніткі (гэта не проста выраз), пахерыў пашпарт (там паплыў шэнген, а праз тры тыдні – Кендрык Ламар у Хельсінкі), гаманец патрабуе тэрміновай замены. Але ўсё гэта было варта. Такое не забываецца. Калі іншыя фіналы – гэта класныя прагляды дзесьці ў бары ці ў добрай кампаніі сяброў, то Масква-2018 – гэта тысячы людзей вакол, страшэнны лівень, нейкая касмічная энергетыка. Не ведаю, колькі людзей было ў фанзоне, думаю, гаворка пра дзясяткі тысяч.
Пасля – абсохнуць дома і выбрацца ў горад, каб праводзіць ЧС. У цэнтры ўсё яшчэ шмат прыезджых фанатаў, сярод якіх шмат лацінаамерыканцаў і чамусьці злачынна мала французаў. А тыя, хто ёсць, паважна сядзелі па кутах бараў і спакойна цягалі піва. Мабыць, усе сілы яны пакінулі на матчы: за барнай стойкай мы перакінуліся парай фраз з зусім маладым французам – у яго літаральна не было голасу.
Апошнія гадзіны фінальнага дня мы правялі ў пошуках устаноў без вар'яцкай чаргі: у KFC здаліся прыкладна на ўваходзе, пасля чаго правялі гадзіну ў бары «Камчатка» (француз быў адтуль), дзе прайшлі тры барныя стойкі і сустрэлі прыкладна нуль зацікаўленых у нашых грошах бармэнаў. Перамога здарылася ў Burger Heroes: бургеры ў 2 гадзіны ўжо ніхто не рабіў, а вось алкаголь налівалі без праблем.
Каля гэтага месца як-раз гралі залатыя хіты рускага року – ад гурта «Кино» да «ДДТ». І калі звычайна фармат «песень з пераходу» выклікае лёгкае раздражненне, тут гэта было як ніколі дарэчы. Гэта ўсё-ткі вельмі руская музыка і амаль ідэальны саўндтрэк для фіналу гэтага месяца.
Усё скончылася да 5-й раніцы. Вуліцы пачалі заціхаць, піва стала прайграваць здароваму сэнсу, а час намякаў: трэба задрамаць хоць бы пару гадзін перад заўтрашнім выхадам у 10 раніцы.
Усё гэта я дапісваю ў аэраэкспрэсе ва «Унукаве». І разумею, што ні прамоклы пашпарт, ні падарванае здароўе (калі вы думаеце, што піва больш не будзе, то не) не значаць наогул нічога. «Футбольнае свята» – збітае і пахабнае клішэ. Але гэты месяц – насамрэч велізарнае свята. І магчымасць убачыць яго заканчэнне ў самым эпіцэнтры – велізарная ўдача.
А цяпер святы скончыліся, пара вяртацца ў побыт і выходзіць на працу. Усім прывітанне.
Глеб Кавалёў
Паняцце выходных для бармэна, якім я па-ранейшаму сябе мяную, – паняцце даволі размытае. У пятніцу ляцеў з Парыжа і вельмі спадзяваўся, што ў Менску будзе такое ж выдатнае надвор'е, але не адгадаў. Сам патоп на Камсамольскай я бачыў толькі ў сторыз інстаграмаў – выглядала гэта, вядома, уражліва.
Галоўнай мэтай выходных было зразумець, як зноў пачаць займацца справамі майго бара і неверагоднай колькасцю летніх мерапрыемстваў, на якія цяпер так багаты Менск. Ну і, вядома, схавацца ад футбола. Зрэшты, Karma Room для гэтага ідэальна пасуе.
Пакуль вялікая частка маіх хлопцаў працавала на Vulitsa Ezha, выдатным фестывалі вулічнай ежы ад майго старога ўніверсітэцкага сябра Ягора Рытвінскага, мы налівалі зефірны ром-тонік і я распавядаў свае бясконцыя гісторыі пра Францыю. Самая неверагодная з іх – мой візіт на трансляцыю футбольнага матча Расія – Харватыя ў начным клубе ў трох хвілінах ад Трыумфальнай аркі, дзе была проста непрыстойная колькасць «журавін».
Мабыць, атмасферу выходных летняга Менска я адчую на бліжэйшых мерапрыемствах, у якіх буду прымаць непасрэдны ўдзел.
Ксенія Галубовіч
У гэтыя выходныя я прачытала пра навальнічнае папярэджанне і ўспомніла, што побач ёсць чароўнае месца – старыя дамы ў раёне Грушаўкі. Гэта дзіўны астравок па-за часам. Месца, якое вось-вось патоне.
Домікі акружаны новымі вышыннымі дамамі і паркоўкамі. Любы архітэктар скажа, што старыя баракі трэба зносіць. І, прадставіўшы ўвесь «камфорт» такога жылля, мне цяжка не пагадзіцца. Але напрыканцы вельмі захацелася захаваць гэтыя знікомыя віды на памяць.
Дзіўна, што сюды не бягуць кіношнікі: больш такіх казачных дэкарацый у Менску не знайсці. Там жа знаходзіцца былы кінатэатр «Авангард», пакрыўджаны і закінуты. Усе двары абсыпаныя яблыкамі, а вось грушу я знайшла толькі адну. Нават пакаштавала – смачныя. Усюды старыя прыгожыя дрэвы – не абрэзаныя, з усімі канцавінамі. Яны і выручылі мяне, калі абяцаная навальніца пачалася з дожджыку.
Я нават не ведаю, ці можна гэта было выратаваць, – я не спецыялістка. Але раю ўсім, пакуль не позна, зладзіць сабе асабістую экскурсію ў гэты часавы партал.
Фота – Каця Самахвалава, Лёша Горбаш, Глеб Кавалёў, Eugene Praulocki, Ксенія Галубовіч