Шабаш #6: літаратарскі дзэн і «Самы модны маркет»
- Рубрыка: ШАБАШ
- 24.07.2018
- 5767
«Шабаш» – цяпер найболей душэўная рубрыка на 34, у якой нашы сябры ды сяброўкі і героі ды гераіні распавядаюць пра выходныя лета 2018-га. Паспрабуем запомніць яго не толькі за дажджы.
Аліна Радачынская
Вандроўкi па Беларусi – асобны жанр, якi трэба практыкаваць усiм i рэгулярна. Асаблiва па-за вялiкiмi гарадамi. Беларускi ландшафт дае табе магчымасць пераключыцца i разам з тым дастаткова знаёмы, каб не забiваць унутраныя галасы. Ахiнацца ў яго – як ляжаць у позе эмбрыёна: адчуваеш бяспеку дастатковую, каб цалкам агалiцца перад сабой ды iншымi. Ды i не так шмат месцаў у свеце, дзе ты можаш проста плысці па рацэ i выходзiць з яе, дзе хочацца, не рызыкуючы пры гэтым жыццём (ну амаль).
– Наперадзе яшчэ шма-а-ат карчоў, – гэтая фраза Валянцiна Акудовiча дала нефармальную назву штогадовым сплавам, да якiх мне пашанцавала далучыцца чатыры гады таму. З таго часу гэта мой спосаб вярнуцца да каранёў ва ўсiх магчымых сэнсах.
Гiсторыя нарадзiлася так даўно i так канцэптуальна, што згаданы ўжо Валянцiн Акудовiч плануе ўключыць гiсторыi з вандровак у наступную кнiгу. Больш за 15 год таму першы сплаў замуцiў Сяргей Дубавец, той самы, якi адрадзiў першую беларускую газету з рысункамі, пасля ад яго адкалолася фiласофская байда Валянцiна Акудовiча i Iгара Бабкова. З цягам часу дзвiж згуртаваўся вакол кнiгарнi Логвiнава. Адпаведна ўвесь «стаф» – байдаркi, намёты, кацялкi, сякеры ды iншае – збiраецца з калекцый сталых удзельнiкаў. Калi вы не маеце свайго рыштунку i дастатковай смеласцi для самастойнага планавання сплаву, зараз дастаткова камерцыйных сплаваў, дзе вам гэта ўсё прадставяць у фармаце all included. Калi добра пашукаць, душэўнасць будзе ўключаная таксама.
Гэтая ж кампанiя цалкам аўтаномная. Раку выбiраюць не надта населеную, але з парачкай вёсак на шляху для антрапалагiчных вылазак i налёту на краму па нiшцякi. Сёлета стартавалi з возера Лiсна, а далей iшлi па рацэ Свольна.
З самага старту нас разбэсцiлi выдатнае надвор'е – пакуль усю краiну залiваў дождж, у нас было +28, – i абсталяваныя стаянкi заказнiка «Красный бор». Мы ўмудрылiся прамiнуць месца, дзе нас чакала экскурсiя, таму пра 150 зуброў, што жывуць там, мы толькi чулi. Таксама чулi, што недзе тут абаснавалiся шэйхi, але бачылi толькi шэрых чапляў, белыя лілеi i смуродныя парэшткi дзiкiх жывёлаў. З заказнiкам нам пашанцавала яшчэ i ў тым, што яго службоўцы распiльваюць дрэвы, што падаюць у раку або звальваюцца туды бабрамi. Да баброў у нас стаўленне адпаведна неадназначнае – мы i жывёлак любiм, i марым хоць аднаму махнатаму прышчамiць аднойчы хвост за ўсе байдарачныя пакуты.
У адзiн дзень згубiлi вясло. Пасля знайшлi, але размоваў пра гэта было да канца вандроўкi:
– Паша, ну я ж i добрыя справы раблю, – і пачынае старанна пералічваць.
– Што ты хочаш ад мяне, я не Пётр, я Павел!
Дарога з лiтаратарамi не бывае сумнай.
– А ёсць запальнiчкi, што не баяцца вады?
– Ёсць, агнiва. Севярын неяк браў.
– І як, не баiцца? – да Севярына.
– Баiцца, патанула.
Лiнула, натуральна, калi мы выйшлi ў «чарналессе» – на няцвёрдай зямлi не было дроваў i месца, каб паставiць намёты. Тая ноч сталася самай суворай – мокра паўсюль, пясок нават у смажаных лiсiчках, настрой упаднiцкi. На наступны дзень адны хацелi спаць, iншыя – плысцi пад дажджом, каб не ашалець ад бяздзелля. Перамаглi неспакойныя. I тут жа выйшла сонца, берагi падарылi добрую стаянку, а рака – рыбу. Рабi нечаканае.
У сярэдзiне вандроўкi гэтая iнтэлiгентная кампанiя праходзiць усе этапы злiцця з прыродай, улучна з памешваннем супу вяслом, выгляд набывае дзiкаваты, а таму на мясцовых робiць моцнае ўражанне. Не выключана, што антраполагi будучынi зафiксуюць фальклорныя адбiткi гэтых трыпаў. У гэты раз мы палявалi на аўталаўку («А якое ў вас ёсць вiно?» – «Обычное») i яйкi – была мара пра кантынентальны сняданак, яешню з салам (незабывальна).
Кiроўца, што забiраў нас з фiнальнай кропкi, здзiвiўся таму, якiя ўсе цiхiя ў параўнаннi з дарогай туды. Паспрабаваў завесцi гутарку пытаннем пра самы яскравы момант вандроўкi. Гутарка не завялася. Бо як ты перакажаш дзэн.
Мікіта Масцяк
Улад запрасіў мяне выступіць на сольніку «Касты», чаму я быў вельмі рады. Крута ўпершыню выйсці на сцэну ў Маскве – і адразу на адкрытую летнюю пляцоўку перад вялікай аўдыторыяй.
Я прыехаў 20-га раніцай у дзень канцэрта. Быў невялікі дождж. Абяцалі, што ён будзе да ночы – гэта хвалявала, бо мерапрыемства праходзіла ў парку. Але да вечара неба стала светлым. У Маскве надвор'е – агонь.
На саундчэку пазнаёміўся з усім складам «Касты». Ад іх зыходзіць магутная энергія, гэта зараджае. Больш за ўсё гутарыў са Змеем – пра музыку, яе рэцэпты і інгрэдыенты.
Мы з іншымі артыстамі Respect Production выступалі на разагрэве. Фанаты хэдлайнераў нас вельмі цёпла прынялі. Людзі былі шумнымі, а з выхадам «Касты» сталі яшчэ больш гучнымі. У гэтай групы за спінай касар канцэртаў, а хлопцы ўсё роўна выкладваюцца як у першы ці апошні раз. Я вельмі кайфануў, калі глядзеў іх лайв.
Вось толькі перад выхадам на сцэну я даставаў з кішэняў усе рэчы, каб нічога не перашкаджала, і выявіў адсутнасць пашпарта. Дзесьці страціў і не знайшоў. Прайшло ўжо некалькі дзён. Я ўсё яшчэ ў Маскве, хаджу, шукаю, наводжу даведкі. Так, я мог бы з'ехаць на BlaBlaCar – машыны на мяжы тыпу не правяраюць. Але не магу сказаць, што я супраць тут затрымацца. Думаю, заўтра ўжо паеду дадому, у любімы Менск.
А так, дарабляю альбом. Восенню выйдзе з падагрэвамі ў выглядзе сінглаў і кліпаў.
Воля Аполька
генеральная сакратарка «РАДА»
Гэтыя выходныя я правяла на «Самым Модным Маркеце» ў новенькай і роднай галерэі «Ў».
Гэта новы фармат фэшн-маркетаў: мы хочам не толькі збіраць самых крутых беларускіх дызайнераў і дызайнерак, але і прыемна праводзіць час у асяроддзі сяброў, атрымліваючы асалоду ад неверагоднай атмасферы, якую мы дакладна ўмеем ствараць.
Таксама на такіх маркетах мы будзем прадаваць работы сучаснага мастацтва і ладзіць варкшопы ад «Дзіцячых творчых майстэрняў», каб знаёміць з арт-асяроддзем усіх нашых гасцей.
Наступны «СММ» запланаваны на сярэдзіну восені, так што буду рада сустрэцца з вамі менавіта там!
Фота – Аліна Радачынская, @iliaimfine, Воля Аполька, @manchak_apparel, Ганна Чыстасердава