Шабаш #4: Stereo Weekend і Frida Party
- Рубрыка: ШАБАШ
- 09.07.2018
- 7317
Афіцыйным выходным было толькі 8 ліпеня, але летам Беларусь ператвараецца ў бурлівы арганізм падзей і гісторый. Дзелімся трыма з іх у нашай біяграфічнай рубрыцы «Шабаш».
Аня Дапш
экалагіня «Корпуса»
Мае выходныя цяжка назваць выходнымі, але яны прайшлі на ўра. У пятніцу ў «Корпусе» мы рабілі Frida Party – вечарыну ў гонар 111-га дня нараджэння Фрыды Кала. Не буду нават згадваць, колькі часу і сіл пайшло на падрыхтоўку, відавочна адно: рабі – будзе!
З самага старту стала зразумела, што будзе горача. Далей пачалося буянства фарбаў, натоўпу Фрыд і рэкі тэкілы. Такую канцэнтрацыю простага чалавечага шчасця і расслабленасці двор «Корпуса» запомніць надоўга.
Прыемна было чуць ад сяброў, што па ўсім горадзе ходзяць Фрыды. Свята выйшла за межы нашай крэпасці, і гэта вялікая радасць.
Потым усе сышлі, а мы адыходзілі яшчэ дні два, назіраючы за тым, як грамадства спажывання прайграе ўсвядомленасці: спачатку на барахолцы KaliLaska, а потым на Freemarket.
Саша Аўдзевіч
У суботу я быў на вяселлі ў сваякоў, а ў нядзелю павінен быў ехаць на «другі дзень». І раптам мой брат сказаў: «А прыкольна было б з парашутам скокнуць». Я пагадзіўся і стаў тэлефанаваць знаёмым вазочнікам, якія ўжо скакалі – яны пераконвалі, што зараз гэта нерэальна зрабіць у Беларусі. Я пачаў гугліць і знайшоў арганізацыю, якая знаходзіцца дзесьці ў глушы. Сказаў, што я зусім не падрыхтаваны, але мяне цікавіць максімальная вышыня і пабольш часу вольнага палёту. Сказалі: «Прыязджай».
«А што з нагамі?» – спытаў я спачатку. Я быў першым вазочнікам, які прыехаў да гэтых рабят, таму яны не ведалі, што рабіць. Прапанавалі звязаць ногі, але потым падумалі, што гэта будзе дзіўна глядзецца. Пакінулі як ёсць. Не было ніякага лішняга інструктажу – нам проста пазначылі асноўныя правілы паводзін. Па-мойму, так і павінна быць. Свабодны палёт доўжыўся 30 секунд. Было хутчэй прыкольна, чым страшна – здавалася, што я трапіў у іншае вымярэнне.
Калі сцісла, то мы прыехалі, залезлі ў самалёт, паржалі, скокнулі.
Юля Іванчыкава
піяр-дырэктарка фестывалю «Stereo Weekend с “Новым Радио”»
Пятніца. Вечар. Мантаж. Рыхтуемся да «Stereo Weekend с “Новым Радио”». Усё як у тумане, бегаем па парку, вырашаем нейкія пытанні. Адбіраем у электрыкаў гольфкар. Ганяць стала весялей і хутчэй.
9-я вечара. Едзем па гадзіннікі для музыкаў. Мы разам з заводам «Луч» зрабілі падарунак хэдлайнерам фестывалю – фірмовыя гадзіннікі. Прыгажосць – сіл няма. Забіраем, адвозім у Double Tree by Hilton – там пасялілі ўсіх музыкаў.
Ужо амаль 11-я вечара, рабяты чакаюць у Батанічным садзе, каб прагнаць трансляцыю, застаўкі і ролікі паміж выступамі. Карцінка – шык! Так, чорт, сёння яшчэ нічога не ела. З'ехалі з парку ў дзве ночы, каб крыху паспаць. Трэба яшчэ папрацаваць, таму сон – 3 гадзіны. Бесперапыннае хваляванне.
Адкрываемся. Добра, што ў многіх працоўны дзень – у нас ёсць час усё паспець і падрыхтавацца да вялікага патоку.
...і вось цяпер добра. Людзі, горад, кветкі вакол. Мара спраўдзілася. На сцэне грае «СБПЧ», сябры танчаць, і «У нас есть всё, чтобы жить вечно» робіць мяне шчаслівай. Здаецца, гэта іх лепшае выступленне ў Менску. Сонца свеціць, госці рады, усе танчаць. Ну шчасце ж! Нават я паспела патанчыць на трох песнях, потым давялося бегчы далей.
Затым былі «Браво». І я як у ваду глядзела, калі мы анансавалі іх і пісалі: «Будзем танцаваць на захадзе сонца пад "Этот город самый лучший"». Захад сонца. «Браво». Усе танчаць і падпяваюць, і людзі наогул такія добрыя.
А потым была Lucille Сrew. Сапраўднае адкрыццё для мяне. Танцава-а-алі... Такія неверагодныя шматнацыянальныя рабяты!
Далей – бегма на «Монатика»! Здаецца, усе знялі і выклалі відэа з яго выступу. Аддаўся людзям цалкам, кайфаваў ад сцэны і людзей. Казаў, што людзі прама дыхаюць з ім.
23:20. Павінны былі скончыць 20 хвілін таму, але «Монатик» хоча яшчэ 2-3 песні. Трэба атрымаць узгадненне звыш. Яшчэ 2 песні дазваляюць! Ён чытаў свае вершы – пра сям'ю, прызначэнне і святло ўнутры. Усе плакалі. Людзі неверагодныя: прымаюць энергію і вяртаюць з лішкам. Я танцавала, як маладая і дзёрзкая, шчаслівая і па-чартоўску стомленая.
Усе лапушкі: ахоўнікі, людзі, артысты.
Ужо трэба рыхтавацца да наступнага дня, а паесці зноў забылася! Выехала з парку пасля двух ночы, хутка трэба вяртацца назад, але да 5-й раніцы я разбірала ўсе stories, публікацыі ў стужках, адчувала шчасце і гонар за ўсю каманду. І ўдзячнасць гасцям за тое, што паверылі ў нас і нашу задумку.
Нядзеля як у тумане. Усё гэтак жа, але ўжо хочацца, каб трохі адпусціла. Second Stage пампуе рэпчык, а я балдзею ад таго, як кайфуюць людзі ад музыкі. Бакей, Kipah, Murovei разрываюць сцэну.
Бяжым на GusGus, а там столькі людзей... афігець. Падаю на траву, гляджу на ўсіх і разумею, што каманда крутая. Рабяты робяць крутую карцінку на відэа – уяўляю, якія фота атрымаюцца ў Касі для 34mag.
А потым ужо быў Ваня Дорн з Jazzy Fanky. Магчыма, не ўсе зразумеюць яго праграму, але тое, што ён робіць, ідзе наперадзе ўсіх. А якая каманда ў яго, колькі духавых! Любоў.
І ўсё. Абнялася з сябрамі, звалілася пад дрэвам на мяшок і зразумела, што хачу яшчэ. Я б паўтарыла, нягледзячы на ўсю стомленасць, нервы, траблы... Гэты горад і людзі – сапраўдная любоў. Каманда – мара. Менск сапраўды можа быць яшчэ лепшым!
Фота – з уласных архiваў герояў