Шабаш #2: арт-аб'ект на Кастрычніцкай і Купалле
- Рубрыка: ШАБАШ
- 25.06.2018
- 5224
Працягваем фіксаваць лета 2018-га апавяданнямі сяброў. Самая кароткая летняя ноч запомнілася ўласна Купаллем, адкрыццём новага стадыёна «Дынама», гукавой інсталяцыяй Алексіевіч і нашым любімым пасылам – Go To Belarus!
Базыль
У суботу я зрабіў гукавую інсталяцыю, прысвечаную Святлане Алексіевіч і таму, пра што яна піша ў сваіх кнігах. Цяпер у адным з куткоў вуліцы Кастрычніцкай транслюецца прамова Алексіевіч на ўручэнні Нобелеўскай прэміі – пісьменніца кажа пра даволі цікавыя рэчы. Гэтая інсталяцыя вельмі тэхнічная і значна больш прагрэсіўная, чым папяровы стыкер. Яна знаходзіцца на сцяне будынка «Ok16», каля Ultra Bar. Гук ідзе пастаянна, словы Святланы круцяцца бясконца.
Мой інтарэс у тым, што я люблю працаваць з падобнымі тэмамі. Ну і яшчэ хацелася падтрымаць Ulej і самому акунуцца ў творчасць Алексіевіч. Гэтая інсталяцыя дапаможа пазнаёміць з работамі Святланы тых, хто яшчэ не чытаў яе кніг. А трэба было б увогуле.
Карацей, лепш прыйсці, паслухаць, паглядзець. Усё, мне трэба бегчы, да пабачэння.
Настасся Янчэўская
Мне 29, і я ўпершыню пляла вянок на Купалле ў вёсцы Вусце. Нягледзячы на дачнае дзяцінства, мне ні разу не давялося плесці з травы: з братамі я будавала дамы з пяску, потым перайшла на домікі на дрэвах і скончыла прыдумляннем эканамічных стратэгій.
І вось жанчына ў доўгай белай сукенцы тлумачыць мне, што летнія кветкі ломкія і без стужкі нічога талковага не выйдзе. Для немясцовых падрыхтавалі цэлы стог палявых кветак, яны ляжаць у вадзе. Пакуль пляцеш вянок, час расцягваецца, прыходзіць забытае дзіцячае пачуццё чакання цуду.
Раптам час пачынае бегчы і за хвіліну пралятае ўсё пяцігадзіннае купальскае гулянне: мясцовыя жыхары ў вобразах Яна і Яніны, харызматычныя ведзьмы на мётлах, з пікантнымі прыпеўкамі, варажба на фасолі, усмешкі бабуль на лавачках, полька і карагоды, шчаслівыя вочы сяброў, дзеці на стозе сена, вогнішча, святочныя сталы, наварыстая юшка, рамансы «тутэйшай» сібірачкі і маці 5 дзяцей і зноў танцы-танцы-танцы.
Заміраю ад прыгажосці змяркання над ракой і мігацення свечак на вянках, якія плывуць удалеч. Нешта важнае адбываецца з душой, калі купаюся ноччу ў азёрах Браслаўшчыны, аб’ядаюся лясной суніцай і абдымаю незнаёмых, але такіх шчырых, зусім «сваіх» мясцовых.
Багдан Хмяльніцкі
Пятнічны вечар скончыўся назіраннем неверагоднага заходу сонца пад мурамі галерэі «Ў», якую ўсёй грамадой адкрылі на мінулым тыдні. Чуваць крыкі ляхаўскіх чаек над галавой ды вясёлае балаканне мінакоў, якія шпацыруюць углыб вуліцы, каб усю ноч паліць кастры.
Пасля напружанага працоўнага тыдня соладка высыпаюся пад грукат летняй залевы па даху. Раптоўная ранішняя халадэча прымушае выцягваць ужо даўно прыхаваныя швэдры ды плашчы. Дапіваю каву ды рушу распачынаць першы працоўны дзень у новай «Ў». Да жніўня ў прасторы праходзіць выстава «Без выключэнняў! У працэсе», прысвечаная інклюзіўнасці культурніцкіх інстытуцый і перыферыйным пазіцыям у беларускім мастацтве. Наведвальнікаў было больш, чым я чакаў: у першы ж дзень дайшлі замежнікі з Украіны, Расіі і Нямеччыны.
Гартаю фотарэпорты гарадскіх медыя з адкрыцця, стажырую набраную ў красавіку валанцёрскую каманду – яны коцікі, спраўляюцца з усімі бягучымі задачамі. Увечары крочу з сябрам на Камароўку адзначаць першы дзень шавухай у Зізу.
Нядзелю правёў за дапісваннем даследавання праяваў савецкасці ў менскім метро, якое два тыдні таму прэзентаваў на ECLAB Open Mind.
Маша Гуліна
У мае выходныя ў гэты раз змясцілася столькі рознага, што хапіла б і на тыдзень. Яны пачаліся з начной пятнічнай прагулкі ў парку і працягнуліся ў шэсць раніцы ў суботу. Уставаць у шэсць раніцы ў суботу мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі ты адпраўляешся ў падарожжа. Мы натхніліся артыкулам пра рамантыку вузкакалейных чыгунак і выправіліся праверыць яе на практыцы. Калі ў звычайным цягніку ўсе адразу пачынаюць ёсць яйкі, курыцу і памідоры, то ў вузкакалейцы... перапёлчыны яйкі і памідоры чэры.
Так за дзень мы праехалі ў маленькім вагоне па вузкіх рэйках, бачылі, як туман збіраецца на возеры, бачылі пустыя драўляныя дамкі – здымачную пляцоўку «Беларусьфільма», мноства прыгожых індустрыяльных механізмаў і вантробы торфабрыкетнага завода.
Працягнулі прамысловы турызм на заводзе БелАЗ, які сам па сабе нагадвае беларускі горад-утопію: там усё добра, ходзіць свой аўтобус, дагледжаныя клумбы, ёсць басейн і сталовая, а вядучая экскурсіі так шмат разоў паўтарае пра сярэднюю зарплату, што хочацца адразу спытаць, дзе тут аддзел кадраў. Сярод велізарных жоўта-сініх машын адна раптам аказваецца распісаная вельмі крутым артам з зялёнымі джунглямі, у якіх хаваюцца жоўтыя совы, мядзведзі і хамелеоны. Ніколі не ведаеш, дзе цябе спасцігне сучаснае мастацтва.
Галоўная выснова, як і заўсёды, – Go to Belarus! Тут столькі дзіўнага, што было б крыўдна гэта ўпусціць.
Каця Роўба
Гэтыя выходныя, як звычайна, былі не выходнымі, а напоўненымі здымкамі і гатаваннем. Але самае крутое тое, што ўдалося сустрэцца з блізкімі.
Раніцу суботы я сустрэла з сябрамі, седзячы ў прадуктовай калясцы, пакуль з калонак крычаў новы трэк Feduk’а. Фатаграфій гэтага дзеяння, натуральна, няма. Хто робіць фота, калі трэба лавіць момант?
Потым я пайшла на здымкі на новым стадыёне «Дынама», дзе праходзіў velcombegom. На ўсялякі выпадак надзела спартыўную форму і не пралічылася – бегаць па раніцах кайфова, пакрыццё – топ. Многія казалі, што абноўлены стадыён зусім не цукар, але ў мяне не было часу звяртаць увагу на прабелы падчас такога крутога мерапрыемства.
Пасля шасці стартавых колаў па стадыёне і крутога знятага матэрыялу адправілася на Камароўку па міску супу фо ў «Сайгон» і свежыя ягады для тартоў. Фо на Камароўцы – пушка, рэкамендую. Гэта лепшае ўкладанне шасці рублёў. Ды і сам рынак цяпер – гэта любоў. Вельмі радуюць чаргі па свежую выпечку, але засмучаюць прадаўцы з гнілой малінай. Фу такімі быць.
Затым уварвалася ў цэх свайго кейтарынгу «Тёрка», спякла для сяброўкі шакаладны торт з малінай і яшчэ адзін – для дачкі калегі (вадкі чызкейк, клубніцы, суніцы). Прыехала дадому, вырубілася, прачнулася, паехала на дзень нараджэння. Выдатна прабавіла час, балбатала без упынку, пакаштавала сапраўдны канадскі ice wine – гэта віно, якое гатуюць з змёрзлага на лазе вінаграду. Яно нагадвае салодкі херас, яго здабываюць наўпрост ля Ніагары. Даведалася, што Ніагара з канадскай боку больш стромкая, чым з амерыканскага.
У нядзелю прачнулася, адправіла торт калегу, зазірнула ў кандытарскую Moulin, купіла любімы шакаладны хлеб (проста хлеб з какавай і шакаладнай крошкай) і багет, выправілася да сяброў на бранч, на выхадзе з метро купіла півоні ў бабулі. Выпіла першы апероль з сябрамі, паехала да тату-майстра Яўгена Бумера, набіла бюст Давіда, перажыла боль і амаль слёзы – на локці вельмі балюча біць! Вярнулася да сяброў, выпіла яшчэ аперолю, прыгатавала пасту з грыбамі. Вось і ўсё, выходныя прайшлі.
Фота – з уласных архiваў герояў, Таня Капiтонава, Вiялета Саўчыц