«Лица шума»: партрэты музычных людзей
- 21.06.2018
- 7209
Надзя Саяпіна – мастачка з Менска, якая займаецца візуалізацыяй музыкі праз жывапіс. У сваім новым праекце «Лица шума» яна распытвае людзей, так ці інакш звязаных з музыкай, пра іх успрыманне навакольнага шуму: на канцэртах, вечарынках, інтэрв'ю падчас фестываляў і ў іншых сітуацыях. Выстава адкрыецца 28 чэрвеня ў «Ok16», а пакуль мы крыху паспойлерым.
У адным з гіганцкіх ангараў, схаваных сярод падваротняў за «Ok16», цяпер можна ўбачыць рознае. Вось Алесь Родзін стаіўся ў змрочным куце і піша новую абстрактную карціну ў сініх адценнях, вось свежая маляўнічая праца Базыля прама на сцяне – яна здаецца немаўляткам у параўнанні з яго маштабным муралам на будынку насупраць. Побач група танцораў развучвае харэаграфічныя рухі. І ўжо здалёк погляд чапляецца за дзясятак партрэтаў людзей, шырока вядомых у нашых вузкіх колах.
Мы знаходзімся ў арт-рэзідэнцыі Summerspace ад культурнага хаба «Ok16». Тыя пранізлівыя партрэты – справа пэндзля Надзі Саяпінай. Са спалучэннем музыкі і жывапісу Надзя працуе даволі працяглы час: напрыклад, у яе ёсць праект «Музыка кисти» і «Кантэкст». Цяпер яна заканчвае «Лица шума» – свой самы свежы праект, у якім яна дапамагла (каля)музычным персанажам парэфлексаваць над сваім успрыманнем шуму.
Нойз
– Аднойчы Жэня Зыковіч, ён жа JJ.OK, распавёў мне пра канцэрт, прысвечаны эксперыментальнаму шуму ў музыцы. Я зачапілася за слова «шум», і адразу ў галаве з'явілася ўзаемасувязь партрэта і нойзу.
З часам з'явіліся падтэкст і сэнс. Для мяне заўсёды важная ідэйнасць – я люблю сацыяльнае мастацтва. Але не ў плане праблематыкі, а ў плане ўзаемадзеяння. Сучаснае мастацтва ўсё часцей засяроджваецца не на эмоцыях і перажываннях мастака, а на праблемах іншых людзей, грамадства.
І я вырашыла разгледзець успрыманне шуму людзьмі, якія часта з ім сутыкаюцца. Пачаць мне захацелася з тых, хто звязаны з музыкай: артысты, фотарэпарцёры, дыджэі, віджэі і гэтак далей. У сілу сваёй дзейнасці яны пастаянна акружаны шумам, але як яны насамрэч яго ўспрымаюць? Першапачаткова я разглядала шум як перажыванне і пражыванне музыкі, але ў выніку людзі больш гаварылі пра свой энергетычны стан.
Мне заўсёды было ўласціва рабіць серыйныя працы, а нядаўна захацелася папрацаваць з інтэрв'ю і фатаграфіямі – увогуле ў гэтым праекце ўсё сышлося.
Тэхніка
– Я не адыходжу ад сваёй ролі жывапісца, але раскрываю яе ў нязвыклым для сябе стылі. Героі і гераіні задаюць мне танальнасць колераў і тэхнікі – гэта выклік. Я ўсё часцей лавіла сябе на тым, што мяне вымушаюць пісаць нязвыклымі колерамі, убудоўваць не заўсёды блізкія мне вобразы. Калі б не першапачатковы падтэкст, я б наўрад ці прымусіла сябе пісаць такія працы сама.
Пасля гутаркі з героямі і гераінямі я рабіла чорна-белую фатаграфію, раздрукоўвала на палатне, а потым распісвала фарбамі.
У момант фатаграфавання я не ставіла чалавека ў пэўную позу – гэта заўсёды адбывалася натуральна.
З усімі мы размаўлялі каля гадзіны.
Персаналіі
– Для мяне важныя людзі, якія часта ўзаемадзейнічаюць з музыкай. Ясная рэч, цікава было запрасіць больш вядомых людзей, каб прыцягнуць да праекту больш публікі. Да таго ж яны не навічкі ў сваёй справе і ўжо могуць падзяліцца вопытам, ім ёсць што расказаць.
Я не ставіла перад сабой мэту падфарбаваць чалавека і навесіць нешта сваё. Я старалася пазбягаць цэтлікаў, якія грамадства прызвычаілася ляпіць на гэтых людзей. Цікава было паказаць розніцу паміж агульнапрынятым меркаваннем і тым, што чалавек казаў сам пра сябе.
Людзі, якія не ствараюць музыку самі, успрымаюць усе гукі: музыкі, аўдыторыі, шум ад сваёй працы. Таму «Лица шума», а не «Лица музыки». Музыканты больш гавораць пра свае адчуванні і пра свае адносіны з музыкай, таму што яны занураюцца ў працэс.
Цікава тое, што многія нават не задумваліся над успрыманнем шуму раней. Камусьці складана было падабраць словы, бо падчас выступу яны знаходзяцца ў стане экстазу. У кагосьці складваліся супрацьлеглыя паняцці: дзейнасць адна, а ўспрыманне іншае. Камусьці гэты вопыт дапамог вырашыць каляровыя пытанні для сваёй далейшай працы. Часам гэта ператваралася ў арт-медытацыю, з якой людзі выносілі для сябе каляровыя вобразы.
Метад пазнання
– Бліжэй да канца праекта склалася пэўная схема размовы. Я ніколі не запісвала гутарку на дыктафон – толькі фіксавала ў нататніку асноўныя тэзісы, якія агучвалі героі і гераіні.
Пытанні заўсёды тычыліся колераў і формаў. Яшчэ вельмі важна пытацца пра адчуванне прасторы: ці азараецца яно, калі ў яго пранікае гук і калі вяртаецца. Гэта важна для таго, каб вызначыць месцазнаходжанне чалавека на палатне.
Цікава, што на першых партрэтах асобы атрымліваліся больш буйнымі, таму што мы ў асноўным і казалі пра адчуванні на тварах. Але чым больш чалавек пагружаны ў музыку, тым складаней гаварыць з ім пра цялеснасць.
На выставе да кожнай карціны будзе суправаджэнне ў выглядзе тэксту, якое ўяўляе сабой урыўкі інтэрв'ю – тыя самыя словы, з якіх я ўсё пішу.
музычны праект
–Я разглядала Русю і Лёшу менавіта як удзельнікаў гурта Shuma, хоць па асобнасці яны займаюцца і іншымі музычнымі праектамі. У іх выпадку мы казалі пра ўспрыманне шуму ў момант ідэалізаванага канцэрта групы.
Руся расказала, што разам з Лёшам яны ледзь не на навуковым узроўні разглядалі сваю музыку і пытанне яе візуалізацыі. Але пры гэтым не задумваліся над асабістым успрыманнем гукаў і шуму.
З кожным я гаварыла па асобнасці, і абодва згадалі тое, што ўдваіх яны ўтвараюць ядро. Лёша ўспрымае яго як зямное, а па каляровай гаме яно нагадвае лаву. Для Русі яно больш звязанае са свячэннем.
Штосьці яны ўспрымалі падобна, штосьці – абсалютна па-рознаму. Лёша называў сябе падтрымкай, напарнікам, рыцарам. А Русю – галубкай.
Сваё ўспрыманне шуму Руся апісвала як пражыванне радасці ў выглядзе электрызаванага адчування. У яе было шмат вобразаў, звязаных з далікатным свячэннем – белым, срэбным, часам залатым. Свячэнне больш падобнае да таго, як прабіваюцца прамяні, чым да самога сонца. Цялесныя адчуванні Русі звязаныя з сярэбранымі варсінкамі – яна прам фізічна адчувае ў момант выступу тое, што яна пакрытая чымсьці святлівым і іскрыстым. Цяпер яна ўспрымае праект Shuma як нешта футурыстычнае і чорна-белае. Кажа, што раней Shuma была іншай.
Яшчэ Руся сказала, што візуальнага кантакту з Shuma слухачам не трэба: хай усе занураюцца самі ў сябе. Таму на фатаграфіі яна і не глядзіць на гледачоў. У момант фатаграфавання яна спявала, прычым я пра гэта не прасіла – гэта было яе рашэнне і, я лічу, правільнае.
музыка
– Мы засяродзіліся на ўспрыманні музыкі ў кантэксце «Петли Пристрастия» і «Кассиопеи». Пра акцёрскі бок жыцця Іллі мы не казалі. Ілля агучыў сваё яркае адчуванне: падчас ідэальнага выступу ён адчувае сябе напоўненым вадой і быццам знаходзіцца пад вадой. Таму карціна і зроблена ў зялёных адценнях.
«Петлю Пристрастия» ён параўноўваў з бурлівай каламутнай ракой. Спачатку я занадта выразна адлюстравала словы Іллі і нанесла сапраўды мутныя адценні. Я разумела, што потым будуць дададзеныя іншыя колеры, але ўсё роўна спалохалася гэтага партрэта. Карціна стаяла ў мяне ў спальні – гэта адзінае месца ў кватэры, дзе можна захоўваць палотны. І аднойчы перад сном я проста перавярнула гэты партрэт, таму што было вельмі жудасна. А потым стала мяняць колеры.
Тут ёсць вобраз галюцынавання, які, дарэчы, музыканты часта згадваюць. Акцэнт зроблены на акулярах, таму што Ілля адчувае псіхадэлічную заслону і вельмі сканцэнтраваны на позірку, бо змененае ўспрыманне адбываецца менавіта праз вочы.
Пазней я атрымала некалькі водгукаў, маўляў, колеравая перадача Іллі зусім не падобная да яго ў жыцці. Гэта кажа пра тое, які супярэчлівы вобраз чалавек часам стварае, хоць унутры адчувае сябе інакш.
віджэй
– Пакуль гэта самы яркі прыклад неадпаведнасці дзейнасці чалавека і яго ўспрымання шуму. Спачатку Паша пачаў расказваць пра сваю працу, пра любімыя колеры ў мапінгу і інсталяцыях. Калі ж я сканцэнтравала яго на ўспрыманні музыкі, у якой ён працуе (тэхна, эксперыментальная), то яго асабістае ўспрыманне аказалася чорна-белым, у якое зрэдку трапляюць колеры і прамяні.
Нават прагучала думка, што ў сваім растварэнні ў музыцы ён бы наогул не выкарыстоўваў успышкі, колеры і інсталяцыі. Сам Паша пры гуках музыкі апускаецца ў нейкі тунэль з рассеяным святлом, дзе ёсць перспектыва і вобраз ландшафту, які кудысьці аддаляецца. Там іншая кропка прыцягнення, і прастора знаходзіцца пад іншым вуглом.
У яго вачах бачныя адценні чырвонага і неонава-сіняга. Гэта тыя колеры, якія ён часцей за ўсё выкарыстоўвае ў сваім мастацтве.
музыка
– З Пафнуціем мне было цікава пагаварыць як з чалавекам, які іграе ў аркестры Вялікага тэатра оперы і балета. Ён валтарніст. Мы цалкам апусцілі яго асабісты праект Pafnutiy’s Dreams – цікава было разгледзець менавіта ўспрыманне акадэмічнай музыкі ў працэсе яе стварэння ў вялікім калектыве.
Рознымі аказаліся адчуванні музыкі ад ігры ў яме і на сцэне – Пафнуцій сказаў, што гэта як інтравертны і экстравертны стан. З ім было шмат разважанняў аб узнікненні і руху гуку, і ўсё зводзілася да цялеснасці. Пафнуцій адчувае, што музыка, якую ён выдае, зыходзіць з пераносся, патокі гуку ідуць з нізу жывата, хоць яго інструмент і звязаны з вуснамі. Цела без задзейнічання галавы ператвараецца ў інструмент, які вельмі зладжана працуе. Пафнуцій бачыць гэта ў разрэзе, як у падручніку па біялогіі. Самі гукі ён параўноўвае з патокам вады са шланга, з кулямі, мячамі, выбліскамі, хлапушкамі, смугой.
Людзі на фоне – гэта аркестр. Людзі ўспрымаюцца як фігуры, а не як гукі, так як пры працы ў аркестры ўсе захоўваюць свае асобасныя якасці. Але яны адчуваюцца як мазкі, ды і сам Пафнуцій – гэта каляровы мазок.
Яшчэ заўсёды ёсць адчуванне прысутнасці кампазітара, які лепіць шар, дзе знаходзяцца музыканты. Або стаіць побач і назірае.
журналістка, дыджэйка, арганізатарка фестываляў
–Люда – сапраўдная меламанка, і любоў да музыкі прывяла яе да ўсяго, чым яна цяпер займаецца. Таму яна вырашыла расказаць пра тры свае прафесіі: арганізатарка фестываляў, дыджэйка і музычная журналістка. І ўсё гэта выявілася суцэльным.
Левая частка журналісцкая. Люда часта бярэ інтэрв'ю ў памяшканнях тыпу грымёрак, у якіх чуваць саму размову і музыку іншых артыстаў, што ў гэты момант граюць на сцэне, а гукі іх музыкі прылятаюць з-за дзвярэй. Яны парушаюць гэты вакуум, у якім знаходзяцца суразмоўцы. Усе свае значныя інтэрв'ю Люда асацыюе з сонечным святлом і цяплом, што выпраменьваюцца ад герояў. Чуць і бачыць – галоўнае ў размове, і гэта адлюстроўваецца ў зрэнцы і вуху. У нейкі момант Пагодзіна параўнала сябе з Рабакопам, у якога перад вачыма бяжыць тэкст: у яе выпадку гэта пытанні, якія трэба паспець задаць.
Правая частка пра дыджэйскую дзейнасць: гэта вір і ўзаемаабмен энергетычнымі хвалямі са слухачамі. Гэта заўсёды кругазварот, які ідзе ад яе і вяртаецца да яе.
Цэнтральная частка – арганізатарская праца, якая перыядычна датыкаецца з дыджэйскай дзейнасцю. Гэта лабірынт, у якім колеры змешваюцца. Для яе праекта #KEEPMINSKWEIRD характэрная змена лакацый і дзвіжух. Ва ўсіх іх ёсць свой шум. І калі Пагодзіна перамяшчаецца па гэтых кропках, як па мапе, то чуе, як гукі перацякаюць адзін у адзін.
Бліскаўкі я набыла ў самым пачатку праекта, таму што планавала выкарыстоўваць іх для ўкаранення шуму ў партрэты. І ў выніку ўжыла іх толькі да Пагодзінай.
Поўны спіс герояў і гераінь:
Вольга Падгайская (кампазітарка, арганістка);
Пафнуцій Кузюкян (музыка-валтарніст);
Руся і Аляксей (музыканты праекта Shuma);
Яўген Кузняцоў (бармэн, стваральнік Make-make Tiki King і Splash & Dash);
Ілля Чарапко-Самахвалаў (вакаліст гуртоў «Петля Пристрастия» і «Кассиопея», акцёр);
Ягор Kipah (арганізатар вечарынак «Бассота»);
Людміла Пагодзіна (журналістка, арганізатарка і дыджэйка);
Дзмітрый Жалевіч (музыка Masque Noir);
Паша Plaha (медыя-мастак);
Наталля Куніцкая (праект Mustelide);
Валерыя Хрыпач (танцмастачка);
Таня Капітонава (фотажурналістка 34mag.net);
Яраслаў Таміла (гукарэжысёр NAVIband);
Віка Fatez (барабаншчыца Akute).
Выстава «Лица шума» ў сацсетках:
Даты правядзення: з 28 чэрвеня па 12 ліпеня
Месца: Ok16 (вул. Кастрычніцкая, 16)
Час працы: 12:00 – 21:00 (акрамя 29 чэрвеня, 3 і 10 ліпеня)
Аўтарскія экскурсіі Надзя правядзе 30 чэрвеня і 12 ліпеня ў 17:00
Фота – Таня Капітонава, Яўген Булдык