На мінулым тыдні ў берасцейскай «Прасторы КХ» адкрылася выстава «Крэпасць Еўропа. Усходні бастыён» – супольны праект мастакоў і праваабаронцаў, прысвечаны становішчу ўцекачоў з Паўночнага Каўказа на беларуска-польскай мяжы. Мы падрыхтавалі невялікую фотасправаздачу з адкрыцця ў фармаце FAQ, таму што па-ранейшаму лічым праблему вартай тваёй увагі.
Уласна кажучы, тэрмін «Крэпасць Еўропа» выкарыстоўваўся падчас Другой сусветнай вайны. З аднаго боку, ён апісваў намаганне Вермахта ўмацаваць межы падуладных нацыстам кантынентальных тэрыторый, а з іншага – ужываўся пры перамогах авіяцыі саюзнікаў у 1944-м, калі атрымлівалася гэтую крэпасць узяць. У сённяшні час аб’яднаная Еўропа зноў нагадвае непрыступную крэпасць. Міграцыйны крызіс спрыяе поспеху кансерватыўных партый у розных краінах, а талерантнасці ў адносінах да людзей, што бягуць ад рэпрэсій ці галечы, застаецца ўсё менш. Усходні бастыён у дадзеным кантэксце – гэта Берасце, горад-брама на мяжы двух вялізных тэрытарыяльных абшараў. Тым, хто здолее пераадолець бастыён, – адкрыты шлях да самага мыса Рока, у іншым жа напрамку – да Уладзівастока.
Што можна пабачыць на выставе?
Варта адзначыць, што праект ствараўся ў калабарацыі паміж мастакамі, а таксама праваабаронцамі і валанцёрамі няўрадавай арганізацыі Human Constanta. Сярод аўтараў выставы – Аляксандр Васюковіч, фатаграфіі якога паказваюць уцекачоў з Чачні ды іхні берасцейскі побыт: жыццё на вакзале ці на здымнай кватэры і пакорлівае чаканне цягніка, які, мабыць, аднойчы не прывязе іх назад. Мастакі Максім Сарычаў і Аслан Гайсумаў (Грозны, Чачня) прадставілі свае відэа на сінтэзе арту і актывізму. Яшчэ два ўдзельнікі – Аляксей Талстоў і Марына Напрушкіна – дапоўнілі экспазіцыю тэкставым матэрыялам і ілюстрацыямі.
«Тры з пяці прац створаныя непасрэдна ў Берасці, а дзве звязваюць лакальны крызіс з больш агульнай карцінай, якая назіраецца сёння ў Еўропе. Гэтая выстава – яшчэ адна нагода звярнуць увагу на становішча чачэнцаў на беларуска-польскай мяжы, бо праблема, на жаль, так і застаецца нявырашанай», – каментуе адзін з куратараў выставы Аляксей Талстоў.
А што такое Human Constanta?
У верасні 2016-га, пасля таго як напрыканцы лета больш за сто чачэнскіх сем’яў разбілі лагер ля пагранічнага перахода «Варшаўскі мост» і спрабавалі дамагчыся справядлівасці ад польскіх пагранцоў, беларускія праваабаронцы адправіліся ў Берасце, каб высветліць маштаб міграцыйнай праблемы. Гэтак пачалася праваабарончая і гуманітарная місія Human Constanta, галоўная мэта якой – забяспечыць выкананне прававых нормаў у дачыненні да ўцекачоў. Дарэчы, хто яны, гэтыя ўцекачы, мы ўжо неаднаразова пісалі (пачытай тут і тут).
Дзякуючы місіі і неабыякавасці людзей атрымалася сабраць і размеркаваць гуманітарную дапамогу: вопратку, коўдры і іншыя рэчы, патрэбныя людзям, якія фактычна жывуць на вакзале і амаль штодзённа спрабуюць пераадолець мяжу. Таксама быў падрыхтаваны даклад, які тычыцца становішча ўцекачоў, – яго праваабаронцы накіравалі ў арганізацыі, якія займаюцца правамі чалавека і прымаюць палітычныя рашэнні ў суседняй Польшчы. Юрысты кансультуюць і суправаджаюць сем’і ў Цярэспаль, а таксама працуюць са СМІ, каб апошнія не парушалі бяспеку герояў сваімі публікацыямі.
Чаму гэта павінна нас турбаваць?
Здаецца, міграцыйны крызіс – гэта праблема Еўропы, ён разгортваецца недзе на італійскім беразе Міжземнага мора і Беларусі ніяк не тычыцца. Але насамрэч усё зусім наадварот, бо Сінявокая ляжыць на скрыжаванні міграцыйных патокаў з усіх бакоў. Таму казаць «refugees go home» – усё адно што хаваць галаву ў пясок.
Жывеш далёка ад Берасця?
Ок, мы таксама. Але засталося апошняе, пра што нам вельмі хочацца напісаць. Па падліках Human Constanta, уцекачоў у Берасці – ад 1 да 3 тысяч чалавек. Сярод іх шмат дзяцей. Ты ведаеш, што зіма ў Беларусі – час не для слабакоў, а тым, хто павіс у невядомасці на памежжы, будзе зусім нявесела. Валанцёры місіі збіраюць гуманітарную дапамогу для ўцекачоў. Перш за ўсё вельмі патрэбны цёплы абутак (шмат людзей дагэтуль ходзяць у шлёпанцах), курткі, дзіцячыя падгузнікі (размеры 4-5-6), прадукты кшталту алею, кашы і немясных кансерваў ды лекі для дзяцей і дарослых: ібупрафен, сіропы ад кашлю і кроплі для носа, гарачкапаніжальныя парашкі і інш.
Пакінуць гуманітарку можна ў дабрачыннай краме KaliLaska, яна працуе з 10 па 18 у працоўныя дні і з 12 па 20 па суботах (Менск, вул. Машэрава 9, офіс 111).
Выстава «Крэпасць Еўропа. Усходні бастыён» працягнецца да 22 снежня. Месца правядзення – Прастора «Крылы Халопа» (Берасце, вул. Халтурына, 2/1).
Фота by Рома Чмель
На пачатку траўня ў менскай кватэры прайшла выстава расійскага антываеннага праекту {НЕ МИР}. Гутарым з яе удзельніцамі.
Разбіраемся ў візавых пытаннях для тваіх сяброў-замежнікаў.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.