Як невідушчаму чалавеку шпацыраваць па гарадскіх садах?
- 23.10.2018
- 6612
Менск пакуль цяжка назваць горадам, утульным для кожнага. Аднак каманда праекта «Зялёны горад для ўсіх» пакрысе выпраўляе сітуацыю: яны зрабілі дасяжнымі для слабавідушчых і невідушчых людзей два паркі Менска: Батанічны і Сцяпанаўскі сады. Таксама яны ладзяць шпацыры на роварах для невідушчых людзей. Як гэта? 34mag схадзіў у разведку.
Што такое інклюзіўнасць?
Інклюзіўнасць – гэта такі прынцып арганізацыі гарадской прасторы, які дазваляе ўдзельнічаць у жыцці горада ўсім людзям незалежна ад таго, якога ў іх колеру скура, колькі ім гадоў ды ў якім стане здароўя іхны пазваночнік. Аснова інклюзіўнасці ў горадзе – універсальны дызайн – гэта такі, што ўлічвае асаблівыя патрэбы і пры гэтым пасуе ўсім людзям.
Як горад можа стаць зразумелым для слабавідушчых людзей?
У Менску жыве каля 6000 людзей з інваліднасцю па зроку. Ім недасяжны свет візуальных вобразаў – а гэта не толькі выстава ў Нацыянальным мастацкім ці паказ новага фільма фон Трыера, але і гарадская прастора. У людзей з аслабленым зрокам амаль няма магчымасці даведацца, як гэтая прастора ўладкаваная, як узаемна размешчаныя ў ёй аб’екты.
Людзям са слабым зрокам хочацца быць самастойнымі ды не залежаць ад іншых. У ідэале гарадская інфраструктура мусіць спрыяць гэтаму, бо дарога невідушчага чалавека пачынаецца не тады, калі ён выходзіць з дому, а тады, калі ён пачынае прапрацоўваць маршрут. Гарадскія элементы, якія робяць гэты маршрут дасяжным, – тактыльная і накіроўчая плітка на тратуары, абвестка нумара маршруту ў транспарце, буйныя выразныя і кантрасныя надпісы на ўваходзе ва ўстановы (а не рэклама), травэлатары замест эскалатараў.
Чаму менавіта Батанічны і Сцяпанаўскі сады?
Батанічная сад для гараджан – гэта як тэатр. Туды не ходзяць кожны дзень, паход туды – асаблівая нагода, бо і расліны там такія, што не заўсёды растуць проста на гарадскіх вуліцах. Апроч такога «эксклюзіўнага» горада, ёсць горад штодзённы, той, які мы выкарыстоўваем і «спажываем» штодня. У якасці ўчастка такога штодзённага горада быў абраны Сцяпанаўскі сад. Ён вельмі кампактны: па ім невідушчы чалавек можа прагуляцца самастойна. Дарэчы, побач размяшчаецца школа для невідушчых дзяцей, якіх таксама водзяць у сквер на прагулкі.
А што, з Батанічным садам ёсць нейкія складанасці?
Так. І гэта яскравы прыклад таго, як мала прыстасаваныя нашыя гарадскія прасторы для людзей з рознымі патрэбамі. Вось некалькі рысаў, на якія ты наўрад ці звяртаў(-ла) увагу падчас шпацыраў за кветачкамі:
На алеі, якая вядзе да цэнтральнага ўваходу ў Батсад, няма тактыльнай пліткі. Невідушчы чалавек у гэтым выпадку арыентуецца па мяжы паверхняў: па правым краі тратуара, паміж пліткай і газонам. Так прайсці па алеі немагчыма: на шляху з'яўляюцца ліхтары і лаўкі.
У Батсадзе няма адзінай сістэмы, якой падпарадкоўваліся б усе архітэктурныя элементы. Напрыклад, дзесьці лаўкі стаяць на пешаходнай дарожцы (і становяцца перашкодай), дзесьці – за ёй на зямлі, а дзесьці – на вынесенай за межы дарожкі асфальтаванай пляцоўцы (якая чалавекам з кіем спачатку ўспрымаецца як скрыжаванне).
У Батсадзе цяжка арыентавацца праз тое, што ўвесь час змяняецца прыроднае атачэнне: чалавек можа запомніць скрыжаванні з квітучым рададэндранам, які будзе выглядаць зусім інакш праз тыдзень.
Сустракаюцца небяспечныя элементы, размяшчэнне якіх немагчыма прадбачыць ці запомніць: навіслыя галіны, разбітая плітка, шлангі, якія ляжаць пасярод дарогі.
Структура дарожак розная: жвір, асфальт, плітка, зямля. Да таго ж геаметрыя скрыжаванняў і пляцовак складаная – праходжанне такіх участкаў цяжка растлумачыць у аўдыямаршруце.
На некаторых дрэвах ёсць папераджальныя таблічкі аб тым, што да гэтага дрэва не варта дакранацца – можа з'явіцца алергія. Невідушчы чалавек пра гэта не даведаецца – і здароў, ацёк Квінке.
Як выглядае інклюзіўная сцежка?
На ўваходзе ў Батанічны сад з'явілася драўляная тактыльная мапа саду, якая дублюе звычайную мапу, што вісіць над ёй. Любы чалавек, у тым ліку відушчы, калі прыходзіць сюды, вывучае мапу, каб зразумець, што ўяўляе сабой гэтая прастора – як быццам праглядае артыкул на сайце, каб атрымаць агульнае ўяўленне пра змест. У апісанні Батсаду можна прачытаць фразы накшталт: «У садзе ёсць зона прыгожаквітучых раслін» або «Вялікая частка саду – гэта лесапаркавая зона», але такія фразы нічога не гавораць табе пра рэальныя памеры гэтых зон. Што такое «вялікая частка», колькі гэта ў адсотках, ці раўнамерна яна запоўненая? А вось на мапе ты можаш гэта зразумець.
Невідушчы чалавек можа атрымаць у касе партатыўную тактыльную карту, на якую нанесены маршрут, і надрукаваную шрыфтам Брайля брашуру пра Батсад і можа спампаваць аўдыямаршрут.
Цягам адаптаванай сцежкі стаяць адмысловыя стэнды – таксама з тактыльнымі картамі, дзе адлюстраваная частка маршруту і пазначаная кропка, у якой цяпер чалавек.
На маршруце ёсць участак з тактыльнымі градкамі – гэта ўстаноўленыя на зручнай вышыні скрыні з раслінамі, да якіх можна дакранацца і нюхаць, і тактыльны стэнд – узоры розных ствалоў дрэваў, падпісаныя шрыфтам Брайля. Іх таксама можна чапаць, нюхаць, адчуваць структуру, шчыльнасць і вагу розных пародаў дрэў. Абодва пункты страшна папулярныя абсалютна ўва ўсіх наведвальнікаў, і гэта яшчэ адное пацверджанне таго, што ад універсальнага дызайну выйграюць не толькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Тактыльнае ўспрыманне – гэта важная частка цэласнага ўспрымання свету, проста відушчыя людзі часта нават не заўважаюць, як шмат яны «глядзяць» рукамі, каб зразумець, што перад імі.
Як пракаціцца на ровары, калі ты нічога не бачыш?
Невідушчы чалавек абмежаваны ў перамяшчэнні пешкам, што тут казаць пра ровары! Тым не менш, прагулкі на роварах цалкам магчымыя – калі гэта ровар-тандэм, якім кіруе відушчы чалавек. Можа здацца, што ў такіх паездках няма сэнсу: чалавек жа ўсё роўна нічога не бачыць. Але гэта не так: змяняецца ўспрыманне горада, яго прастораў, гукі і пахі вакол. Плошча каля шумнага фантана, вільготнае паветра ракі, няроўная дарожка пад гулкім мостам – усё гэта стварае ў невідушчага чалавека ментальную карту горада. Дарэчы, на адзін з двух ровараў-тандэмаў актывісты праекта назбіралі краўдфандынгам – патрэбная сума сабралася за некалькі гадзін.
Што магу зрабіць асабіста я?
Калі ты сустрэнеш у горадзе невідушчага чалавека, ты, можа, і хочаш дапамагчы, але не ведаеш, як гэта зрабіць, ці непакоішся. Мы запыталіся ў невідушчых і слабавідушчых людзей, а таксама ў людзей, якiя iх суправаджаюць, як з імі мець зносіны так, каб было камфортна ўсім.
Невідушчыя людзі адрозніваюцца адзін ад аднаго гэтаксама, як і відушчыя – не варта рабіць выснову аб сваім суразмоўцы на падставе досведу зносін з іншым невідушчым чалавекам.
Гэта можа здацца табе дзіўным, але выкарыстаць словы «пабачым», «паглядзім» і падобныя ім цалкам нармальна – у такім кантэксце яны азначаюць, што вы даведаецеся нешта новае. Невідушчыя людзі самі іх выкарыстоўваюць.
Гэтак жа можаш выкарыстоўваць назвы колераў. Па-першае, шмат у якіх людзей захоўваюцца рэшткі зроку, іншыя адрозніваюць цёплыя і халодныя колеры; а па-другое, як і ў выпадку з «паглядзім» сэнс такіх слоў як «чырвоны», «чорны» і гэтак далей шырэйшы, чым проста назва колеру – гэта вобраз і культурны код.
Калі ты суправаджаеш слабавідушчага або невідушчага чалавека, будзь паслядоўны(-ая) і максімальна канкрэтны(-ая) ва ўказанні кірункаў.
У новым месцы зарыентуй чалавека: раскажы, што і на якой адлегласці ёсць побач. Відэа аб правілах суправаджэння невідушчых можна паглядзець тут.
Пры зносінах называй сябе, размаўляй з самім чалавекам, а не з тым, хто суправаджае, і памятай, што твае жэсты не бачныя суразмоўцу або суразмоўніцы.
Што яшчэ глянуць па тэме:
Аўдыямаршруты па Батанічным садзе і Сцяпанаўскім садзе;
Праект «Зялёны горад для ўсіх»;
Экскурсіі для невідушчых і слабавідушчых людзей;
Фота: Маша Гулiна, palasatka