Гэта адбываецца зноў. 21 траўня фаны трыа Лінч-Фрост-Бадаламенці заліпнуць ля манітораў, каб тэлепартавацца ў Твін Пікс і як след пагрукацець шкілетамі ў шафах.
З таго моманту, як фінальныя цітры «Твін Пікс» патанулі ў тэлеэфіры, паспела вырасці цэлае пакаленне Y. Серыял парваны на гіфкі, піць каву з кававаркі стала дрэнным тонам, агент Купер паспеў ажаніцца з цёмненькай з «Сэксу ў вялікім горадзе», а трупу Лоры Палмэр амаль трыццон. На дзіва, камусьці ўсё яшчэ патрэбная гэтая зорка – ну, калі ўжо яе запалілі зноў. У Менску тут і там замільгацелі ўлёткі «MISSING. Вы бачылі гэтага чалавека?». Усмешка Шэрыл Лі робіць пераканаўчы камбэк.
У Штатах на Twin Peaks Festival, які раней патыхаў чымсь мемарыяльным, а цяпер зноў у модзе, як джынсы з завышаным станам, – солдаўт. Тэлеканал Showtime, што затранслюе трэці сезон, наштампаваў немудрагелістага мерчу, а знаходлівы вытворца скейтбордаў ачмурыў самога Лінча і запусціў фанавую лінейку дошак – такіх прыгожых, што хочацца спаць, абдымаючы іх замест тэдзібэра.
Што ўжо сёння вядома пра трэці сезон «Твін Пікс»?
Маэстра Лінч зняў усё сам.
Сцэнар ствараўся 142 дні. На выхадзе, па заўвазе Фроста, атрымаўся таўсценны «манхэтанскі тэлефонны даведнік».
Сярод умоў з’яўлення трэцяга сезона на свет было: «Нам трэба больш агента Купера!»
У 18 эпізодах засвяціліся крыху менш за 300 спартанцаў – 217 чалавек, але для ненамаляваных на кампе людзей гэта крыху больш, чым дахрана. Сярод навічкоў каста: Моніка Белучы, Наомі Уотс, Цім Рот, Трэнт Рэзнар, Джэніфер Джейсан Лі, Аманда Сайфрыд.
Лары Флін Бойл не будзе з намі. Затое будзе Дэвід Духоўны – як належыць, у парыку і спадніцы.
Дэвід Лінч сыграе тугаватага на вуха фэбээраўца.
Twin Peaks Theme загучыць як мае быць.
Совы тут як тут – нас заспакойваюць прома-фоткі Entertainment Weekly.
Што будзе адбывацца ў гарадку Твін Пікс на гэты раз, падкажуць (ці не) адмысловыя «пазлы».
У чаканні працягу серыяла, пра які вядома амаль нічога, фаны з Менска бяруць квіткі ў «Маскву» і Falcon Club Буцік Кіно, каб перагледзець «Твін Пікс: Скрозь агонь». Тыя, каго адштурхоўвае дакучлівы водар папкорну, лічаць за лепшае ўваскрэсіць дзіўную жуйку, якая зноў уваходзіць у моду, самастойна, загарнуўшы тушку ў цёплы клятчасты плед. Рэальныя сінемадроты бонусам утыкаюць у серыял, які існаваў толькі ў серыяле і больш нідзе, – «Запрашэнне да кахання».
Аўдыялы, як звычайна, ірвуцца на паці. Акурат у ноч з 20-га на 21-е ў Сталоўцы XYZ усе фаны Лінча і залётныя совы змогуць сюррэалістычна паскакаць пад саўнд Дэвіда Лінча, Karen O, You Say Party! We Say Die!, Knife, Peaches, Savages, Siouxsie and the Banshees, Beasts of Bourbon, Nick Cave, Johnny Cash, Fat White Family, Tom Waits. Каманда #KEEPMINSKWEIRD абяцае не што-небудзь, а «вечарыну-маскарад з акунаннем у атмасферу райскага кутка, нашпігаванага дэманамі». За якасць дайву адказваюць DJs Pogodina + Scarlett, Clara Venus (live), mr. Fryd (live саксафон), Artemiy Kalinin (video art).
Фаны «Твін Пікса» па ўсім свеце разлічваюць на шчодрую порцыю энергіі ў тэматычных завядухах, дзе падаюць тую-самую-каву, вішнёвыя пірагі, кактэйлі «Аднавокі Джэк» або «Одры Хорн». У Менску ім не дадуць памерці. Запоўніць недахоп кавы па-дэйлікуперску (damn! good! hot!) у крыві дапаможа Wake Up Coffee. Да 20 траўня там варганяць «Чартоўскі Сакрэтны Сэт». Дабрэнны кус вішнёвага пірага і чорная, як сэрца драгдылера, кава зробяць дні чакання менш нуднымі.
Фланёрым па тусоўкам мінулага ўік-энду. Афтэпаці Bruuud, «Папулярная вечарына» і бескампрамісны Techno Madness – у фотасправаздачы 34mag.
Што за цмок такі – жаночы амерыканскі футбол у Беларусі? Нашая кантрыбутарка Маша zamandarin даведалася пра першы набор на трэніроўку і зганяла зазірнуць гэтаму зверу ў пысу.
Даведацца больш пра сістэму, навучыцца быць пераканальным і класна падаваць сябе.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.