Каго варта падтрымаць падчас пандэміі COVID-19?
- 06.04.2020
- 5254
Пандэмія агаляе несправядлівасці ды няроўнасці, але таксама абвастрае эмпатыю і чуллівасць. Мы паспрабавалі разабрацца, каму найперш спатрэбіцца падтрымка, і падрыхтавалі гайд па дабрачынных ініцыятывах. Калі ласка, захоўвай, абірай кірункі да душы, дзяліся з іншымі.
Сябе
Пераканайся, што ты сам(-а) ва ўстойлівым фізічным і псіхічным стане.
Выконвай афіцыйныя парады Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
Дбай пра здаровы рэжым і рацыён, добра адпачывай.
Адмоўся ад інфармацыі з ненадзейных крыніц і той, што толькі памнажае хваляванні.
Каб даць рады натуральным цяпер эмоцыям трывогі, смутку, трымайся экспертных парадаў. Напрыклад, праслухай бясплатныя лекцыі ад расійскага праекта Alter, пагутары з ботам Пецем у тэлеграме.
Тых, хто змагаецца з вірусам
Барацьбой супраць вірусу COVID-19 у Беларусі загадвае Мінздароўя. Яно адкрыла дабрачынны рахунак, грошы з якога ідуць на закупку абсталявання, лекаў, сродкаў аховы.
На фандрайзінгавай платформе MolaMola з’явіўся тэматычны раздзел «COVID-19». Мажліва, табе падасца больш трапным падтрымаць канкрэтную ініцыятыву, а не шырокія мэты Мінздароўя.
Менская суполка «Хакерспейс» і Фонд «Добра» распачалі 3D-друкаванне шчыткоў для медыкаў. Далучайся да ініцыятывы сваімі прынтарамі, рукамі ці грашыма.
СААЗ стварыла фонд, які спецыялізуецца на барацьбе з вірусам. Важна не толькі змагацца з бядою на месцах, але і цэнтралізавана распрацоўваць методыкі, тэсты, вакцыны ды лекі, чым СААЗ і займаецца.
Тых, каму істотна пагражае вірус
У зоне рызыкі ў першую чаргу знаходзяцца сталыя асобы, асобы з хранічнымі захворваннямі, людзі з аслаблым імунітэтам, які пацярпеў ад хваробы, стрэсу, траўмы. Нават калі іх не закране сам вірус, у іх могуць быць дадатковыя цяжкасці з-за перагрузкі медцэнтраў.
Пераканайся, што твае сталыя сваякі і сваячкі альбо знаёмыя з абмежаванымі магчымасцямі ведаюць пра меры бяспекі і разумеюць іх важнасць.
Дапамажы набыць запас прадуктаў і лекаў, прыбрацца, прадэзынфіцыраваць паверхні. Пасля – не наведвай. Лепш рэгулярна тэлефануй ці заставайся на сувязі анлайн.
Падумай пра сталых людзей у сваім асяроддзі. Патлумач, чаму ім важна абмежаваць актыўнасць, і прапануй дапамогу. Паразмаўляй асабіста, прышпілі аб’яву ў пад’ездзе.
Падтрымай дамы-інтэрнаты для састарэлых асоб і асоб з інваліднасцю. Рахункі для пераводу сродкаў мы знайшлі на сайце Віцебскага ды Лагойскага. Можаш праверыць магчымасць дапамагчы астатнім 78 установам са спісу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па тэлефонах.
Варта працягнуць руку і малым, якія знаходзяцца пад пагрозай. Дапамогай хворым дзецям, дзецям-сіротам у Беларусі займаюцца арганізацыі «Шанс», «Прикосновение к жизни», Беларускі дзіцячы хоспіс.
Звярні ўвагу на праекты, што займаюцца праблемамі асоб з канкрэтнымі захворваннямі: Фонд падтрымкі людзей з ВІЧ, Служба дапамогі асобам з бакавым міятрафічным склерозам (БАС), Цэнтр дапамогі дзецям і дарослым з анкалагічнымі захворваннямі ПОРА, праект «Геном», які займаецца праблемамі людзей з рэдкімі генетычнымі захворваннямі.
Здай кроў. Страта крыві – адзін з істотных імунастрэсараў. А патрэба ў донарскай крыві адчуваецца цяпер яшчэ больш востра, чым звычайна.
Тых, каго робяць асабліва ўразлівымі ўмовы пражывання
Людзі без жылля. Валанцёрская, матэрыяльная і фінансавая дапамога патрэбная ініцыятыве «Еда Вместо Бомб». Грошы на харчовую і медычную дапамогу бяздомным збірае «Отклик». Цэлую мапу рэлевантных ініцыятыў можна знайсці на сайце Human Constanta.
Мігранты і бежанцы. Юрыдычную дапамогу ім аказваюць праваабарончыя арганізацыі «Вясна» (тут можна паваланцёрыць), і Human Constanta (тут прымаюць валанцёрскую і фінансавую дапамогу).
Людзі ў месцах несвабоды. Іх пытаннямі таксама займаюцца вышэйназваныя праваабаронцы. Дарэчы, раім чытнуць матэрыял пра тое, як у каранцінныя часіны могуць парушацца правы чалавека.
Валанцёрскую і фінансавую дапамогу заўсёды чакаюць Чырвоны Крыж, UNIHELP, Беларуская асацыяцыя сацыяльных працаўнікоў (БАСП). Гэта арганізацыі з празрыстай справаздачай і багатым досведам. Іх шырокія праграмы ахопліваюць розныя грамадскія групы ў зоне рызыкі.
Тых, каму шкодзіць каранцін і запавольванне эканомікі
Асобы ў аб’юзіўных стасунках. У краінах, якія пайшлі на каранцін, ужо адзначаецца большая колькасць выпадкаў хатняга гвалту. Паколькі ў Беларусі нават няма спецыяльнага закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, нас можа чакаць яшчэ больш сумны «прагрэс». Што зрабіць: падтрымаць шэлтар «Радзіслава» для жанчын і дзяцей, якія ратуюцца ад агрэсараў; падпісаць петыцыю за прыняцце спецыяльнага закона (аналагічныя законы ў іншых краінах зніжаюць колькасць выпадкаў на 20–40 %).
Эканамічна неабароненыя. Шмат сектараў на выдаленую працу перавесці немагчыма. Занятыя ў іх рызыкуюць згубіць працу і не знайсці новую. Прапануем падтрымаць такіх асоб непасрэдна ў тваім наваколлі. Пакінь прадукты і тавары першай неабходнасці ў агульнай зоне, ствары чат узаемадапамогі. Інструкцыі, матэрыялы і нават ботаў для гэткіх ініцыятыў можна знайсці на сайце расійскага праекта «COVIDарность».
Малы бізнэс. Калі робіш закупы, аддай перавагу маленькім мясцовым крамам, кавярням, барам. Перажыць спад попыту ім будзе значна цяжэй за буйныя сеткі. Але нагадваем пра меры бяспекі: падтрымаць – не значыць тусавацца як у апошні раз. Абірай опцыю «з сабой» або дастаўку.
Трэвел-журналістаў(-ак), фатографаў(-ак), гідаў(-ак), чыя дзейнасць дазваляла табе глыбей і цікавей спасцігаць прыгажосць планеты. Індустрыя падарожжаў прыняла на сябе суровы ўдар, і 34travel запусціў кампанію салідарнасці #travelisnotdead, каб гэты ўдар крыху змякчыць.
Тых, чый досвед стаў больш бачным
Некаторыя людзі заўсёды вядуць той лад жыцця, з якім астатнія сутыкнуліся цяпер. Асобы з фізічнымі ці псіхічнымі разладамі вымушаныя быць у ізаляцыі ці істотна абмяжоўваць сваю актыўнасць не толькі падчас пандэміі. А яшчэ ім значна цяжэй даць рады з яе наступствамі.
Прапануй дапамогу мясцовым суполкам асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Напрыклад, можна перавесці ахвяраванне Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў.
Сацыяльна-псіхалагічную дапамогу і рэабілітацыю асобам з псіхічнымі разладамі ў Менску аказвае «Клубный дом». Таксама можна пашукаць рэгіянальныя інтэрнаты для асоб з псіхічнымі разладамі ды прапанаваць падтрымку.
Тых, хто дапамагае нам пачувацца лепш
Блогеры і блогеркі, НДА-праекты. Калі чыйсьці кантэнт дапамагае табе трымацца, зараз самы час заданаціць рабятам, каб яны маглі працягваць сваю дзейнасць.
Творчыя асобы і інстытуцыі. Адна з мэтаў мастацтва – дапамагаць грамадству асэнсоўваць і перажываць значныя змены. Ты можаш набыць працы мастачак і мастакоў, за якімі даўно сачыў(-ла), знайсці новыя імёны па хэштэгу #артнакарантине альбо падтрымаць улюбёныя пляцоўкі з акцыяй #артпроездной – ініцыятывы праекта Artonist.
Нагадаем, што любую дапамогу варта пачынаць з сябе. Самае важнае зараз у барацьбе з пандэміяй – скараціць сацыяльныя кантакты да мінімуму і добра клапаціцца пра здароўе ўласнае ды блізкіх. Не ва ўсіх ёсць матывацыя дапамагаць камусьці яшчэ, гэта абсалютна нармальна. Ты ўжо робіш шмат, калі прытрымліваешся афіцыйных парад СААЗ. А калі жадаеш дапамагчы, памятай: кожныя пяць рублёў, пераведзеныя на важную справу, – годная дапамога. Будзь здаровы(-ая) і распаўсюджвай дабрыню, а не вірус.
Ілюстрацыі: Юлія Спіноза
Тэкст: Ганна Отчык