Часам накрывае такая хваля роспачы, што не хочацца ані есці, ані спаць. Калі нічога ўжо не дапамагае і твой дах пачынае сапраўды варушыцца, то не варта забіваць на сітуацыю. Ці можна вылечыцца толькі размовамі, наколькі эфектыўныя антыдэпрэсанты і як дапамагчы сабе ці блізкім – чытай у нашым кароткім даведніку па сусвету ментальных разладаў.
На дадзены момант няма карэктнага ўстойлівага паняцця ў постсавецкай практыцы. Але ёсць спробы некаторай класіфікацыі.
Дакладна як захворванне класіфікуюцца тыя разлады, якія патрабуюць медыкаментознага лячэння і псіхіятрычнай дапамогі.
Ва ўсім свеце дзейнічае так званае «people-first rule»: сутнасць у тым, што спачатку заўсёды трэба называць чалавека, і толькі потым – яго асаблівасць. Калі ты лічыш, што тое, што з табой адбываецца, – гэта частка тваёй псіхікі, то варта гэта так і называць. Напрыклад, чалавек з дэпрэсіяй, з біпалярным афектыўным разладам.
Мяжа паміж першай і другой катэгорыяй вельмі тонкая, і класіфікацыя часта залежыць ад самога(-ой) спецыяліста(-кі).
У дадзеным матэрыяле мы выкарыстоўваем варыянт «псіхічны разлад».
Па-першае, калі ты адчуваеш, што з табой адбываецца штосьці, што раней не было табе ўласціва. Напрыклад, ты ведаеш, што ты моцная асоба, але часам пачынаеш праяўляць не зразумелыя табе слабасці. Гэта значыць, што некаторая частка асобы выцясняецца, ад яе адмаўляецца твая псіхіка і не прызнае яе.
Па-другое, калі рацыянальна цяжка патлумачыць, што з табой адбываецца. Ты не можаш апісаць прычыны і мэты свайго стану. Напрыклад, цябе накрывае апатыя, але пры гэтым ты не разумееш, адкуль яна ўзялася і навошта.
Па-трэцяе, калі ты перастаеш сябе пазнаваць. На працягу свайго жыцця ты быў(-ла) камунікабельным(-ай) і актыўным(-ай), любіў(-ла) займацца спортам, смачную ежу – і раптам гэтыя звычкі абрубіліся. Гэткая змена – знак таго, што з табой нешта адбываецца, і з гэтым трэба працаваць.
Па-чацвёртае, калі ёсць адчуванне таго, што ты хочаш і можаш жыць інакш, але табе нешта перашкаджае, ты чамусьці сабатуеш змены. Напрыклад, табе на працы прапаноўваюць павышэнне, а ты адмаўляешся – проста так, нягледзячы на тое, што даўно гэтага хочаш.
Па-пятае, калі хочаш блізкіх стасункаў, але блізкасць невыносная. Гэта тычыцца не толькі рамантычных інтэракцый – гаворка ідзе і пра сяброўства, і ўзаемаадносіны са сваякамі. Яшчэ Фройд казаў, што адзін з крытэрыяў псіхічнага здароўя – здольнасць працаваць і любіць, ладзіць здаровыя стасункі і магчымасць знаходзіцца ў гэтай блізкасці.
Так, ёсць і наўпрост фізіялагічныя прыкметы. З-за ментальнага разладу ў цябе можа быць бяссонне, астэнія, стомленасць альбо, наадварот, успышкі актыўных паводзінаў, адсутнасць апетыту.
Можа з’явіцца дыскамфорт ад нейкага фізічнага стану. Ты можаш не спаць начамі, але калі цябе гэта не хвалюе і не наносіць шкоды ментальнаму здароўю, то гэта не падстава ісці да тэрапеўта(-кі).
А калі ты не можаш заснуць з-за душэўных перажыванняў ці з-за трывожных думак, то варта звярнуцца да спецыяліста(-кі).
Псіхатэрапеўт – гэта той спецыяліст, які дапамагае людзям, абапіраючыся на псіхалагічныя напрацоўкі. Асноўны інструмент яго працы – гутаркі з пацыентам(-кай).
Псіхіятр займаецца псіхічнымі разладамі з медыцынскага пункту гледжання. То-бок можа прапісаць лекі, калі яны неабходныя або нават шпіталізаваць.
Сфера дзейнасці псіхолага – пераважна навуковыя даследаванні.
Калі на працягу доўгага часу псіхатэрапіі з табой не адбываецца аніякіх зменаў, то вялікая верагоднасць, што табе трэба звярнуцца да псіхіятра па медыцынскую дапамогу.
Для найбольш эфектыўнага лячэння патрэбны сімбіёз паміж фармакалагічнай і псіхалагічнай падтрымкай.
Большасць праблем з маральным здароўем чалавека ўзнікае з-за траўмы. Траўмы бываюць двух відаў: кумулятыўныя і сітуацыйныя.
Кумулятыўная траўма – гэта назапашванне досведу перажывання негатыўных падзей. Большасць дзіцячых траўм пераважна кумулятыўныя.
Сітуацыйная траўма ўзнікае з-за раптоўнай падзеі, якая вельмі моцна адбіваецца на псіхіцы чалавека.
Большасць траўм узнікае ў дзяцінстве. Чалавек можа зусім не памятаць пра яе, але калі трапляе ў сітуацыю, якая выклікае ў яго падобныя перажыванні, пакутуе падобным чынам.
Напрыклад, мама пакідала дзіця адно ў хаце, і гэта яго вельмі траўмавала. Для сябе ён/яна абраў(-ла) шлях супраціву зачыняцца ад людзей у сваіх фантазіях.
Праз некалькі дзясяткаў гадоў гэтаму чалавеку дзяўчына адмовіла ў спатканні ці кінуў хлопец. І вось чалавек аднаўляе тыя паводзіны, якія ўратоўвалі яго ў дзяцінстве, і перажывае такія ж эмоцыі і з той жа сілай.
Траўма можа ўзнікнуць і ў дарослым узросце. Напрыклад, з-за цяжкай хваробы, аварыі, гвалту, войнаў.
Не кожная негатыўная падзея можа стаць траўмай. Гэта вельмі індывідуальнае пытанне – псіхіка кожнага чалавека ўнікальная і па-рознаму рэагуе на розныя падзеі.
Для аднаго чалавека і прагляд жахалак можа стаць псіхалагічнай траўмай. Для іншага – гвалт можа не стаць траўмай. Псіхіка здолее апрацаваць і жыць з гэтым жудасным досведам далей.
Траўма звычайна ўзнікае пад уплывам недахопу як мінімум трох рэсурсаў:
– часу для асэнсавання новага досведу;
– псіхалагічнай падтрымкі;
– сну.
Калі цябе згвалцілі і табе адразу пасля гэтага прыйшлося ісці на працу, твая псіхіка не паспее апрацаваць страшны досвед.
Некаторыя станоўчыя падзеі таксама могуць быць траўмавальнымі: напрыклад, раптоўны выйгрыш у латарэю. Так, сама падзея класная: зараз у цябе шмат грошай і можна доўгі час не працаваць.
Але чалавек можа быць негатовы да гэтага, падзея можа абрынуцца на яго знянацку і яго можа ніхто не падтрымаць у шчасці. І гэта таксама можа зрабіцца траўмай.
Самы важны маркер – «трансуючы стан». Калі чалавек, які заўсёды быў з табой у кантакце, раптам «вывальваецца» з рэчаіснасці і не рэагуе на твае спробы з ім камунікаваць. У гэты момант псіхіка імкнецца вярнуцца ў траўмавальную падзею і неяк яе перажыць.
Яшчэ «лакмусавыя паперкі» таго, што чалавеку патрэбная дапамога: абыякавасць, індыферэнтнасць, няўважлівасць, закрытасць, меланхалічнасць, млявасць.
Вядома, нельга забывацца і на фізіялагічныя сімптомы, што мы пералічвалі вышэй.
Сэлф-харм (самапашкоджанні) – адназначна сімптом траўмы. Замест таго каб выразіць сваю злобу ці іншыя пачуцці на іншых, чалавек шкодзіць свайму целу.
Сэлф-харм можа з’явіцца на любым этапе жыцця і ў любых формах. Так, напрыклад, некаторыя спецыялісты(-кі) лічаць татуіроўкі адной з праявай сэлф-харму.
У падлеткавым узросце сэлф-харм часцей за ўсё праяўляецца ў парэзах. У дарослым ягоныя формы могуць стаць больш разбэшчанымі: празмернае захапленне фітнэсам, мардаванне сябе на працы, жорсткія дыеты.
Дэвіз сэлф-харму – «зрабі сабе кепска любым чынам».
Вельмі важна ў гэтыя моманты не ціснуць на чалавека і не спакушацца на яго асабістыя межы. Зараз ён і так ва ўразлівым стане.
Пакажы, што ты побач з чалавекам і гатовы(-ая) яго выслухаць. «Я побач, я прымаю твой стан і я нічога ад цябе не чакаю. Калі я табе патрэбны(-ая), то я тут» – прыкладна такую пазіцыю варта трансляваць.
Не трэба насядаць, каб чалавек ішоў па дапамогу. Калі чалавек адкрыўся і падзяліўся сваімі перажываннямі, то можна намякнуць, што ты яго падтрымліваеш, але не можаш дапамагчы, бо гэта па-за тваімі кампетэнцыямі.
Добры варыянт – дапамагаць непасрэднымі дзеяннямі. Але не перашчыруй! Напрыклад, людзі з дэпрэсіяй часта жывуць у беспарадку – гэта адлюстроўвае тое, што ў іх унутры. Дапамагаць у побыце варта, але не трэба цалкам за імі прыбірацца і гатаваць. Гэта разбэшчвае і ўзмацняе сітуацыю.
Сілком на тэрапію ты нікога не зацягнеш. Чалавек можа супраціўляцца і не верыць у яе эфектыўнасць. Калі чалавек прыходзіць у кабінет тэрапеўта сам, то дакладна па штосьці.
Калі ў цябе ёсць праблемы ў стасунках (не абавязкова рамантычных, а, напрыклад, у стасунках з бацькамі), то лепшы варыянт – самастойна пайсці на тэрапію, а не адпраўляць партнёра(-ку). Гэта можа дапамагчы выпрацаваць стратэгіі паводзінаў з аб’юзерам(-кай). Альбо тэрапія расплюшчыць вочы на тое, што не трэба больш стасавацца з гэтым(-ай) аб’юзерам(-кай).
У вялікай колькасці беларускіх паліклінік працуюць псіхіятры, якія могуць займацца лячэннем людзей з псіхічнымі разладамі. Але ў большасці выпадкаў якасць такой дапамогі вельмі невысокая.
Самы дзейны метад пры пошуках тэрапеўта(-кі) – выкарыстоўваць сарафаннае радыё.
Якасная тэрапія звычайна каштуе дорага. Гэта тычыцца і непасрэдна дапамогі спецыяліста(-кі), і саміх лекаў.
Відаў тэрапіі – вялікае мноства. Вылучаюць і гештальт, і экзістэнцыяльную, і арт, і кагнітыўную, і шмат іншых відаў тэрапіі. Таксама можна наведваць групавыя і асабістыя сесіі.
Групавая тэрапія накіраваная на тое, каб высветліць, як чалавек будуе свае стасункі ў грамадстве. Усе працэсы, звязаныя з супрацоўніцтвам, кааперацыяй, складанасці ў сацыялізацыі праяўляюцца ў групе, прычым вельмі яўна.
Асабістыя сесіі прысвечаны ўнутранаму свету пацыента і разбору ягоных асабістых праблем.
Пры выбары тэрапеўта(-кі) арыентуйся на асабісты камфорт на сесіях. У кожнага свае параметры: камусьці важная душэўная цеплыня, камусьці – давер, камусьці – эрудыцыя тэрапеўта(-кі).
Першы крок – псіхатэрапеўт(-ка) імкнецца даведацца больш пра жыццё чалавека і пра яго стасункі з людзьмі. Высветліць, што адбылося, калі чалавеку спатрэбілася вонкавая дапамога, і як ён(яна) зразумеў(-ла), што сам са сваімі пачуццямі не справіцца.
Сама траўма – не матэрыял для працы тэрапеўта(-кі). Ён/яна працуе з пачуццямі, з якімі прыходзіць чалавек.
Асноўная мэта тэрапіі – навучыць чалавека самому дапамагаць сабе, то-бок зрабіць так, каб больш чалавеку не быў(-ла) патрэбны(-ая) тэрапеўт(-ка).
Дзякуем за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу філосафцы і гештальт-тэрапеўтцы Марыі Андрэевай
Иллюстрация by Sheeborshee
Той мінімум, які трэба ведаць пра інфармацыйную бяспеку, каб твае перапіскі не сталі «здабыткам грамадскасці».
Успамінаем правілы руху на ровары і падтрымліваем зняволеных удзельнікаў «Крытычнай масы».
Усё не так страшна, як у фільмах пра электрашок і стальныя краты.
Першы блок АЭС у Беларусі плануюць запусціць ужо напрыканцы 2018-га: разбіраемся, як з гэтым жыць.
«Сапраўднае чалавечае будзе шанавацца нашмат больш».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.