Яўгенія Пачэпка
- 03.11.2015
- 2429
Валанцёрка грамадскага аб’яднання «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» Яўгенія Пачэпка – пра асабістую адказнасць за агульную будучыню і грамадскую актыўнасць Віцебска.
Чым займаюцца: Развіццё і раскрыццё творчага патэнцыялу моладзі, прасоўванне здаровага ладу жыцця, прышчапленне спартыўнай культуры, усебаковая адукацыя.
Дата заснавання: 2000 год.
Структура: У Беларусі – каля 200 зарэгістраваных удзельнікаў; у Віцебску – каля 40 чалавек (без уліку валанцёраў).
Факты: Грамадскае аб’яднанне «ХСДМ» – удзельнік Cусветнага Альянсу YMCA, аднаго з самых першых грамадскіх аб’яднанняў свету, створанага ў 1844 годзе. Сёння Альянс – найбуйнейшая асацыяцыя моладзі ў свеце, прадстаўленая ў 110 краінах свету, ахоплівае каля 58 млн удзельнікаў.
З кім гутарым: Яўгенія Пачэпка, 28 год. Старшыня Віцебскага аддзялення грамадскага аб’яднання «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» (YMCA – Віцебск) – да сакавіка 2019-га. Мае юрыдычную і псіхалагічную адукацыю. Менеджэрка рэгіянальнага рэсурснага цэнтра па развіці дадатковай адукацыі дарослых у Віцебску. Каардынатарка Праграмы падтрымкі ФРГ.
Арыгінальная дата публікацыі – 03.11.2015. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.
Гісторыя Яўгеніі
– Калі я вучылася ў 10-м класе, я пачала час ад часу прагульваць школу, бо зразумела, што мне нецікава. У адзін з такіх разоў я, лічы, выпадкова трапіла на двухдзённы семінар па адукацыі мультыплікатараў (то бок будучых трэнераў), які праводзіла «Хрысціянская садружнасць дарослых і і маладых» – арганізацыя, у якой я цяпер працую як валанцёр. Пасля яшчэ былі семінары, сустрэчы, трэнінгі ды іншыя рэчы, якія прынята называць «нефармальнай адукацыяй». Галоўнае, што вабіла мяне ў тыя часы, – гэта ўсведамленне таго, што такога няма ў школе, і, як высветлілася пазней, такога не будзе і ва ўніверы. Я проста не ўспрымала свой універсітэт (Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М.Машэрава) як месца, у якім можна нешта рабіць. 2015 год стаў для мяне вызначальным, бо я нарэшце зразумела: горад, яго культуру і яго падзеі ты ствараеш уласнаруч. І калі асабіста ты не будзеш нічога рабіць – у горадзе стане проста нецікава жыць.
Сваю дзейнасць у «ХСДМ» я пачала літаральна з тае пары, як пачала хадзіць да іх на падзеі. Спачатку я праводзіла семінары па прафілактыцы ВІЧ/СНІД і па другіх напрамках здаровага ладу жыцця. Некаторы час я нават вяла трэнінгі пра пазітыўнае мысленне. Пасля я ўжо сама стала трэнерам і вучыла людзей, як цікава выкладаць і адукоўваць моладзь.
Зараз мы працягваем навучанне мультыплікатараў у партнёрстве з аддзелам прафілактыкі ВІЧ/СНІД Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Навучанне праходзяць у асноўным старэйшыя школьнікі – 9–10 клас.
«Натуральна, быць у Беларусі грамадскай арганізацыяй і паспяхова, бесперашкодна працаваць як мінімум складана»
Што такое YMCA – Віцебск?
– «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» – непалітычнае, некамерцыйнае і нерэлігійнае грамадскае аб’яднанне, зарэгістраванае ў Беларусі з 2000 года, а зараз прадстаўлена ў сямі беларускіх гарадах. Гэта частка сусветнай арганізацыі YMCA. У Беларусі нашая аўдыторыя – старэйшыя школьнікі і моладзь. Мы робім для іх семінары, у нас ёсць невялічкая творчая студыя, мы працуем таксама з дзеткамі з асаблівасцямі развіцця. Я займаю пасаду старшыні, і мае асноўныя абавязкі – менеджарская праца, забеспячэнне ўмоваў працы і далейшага развіцця арганізацыі.
Як я казала, YMCA – сусветная арганізацыя. У Віцебскага аддзялення доўгі час партнёраў за мяжой не было, але ў 2014-м мы літаральна выпадкова пачалі працаваць са Швейцарскай арганізацыяй і практыкавалі узаемныя паездкі, супольныя сустрэчы і абмен досведам.
Натуральна, быць у Беларусі грамадскай арганізацыяй і паспяхова, бесперашкодна працаваць як мінімум складана. Заўсёды, калі нашыя замежныя партнёры запытваюць, чаму мы робім нейкія рэчы пэўным чынам, мы адказваем: «Гэта Беларусь». Але я ўсё роўна прытрымліваюся той пазіцыі, што пры вялікім жаданні і настойлівасці ты зможаш зрабіць усё што заўгодна і дамовіцца з кім хочаш. Я лічу, што ў Віцебску з гэтым усё нават лепей, чым па астатняй краіне: у нас ёсць шмат прыкладаў таго, як можна ўдала працаваць з дзяржавай.
Чым займаюцца ва YMCA – Віцебск?
– На пачатку кожнага навучальнага года да нас на заняткі прыходзіць чалавек па 30-40, у траўні іх застаецца ўсяго некалькі, але ў іх – увесь патэнцыял. Мы ведаем, што гэта тыя, каго можна адукоўваць далей, яны з намі, хутчэй за ўсё, застануцца надоўга.
У «ХСДМ» шмат напрамкаў дзейнасці (у Віцебску адзіная падобная да іх арганізацыя – «Чырвоны крыж» – 34mag). Адзін з іх, найбольш паспяховы і важны асабіста для мяне, – семінары ў галіне здаровага ладу жыцця для школьнікаў. Можа здавацца, што гэта нецікава для іх, але рэч у тым, як расказваць. Я называю гэта «галасаванне нагамі»: калі штосьці слухачам нецікава, ніхто і не прыйдзе. А раз школьнікі ходзяць – значыць, мы робім патрэбную справу. Тыя семінары (і тэарэтычныя, і практычны заняткі) дазваляюць не толькі раскрыць тэмы ЗЛЖ, але і проста распавесці пра фармаванне асобы, індывідуальнасці, паказаць, які ёсць свет па-за межамі школы.
Яшчэ адзін праект, ім я таксама ганаруся, – дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Мы даведаліся, што ў Беларусі існуюць суполкі людзей з праблемамі зроку, якія граюць у футбол, але ім патрэбныя асаблівыя мячы, даволі дарагія, што дапамагаюць арыентавацца на полі па гуках. Гэты праект перамог на Social Weekend у Віцебску, пасля чаго мы пачалі распрацоўваць вызначаны напрамак. Мы праводзілі супольныя трэніроўкі з нашымі валанцёрамі.
Таксама я займаюся праектам «Навука па-за сабой», які мы ладзім супольна з менскім моладзевым адукацыйным цэнтрам «Фіяльта». Праект скіраваны на тое, каб паднесці людзям займальныя і карысныя навуковыя веды простай мовай. Галоўнае, што такія лекцыі цікавыя для шырокага кола людзей. У Віцебску ёсць мерапрыемствы, скіраваныя на моладзь, ёсць і тыя, мэтавая аўдыторыя якіх – сталыя людзі. І здаецца, што адукацыя асоб сярэдняга ўзросту нібыта правісае. І мне прыемна, што на лекціях я бачу шмат новых і самых розных людзей, якія ў тым ліку актыўна ўдзельнічаюць у дыскусіях.
Каманда «Навукі» за гэтыя гады не раз змянялася – хтосьці з'ехаў у Менск, хтосьці нарадзіў дзяцей – але мы працягваем працаваць.
«Зараз культурнае жыццё развіваюць не нейкія арганізацыі, не НДА, дзяржава альбо бізнэс, а асобы – проста людзі»
Планы і погляд у будучыню
– Мы правялі даследаванне адукацыйных патрэбаў моладзі Віцебска ў сферы грамадзянскай адукацыі і запускаем адукацыйную праграму «Го!Рад». Таксама гэтай восенню мы запусцілі новы адукацыйны праект «ОГО», гэта цыкл лекцый па актуальных тэмах грамадзянскай адукацыі. Ужо прайшоў воркшоп «Як навесці парадак у асабістых фінансах», а 22 снежня пагутарым на тэму «Проста аб складаным: беларуская дзяржава».
У 2018-м я працягваю шчыльна працаваць з НДА і ініцыятывамі ў рэгіёне. У якасці менеджэра Рэгіянальнага рэсурснага цэнтры па развіццю дадатковай адукацыі дарослых у Віцебску займаюся развіццём дадатковай адукацыі. Таксама выступаю рэгіянальным каардынатарам праграмы падтрымкі ФРГ, асноўная мэта якой – пашырыць магчымасці грамадскіх, некамерцыйных арганізацый, сумесна дзеючых у рамках нямецка-беларускіх партнёрскіх ініцыятыў.
А ўвогуле, калі я спрабую глядзець на культуру і на гарадскую прастору, дык выразна бачу: зараз культурнае жыццё развіваюць не нейкія арганізацыі, не НДА, дзяржава альбо бізнэс, а асобы – проста людзі. І гэта крута, няхай пакуль такіх людзей у Віцебску і не так шмат. Доказ таго, што дастаткова моцна любіць сваю справу, сапраўды жадаць нешта рабіць, быць настойлівым і ўпартым – і атрымаць тое, чаго прагнеш.
Аўтар Vika Fomina
Фота by Марына Катлярова