Як стаць донарам крыві?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 15.11.2019
- 9852
Донарства крыві – рэальная дапамога тым, каму пашэнціла менш, чым табе. Калі ты даўно марыў(-ла) зрабіць добрую справу, а звычайнае валанцёрства цябе не вабіць, то вось ён – твой шанец. 34mag разведаў, каму, як і дзе можна стаць донарам(-кай) крыві.
Самы часты спосаб – здача цэльнай крыві з вены на руцэ. Такая працэдура займае каля 10 хвілін.
Можна здаць кампаненты крыві, напрыклад, плазму ці трамбацыты. Падчас спецыяльнай працэдуры з крыві донара(-кі) забіраюць толькі неабходны кампанент, а астатнія вяртаюцца ў крывяносную сістэму.
Плазмафарэз бывае двух тыпаў: мануальны і аўтаматычны. Цягам мануальнага ў донара(-кі) забіраюць адразу неабходную порцыю крыві, цэнтрыфугуюць яе і вяртаюць эрытрацыты назад. Пры аўтаматычным плазмафарэзе спецыяльны апарат неадрыўна фільтруе з крыві толькі плазму, але і часу гэта займае больш – каля 40 хвілін.
Па законе аб’ём крыві не павінен перавышаць 13% ад агульнага аб’ёму крыві донара(-кі), але стандартная доза – 450+-50 мл.
Гэтае пытанне рэгулюе частка 1 арт. 199 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2010 года «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў».
Здаць кроў ці кампаненты крыві могуць не толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, але і замежнікі ці асобы без грамадзянства, якія пастаянна тут пражываюць.
Калі прэтэндуеш на ганаровае званне донара(-кі), табе павінна быць ад 18 да 60 гадоў. Але ў некаторых выпадках асобы 60+ могуць атрымаць ад камісіі дазвол.
У донары бяруць поўнасцю дзеяздольных асоб, якія не маюць захворванняў і не знаходзяцца ў станах, пры якіх здача крыві і кампанентаў забароненая (глядзі ніжэй).
Вельмі пажадана, каб донар(-ка) быў(-ла) на ЗЛЖ, дбаў(-ла) пра асабістую гігіену і пазбягаў(-ла) выпадковых палавых стасункаў.
На працягу 6 месяцаў да здачы крыві нельга рабіць тату, пірсінг, шнараванне і любыя іншыя бодзі-мадыфікацыі.
Само сабой, донарам(-кам) строга забаронена ўжываць наркотыкі, псіхатропы і любыя таксічныя рэчывы.
Супрацьпаказанні бываюць пастаяннымі (на ўсё жыццё), доўгатэрміновымі (на год ці больш) ці кароткатэрміновымі (на некалькі дзён).
Інфекцыйныя хваробы, паталагічныя станы, цяжарнасць, менструацыя, перыяд пасля прышчэпак і траўм – адназначныя «не» для донарства.
Чалавек з цукровым дыябетам, эпілепсіяй ці туберкулёзам у анамнезе ніколі не зможа стаць донарам, а той/тая, хто перанёс/перанесла эндаскапічнае даследаванне ці зрабіла аборт – 6 месяцаў з даты працэдуры.
Часова закрытая для цябе сцяжынка да донарства, калі ты ездзіў(-ла) у некаторыя краіны Афрыкі, Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі ды Акеаніі. Спіс краін і рэгіёнаў шукай тут.
Поўны ліст супрацьпаказанняў знойдзеш у Пастанаўленні Міністэрства аховы здароўя № 37 ад 19.05.2011.
Якія дакументы чакаюць ад патэнцыйнага донара(-кі)?
Пашпарт ці іншае пацвержанне асобы;
Для ваеннаабавязаных – ваенны білет (перад першай здачай крыві і кампанентаў);
1 фота 3 х 4 см (перад першай данацыяй);
Выпіска з паліклінікі – на першы раз, потым – раз на 6 месяцаў;
Флюараграфія – таксама на першы раз, потым – раз на год;
Для жанчын – даведка ад гінеколага, потым – раз на 6 месяцаў;
ЭКГ – калі здаеш упершыню метадам аўтаматычнага плазмафарэзу ці трамбацытафарэзу, потым – раз на 6 месяцаў.
Як падрыхтавацца да здачы крыві?
Нельга прыходзіць на данацыю, калі ты кепска сябе адчуваешь, нават з простым болем у горле.
Нельга здаваць кроў, калі ў цябе грып, ты прымаеш лекі ці вельмі стаміўся(-лася).
Не лепшай ідэяй будзе здача крыві непасрэдна перад экзаменамі, начной працай ці спаборніцтвамі.
За дзень да здачы крыві неабходна перастаць ужываць тлустую, смажаную, вострую і вэнджаную ежу, малочныя прадукты, яйкі, бананы, арэхі і цытрусавыя.
З раніцы ў дзень Х трэба лёгка паснедаць салодкай гарбатай, хлебам, кашай, паравой рыбай, садавіной ці гароднінай. З галадухі праходзіць гэтую працэдуру не раім дакладна.
З якіх этапаў складаецца працэдура?
Рэгістрацыя.
Як толькі пакажаш усе неабходныя паперкі, на цябе аформяць уліковую картку, медыцынскі дакумент і карту-анкету донара. У наступныя разы спатрэбіцца толькі карта-анкета. Донар(-ка) сам(-а) адказвае на яе пытанні. Таксама ён/яна падпісвае дакумент аб добраахвотнай здачы крыві.
Лабараторнае даследаванне.
У цябе вызначаць групу крыві, рэзус-фактар, фенатып антыгенаў, зробяць агульны аналіз крыві і мачы (толькі на першы раз, потым – раз на год), замераць узровень гемаглабіну.
Медагляд.
Доктар праглядзіць усе неабходныя даведкі і вынікі аналізаў, прагоніць цябе па пытаннях анкеты, вызначыць твой агульны стан, замерыць тэмпературу і ціск. З надта нізкім ці высокім ціскам адправяць дадому. Пульс не павінен быць больш за 100 удараў.
Лёгкі сняданак у буфеце.
Гэта прыемна і карысна – дапаможа не страціць прытомнасць.
Непасрэдна данацыя.
Цябе запросяць у крэсла, накладуць жгут і дэзінфікуюць скуру. З вены возьмуць 450+- мілілітраў крыві ў кантэйнер праз сіліконавую трубку, аб’яднаную з іглой. Таксама каліва крыві (20-40 мл) возьмуць на лабараторныя даследаванні на маркеры ВІЧ, гепатыту і іншага. Месца праколу заклеяць і накладуць павязку на чатыры гадзіны. Далей будзеш 30 хвілін адпачываць пад медычным наглядам.
Ці будзе балюча?
Не больш, чым здача крыві з вены ў паліклініцы. Боль можна адчуць толькі ў момант, калі ігла ўваходзіць пад скуру, а потым зусім не.
Так, ёсць рызыка адчуць галавакружэнне ці страціць прытомнасць – але цябе адразу адкачаюць, не сумнявайся. Маўчаць і цярпець – тыпу ты герой(-ка) – не абавязкова. Адчуеш сябе кепска – скажы.
Чым здача крыві адрозніваецца ад здачы плазмы?
Плазму можна здаваць кожныя два тыдні, цэльную кроў – не больш за 3–5 разоў на год з перапынкамі на 60 дзён.
Якія бонусы атрымлівае донар(-ка)?
Сняданак перад здачай, грошы на абед пасля, выходны на працы з захаваннем зарплаты ці выходны на вучобе ў дзень здачы крыві, а таксама грашовую кампенсацыю, калі данацыя недармовая.
Цяпер цэннік на кроў – 104,32 BYN, на плазму – 125,18–146,04 BYN. Поўны прайс-ліст тут.
Што важна рабіць ці не рабіць пасля здачы крыві?
Адпачні паўгадзінкі.
Калі раптам стане кепска – пазаві медсястру ці ляж, задраўшы ногі вышэй галавы.
Не здымай і не мачы павязку напрацягу 4 гадзін.
Не палі 2 гадзіны і не пій алкаголь наступныя суткі.
12 гадзін пазбягай трэніровак і любых фізнагрузак.
Не садзіся за руль цэлы дзень.
Наступныя некалькі дзён налягай на бялкі і пій шмат вадкасці.
Як часта можна здаваць кроў?
Не часцей, чым раз на 60 дзён, а пасля кожнай пятай здачы – толькі праз 90 дзён.
Калі здаеш плазму – пачакай 2 тыдні, а калі вырашыў здаць кроў пасля плазмы – зможаш зрабіць гэта толькі праз месяц.
Агульная колькасць крыві, здадзенай адным донарам за год, не мусіць быць больш за 20 літраў.
Мужчыны могуць здаць цэльную кроў 5 раз за год, жанчыны – толькі 4.
Куды бегчы здаваць?
Вось тут знойдзеш назвы і адрасы станцый пералівання крыві, шпіталяў і цэнтраў трансфузіялогіі ў розных гарадах Беларусі. Рулі ў самы блізкі, бо па законе ты можаш здаць кроў толькі ў тым рэгіёне, дзе прапісаны(-ая). Чаму так? У Беларусі пакуль няма агульнай базы донараў, і прывязка да прапіскі дазваляе пазбегнуць сітуацыі, калі чалавек, якому забаранілі здаваць кроў у адным рэгіёне, прыязджае ў іншы і там здае няякасную кроў.
Любую дадатковую інфармацыю шукай тут.