#АртПраязны: падтрымайма культуру краіны
- Рубрыка: УЛОЎ
- 31.03.2020
- 6071
Беларускія арт-пляцоўкі падключаюцца да глабальнай акцыі #culturecommute, якая заклікае ўсіх неабыякавых людзей пералічыць суму, якую яны звычайна выдаткоўвалі на праезд, на рахунак культурніцкіх арганізацый, што перажываюць зараз цяжкія часіны.
Усе кампаніі #АртПраязны можна прагледзець па спасылцы на MolaMola. Па дапамогу звярнуліся культ. цэнтр «Корпус», «Другі паверх», ОК16, галерэя «Ў», праекты Wir.by, Artonist, VEHA, Znyata і іншыя.
Фандрайзінгавая платформа дазваляе перавесці суму ад 5 рублёў наўпрост на банкаўскую картку арганізатарам кампаніі. Гэта хутка і эфектыўна. Каб стаць спонсарам, дастаткова мець VISA або MasterCard, выпушчаную беларускім банкам, з падключанай паслугай 3D Secure.
Будзе крута, калі ты не толькі заданаціш штосьці любімаму праекту, але і напішаш пра акцыю ў сацсетках з хэштэгам #АртПраязны або #АртПроездной. Калі ласка, распавядзі, чаму падтрымліваеш пляцоўку і як прыемна было табе там, калі жыццё было звычайным і мы яшчэ хадзілі на канцэрты ды выставы.
«На жаль, і аднаго месяца можа быць дастаткова, каб вяртацца было ўжо няма куды. Мы не хочам браць твае грошы, мы просім спецыяльны від часовага крэдыту. Упэўненыя, што ўшануем тваё ўкладанне самаадданай працай над значнымі, важнымі, дапаможнымі і велізарнымі падзеямі ў наступным сезоне», – піша на сваіх старонках у сеціве культ. цэнтр «Корпус».