Правы чалавека падчас каранавірусу

  • 20.03.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 5070

Каранавірус прынёс свету беспрэцэдэнтныя каранцінныя меры, закрыццё межаў, спыненне авіязносін і абмежаванні правоў чалавека. Многія краіны цалкам закрылі ўезд для замежнікаў. У Расіі камеры відэаназірання ў пад'ездах дапамагаюць выявіць тых, хто падчас каранціну выйшаў выкінуць смецце. Еўрапейскі GDPR здымае абмежаванне на перадачу медыцынскіх дадзеных падчас крызісу, а сотні бежанцаў страцілі магчымасць знайсці бяспечнае месца. І большасць з гэтых мер выклікае грамадскае адабрэнне, што складана ўявіць у іншай сітуацыі.

 

Як гэтыя меры стасуюцца з агульнапрызнанымі стандартамі правоў чалавека? Як далёка грамадства можа зайсці, абараняючы сваю бяспеку? Эксперты і эксперткі праваабарончай арганізацыі Human Constanta правялі online talk «Правы чалавека падчас каранавірусу», а мы запісалі канспект.

 

У некаторых выпадках правы чалавека могуць быць абмежаваныя

Правы чалавека – гэта велізарнае дасягненне, дзякуючы якому свет кардынальна змяніўся ў гуманістычны бок за апошнія 70 гадоў. Пры гэтым частка з іх абавязковыя і іх нельга абмяжоўваць ні пры якіх абставінах – гэта права на свабоду ад катаванняў і ад рабства. Іншыя ж могуць залежаць ад абставін, і нават права на жыццё можа падвяргацца абмежаванню. Зараз ва ўсяго свету ёсць важная мэта – захаванне здароўя большасці людзей. Гэта адна з прычын, якая дазваляе дзяржавам уводзіць дадатковыя меры па абмежаванні правоў. Важная ўмова: такія абмежаванні павінны мець выразны часовы прамежак (напрыклад, 30 дзён), у іх павінна быць дакладна прапісана, што менавіта забаронена (напрыклад, масавыя мерапрыемствы з колькасцю ўдзельнікаў больш за сто чалавек), і яны павінны быць замацаваныя пэўным нарматыўным актам. Нарэшце, абмежаванні ў любым выпадку не павінны быць дыскрымінацыйнымі і павінны быць суразмернымі. Як у дадзеным выпадку вызначыць суразмернасць? Калі грамадзяне краіны не выказваюцца супраць прынятых мер, значыць, яны згодныя з іх суразмернасцю і лічаць, што дадзеная стратэгія будзе апраўданая з пункту гледжання папярэджаных ахвяр.

 

Каранцін і сістэма распазнання твараў

Ёсць тэхнічныя сродкі, якія, як сцвярджаецца, павінны гарантаваць нашу бяспеку і абараніць ад тэрарызму, – гэта распазнанне твараў і цэнтралізаваны збор інфармацыі аб перасоўваннях. Эксперты кажуць аб празмерным умяшанні дзяржавы ў прыватнасць нават у мірных сітуацыях, як жа быць у выпадку, калі камеры адсочваюць, ці парушае канкрэтны чалавек каранцін? Тады трэба глядзець на заканадаўства: ці прадугледжана ў ім выкарыстанне дзяржавай такіх тэхнічных сродкаў, ці ёсць агаворка, што гэта робіцца з мэтамі абароны насельніцтва?

Цяпер дзяржава будзе нас пераконваць, што гэтыя меры неабходныя, а грамадзяне могуць нават вітаць такі маніторынг і гатовыя абменьваць сваё права на прыватнасць на бяспеку. Застаецца важнае пытанне: што рабіць з абсталяваннем, камерамі і сабранай інфармацыяй пасля таго, як успышка скончыцца? Ці будуць сабраныя дадзеныя выкарыстоўвацца з іншымі мэтамі? Ці будуць у грамадзянскай супольнасці інструменты кантролю за гэтай сістэмай? Адказаў пакуль няма. У любым выпадку, дзяржава павінна выкарыстоўваць тыя меры, якія ў найменшай ступені закранаюць нашы правы. Калі абмежаванні і ёсць, яны павінны быць дакладна агавораны законам. Напрыклад, у Ізраілі пачалі сачыць за грамадзянамі на каранціне з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў, таму што суд ухваліў такую магчымасць на 30 дзён. Праз 30 дзён у дзяржавы скончыцца такая магчымасць.

 

 

Каранавірус і закрытыя ўстановы

Нечаканы ракурс каранціну – закрытыя для наведванняў турмы і дамы-інтэрнаты для людзей з парушэннямі ментальнага здароўя. У выпадку, калі ўстановы закрытыя, складана даведацца, напрыклад, ці падвяргаюцца зняволеныя катаванням. Як будзе забяспечана іх права на атрыманне дапамогі? Ці павялічаць колькасць званкоў адвакату? Пакуль ясна толькі, што гэтая сітуацыя – вялікі выклік для праваабаронцаў, а людзі ў закрытых установах будуць яшчэ больш уразлівыя.

 

 

Ксенафобія на фоне пандэміі

Нацыянальнасць студэнта, у якога выявілі каранавірус, стала інфармацыйнай падставай для некаторых медыя. Ці апраўдана гэта? Не, указанне нацыянальнасці нічому не дапамагае, а толькі стварае падазронае стаўленне да людзей, у якіх мяркуецца аналагічнае паходжанне, – напрыклад, проста па рысах твару.

 

 

Падарожжа – гэта прывілей

Права на трансгранічнае перамяшчэнне – гэта прывілей, які залежыць ад нацыянальных законаў. Закрытыя межы не парушаюць універсальныя нормы правоў чалавека, акрамя сітуацыі бежанства.

 

 

Каранавірус і выбары

У некаторых краінах цяпер, у перыяд пандэміі, праходзяць выбары. Адны краіны іх перанеслі, іншыя пакінулі ў сіле. Цікавы прыклад: Паўночная Македонія ўвяла каранцін, але не адмяніла выбары. Пытанне, якое засталося без адказу: наколькі такія выбары будуць свабоднымі і легітымнымі ва ўмовах, калі абмежаваная свабода сходаў?

 

 

Каранавірус і бежанцы

Як быць людзям, якія шукаюць прытулку, у час, калі межы амаль усіх краін зачыненыя? Шэраг краін сцвярджае, што права на бежанства не прыпыняецца нават падчас пандэміі. Канада і Швецыя нават зрабілі спецыяльныя звароты, што падаваць заявы на статус бежанца па-ранейшаму можна. А вось Трамп паведаміў, што ЗША не будуць прымаць заявы і саміх бежанцаў з боку мексіканскай мяжы.

Польшча з 15 сакавіка афіцыйна не дазваляе заехаць нікому, акрамя польскіх грамадзян, – гэта мае наступствы для шукальнікаў міжнароднай абароны ў Берасці. Транзітныя ўцекачы, якія накіроўваліся ў Польшчу, каб прасіць там прытулку, былі пазбаўленыя такой магчымасці на 30 дзён. Адмова ў магчымасці падаць на статус толькі таму, што краіна закрылася на каранцін, – гэта падстава для скаргаў. Магчыма, у будучыні ў міжнародным праве з'явіцца адпаведная агаворка аб бежанцах і такіх надзвычайных сітуацыях, як пандэмія.

 

 

Каранавірус і медыцынскі турызм

Людзі, якія планавалі ехаць за мяжу ў пошуках медыцынскай дапамогі – у Германію ці Ізраіль, напрыклад, – пазбаўленыя гэтай магчымасці. Тут трэба адрозніваць тэрміновую дапамогу, калі пытанне ідзе пра жыццё і смерць, і іншыя медыцынскія паслугі, якія суправаджаюць агенты медыцынскага турызму і якія можна перанесці. Экстранныя выпадкі павінны вырашацца ў індывідуальным парадку. Можна, напрыклад, правесці абследаванне на каранавірус перад ад'ездам, атрымаўшы пацверджанне, што пацыент не заражаны ім.

 

 

Каранавірус і хатні гвалт

Сітуацыя з хатнім гвалтам ва ўмовах каранціну можа быць вельмі небяспечнай у выпадку, калі ў краіне няма механізмаў, якія рэгулююць бяспечнае знаходжанне дома (напрыклад, закона аб хатнім гвалце), а ў грамадстве няма культуры негвалтоўнай камунікацыі. Яшчэ адзін не відавочны на першы погляд аспект закрытых межаў – немагчымасць для жанчын зрабіць аборт, напрыклад у Польшчы. Раней яны маглі выехаць у іншую краіну, а цяпер гэта немагчыма.

 

 

Каранавірус і захоўванне асабістых дадзеных

Еўрапейскі GDPR здымае абмежаванне на перадачу медыцынскіх дадзеных падчас крызісу, якім адназначна з'яўляецца пандэмія. Калі гаворка ідзе пра выратаванне жыццяў і для гэтага трэба разумець, хто адкуль прыехаў, і абменьвацца медыцынскай інфармацыяй паміж сістэмамі аховы здароўя, пытанне дадзеных хвалюе хутчэй юрыстаў. У ЕС прадугледзелі такія сітуацыі – у некалькіх артыкулах ёсць абмежаванні па сітуацыях, звязаных з пагрозай здароўю. У такіх выпадках перадача дадзеных можа ажыццяўляцца без згоды асобы, якой гэтыя дадзеныя належаць. Італія, Францыя і Германія нават зрабілі асобныя заявы з гэтай нагоды.

Такім чынам, дадзеныя медыцынскага характару будуць збірацца і перадавацца іншым сістэмам аховы здароўя, каб змагацца з вірусам. Што будзе з імі далей? На гэта ў заканадаўстве ёсць выразны адказ. Час захоўвання абумоўлены мэтамі збору. Для даследаванняў і статыстыкі дадзеныя можна захаваць пры ўмове, што з іх выдаляць усю персанальную інфармацыю, якая можа ідэнтыфікаваць людзей.

 

 

А раскрываць дыягназ можна?

Медыцынская таямніца працягвае дзейнічаць і пры пандэміі. Інфармацыя медыцынскага характару можа распаўсюджвацца толькі са згоды асобы, аб якой гэтая інфармацыя. Напрыклад, можна ўказаць, што захварэў 51 чалавек, але называць іх імёны нельга. Спрэчныя выпадкі – публікацыя фота з сацсетак са спробай замазаць вочы, калі гэта пацыент з падазрэннем на заражэнне. Пры гэтым іншы пацыент можа сам весці блог і ахвотна згаджацца на інтэрв'ю.

 

 

Ці будуць правы парушаныя, калі ўвядзецца каранцін або надзвычайнае становішча?

Некаторыя правы будуць абмежаваныя, і гэта будзе законна. Казаць аб парушэнні правоў можна толькі пасля адказу на некаторыя пытанні: ці прадугледжаны гэтыя абмежаванні законам? Ці сапраўды яны накіраваны на абарону легітымнай мэты? Ці з'яўляюцца гэтыя меры прапарцыйнымі і суразмернымі? Ці можна было абысціся больш лёгкімі мерамі? Напрыклад, калі дазваляюцца масавыя мерапрыемствы ад дзяржорганаў, але забараняюцца ад прыватнай кампаніі, то можна сказаць, што мэты адрозніваюцца ад заяўленых і правы былі парушаныя.

 

 

Якую інфармацыю павінна прадастаўляць дзяржава?

У Канстытуцыі ёсць права на інфармацыю – у тым ліку аб эпідэміялагічнай абстаноўцы. Яшчэ ёсць Закон «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», дзе прапісаны катэгорыі інфармацыі, якія не могуць быць абмежаваныя. Інфармацыя аб стане аховы здароўя і эпідэміялагічнай абстаноўцы якраз уваходзіць туды. Аднак незразумела, ці павінны мы пісаць зварот, каб атрымаць гэтыя звесткі, ці дзяржава павінна займацца гэтым праактыўна? З пункту гледжання праваабаронцы – так, дзяржава павінна рабіць гэта самастойна. У тым ліку ў сваіх інтарэсах. Міністэрства аховы здароўя Беларусі, напрыклад, публікуе інфармацыю ў сябе на сайце. Міністэрства аховы здароўя Украіны зрабіла асобны раздзел на сайце, публікуе відэа і памяткі, стварыла разам са структурамі ААН асобны партал пра вірус.

 

 

Як звязаныя права на здароўе і эканоміка?

Падыход, заснаваны на правах чалавека, выкарыстоўваецца і ў дачыненні да любой сферы, у тым ліку і ў эканоміцы. Цяпер Еўропа ставіць чалавечае жыццё вышэй за эканоміку. Аднак у нас ёсць і сацыяльна-эканамічныя правы, а права на здароўе можа быць падвергнута небяспецы ва ўмовах каранціну, калі мы не зможам атрымліваць жыццёва неабходныя тавары. Таму перасоўванне тавараў у Еўропе не абмежавана. Магчыма, калі эканоміку пасадзіць на каранцін, то аказваць медыцынскую дапамогу будзе проста няма каму і няма чым. Усё залежыць ад рэсурсаў, якія ёсць, каб падтрымліваць сістэму аховы здароўя.

 

 

Ці могуць мяне прымусова шпіталізаваць у сувязі з каранавірусам?

Міністэрства аховы здароўя ўнесла каранавірус у спіс захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва. Магчымасць прымусовай дыягностыкі і лячэння такіх захворванняў прадугледжана Законам аб ахове здароўя і Законам аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва. Калі ёсць падставы меркаваць, што ў цябе ёсць такое захворванне, то цябе можна прымусова абследаваць па заключэнні медычна-кансультацыйнай камісіі і з санкцыі пракурора. Прымусова шпіталізаваць могуць толькі тых, у каго ёсць захворванні, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, і толькі ў выпадку ўхілення ад лячэння. Для прымусовага лячэння неабходнае заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі і рашэнне суда.

 

 

А калі ўвядуць каранцін?

Закон аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва дазваляе абвясціць каранцін або абсервацыю. У гэтым выпадку закон дазваляе ізаляваць у тым ліку здаровых асоб, якія маглі мець кантакт з асобамі, хворымі на інфекцыйныя захворванні.

 

 

У маёй ВНУ не ўводзяць каранцін. Гэта парушэнне маіх правоў?

Для таго каб даказаць, што гэта парушэнне тваіх правоў, трэба даказаць існаванне пагрозы твайму здароўю. Пакуль ты можаш напісаць заяву і папрасіць перавесці цябе на індывідуальны план навучання.

 

 

 Карысныя спасылкі 

 

   Юрыдычны аналіз законных абмежаванняў, звязаных з каранцінам, ад Сяргея Зікрацкага

   Абмежаванні GDPR падчас каранавірусу

   Парыжскія мінімальныя стандарты ў адносінах да правоў чалавека ў надзвычайных сітуацыях

   Адступленне ад правоў у сувязі з надзвычайным становішчам

   Тэорыя суадносін нормаў міжнароднага гуманітарнага права і міжнароднага права ў сферы правоў чалавека

   Поўны запіс online talk

   Кароткі курс пра правы чалавека і каронавірус ад Amnesty