Таймлайн: як у Беларусі (не) змагаюцца з хатнім гвалтам
- 26.12.2018
- 5881
Летась ты не мог/магла не чуць пра канцэпцыю Закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» і пра тое, як беларускі прэзідэнт зарубіў гэты законапраект кароткім, але экспрэсіўным спічам пра «бязглуздіцу» і «дурасць». Мы вырашылі ўзгадаць, колькі сіл самых розных людзей было ўкладзена ў тое, каб закон пабачыў свет і дапамог выправіць сітуацыю ў шматлікіх сем’ях.
Караценька пра сітуацыю
Штогод лінія 102 у Беларусі апрацоўвае каля 150 тысяч званкоў з прычыны сямейна-бытавога скандалу. Штогод здзяйсняецца 2 тысячы крымінальных злачынстваў у сем'ях. Штогод 50 тысяч сямейных агрэсараў прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, але ў пераважнай большасці сітуацый хатняга гвалту пацярпелыя застаюцца без належнай абароны.
У Беларусі няма спецыяльнага закона аб супрацьдзеянні гвалту ў сям'і, таму прыцягнуць агрэсара да адказнасці вельмі цяжка, а папярэдзіць бяду – амаль немагчыма. Дзяржава лічыць за лепшае не ўмешвацца ў сямейныя стасункі ўвогуле, уключаючы розныя складаныя сітуацыі ў паняцце «асабістае жыццё».
Між тым сусветная практыка даказвае, што адмысловы закон значна паляпшае сітуацыю: выпадкі ўнутрысямейнага гвалту скарачаюцца ад 20 да 40 %. Падобныя законы выдатна працуюць у 127 краінах свету, у тым ліку ва Украіне, Літве, Латвіі, Эстоніі, Казахстане. Цікава, што з усяго СНД закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту не прыняты толькі ў Беларусі ды Расіі.
34mag прэзентуе вялікі таймлайн, у якім зафіксаваныя галоўныя тычкі на шляху да перамогі здаровага сэнсу і ўзаемапавагі. Верым у лепшае!
2002 год
Робяцца першыя спробы падрыхтаваць закон, які будзе рэальна абараняць ахвяр хатняга гвалту, прычым не толькі фізічнага. Але – фіяска. Тэма вельмі маргіналізаваная, а яе прадстаўленасць у публічнай прасторы ледзь не нулявая.
У гэтым жа годзе жанчыны, якія перажылі гвалт, ствараюць у Менску грамадскае аб’яднанне для аказання дапамогі іншым жанчынам, якія трапілі ў такую ж сітуацыю. Ініцыятыва называецца «Радзіслава». Акрамя сацыяльна-псіхалагічнай і юрыдычнай дапамогі «Радзіслава» дае ахвярам магчымасць з’ехаць ад агрэсара на нейкі час у кватэру-шэлтэр, і гэта цалкам бясплатна.
25 лістапада – 10 снежня 2011 года
У Беларусі ўпершыню праходзіць акцыя «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гвалту ў адносінах да жанчын». Цягам некалькіх дзён у менскім кінатэатре «Піянер» паказваюць фільмы на тэму гвалту, у «Беларусі» ствараюць выставу-інсталяцыю «Пакой гвалту». Ладзяць акцыю ўдзельніцы «Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын».
25 лістапада – дата невыпадковая: у гэты дзень штогод адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын.
l
Красавік 2012 года
МУС ініцыюе рэспубліканскую прафілактычную акцыю «Дом без гвалту», каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы. Такія ж акцыі будуць праводзіць у красавіку кожнага наступнага года. Дзякуючы ім інфармацыя па праблеме часцей мільгае ў афлайне ды анлайне: ва ўстановах адукацыі і працоўных калектывах праводзяцца тэматычныя лекцыі, а міліцыянеры прафілактычна наведваюць аматараў памахаць кулакамі.
l
13 жніўня 2012 года
Праект «Гендарныя перспектывы» запускае агульнанацыянальную гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту: 8-801-100-8-801. За 6 гадоў існавання ёю скарыстаюцца больш за 11 тысяч чалавек.
Па тэлефоне можна бясплатна атрымаць ананімную і канфідэнцыйную кансультацыю кваліфікаванага псіхолага, спецыяліста па сацыяльнай рабоце ці юрыста. Гарачая лінія працуе штодня з 8:00 да 20:00.
l
25 кастрычніка 2012 года
Запускаецца сайт ostanovinasilie.org. Ён сістэматызуе актуальную інфармацыю для пацярпелых ад гвалту ў сям'і, а таксама для тых, ад каго гвалт зыходзіць.
l
13 чэрвеня 2013 года
МГА «Гендарныя перспектывы» становіцца часткай еўрапейскай арганізацыі «Жанчыны супраць гвалту ў Еўропе» (WAVE). З гэтага моманту «Гендарныя перспектывы» прадстаўляюць WAVE у Беларусі: збіраюць дадзеныя аб гвалце супраць беларускіх жанчын, інфармуюць грамадства аб праблеме. Дэталёвае даследаванне і апісанне сітуацыі з усімі лічбамі і фактамі – вельмі значны крок.
l
4 студзеня 2014 года
У сілу ўступае Закон РБ «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў». Цэлы блок у гэтым дакуменце прысвечаны побытаваму гвалту. У МУС навіну лічаць «першым крокам нашай краіны, каб прыйсці да міжнародных стандартаў і прыняць спецыялізаваны закон, які ёсць у многіх дзяржавах, аб супрацьдзеянні гвалту ў сям'і».
l
6 красавіка 2015 года
МУС ініцыюе стварэнне Закона «Аб супрацьдзеянні гвалту ў сям’і». Ведамства адзначае рост колькасці бытавых забойстваў, прычым, па дадзеных праваахоўнікаў, кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца ў дачыненні да блізкіх. Ніякіх сумневаў: Беларусі натуральна неабходна распрацаваць спецыялізаваны закон.
l
2 лістапада 2015 года
Фонд ААН (ЮНФПА) сумесна з беларускімі міністэрствамі і Пасольствам Швецыі арганізуюць першы паказ дакументальнай п’есы «Сем». П’еса заснаваная на інтэрв’ю жанчын, якія перажылі гвалт у сям’і. Упершыню «Сем» была пастаўленая ў Нью-Ёрку ў 2008 годзе.
У якасці чытальнікаў у Менску выступае цэлая каманда чыноўнікаў: памочнік прэзідэнта Кірыл Руды, намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына, намеснік міністра працы і сацабароны Аляксандр Румак, пасол Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, МУС, Мінадукацыі.
Дарэчы, у Менску п’есу пакажуць яшчэ не раз: у 2016, 2017 і 2018 гадах.
l
14 лютага 2016 года
Беларусь упершыню далучаецца да міжнароднага танцавальнага флэшмобу супраць гвалту One Billion Rising. Сталічныя актывісткі будуць ладзіць яго таксама ў 2017-м і 2018-м.
Жнівень 2016 года
ГА «Радзіслава» распачынае серыю трэнінгаў па самаабароне ды асертыўнасці Wen-Do для жанчын і дзяўчынак у Беларусі.
Методыка Wen-Do была распрацаваная ў пачатку 70-х гадоў у Канадзе. Галоўнай мэтай Wen-Do з'яўляецца ўзмацненне пачуцця ўласнай годнасці ў жанчын і прапампоўка магчымасці абараняцца ад гвалту ў самых розных яго праявах.
25 лістапада 2016 года
Запускаецца першая ў Беларусі інтэрактыўная карта гендарнага гвалту ў дачыненні да жанчын – «Мапа гвалту». З гэтага моманту кожная жыхарка Беларусі можа пакінуць паведамленне аб тым, на якой вуліцы ці ў якім доме небяспечна знаходзіцца, таму што там быў здзейснены гвалт у адносінах да яе.
l
Снежань 2016 года
Ствараецца рабочая група па ўзгадненні розных аспектаў «супрацьгвалтоўнага закону». У групу ўваходзяць прадстаўнікі(-цы) дзяржорганаў – МУС, Міністэрства працы і самаабароны, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства адукацыі, Генпракуратуры, Вярхоўнага суду – а таксама прадстаўнікі(-цы) НДА і міжнародных арганізацый, якія працуюць з праблемай хатняга гвалту.
25 лістапада – 10 снежня 2017 года
«Цэнтр сям’і і дзяцей» і сацыяльна-дабрачынная ўстанова «Бэйбі Сторы» далучаюцца да акцыі «16 дзён без гвалту» и праводзяць тэматычную акцыю «Раскажы сяброўцы» (#расскажиподруге). Дзякуючы ёй жанчыны могуць падзяліцца гісторыямі аб хатнім гвалце.
l
3 студзеня 2018 года
МУС заяўляе: законапраекту «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» – быць.
Галоўныя поінты:
Уключыць у паняцце «хатні гвалт» акрамя фізічнага, псіхалагічнага або сэксуальнага, яшчэ і эканамічны гвалт.
Прыцягваць да адказнасці не толькі сваякоў, якія жывуць разам і вядуць агульную гаспадарку, але і былых мужоў і сужыцеляў, а таксама дарослых дзяцей, якія жывуць асобна, але чыняць гвалт над бацькамі.
Лічыць усіх членаў сям'і роўнымі ў сваіх правах.
Укараняць карэкцыйную праграму для сямейных агрэсараў.
l
8 сакавіка 2018 года
Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі і Фонд ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) праводзяць забег Beauty Run у рамках кампаніі па барацьбе з хатнім гвалтам. Сярод лідараў думак у івэнце прымаюць удзел пасол Вялікабрытаніі Фіёна Гіб і чэмпіёнка па муай-тай Марыя Валент.
Забегi Beauty Run праходзілі і раней, але тады гэта было пра «вясну, прыгажосць ды слабы пол». У 2018-м мерапрыемства ў цэлым ізноў пра «вясну, прыгажосць ды слабы пол», але цяпер атрымлівае яшчэ і сацыяльна значную нагрузку.
l
16–19 сакавіка 2018 года
У рамках інфармацыйнай кампаніі «Не маўчы! Спыні гвалт у сям’і!» праходзіць Міжнародны фестываль кінафільмаў на тэму барацьбы з хатнім гвалтам. У афішы: «Выкінутыя з гнязда» (Латвія, 2016 год), «У ложку з ворагам» (ЗША, 1991), «Чужая» (Германія, 2010).
l
10 ліпеня 2018 года
МУС выносіць канцэпцыю праекта Закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту» на грамадскае абмеркаванне. Пры гэтым паведамляецца, што законапраект ужо ўзгоднены з усімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі і накіраваны ў Савет міністраў.
l
1 жніўня 2018 года
Адбываецца прэс-канферэнцыя, прысвечаная канцэпцыі. За МУС слова трымае палкоўнік міліцыі Сяргей Красуцкі. Сярод іншага ён адзначае, што грамадскасць ужо актыўна далучылася да абмеркавання – на адрас міністэрства паступаюць звароты. «Вельмі часта ў гэтых зваротах нас абвінавачваюць у тым, што мы спрабуем змяніць нейкія сямейныя асновы, – адзначае афіцэр. – Што наогул падрываюцца сямейныя паняцці. Але, яшчэ раз паўтаруся, гэты закон накіраваны на тое, каб умацаваць традыцыйныя для беларускага грамадства сямейныя адносіны. <...> Нам спрабуюць прышчапіць нейкія каштоўнасці, спасылаючыся на рэлігійныя каноны, што нехта ў сям'і павінен быць галоўнейшым, хтосьці мае права ўжываць у сям'і гвалт, біць, не дай бог, гвалтаваць. Я думаю, гэта зусім не ўласціва нашаму грамадству і нашай сям'і».
l
10 жніўня 2018 года
На сцэну выходзяць царкоўнікі: архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступае з крытыкай законапраекта. На яго думку, канцэпцыя глыбока супярэчыць нацыянальным, культурным, а таксама духоўным традыцыям беларускага народа.
«Надуманае паняцце "эканамічнага гвалту" заклікана раз і назаўжды падарваць іерархію ў сям'і, гатоўнасць бацькоў быць карміцелямі і выхавальнікаў сваіх дзяцей і, уласна кажучы, наогул станавіцца бацькамі», – упэўнены Кандрусевіч. Ён заклікае ўсіх каталікоў, іншых вернікаў і людзей добрай волі не застацца абыякавымі да прыняцця закона і просіць узнесці малітвы да бога, каб той «захаваў народ ад шкоднага ўплыву гендарнай ідэалогіі».
l
22 жніўня 2018 года
Уключаюцца «пралайферы»: Каардынацыйны савет грамадскіх прасямейных сіл Беларусі збірае подпісы і просіць прэзідэнта звярнуць увагу на «шкодны» законапраект.
«Пралайферы» лічаць, што тых мер, якія МУС можа прымяніць да агрэсараў сёння, цалкам дастаткова, а што датычыцца ўзроўню гвалту, то ён нарастае з прычыны ўплыву масавай культуры, якая «разарвала шматвяковую нітку сямейных традыцый». На думку актывістаў, сям’я збольшага здольная вырашыць свае праблемы сама, а адмысловы закон прывядзе толькі да «дэградацыі інстытута сям'і» і «дэвальвацыі маральна-духоўных каштоўнасцяў».
l
27 верасня 2018 года
Наступны трывожны званочак: старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк заяўляе, што падрыхтаваны законапраект быццам бы супярэчыць «славянскім традыцыям».
У сваёй прамове дэпутат фармулюе галоўныя прэтэнзіі праціўнікаў законапраекта: «Канцэпцыя мае каласальны дысбаланс паміж правамі і абавязкамі мужчын і жанчын. Таму што агрэсар і крыўдзіцель, як і ў еўрапейскіх законах, чамусьці толькі мужчына. <...> Бацькі чамусьці заўсёды выступаюць у іпастасі крыўднікаў, якія толькі і робяць, што шкодзяць сваім дзецям. Ну і самае асноўнае, што нам прапануецца сітуацыя, у якой справы аб хатнім гвалце будуць выведзеныя за рамкі адміністрацыйнага і крымінальнага працэсу, а працэс – гэта адзіны спосаб, калі можна пры дапамозе закона высветліць, як адбываліся падзеі».
l
28 верасня 2018 года
У Менску адбываецца Міжнародны форум «Хатні гвалт у Рэспубліцы Беларусь: праблемы рэгулявання». Удзельнікі(-цы) абмяркоўваюць аспекты будучага Закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту».
l
5 кастрычніка 2018 года
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка крытыкуе законапраект «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту», чым перакрэслівае доўгія гады працы чыноўнікаў і актывістаў. «Дзесьці хтосьці бразнуў – аб супрацьдзеянні гвалту ў сям'і. Гэта цяпер модная фармулёўка на Захадзе. У іх хутка сем'яў не будзе: мужык на мужыку жэніцца ці выходзіць замуж. Дзяцей няма каму нараджаць. А мы ў іх запазычваем нейкія нормы паводзін у сям'і», – сказаў кіраўнік краіны. І дадаў, што міліцыя ўвогуле не павінна займацца такімі законамі, гэта – справа ўрада, Адміністрацыі прэзідэнта, грамадскіх арганізацый.
У гэты ж дзень актывісткі Святлана Гатальская і Марыша Корж ствараюць на Facebook групу «Маршыруй, дзетка», мэта якой – прасунуць адкінуты законапраект. За двое сутак у групу ўступаюць каля 1700 неабыякавых беларусак(-аў).
8 кастрычніка 2018 года
Актывісткі ініцыятывы «Маршыруй, дзетка» праводзяць адкрытую планёрку. На яе прыходзіць каля 100 чалавек, яшчэ больш за сотню глядзіць прамую трансляцыю. Гэта першы сход прыхільнікаў законапраекта супраць хатняга гвалту.
l
20 кастрычніка 2018 года
МУС адмаўляецца ад распрацоўкі асобнага законапраекта аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Далей праваахоўнікі плануюць толькі карэктаваць дзейныя заканадаўчыя акты краіны.
Па словах прадстаўніка МУС Алега Каразея, канцэпцыя ніякім чынам не пагражала інстытуту сям'і, не ставіла мэтай змяніць азначэнняў сям'і, шлюбу і сямейных адносін, не ўстанаўлівала забарону на выхаванне дзяцей і не мела цалкам нічога агульнага з «ювенальнай юстыцыяй». Але «высокі грамадскі рэзананс і меркаванне рэлігійных арганізацый» зрабілі сваю справу.
l
26 лістапада 2018 года
«Радзіслава» ладзіць выставу «Традыцыйныя каштоўнасці». У рамках івэнта дэманструюцца фота- і відэапраекты, адбываюцца дыскусія «Ці ёсць жыццё пасля традыцыйных каштоўнасцяў?» і прэзентацыя брашуры «Супрацоўніцтва без траўмаў: як бяспечна для чалавека асвятляць у СМІ тэму гвалту ў адносінах да жанчын». Творчымі сіламі беларусы намагаюцца адрэфлексаваць апошнія навіны.
26 лістапада 2018 года
Каманда «Маршыруй, дзетка» пачынае збор подпісаў пад петыцыяй, створанай для матывацыі прыняцця закона «Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту». Зварот будзе накіраваны ў дзяржаўныя ўстановы, якія могуць паўплываць на сітуацыю. Ты таксама можаш дадаць свой голас да 2645.
To be continued...