«Працуем у мінус»: як небуйны бізнэс перажывае «каранакрызіс»?
- 23.03.2020
- 5387
Сакавік 2020-га запомніцца бесперапынным патокам фэйкаў пра каранавірус, адчуваннем агульнай душнасці стужкі Facebook, чэленджамі «як я развіваюся ў самаізаляцыі» і спусцелымі заламі вялікіх гарадоў. Беларуская ўлада транслюе неўвядальны аптымізм, але свет падаецца зыбкім як ніколі. Беларусы прывыклі разлічваць толькі на сябе, таму засяроджана зашываюць грошы ў матрац. Як у такой гісторыі выжываюць небуйныя беларускія бізнэсы? Запыталіся ў іх стваральнікаў і стваральніц. Заадно сабралі рэкамендацыі пра тое, як дапамагчы крутым рабятам перажыць цяжкія часы.
Глеб Кавалёў
бар «Карма»
– Працуем у звычайным рэжыме. Паменшылі колькасць чалавек, якія працуюць адначасова. Расставілі больш мыла, антысептыкі. Людзі прыходзяць цяпер усё пазней – пасля дзевяці. Наведвальнасць звалілася адсоткаў на 30.
З самага пачатку гісторыі з вірусам стараемся не спекуляваць на гэтым: «крызісны маркетынг» выклікае боль. Дастаўка – ідэя адэкватная, але не пад наш сярэдні чэк. Іншая справа – курс рубля: калі мы зможам захаваць кошты ў гэтых умовах, то лепшай акцыі і не прыдумаць.
Хутка стала ясна, што гісторыі пра якія-небудзь паслабленні і падатковыя вакацыі гучаць проста смешна, таму мы не маглі пайсці па шляху заходніх краін. Зачыніцца і не працаваць – значыць не плаціць камандзе зарплату, а гэта поўны трэш.
Менавіта ў такія моманты патэнцыял недарагога бара з вялікім кам'юніці павінен раскрывацца найлепшым чынам. Самы час думаць пра тое, як зрабіць таннейшым сабекошт без шкоды якасці, і не забываць, што ва ўмовах эканамічнага і сацыяльнага крызісу культура часцяком развіваецца найцікавей.
Макс Старцаў
бар «Хуліган»
– «Хуліган» адразу вырашыў праявіць сацыяльную адказнасць. Мы часова спынілі вечарынкі, каб не заахвочваць буйныя зборы людзей. Выключэннем стаў выступ «Блеска Бати» ў нядзелю. Мы не з'яўляліся арганізатарамі гэтага канцэрта, і рашэнне прымаў сам артыст, які знаходзіцца ў туры. Па сутнасці, ён мае законнае права выступаць, бо па законе ў нас і поле лечыць.
Мы жывём у перыяд пандэміі, якую адмаўляюць толькі ідыёты. Стараемся ставіцца да сітуацыі без панікі, але з усёй сур'ёзнасцю. На дзяржаву спадзявацца няма сэнсу, у іх курсы лячэння трактарамі. Усе будзем прымаць рашэнні, зыходзячы з уласных разважнасці і сумлення. Чакаць чагосьці складана. Ёсць асцярогі, што з такім стаўленнем уладаў і большасці насельніцтва справы будуць толькі пагаршацца. Вясну мы насамрэч страцілі.
Дзмітрый Нарышкін
Stand-Up Comedy Hall
– У пятніцу у нас было 27 чалавек пры магчымасці пасадкі 110. Гэта прытым, што студзень-люты ў топавыя дні – у пятніцу-суботу – пасадка была поўная.
Былі адмены мерапрыемстваў. Два мерапрыемствы з серыі «Гастролі», калі прыязджаюць комікі з Украіны ці Расіі, перанеслі з адкрытай датай. У пятніцу мы зрабілі не тыповае шоу, а шоу танней – «Разгоны», у суботу было стандартнае, але не было другога часу (мы пачалі рабіць на другі час музыку, але музыка дорага абыходзіцца).
Апошнія два тыдні ў нас няма самаакупнасці, мы працуем у мінус на рэсурсах, якія раней зарабілі. Пераходзім на 3-4 вечары, да гэтага ў нас было 7. Каб у зале былі людзі, будзе шэраг мерапрыемстваў са свабодным уваходам: «Адкрыты мікрафон» і «Праскварка гледача». Але пра закрыццё гаворкі не ідзе. Я вельмі ўдзячны комікам, з якімі мы працуем, – усё моцна ўрэзалася па ганарарнай частцы, бо ўсе разумеюць, што трэба зацягнуць паясы.
Нацбанк папрасіў камерцыйныя банкі зрабіць канікулы па спажывецкіх крэдытах, але мы чакаем нейкай дзяржаўнай дапамогі па зніжэнні стаўкі арэнды або адтэрміноўцы, плюс, магчыма, з падатковай будуць нейкія паслабленні. Я размаўляю з кіраўнікамі іншых устаноў, усе гэтага вельмі чакаюць, бо ў нішы ўстаноў сярэднекоштавага сегменту няма такога рэсурсу, як у «Мадональдса».
Іван Шыла
клінінгавая кампанія «Чысты Кіт»
– Дзіўна ўсё атрымалася: гэтага варта было чакаць, але мы не чакалі. Дапусціць дзесьці ў галаве падзенне попыту і ўбачыць рэальнае падзенне заказаў у некаторыя дні на мінус 65% – гэта розныя рэчы. Вопыт цікавы, дух захоплівае.
Цяпер сітуацыя стала лепей, але, я так разумею, «лепей на пару дзён» – гэта не нагода радавацца. Улічваючы, што прадказваць мы не ўмеем, ацэнку зараз даваць можна, але навіны настолькі імклівыя, што праз тыдзень 2–3 замовы ў дзень акажацца ўжо добрай лічбай, а сённяшні дзень – цудам.
Збіраемся шмат працаваць і выстаяць. Амаль прайшлі гэтую «місію з верталётамі» (ці проста забыліся на тое, каб захавацца) – і вось зноў трэба пачынаць з пачатку. Спрабуем быць гнуткімі і рэагаваць на запыты: нас прасілі зрабіць дэзінфекцыю офісаў, мы ўжо купілі патрэбнае абсталяванне і рыхтуем людзей. Будуць хадзіць такія людзі ў масках і ахоўных касцюмах, таксама цікава ж.
Таццяна Сініцава
салон дызайнерскай мэблі і святла Rooms
– Мы займаемся пастаўкай італьянскай мэблі ў даступным сегменце. Зараз бізнэс стаў падобны да квэсту: бадзёрыць, мабілізуе, кожны дзень новыя праблемы і рашэнні.
Штогод вясной мы наведвалі выставы ў Мілане і Франкфурце для таго, каб азнаёміцца з новымі тэхналогіямі і моднымі тэндэнцыямі, зрабіць заказ з навінкамі на экспазіцыю. І вось выставы адмянілі. Пакуль я думала, ці рабіць зніжку для распродажу старой экспазіцыі, стала зразумела, што замовіць новую хутка можа стаць праблематычна. Калі з'явілася інфармацыя пра закрыццё межаў, паўстаў вельмі актыўны попыт на тое, што ёсць у экспазіцыі, – нават без зніжкі.
Акрамя продажу з залы мы займаемся падборам мэблі і планаваннем асвятлення, а гэта можна рабіць на выдаленцы. Зараз мы арганізавалі дзяжурствы: адзін чалавек у салоне, астатнія працуюць дома. Удалай ідэяй было дасылаць праз інтэрнэт відэа наяўнай мэблі па запыце.
Маё меркаванне: усё будзе добра, але не ва ўсіх. Грошы не знікаюць, яны вандруюць з адных рук у іншыя. Цяпер узбагачаюцца на дастаўцы прадуктаў, анлайн-навучанні, леках. Я абрала нішу дызайнерскага, але прымальнага па кошце тавару, а мэблі ж «анлайн» не бывае – усё роўна трэба на чымсьці сядзець.
Арцём Кузьмін
крама стрытвір LOOK
– Назіраецца спад продажаў на зале апошнія паўтары тыдні. Дастаўкі па Менску ў нас няма, а па рэгіёнах дастаўка ёсць, і тут пакуль ніякіх зменаў: аб'ём заказаў і сума чэка трымаецца на адным узроўні. Ёсць адчуванне, што людзі проста імкнуцца менш бываць у публічных месцах, у тым ліку ў крамах накшталт нашай. І гэта ў цэлым па горадзе вельмі прыкметна.
Адназначна будзем нешта прадпрымаць. Зараз у нас дзейнічае акцыя да канца бягучага месяца. Будзем планаваць новую на будучы, зыходзячы з бягучых продажаў. Магчыма, больш сродкаў давядзецца ўкладваць у рэкламу. У цэлым жа гаворка пра заробак цяпер не ідзе.
Дзмітрый Смірноў
крама лайфстайл адзення і абутку Clans
– На мінулым тыдні попыт упаў. Зараз сярэдні чэк прыблізна аднолькавы з лютым, але трэба ўлічваць, што пачынаецца сезон. На людзей уплывае адразу ўсё: неспакой, курсы валют, патрэба ў куплі самага неабходнага. Пакуль больш назіраем за тым, што адбываецца. Усіх можа выратаваць стабілізацыя сітуацыі з пандэміяй, курсамі і цэнамі на нафту, але падтрымкі ад дзяржавы мы не чакаем. Галоўнае не дапусціць фатальных памылак у кіраванні.
Святлана Феху
дастаўка геліевых шарыкаў shariki-minsk.by
– Калі раней было каля 10 заказаў за дзень, то зараз калі 1-2 званкі і адна заяўка – гэта ўжо добра. Акрамя эканамічных крызісаў і каранавірусаў у мяне крызіс у самой галіне: гелій вырас з 240 рубля да практычна 500 рублёў за балон, адпаведна, вырас сабекошт шарыка. Таму прыйшлося скараціць колькасць супрацоўнікаў да аднаго і зачыніць пункт самавывазу, каб не плаціць арэнду і камунальныя плацяжы. Арэндадаўцы пайшлі на саступкі і знізілі арэнду на 30%, але гэта ўсё роўна не выратавала, бо асноўная трата – зарплата супрацоўнікам.
Мая другая прафесія – псіхалогія, таму я запусціла групу падтрымкі для прадпрымальніц, якія назіраюць за крахам іх бізнэсу. Калі дзяўчына-прадпрымальнік перажывае такое, свет адчуваецца скажона: успрыманне небяспекі і абароненасці змяняецца, і галоўнае тут – развіць псіхалагічную гнуткасць, каб чалавек мог рэагаваць спакойна і не замыкацца ў сабе. Сацыяльная падтрымка – лепшы спосаб пераадолення гэтага стрэсу. Толькі калі чалавека чуюць і калі разумеюць яго праблемы, ён адчувае, што патрэбны, важны і можа рухацца далей.
Што рабіць, калі хочаш дапамагчы невялікаму бізнэсу?
Падпішы зварот да беларускага ўраду з прапановай на бліжэйшыя 2-3 месяцы падтрымаць бізнэсоўцаў.
Агульная рэкамендацыя: замест таго каб тэрмінова патрабаваць укладзеныя ў нейкія прадукты ці сэрвісы грошы, паспрабуй перадамовіцца з выканаўцам на іншы тэрмін або знайсці спосаб, каб ён мог разлічыцца з табой не кэшам, а таварам або паслугай.
Калі твой бізнэс-партнёр ці падрадчык перажывае цяжкія часы, не патрабуй ад яго імгненнага выканання дамоўленасцяў.
У выпадку, калі ты ўпісаўся(-лася) у нейкі івэнт на лета, пачакай уключаць заднюю перадачу.
Калі канцэрт ці лекцыі, якія ты збіраўся(-лася) наведаць, перанеслі, не спяшайся трэсці аплату ўзад. Не падабаецца новая дата? Паспрабуй сасватаць квіток камусьці з сяброў(-вак).
Калі твой канцэрт адмянілі, можна пабыць велікадушным(-ай): папрасіць вяртанне не 100% сумы, а менш. Такім чынам дапаможаш арганізатарам кампенсаваць хаця б частку незваротных выдаткаў.
Узяў(-ла) квіток на спектакль, у кіно, яшчэ на нейкі арт-варушняк і асцерагаешся ісці, хоць ён не адмяняецца? Будзе класна, калі ты ўспрымеш квіток у якасці данэйшану стваральнікам івэнта – ім цяпер любы рубель не лішні.
Не прасі вярнуць грошы за абанемент, займацца па якім ты перадумаў(-ла). Гэта дапаможа тваёй зале або школе дажыць да таго часу, калі ты да іх вернешся. На жаль, і аднаго месяца можа быць дастаткова для таго, каб вяртацца ўжо не было куды.
Дастаўкай ратуюцца не ўсе агульнахарчы. Падчас шпацыру зазірні ў любімую кавярню, бар, ядальню – вазьмі сваё любімае навынас.
Самы час пакінуць станоўчы водгук рабятам, якія ў лепшыя часы рабілі табе добра.
Не саромейся спытаць, як яшчэ можна дапамагчы.