Што варушыць Берасце?
- 24.04.2018
- 21549
За апошнія пяць-шэсць-сем гадоў многія беларускія гарады сталі магутна развівацца: усюды праходзяць фестывалі, актывісты ўздымаюць сацыяльныя тэмы, людзі з бізнэс-мысленнем укараняюць новыя фарматы ўстаноў. Праз прызму такіх навін можна прасачыць за тым, як змяняецца культура гараджан, а ўнутранай свабоды патроху становіцца больш. Выходзім на сувязь з Берасцем: у гэтым матэрыяле мы раскажам, якія значныя праекты з'явіліся тут у аглядным мінулым і якія падзеі сур'ёзна ўскалыхнулі горад.
Выставы, фестывалі, бары, адукацыйныя прасторы – вось тое, што чапляе нашу ўвагу. Лакацыі і гісторыі, прыведзеныя ніжэй, змаглі пабудаваць супольнасць вакол сябе – а гэта, бадай, адна з каштоўнасцей любога праекта. І памятай, што Берасце – гэта заўсёды добрая ідэя.
2012
У Берасці з'яўляецца традыцыя ў сярэдзіне зімы ладзіць выставу работ маладых і борзых мастакоў і мастачак. Мерапрыемства выдатна зарэкамендавала сябе і стала прыцягваць усё большую аўдыторыю. Вось тут фотарэпорт з чацвёртай выставы, а тут – з пятай.
2013
Кампанія маладых энергічных берасцейцаў вырашыла зладзіць свой маленькі ўтульны фэст з музыкай, майстар-класамі, гульнямі для дзяцей і паэтычнымі чытаннямі. Лакацыяй стаў дворык у доме, дзе знаходзіцца студыя Воўкі Плюмбума – музыкі і дызайнера, з якім вітаецца літаральна ўвесь горад. На першы фэст прыйшло 100 чалавек, а на чацвёрты госці значна звузілі паняцце сваёй асабістай прасторы.
На вуліцы Гогаля сталі з'яўляцца каваныя ліхтары, у стварэнні якіх прымалі ўдзел мясцовыя прадпрыемствы. Большасць з іх маюць адсылкі да дзейнасці кампаній-інвестараў, але частка ліхтароў звязаная з творамі Мікалая Гогаля.
Рэканструкцыя чыгуначнага вакзала
Элегантнасць залы чакання на берасцейскім вакзале цяпер запамінаюць усе, хто прыязджае ў горад на цягніку.
Так, толькі ў 2013-м у памежным горадзе з'явіўся хостэл. Цікава, што яго адкрыў падарожнік з Менска.
Фонд развіцця Берасцейскай крэпасці
З'яўленне некамерцыйнай арганізацыі, якая рэалізуе нерэалізаваныя магчымасці Берасцейскай крэпасці. Мясцовыя кажуць, што гэты Фонд робіць для горада значна больш, чым дзяржава.
2014
З часам месца становіцца адной з найважнейшых культурных кропак горада – шмат у чым з-за бясплатных канцэртаў і творчых сустрэч. На днях у Берасці адкрылася трэцяя кропка гэтай сеткі, але па дзвіжуху ўсе па-ранейшаму ходзяць у першы «Параграф».
Гэта культурная пляцоўка, якую стварыў калектыў незалежнага тэатра «Крылы халопа». Месца знаходзіцца ў падвале жылога дома і рэгулярна збірае берасцейцаў на лекцыі, выставы, майстар-класы, кінапаказы ды іншыя мерапрыемствы для прадстаўнікоў свецкага андэграўнду.
2015
Вядома, гэта месца больш пра ежу, але ўладальнікі пастаянна робяць цікавыя прывозы не вельмі раскручаных ці наогул невядомых музыкаў – і заўсёды з бясплатным уваходам. Напрыклад, там ужо некалькі разоў выступалі Groove Dealers і KorneJ – галоўны дыджэй 34mag.
У Берасці з'явілася крафтавая піваварня, якая даволі шустра стала вядомай. Пры вытворчасці тут выкарыстоўваюць толькі натуральныя інгрэдыенты, а само піва прадаюць невялікімі партыямі.
Цяпер на вуліцы Савецкай ёсць міні-сцэна з разеткамі для тых, чыя творчасць пакуль не можа сабраць бары, клубы, стадыёны. Зрэшты, часам тут выступаюць і мэтры – напрыклад, «Дай Дарогу!».
Народныя артысты і маладыя выканаўцы з розных краін займелі ў сваё распараджэнне Берасцейскі акадэмічны тэатр драмы, каб падзяліцца выкананнем класічнай музыкі. Час правядзення фестывалю акампануе назве – травень, красаванне цюльпанаў.
Гэта супольнасць, якая аб'ядноўвае творчае асяроддзе Берасця: мастакоў, ілюстратараў, паэтаў, фатографаў. Таксама каманда праекта алічбавала больш за тысячу карцін берасцейскіх мастакоў.
Экалагічная арганізацыя, якая актыўна дапамагае зрабіць Берасце яшчэ больш зялёным: праводзіць абмен кнігамі, майстар-класы па вегетарыянскай кухні і пашыве экаторбаў, ладзіць школу экалагічнага актывіста і іншыя актыўнасці.
Старадаўняе агенцтва рэгіянальнага развіцця займела новы офіс, а Берасце – яшчэ адну пляцоўку для правядзення культурных і адукацыйных мерапрыемстваў. А ў траўні 2018-га «Дзедзіч» плануе зноў перарадзіцца ў новых фарматах і памерах.
Усплёск іміграцыйнага крызісу, адгалоскі якога чутныя да гэтага часу. Зіма 2015-га, уцекачы спрабуюць прабрацца ў Еўразвяз праз Беларусь. Наша журналістка Саша Губская некалькі дзён правяла на берасцейскім вакзале і прывезла адтуль вялікі рэпартаж.
2016
Знос апошняга дома з калоніі Варбурга
Гэта была старадаўняя драўляная забудова, якую то прызнавалі гістарычнай каштоўнасцю, то адмаўляліся ад гэтага. Але ж гэтаму архітэктурнаму ансамблю магло споўніцца 100 гадоў.
Гэта аўдыяспектакль пра тое, як Халакост прайшоўся па Берасці. Сумесь тэатральнай пастаноўкі і турыстычнага гайда. Гісторыі, расказаныя сапраўднымі героямі падзей, а не гісторыкамі і тураператарамі.
Як водзіцца, бадзёрая моладзь стварыла гарадскі часопіс, таму што ў Берасці гэтага не хапала. Ужо другі год рабяты паказваюць, што ў Берасці ёсць класная дзвіжуха, за што мы выказваем ім свой рэспект.
Мастачка Лёня Васільковіч намалявала рыбу-дырыжабль на адным з будынкаў, пазней – ажывіла яшчэ некалькі аб'ектаў.
2017
«Фестывальная прышчэпка добрасуседства», як выказаўся «Бинокль”». Сам фестывальчык зладзілі рабяты з «Дзедзіча» проста для таго, каб паказаць прыклад супрацоўніцтва паміж суседзямі, мясцовымі ўладамі і бізнэсам. Атрымалася даволі мілае дваровае свята з музыкай, майстар-класамі, фры-маркетам і стратэгіяй па развіцці тэрыторыі.
Каманда неабыякавых людзей развівае экалагічную культуру ў горадзе: саджае дрэвы, усталёўвае велапаркоўкі, робіць мэблю з падручных сродкаў. Таксама гэтае месца функцыянуе як пляцоўка для дзелавых перамоў.
Яшчэ адзін прыклад эка-Берасця: у гарадскім парку з'явілася канструкцыя з сонечнымі батарэямі. Энергіі хапае, каб падзарадзіць свой гаджэт. Больш у Беларусі няма аналагічных установак у грамадскім карыстанні.
Кубак Беларусі ў «Дынама» (Берасце)
У 2017-м берасцейскае «Дынама» выйграе Кубак – першае сур'ёзнае дасягненне каманды за 10 гадоў. Новы ўсплёск цікавасці да футбола ў Берасці адбываецца на фоне прыходу ў клуб ці то расійскіх, ці то арабскіх інвестараў. Каманда пачынае купляць гульцоў узроўню былой зоркі зборнай Украіны Арцёма Мілеўскага і ўпершыню за доўгі час збірае на хатніх матчах поўныя трыбуны. Ды і наогул наводзіць нядрэнную дзвіжуху як у самім горадзе, так і ў краіне.
Дэмакратычныя кошты, бясплатныя канцэрты і вечарынкі, ірландская эстэтыка – кажуць, такога месца Берасцю вельмі не хапала. Драўляная барная стойка з высокімі зэдлікамі прыкладаецца.
Гараджане дамагліся таго, што камунальныя службы перасталі зафарбоўваць шыльды польскіх часоў. Берасцейцы наогул даволі адчувальна ставяцца да сваёй гісторыі.
Максім Продак – яшчэ адзін вулічны артыст, які размалёўвае сцены Берасця, і нядаўна ён стварыў самы вялікі мурал у горадзе.
2018
Цяпер замежнікам не патрабуецца віза ў Беларусь, калі яны прылятаюць у нацыянальны аэрапорт «Менск» і ляцяць назад праз 5 дзён. Выключэнне – Берасце і Горадня, у якіх час знаходжання павялічылі ў два разы. Больш падрабязную інфармацыю пра тое, як прыехаць у Беларусь і не аблажацца, чытай тут.
Дэбютны фармат мерапрыемства паказаў, што значна прывабней праводзіць спектаклі, адкрытыя рэпетыцыі, чыткі і трэнінгі ноччу.
Будаўніцтва акумулятарнага завода
Берасцейцы выступаюць супраць. І робяць гэта пры дапамозе музыкі.
2019
У 2019 годзе Берасце будзе абвешчана культурнай сталіцай СНД. Ну, увогуле мы ўжо прывялі дастаткова аргументаў для гэтага.
Выказваем велізарную падзяку за складанне матэрыялу сапраўдным знаўцам Берасця: часопісу «Бинокль”», агенцтву рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч» і журналістцы Аксане Бровач.
Фота: palasatka, binkl.by, Раман Чмель, афiцыйныя суполкi праектаў
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекту.