Чыстая і пампезная міжнародная зала чыгуначнага вакзала ў Берасці напаўняецца людзьмі тройчы ў дзень – а 9-й, а 15-й і каля 18-й. У гэтыя гадзіны курсуе ў абодва бакі электрычка Берасце–Цярэспаль. Каб праехацца такой электарацыяй ранкам у выходныя, напрыклад, кіруючыся да Варшавы, квіток трэба набываць загадзя – у вольным часе вялікая колькасць мясцовых жыхароў едзе ў польскае памежжа па каву і бытавую тэхніку. Другую вялікую катэгорыю пасажыраў складаюць імігранты – часцей за ўсё сустракаюцца чачэнцы, дагестанцы, таджыкі ды інш.
Мы прыязджаем у Берасце апоўдні – да залаў чакання пачынаюць сцякацца людзі. Жанчыны – у хустках, амаль кожная акружаная дзецьмі. Мужчыны нясуць торбы і выглядаюць насцярожанымі; пакінуўшы рэчы ля лавак, яны збіраюцца ў невялікія колы і нешта абмяркоўваюць. Твары некаторых пасажыраў падаюцца нам знаёмымі – магчыма, мы ўжо бачыліся падчас нашага папярэдняга адбыцця з гэтага вакзала. Каля каўказцаў тусуюцца ўкормленыя беларусы, якія нядаўна сустракалі нас на пероне і прапаноўвалі свае таксісцкія паслугі. Яны таксама прымаюць удзел у ціхіх размовах. Раптам дзверы залы пагранічнага кантролю адчыняюцца і адтуль пачынаюць выходзіць прыбылыя з-за мяжы турысты.
Права на Радзіму
Сярод тых, хто прыехаў з Цярэспаля, знаходзіцца маладая жанчына на імя Ася – узрост каля трыццаці, хустка з леапардавым прынтам. Яна пакідае зону кантролю і разам з дзецьмі праходзіць у галоўную залу чакання, там яны ставяць пакункі на лаўцы і распранаюцца. Ася прыехала з дагестанскага горада Буйнакск разам з мужам, 7-гадовым сынам Шамілем і 9-гадовай дачкой Айнай. Сёння ў іх была пятая няўдалая спроба перасекчы мяжу.
«Самае горшае ў гэтых паездках – той хамскі тон, з якім з намі размаўляюць польскія памежнікі. Быццам мы не людзі», – кажа Ася. З Дагестану сям’я, не гаворачы нікому пра планы, выехала ў Маскву, а адтуль наўпрост у Берасце.
Рэч у тым, што лагеры для бежанцаў знаходзяцца ля ўсходняй граніцы Польшчы і бліжэйшы памежны пераход ад гэтых установаў – Цярэспаль. Менавіта таму на гэты памежны мост едуць апліканты, каб падаць прашэнне на статус бежанца. Кажуць, што з геаграфічных прычынаў іміграваць праз мяжу, напрыклад, ля Горадні ўвогуле немагчыма.
«У верасні мы ўжо зрабілі тры спробы. Але грошы хутка скончыліся і мы вымушаныя былі з’ехаць»
Сёння ранішнім цягніком выехала каля сямідзесяці ўцекачоў – не вярнуліся толькі двое. Рашэнне аб прыняцці імігранта ў якасці бежанца прымаюць супрацоўнікі памежнага кантролю ў выніку вуснай размовы з аплікантам. Часам пускаюць аднаго, рэдка – некалькі чалавек. Але нават гэтыя лічбы дазваляюць надзеі не памерці і падштурхоўваюць іншых замежнікаў зноў і зноў кіравацца ў бок мяжы.
«У верасні мы ўжо зрабілі тры спробы, – працягвае Ася. – Але грошы хутка скончыліся і мы вымушаныя былі з’ехаць, засталіся ў маёй сястры ў Маскве. З кватэры баяліся выходзіць».
На пытанне аб прычынах страхаў і ўцёкаў дагестанка адказвае неахвотна. Кажа, што ў мужа была невялікая крама, якую ён вымушаны быў зачыніць. Дадае, што баіцца пераследу з боку «сваіх», таму ў Беларусі заставацца не хоча. Да таго ж Сінявокая палохае маладую жанчыну сваім павольным рытмам і абясцэньваннем грошай. Дарэчы, абодва дзіцяці ў пары нарадзіліся ў Германіі, але сям’я вырашыла пакінуць лагер бежанцаў і перабрацца зноў у Дагестан, бо «хацелася дзецям паказаць Радзіму». Паўторнае вяртанне сям’і ў Еўропу пакуль што падаецца ім цалкам рэалізоўным планам.
Мясцовыя
У наступным, другім за дзень «туры ў Цярэспаль» а 15-й бярэ ўдзел значна меншая частка людзей, сярод іх, аднак, ёсць сем’і з вялікай колькасцю дзяцей. Як патлумачыла нам згаданая вышэй гераіня, «чачэнцы адмаўляюцца кантраляваць нараджальнасць з прычынаў культуры і традыцый». На жаль, па-руску яны не гавораць. Або не хочуць.
Тым не менш мы даведваемся, што некаторыя з імігрантаў, каб застацца ў ЕС, робяць па трыццаць-сорак спробаў запар, літаральна кожны дзень. Каб вытрымаць такі марафон, неабходна пэўная фінансавая ўстойлівасць – прынамсі часовая. Адзін квіток на цягнік каштуе амаль Br 80 тыс., плюс ежа, плюс начлег. Спаць на вакзале не дазваляецца, таму застаюцца два варыянты: або ноч у 3-месным нумары саўкоўскай гасцініцы за Br 90 тыс., або «кватэра на суткі», зняць якую можна з сям’ёй непасрэдна ў залі чакання.
«Двое таджыкаў, малады хлопец і мужчына каля сарака, не хочуць раскрываць сваіх імёнаў. У іх сёння – 29-я і 16-я няўдалыя спробы адпаведна»
Прапанова сама ідзе да кліента – з усмешкай на твары і словамі падбадзёрвання прадпрымальныя берасцейцы праводзяць і сустракаюць сваіх каўказскіх падапечных. У вузкім коле ўладальнікаў нерухомасці, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, – некалькі жвавых жанчын і кіроўцы таксовак, пра якіх мы ўжо згадвалі раней. Яны штодзень чакаюць вяртання электрычкі і прапаноўваюць начлегі ў сваіх апартаментах, часта жадаючы падзелу сем'яў па палавой прыкмеце. Жанчынам з дзецьмі дазваляюць спаць разам, а мужчыны размяшчаюцца асобна. Кошт – ад 20 да 40 еўра за ноч, у залежнасці ад колькасці пакояў. Відавочна, гэтая схема жыве дзякуючы суровым выракам памежнікаў і таму ахоўваецца таксама з жорсткасцю: пакуль мы размаўляем з маладым хлопцам, адзін «прадпрымальнік» круціцца навокал астатніх, і чуваць, як ён ціха паўтарае: «Зараз паскардзяцца на вас мянтам».
Двое таджыкаў, малады хлопец і мужчына каля сарака, не хочуць раскрываць сваіх імёнаў. Хутчэй за ўсё, яны бягуць у пошуках лепшай долі, але на нашыя пытанні гучыць адказ «у кожнага свае абставіны» ды зваротнае пытанне, ці няма сярод нашых знаёмых адвакатаў. У іх сёння – 29-я і 16-я няўдалыя спробы адпаведна. У хлопца скончыліся грошы, ён вяртаецца ў Маскву шукаць працу. Старэйшы ўжо працаваў там на будоўлях цягам дзесяці гадоў, таму пакуль застаецца ля памежжа.
Нашчадкі камандантэ
Патрапіўшы ў Цярэспаль, кандыдаты на атрыманне статусу бежанца чакаюць у цягніку, пакуль беларусы выйдуць першымі. Затым памежны канвой суправаджае іх у асобную чаргу, а дакладней – у асобны ад астатніх падарожнікаў калідор на другім паверсе цярэспальскага вакзала. У празрыстым шкляным боксе, над галовамі «акрэдытаваных» шэнгенскай візай турыстаў, людзі чакаюць вырашэння лёсу: часцей за ўсё непрынятых імігрантаў адпраўляюць у Берасце на бліжэйшай электрычцы, а здараецца, затрымліваюць да вечара – але потым усё роўна высылаюць.
Уласна падчас вяртання ў Берасце з Польшчы нашым суседам па плацкартнай койцы нечакана становіцца 27-гадовы кубінец па імені Ноэль. Хлопец не размаўляе ні на якой мове, акрамя іспанскай, але з цярпеннем услухоўваецца ў пытанні, пабудаваныя на бедным слоўнікавым запасе, сабраным з урыўкаў старых песняў Рыкі Марціна. Выяўляецца, што хлопец яшчэ нядаўна жыў у кубінскай правінцыі Las Tunas, дзе працаваў касірам у транспартнай канторы, але вырашыў адтуль уцячы ў Італію разам з двума сябрамі. Сяброў, аднак, пакінулі ў Польшчы дзеля далейшага кантролю, але цягам сутак, кажа, яны таксама прыедуць у Беларусь.
Ноэля мы сустракаем раніцай наступнага дня там жа, дзе яго пакінулі, – у зале чакання на берасцейскім вакзале, поўнай мяккіх лавак, на якіх не дазваляюць спаць лежачы. З нявысветленых прычынаў ягоныя кампаньёны па-ранейшаму знаходзяцца ў Цярэспалі, але павінны далучыцца да нашага знаёмага апоўдні. Каб не губляць часу, п’ем каву ў вакзальным кафетэрыі і вырашаем прайсціся па горадзе. Падчас шпацыру мы даведваемся ад хлопца, што сітуацыя на Кубе – зусім не айс, а ён ад нас – гісторыю Берасцейскай крэпасці і сёе-тое пра жыхароў Белавежскай пушчы.
Пасля таго як чарговы электрон прывозіць у Беларусь двух астатніх кубінцаў, беларускія памежнікі забіраюць нашага суразмоўцу з сабой, каб аб’яднаць кампанію. Некалькімі гадзінамі пазней высвятляецца, што гэтая тройца ў святле беларускага заканадаўства – патэнцыйныя правапарушальнікі, бо не маюць дастатковай колькасці грошай. Што да беларускіх візаў, дык яны не патрэбныя кубінцам цягам першых трыццаці дзён, і таму адзіны спосаб пазбыцца непажаданых гасцей – выслаць іх наўпрост у Маскву з падпісанай паперкай «аб прафілактычнай размове» ў кішэні. План, аднак, не можа здзейсніцца, бо ў кубінскіх імігрантаў не хапае грошай на квіткі.
Такім чынам, праз дзень мы знаёмімся з усёй кампаніяй у беларускай сталіцы. Гісторыя атрымлівае нечаканы паварот: аказваецца, што ўсе трое – Ноэль, Рубі і Гэрдот – гомасэксуалы. Шматлікія медыя пішуць, што на Кубе жыццё людзей з такой арыентацыяй амаль невыноснае і суправаджаецца сталымі здзекамі і гвалтам з боку паліцыі, не кажучы пра звычайных жыхароў з кансерватыўнымі поглядамі.
«Гэтая тройца ў святле беларускага заканадаўства – патэнцыйныя правапарушальнікі, бо не маюць дастатковай колькасці грошай»
Рашэнне хлопцаў іміграваць у іншую краіну падаецца зразумелым. Аднак, замест жадання зваліць у ЗША, яны вырашаюць дабрацца да Італіі, грамадзянінам якой з’яўляецца Рубі. На пачатку лістапада ўсе трое купляюць квіткі ў абодва бакі – бо ў адзін бок на Кубе набыць нельга – і ляцяць з Гаваны ў Маскву, каб перасекчы мяжу з Еўразвязам з усходняга боку ды папрасіць прытулак. З Масквы – у Калінінград, дзе іх спыняюць і пад рукі суправаджаюць у самалёт на Маскву. Так, пасля некалькіх начэй на маскоўскім і менскім вакзалах, яны садзяцца ў прамы цягнік Менск–Варшава. І сыходзяць на паўдарозе.
«Палякі абыходзіліся з намі, як з сабакамі, увесь час смяяліся, – успамінае Рубі. – На пытанне, ці можна атрымаць шклянку вады, яны адказалі: “Вада цячэ ва ўнітазе”. Вядома, ні пра якіх перакладчыкаў не магло быць размовы. Дагэтуль гэта было горшае, што мы перажылі тут».
Аднак у менскім Чырвоным Крыжы ніхто таксама не напружваўся, каб паразумецца з кубінскімі ўцекачамі. У амерыканскім консульстве ім уручылі паперку з парадамі, як атрымаць статус бежанца, на рускай мове. На шчасце, у ААН знайшлася дзяўчына, якая размаўляла па-іспанску. Ноч у сталічным гатэлі пры МУС РБ дала зразумець, што прашэнне аб статусе бежанцаў у Беларусі – не самае паспяховае рашэнне для кубінскіх гомасэксуалаў. Нягледзячы на гэта, Менскам, чысцінёй ягоных вуліц ды колькасцю агнёў уначы хлопцы шчыра захапляліся.
…Праз два тыдні пасля развітання мы атрымалі паведамленне, што Ноэль, Рубі і Гэрдот па-ранейшаму жывуць у зале чакання маскоўскага Дамадзедава. У іх новым «плане Б» былі прадугледжаны змена даты вылету на Кубу і хадайніцтва аб статусе бежанцаў падчас перасадкі ў Германіі. Але без грошай дату вылету авіякампанія не змяніла, і нашыя героі затрымаліся да канца лістапада ў аэрапорце. У дзень X Lufthansa адмовіла ім у рэгістрацыі на рэйс праз чорныя пазнакі ў пашпартах, пастаўленыя ў Цярэспалі. Тым не менш хлопцы змаглі дабіцца абскарджання і зарэгістравацца на наступны палёт праз нямецкі Франкфурт.
Магчыма, надзея і памірае, але, напэўна, не з першай спробы.
У Вільні адкрываецца выстава Кацярыны Пікірэні.
Гутарым з арганізатарамі пра тое, як прэзентаваць візуальнае мастацтва ў фармаце паці.
The contributors of the project MAKEOUT Vika Baran, Mila Navakouskaya tell how to fight discrimination in Belarus
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.