Меркаванне: чаму ўсе падселі на Threads?

Хочаш даведацца, што хвалюе беларусаў, але цябе пужае TikTok? Вэлкам у Threads, які выглядае як пазашлюбнае дзіця твітару і форумаў 2010-х. Марыя Пархімчык разважае пра прыцягальнасць новай сацсеткі, якая дазваляе людзям прыдумаць сабе новую асобу або прынамсі выгуляць сваіх дэманаў.

 

Як усе аказаліся ў Threads?

Тэхнагігант Meta запусціў уласны сэрвіс мікраблогінгу ў 2023 годзе. Момант быў удалы: X Ілана Маска ўсё менш задавальняў тых, хто некалі рэгістраваліся ў Twitter. Ну а пасля перформансаў Ілана Маска вакол Дональда Трампа шмат для каго стала проста непрымальна з мільярдэрам на адным полі [закрэслена] посціць. Пісьменнік Стывен Кінг і шматлікія зоркі сышлі ў Bluesky. Гэта незалежная платформа мікраблогінгу з – дзіва дзіўнае – храналагічнай стужкай і магчымасцю чытаць кароценькія пасты па сваіх інтарэсах. Падпісваешся на галіну Books, Birds ці які Gardening – і жывеш у сваім сусвеце. Аднак Bluesky вельмі бракуе карыстальнікаў, якія посцяць па-беларуску. А пракрастынаваць хочацца і на сваёй мове.

Тым часам Instagram ад пачатку вельмі актыўна прасоўваў пасты ў Threads, дазваляючы займець акаўнт у адзін клік (бо гэта ўсё тая ж Meta). З часам у Threads пачалі разгортвацца нармалёвыя такія дыскусіі, якія прыцягвалі ўвагу СМІ. Ды і калі сяброўка дасылае лінк, то хочаш не хочаш, а быць у курсах трэба. Чалавек – жывёла сацыяльная.

Стужка ў Threads не храналагічная (чытай: бясконцая). А гэта значыць, што сядзець там можна вечна. І ўсім будзе што пачытаць, чым замілавацца і чым абурыцца.

 

Клікбэйт на клікбэйце

Відавочна, шмат пастоў у Threads ствараюцца выключна для набору аўдыторыі. Напрыклад, актыўна раскручваюцца тэмы «супрацьстаяння» мужчын і жанчын або пакаленняў («міленіялы супраць зумераў»). Закранаюцца гарантавана такія каментараёмкія тэмы, як сэкс, грошы, чалавечая дурасць. Некаторыя блогеры не цураюцца адкрыта пісаць, што посцяць выключна для прапампоўкі акаўнтаў, дзеляцца поспехамі і назіраннямі за алгарытмамі платформы. Тут нічога дзіўнага: людзі яўна плануюць гандляваць сваёй «экспертнасцю». Крыху здзіўляе іншае: клікбэйтныя пасты набіраюць шмат каментароў ад жывых карыстальнікаў – нават тваіх сяброў.

Можна пашукаць нейкае тлумачэнне. Праз забароны розных платформ або праз тое, што кантэнт на іх можа быць небяспечным для спажывальнікаў, карыстальнікі сацсетак прагнуць пачаць усё нібы з чыстага аркуша. І бачаць новую сацсетку як поле пад некранутым снегам, на якім можна вытаптаць што заўгодна: хоць сэрцайка, хоць чэлес. І любы пост успрымаюць непасрэдна, без падтэкстаў. Ёсць пост – будзе рэакцыя.

 

«Карыстальнікі бачаць новую сацсетку як поле пад некранутым снегам, на якім можна вытаптаць што заўгодна: хоць сэрцайка, хоць чэлес»

 

Лёгка заўважыць, як людзі пачынаюць ляпіць сваіх інтэрнэт-персанажаў нанава. Чэргамі з’яўляюцца пасты «Вырашыў весці гэту сацсетку па-беларуску» (процьма лайкаў гарантаваная). Шмат хто заходзіць з прэзентацыі сябе як прафесіянала ў нейкай сферы. Цікава, што ў беларускамоўным сегменце людзі часцей стартуюць на мімімішным вайбе, і ўжо чуваць галасы «што за ваніль? калі сварыцца будзем?» ці «чаму на беларускай мове ўсе пішуць толькі пра мову? калі пісацьмем пра гаўняны сэрвіс, панове?».

 

 

Скандалы, інтрыгі

Між тым у Threads адбыўся ўжо не адзін «усебеларускі» скандал. Спачатку абмяркоўвалі сітуацыю з дзяўчатамі, якія збіраюцца ў кавярнях, каб памаляваць. Іх гурток папрасілі з Marks, і дзяўчаты абурыліся, а карыстальнікі Threads колькі дзён разважалі, ок ці не ок карыстацца кавярняй як каворкінгам і мачаць пэндзлі ў шклянкі, з якіх звычайна п’юць ваду.

Потым з’явіўся пост дзяўчыны, якая пераехала ў Беларусь і збіраецца запусціць свой брэнд хіджабаў. Threads раскалоўся на ісламафобаў і талерантных беларусаў™. Было шмат брудных каментароў. Дарэчы, ёсць меркаванне, што Meta зрабіла Threads адмыслова як пляцоўку, дзе можна пісаць што заўгодна, каб людзі, вымушаныя стрымлівацца ў Facebook праз хай там якую, але мадэрацыю, больш не трымалі гаўно ўсярэдзіне.

 

«У Threads колькі дзён разважалі, ок ці не ок карыстацца кавярняй як каворкінгам і мачаць пэндзлі ў шклянкі, з якіх звычайна п’юць ваду»

 

Заўважна, што карыстальнікі Threads нібы забылі, што ў інтэрнэтах усё скрыніцца. Прыстойныя з выгляду людзі пішуць з афіцыйных акаўнтаў сваіх брэндаў ксенафобныя, гамафобныя, сэксісцкія рэчы, якія іншыя не дазваляюць сабе нават на прыватных кухнях. Адсюль, як заўважыла мая сяброўка, вайб форумаў 2010-х, калі ўсе хаваліся за нікамі і аватаркамі.

Гэты вайб ідзе і ад некаторых тэм. У Threads нібыта ўсё можна абмеркаваць нанава. Можна пісаць: «А вы заўважылі, што поручань эскалатара ідзе хутчэй за прыступкі?» або «Чаму ў прымерачных такое бязлітаснае святло?» Можна нават згушчоначную сечу запусціць. Або «Дранікі: з мукой ці правільныя?». Відаць, праз пару гадоў дойдзе да фемінітываў.

 

Цёплая дафамінавая ванначка

Пры гэтым Threads у курсе, што адбываецца сёння і зараз. Актуалка імгненна выплюхваецца на платформу, спараджае гронкі рэакцый, і ты дакладна будзеш у цэнтры ўсіх падзей і пабачыш усе мемы, пакуль яны не астылі. Ідэальна для тых, хто пакутуе на FOMO.

 

«Threads – ідэальнае месца, каб стварыць сабе новую інтэрнэт-персаналіці»

 

У Threads усё зроблена так, каб там было проста пісаць і каментаваць, і гэта пакуль працуе. Пішуць нават людзі, якія не ведаюць, што пісаць (так і пішуць). Пішуць блогеры, пішуць графаманы, пішуць боты, пішуць тыя, каму не хапае камунікацыі афлайн. І пакуль алгарытмы Threads яшчэ не сталі сквапнымі і не патрабуюць грошай за любы пробліск увагі, на гэтай платформе кожны адчуе сябе пабачаным (ну, акрамя ботаў, ім гэта без патрэбы). Амаль любы пост трапляецца камусьці на вочы і здабывае свае лайкі.

Выглядае, што Threads – ідэальнае месца, каб стварыць сабе новую інтэрнэт-персаналіці і адпачыць ад процьмы іншых, пакінутых у пыльных фэйсбуках. Але галоўная выгада, вядома, у тым, што непазбежнае спатканне з сабой сапраўдным адкладаецца яшчэ на колькі заўгодна часу. Дзякуй табе, бясконцая стужка.


Візуал: Threads Logo PNGs by Vecteezy