Brest Stories Guide: ніхто не забыты

 

Лозунг-прымаўка «абы не было вайны» ўжо набыў значэнне нацыянальнага сімвала Беларусі. Аднак у гісторыі «краіны-партызанкі» яшчэ застаюцца шматлікія белыя плямы. Праект Brest Stories Guide выкрывае гісторыю Халакосту ў Берасці і стварае калабарацыю паміж тэатральным мастацтвам і турыстычнымі гайдамі. Лаві наш інсайдарскі рэпорт з вандроўкі па цёмных закутках беларускай гісторыі.

 

 

Да Другой сусветнай вайны ў Берасці пражывала каля 24 тысяч габрэяў – 45% насельніцтва горада. Вайну перажыло толькі 19 чалавек. Сёння пра гэтыя крывавыя падзеі нічога не нагадвае ні ў архітэктуры, ні ў музеях горада. Гісторыя Халакосту ў Берасці знаходзіцца пад міфічным заслонам Берасцейскай крэпасці і вялікім подзвігам савецкага народа.

Берасцейскі тэатр «Крылы Халопа» распачаў праект Brest Stories Guide – цыкл дакументальных аўдыяспектакляў у гарадской прасторы. Праект, праз які на свае ўласныя вочы і вушы можна адчуць увесь боль Халакосту.

 

 

 

 

Турыстычны гід ці аўдыяспекталь?

Brest Stories Guide складана назваць турыстычным гайдам у чыстым выглядзе. Гэта аплікацыя з мапай і пазначанымі на ёй аб’ектамі ды пяццю сцежкамі-маршрутамі, якія суправаджаюцца гукавымі гісторыямі-апісаннямі.

Гэтыя апісанні не заўсёды адпавядаюць пазначаным на карце месцам. Асаблівасць праекта ў тым, што неабавязкова прыязджаць у Берасце, каб дакрануцца да ягонай гісторыі Халакосту.

«Мы не хацелі стварыць «гід па берасцейскіх вуліцах» . Гэта гід па «берасцейкіх гісторыях». Гэта не гісторыі ў стылі «звярніце ўвагу, тут раней быў дом, які належаў габрэйскай сям’і», – тлумачыць стваральніца праекта Аксана Гайко, дырэктарка тэатра «Крылы Халопа». – Самай складанай задачай для нас было накласці напісаную п’есу на горад. Таму так і атрымліваецца, што дзесьці ў нас ёсць сувязь гісторый і пунктаў на мапе, а дзесьці іх зусім няма».

Сядзець ва ўтульным крэсле і спрабаваць прачуць усю моц берасцейскіх гісторый не атрымаецца. Трэба выходзіць у горад, каб наведаць месцы трагедый.

«З чым у асноўным Берасце асацыюецца ў турыстаў? Та-дам – з Берасцейскай крэпасцю! Я нарадзілася тут і ўсё жыццё жыву ў Берасці. Мне заўсёды не падабалася, што крэпасць захіляе сабой усё. Тут ёсць зусім розныя гісторыі. Гісторыі нашага праекта – толькі кавалак. Нашым асноўным матыватарам было паказаць, што ў горада ёсць іншыя слаі, супольнасць, даць ім голас», – кажа Аксана Гайко.

«Шмат хто пытаў у мяне: “Чаму ты калупаешся ў гэтай жудасці, у гэтай крыві? Навошта табе гэта?”»

Акцёры чытаюць гісторыі. У іх галасах няма аніякага адцення акцёрскай гульні. Гэтая натуральнасць у чарговы раз падкрэслівае страшэнную рэальнасць падзей, пра якія яны распавядаюць так, нібыта слухач – іх блізкі сябра.

Арганізатаркі праекта Аксана Гайко і Святлана Гайдалёнак кажуць, што апрацоўваць усе гэтыя гісторыі было вельмі страшна і траўматычна:

«Шмат хто пытаў у мяне: Як ты ўвогуле з гэтым працуеш? Што ў цябе ў галаве? Чаму ты калупаешся ў гэтай жудасці, у гэтай крыві? Навошта табе гэта? Ну так, траўматычна. Мы вельмі шмат пралілі сваіх слёз і льем іх дагэтуль».

Усю інфармацыю для праекта арганізатаркі бралі з архіваў ды карысталіся дапамогай мясцовых габрэйскіх арганізацый.

«Сама праца ў архіве – асобны від спектакля. Трэба ўставіць у спецыяльнае прыстасаванне плёнку, на якой запісаныя дадзеныя, і толькі так можна прачытаць напісаную ад рукі інфармацыю. Напрыклад, паказанні пра расстраляных у Чарнаўчыцах», – кажа Святлана Гайдалёнак, куратарка праекта.

Гід па берасцейскіх гісторыях распавядае, як жылі і паміралі берасцейскія габрэі ў гета, пра пагромы 1937 года, пра ўцёкі, гульні ў хованкі з акупантамі і доўгачаканыя ратаванні.

 

 

 

 

«Увесь час хацелася есці… Мяса і садавіны мы не елі ніколі»

 

 

 

Забытыя сцежкі

У аплікацыі ўсяго пяць сцежак-маршрутаў, блукаючы па якіх ты праходзіш па габрэйскім Берасці 1937–1942 гадоў. У кожным маршруце – гісторыі рэальных людзей. Іх маналогі лепей за любы падручнік тлумачаць, як жылі габрэі ў акупаванай Беларусі. Гэта гісторыі, расказаныя людзьмі – не гісторыкамі, не тураператарамі.

Наш маршрут пачынаецца ў самым цэнтры Берасця – ад кінатэатра «Беларусь». Першы акампанемент вандроўкі – гісторыі ганенняў габрэяў за два гады да вайны, 1937-ы.

«Павятовы камендант паведамляе: а 10 раніцы 11 верасня адбыліся першыя выпадкі збіцця габрэяў, біцця вокнаў і дзвярэй на рынку невялічкай групай жанчын. Пасля гэтага зафіксаваны выпадкі збіцця габрэяў беспрацоўнымі, моладдзю і жанчынамі. Самыя жорсткія акцыі мелі месца на вуліцы 3 мая».

 

 

 

 

 

Мапа аплікацыі паведамляе: калісьці на месцы кінатэатра была сінагога, але зараз ад яе засталіся толькі рэшткі каменных муроў у прыбіральні. Аўтаматычна зазначаю прафесійную працу дызайнера – камяні вельмі добра пасуюць агульнаму інтэр’еру памяшкання і надаюць пэўны сярэднявечны каларыт.

«Я бачыў, як немцы аблілі бензінам і падпалілі габрэя-жабрака, не вельмі ахайнага»

Маршруты часта перасякаюцца паміж сабою. Я іду па цэнтры Берасця, не звяртаючы ўвагу на тое, што напісана ў мяне экране смартфона. Толькі перыядычна раблю паўзу, каб паглядзець, што калісьці вось у гэтым будынку быў чужы жылы дом, аптэка ці месца масавага расстрэлу.

«Гэта здарылася 1 ліпеня 1941 года... Адбылася адна сцэна, якая запомнілася мне на ўсё жыццё. Я бачыў, як немцы аблілі бензінам і падпалілі габрэя-жабрака, не вельмі ахайнага. Ён гарэў як жывы факел. А мы з рабятамі глядзелі, як з двароў выводзілі мужчын і жанчын».

«...На маіх вачах разыгралася жудасная сцэна. На чыгуначнай платформе каля 200 сталых габрэяў прымусілі танчыць танец хора і вясельныя танцы. Вакол іх сталі колам нямецкія салдаты і мясцовыя працоўныя, якія жорстка збівалі няшчасных дубінамі і жалезнымі прутамі. Тых, хто падалі ад удараў на зямлю, тут жа дабівалі. Астатнія габрэі павінны былі цягнуць цела сваіх таварышаў на габрэйскія могілкі. Кожны гатовы быў узяцца за гэтую задачу, каб пазбегнуць лёсу танчыць зневажальныя танцы».

Захаванне гістарычнай памяці ў Берасці выклікае шмат пытанняў. Зараз у цэнтры горада нічога не нагадвае, што калісьці вось тут было гета, а вось тут прадаваліся рэчы забітых габрэяў. У лепшым выпадку каля дзвярэй некаторых будынкаў вісіць шыльда: «Гістарычная каштоўнасць». Яе сапраўдная гісторыя застаецца загадкай.

 

 

 

Па словах гісторыка Аляксея Братачкіна, у школьным падручніку паняцце «Халакост» увогуле адсутнічае. Усяго з 2000 года колькасць дысертацый, абароненых на гэтую тэму, можна пералічыць па пальцах адной рукі. Не распавядаюць пра Халакост і ў музеях. Напрыклад, нават у Бабруйскім музеі, дзе было забіта больш за 20 тысяч габрэяў, няма аніводнай згадкі пра трагедыю.

«Я хутка пасталеў. У мяне дзяцінства скончылася, калі пачалася вайна. У мяне не было ні цацак, ні гульняў. Пастаянна думаў пра тое, каб мяне не схапілі, калі пад дротам хаджу. Былі ўвесь час думкі, куды і калі пайду заўтра».

«Увесь час хацелася есці… Снедалі варанай бульбай у мундзіры. Малака я не памятаю. Кавалак сала, селядзец часам. Мяса і садавіны мы не елі ніколі. Добра памятаю пастаяннае пачуццё голаду».

 

 

 

 

Дамы на костках

У нейкі момант маршрут заводзіць мяне ў звычайны берасцейскі двор. Мой позірк зачапляецца за звычайныя сінія дзевяціпавярховыя дамы яшчэ савецкіх часоў. Няма аніякіх падказчыкаў, што семдзесят гадоў таму гэтыя дамы былі месцам масавых забойстваў.

«Першы раз на магільнік наткнуліся ў сярэдзіне 50-х… рылі катлаван пад пілараму. Бульдазерыст пабачыў голыя целы. Трупы падымалі віламі. Усяго 112 целаў. Паклалі па трунах і адправілі на Трышынскія могілкі. Але асноўная маса забітых засталася там, дзе была. А ў цэнтры пад падлогай так і працягвае грунтавацца метровая таўшчыня рэшткаў».

Гісторыі распавядаюць пра розныя бакі вайны. У іх можна пачуць і пра габрэйскую паліцыю, якая выступала супраць сваіх. І пра мясцовых, якія рабавалі габрэйскія дамы. І пра тых, хто рызыкаваў жыццём, калі хаваў габрэяў у сваім хляве ці пад падлогай.

«Калі прыйшла Чырвоная армія, байцы пачаставалі мяне абедам. І ў той дзень я зноў стала чалавекам».

«...Пасля двух тыдняў я выйшла з гета паглядзець, што робіцца на свеце. Набрала хлеба і прынесла дзецям. Пяць тыдняў я насіла дзецям ежу. Аднойчы я прыйшла ў гета, а дзяцей ужо не знайшла. Тады я пайшла без мэты, не ведаючы куды… Ночыць прыходзілася пад адкрытым небам, а на двары былі маразы. Калі прыйшла Чырвоная армія, байцы пачаставалі мяне абедам. І ў той дзень я зноў стала чалавекам».

Сканчаецца маршрут берасцейскіх гісторый там, дзе і пачынаўся, – каля кінатэатра «Беларусь». Я зноў з замілаваннем гляджу на шкляны, перабудаваны ў сучаснабеларускім стылі будынак, ад якога нічога, акрамя камення ў прыбіральні, не нагадвае пра сапраўдную гісторыю гэтага месца.

 

 

Аплікацыю Brest Stories Guide можна спампаваць у Play Market і iTunes Store.

 

 

 

 

 

Фота by Раман Чмель