«Мы все больны гандболом»: як Берасце стаў спартыўнай сталіцай Беларусі?
- 14.05.2018
- 16308
Берасце – той паўднёвы беларускі горад, які ў многіх цвёрда асацыюецца з мяжой, мясцовай крэпасцю, селядцом ад кампаніі «Санта Брэмар», шкарпэткамі і панк-хуліганамі «Дай Дарогу!», якія штогод збіраюць паўнюткі сталічны Re:Public. Але апошнім часам у горадзе над Бугам зарадзіўся яшчэ і моцны спартыўны рух – сапраўдны, неправінцыйны па змесце і маштабе. За кароткі час ён здолеў трывала ўпісацца ў мясцовы культурны ландшафт і стаць важнай часткай не толькі гарадскога жыцця, але і ўсёй Беларусі. І калі нехта наўпрост назаве Берасце спартыўнай сталіцай краіны, асабліва не здзіўляйся. Зараз мы раскажам чаму.
Футбол
Ёсць адчуванне, што ў футбол у Берасці гулялі ва ўсе часы. Яшчэ ў міжваенныя гады, калі горад знаходзіўся пад пратэктаратам Польшчы, тут з’явіўся стадыён, узніклі каманды «Рух», ВКС, «Брест», але яны значных поспехаў ніколі не дасягалі і пастаянна боўталіся ў рэгіянальных польскіх лігах. Пры Саветах сітуацыя не надта змянілася. Мясцовае «Дынама» ніколі не выступала ў вышэйшай лізе першынства СССР, хаця ў 1988-м у таварыскім матчы на сваім полі нават перайграла знакамітую алімпійскую зборную Саюза Анатоля Бышаўца (1:0), якая праз некалькі месяцаў стала пераможцам гульняў у Сеуле.
У беларускім чэмпіянаце «Дынама» доўгі час абыходзілася без узнагарод, пакуль у 2007-м не заваявала Кубак краіны. Аднак з часам клуб ператварыўся ў звычайнага жабрака, у якога проста не хапала грошай на існаванне. Заўзятараў з кожным годам на футбол прыходзіла ўсё менш і менш. Трэнеру каманды Сяргею Кавальчуку не хапала грошай на звычайныя джынсы, клуб выставіў на аўкцыён свой офіс, пазычаў для анлайн-трансляцый 3G-мадэм і ад самых адданых фанаў футбалісты неяк атрымалі… камплект формы. Справы кепскімі не былі. Яны былі жудаснымі. Аднак пазалетась здарыўся сапраўдны цуд: кампанія «Сохра-Групп», якая займаецца пастаўкамі за мяжу беларускай тэхнікі, будматэрыялаў і прадуктаў харчавання, вырашыла ператварыць мясцовы клуб у беларускі гранд і рашуча пачала будаваць паспяховы праект. Камандзе падключылі грашовы кранік, прыйшлі новыя футбалісты, трэнерскі штаб, але выключна гэтым наўрад ці магчыма сабраць шматтысячныя трыбуны. І клуб пачаў грунтоўна працаваць з публікай.
«Трэнеру каманды Сяргею Кавальчуку не хапала грошай на звычайныя джынсы, клуб выставіў на аўкцыён свой офіс, пазычаў для анлайн-трансляцый 3G-мадэм»
Спачатку «Дынама» запусціла дзёрзкі фэйк пра магчымасць падпісання кантракта з былой нямецкай зоркай Кевінам Кураньі, а потым падчас хатняй гульні разыграла аўтамабіль «Рэно», ключы ад якога атрымаў звычайны берасцейскі слесар Павел Раманаў. Акрамя таго, на стадыёне з’явілася фан-зона, дзе можна было набыць піва, згуляць у відэапрыстаўку, паўдзельнічаць у розных конкурсах і пафоткацца з талісманам каманды «Брэстаманам». І народ на «Дынама» не проста пайшоў – ён паваліў. У 2017-м стадыён «Брестский» сабраў больш за дзевяць тысяч гледачоў на матчы з БАТЭ. А па выніках чэмпіянату на гульні «Дынама» нават стала прыходзіць больш гледачоў, чым на БАТЭ.
Матчы каманды ператварыліся ў шоу. Фаны пачалі часта ладзіць цудоўныя перформансы і, напрыклад, час ад часу ствараць «зорныя нябёсы», калі кожны заўзятар уздымае ў паветра мабільны тэлефон і ў выніку ўсе трыбуны ператвараюцца ў прастору з маленькіх агеньчыкаў. Выглядае гэта вельмі моцна.
А летась каманда праз 10 гадоў заваявала Кубак Беларусі і зладзіла ў горадзе сапраўдны перформанс: футбалісты спачатку праехалі па горадзе ў дабл-дэкеры з адкрытым дахам, а пасля адсвяткавалі на стадыёне.
На гэтым у «Дынама» не спыніліся і вырашылі запрашаць на футбол заўзятараў з дапамогай вядомых людзей. Далей нават стварылі свой ютуб-канал Dynamo Brest. Потым у клуба з’явілася свая каманда па кіберспорце, быў зладжаны турнір, для якога адмыслова запісалі пікантны відэаролік з дозай аб’ектывізацыі – ён ужо сабраў больш за 330 тысяч праглядаў.
Уздзейнічаць на публіку ў Берасці вырашылі нават праз літаратуру і аднойчы запрасілі да сябе галоўнага літаратара ў сферы футбола і хуліганізму Дугі Брымсана, які выступіў перад заўзятарамі ў клубным фан-шопе. Дарэчы, мы тады нават зрабілі канспект яго выступу.
«Берасцейскага фаната Васіля па мянушцы “Пешаход” ведае ўся краіна. Ён – беларускі Форэст Гамп»
Ёсць у «Дынама» і свае героі, дзеля якіх і прыходзяць заўзятары. Ураджэнцу Берасця Раману Васілюку ўжо 39, але ён усё яшчэ знаходзіцца ў абойме каманды. Васілюк, які калісьці нават пабываў у маскоўскім «Спартаку», лічыцца мясцовай легендай. Гуляе, праўда, няшмат, але калі выходзіць на поле, заўсёды збірае авацыі заўзятараў. Але ж галоўная зорка калектыву – Арцём Мілеўскі. У свой час ён з’ехаў з Менска ў кіеўскае «Дынама», прыняў украінскае грамадзянства, гуляў за тамтэйшую зборную, ездзіў на Ferrari і лічыўся сярод футбалістаў ледзь не галоўным спецыялістам па ўкраінскіх начных клубах. Ён сышоў з «Дынама», пакатаўся па Еўропе, а летась прыняў прапанову Берасця.
Заўзятары так любяць каманду, што гатовыя дзеля яе нават на подзвігі. Берасцейскага фаната Васіля па мянушцы «Пешаход» ведае ўся краіна. Ён – беларускі Форэст Гамп. Толькі рэальны. Чалавек адракаецца ад грамадскага транспарту, на гасцявыя матчы каманды выключна ходзіць пешшу і прынцыпова не сядае ў машыны нават тады, калі кіроўцы прапануюць падвезці. Такім чынам ён пілігрымаваў у Наваполацк, Бабруйск, Менск і другія гарады краіны. Ночыць выключна ў намёце альбо ў знаёмых фанатаў. Гісторыя Васіля так натхніла кінарэжысёра Андрэя Кудзіненку, што ён прысвяціў яму 37-хвілінную дакументалку «Фанат».
19 мая 2018 года берасцейскае «Дынама» аспрэчыць з БАТЭ Кубак Беларусі, перамога ў якім дае пропуск на еўракубкі. Здаецца, трэба ехаць у Магілёў дзеля такога відовішча.
Гандбол
Адзіная каманда ў абласным цэнтры, якая можа супернічаць па інтарэсе з «Дынама», – гандбольны БГК імя Мяшкова. У пачатку 2000-х каманду стварылі браты Аляксандр і Сяргей Мяшковы ў гонар свайго бацькі Анатоля – галоўнага папулярызатара гандбола ў Берасці, які быў першым трэнерам у Беларусі ў 1964 годзе. Усё дайшло да таго, што каманда стала самым паспяховым і вядомым беларускім клубам нулявых. Мяшкоўцы дзевяць разоў станавіліся чэмпіёнамі краіны, а цяпер пастаянна ўдзельнічаюць у Лізе чэмпіёнаў, але пакуль не патрапілі ў тройку мацнейшых.
Аднак заўзятараў каманды ўсё роўна можна лічыць самымі шчаслівымі ў краіне. У Берасце пабудавалі цудоўны спарткомплекс «Виктория», гандбольны фан-шоп каманды лічыцца адным з лепшых у Еўропе, а на матчах паміж гледачамі пастаянна разыгрываюць разнастайныя прызы. Чатыры гады таму перад імі бясплатна выступілі «Бі-2» і «Чайф», а праз год – «Без білета» і прэзідэнцкі аркестр.
Каб яшчэ больш зацікавіць публіку, БГК часта здымае файныя прома-ролікі. Гандбалісты спявалі «Завіруху» разам з Ядвігай Паплаўскай і Аляксандрам Ціхановічам. Аднойчы нават запрасілі на здымкі ліхтаршчыка – галоўную турыстычную славутасць Берасця.
«Матчы каманды ператварыліся ў шоу»
Яшчэ запісвалі кавер на «Ленінград». Дарэчы, галоўную ролю выканаў расійскі гандбаліст Канстанцін Іграпула: гэта той самы хлопец, які некалькі гадоў таму ў Сочы неймаверным чынам выратаваў жыццё маленькай дзяўчыны – тая звалілася з шасціметровай вышыні з экскаватара ў гандлёвым цэнтры, але Іграпула паспеў яе злавіць на рукі.
Хакей
А вось хакей у Берасці з’яўляецца, бадай, самым нецікавым і ненаведвальным відам спорту. Каманда «Брэст» ніколі не вызначалася добрымі вынікамі і не заваёўвала значных трафеяў. Галоўнае хакейнае дасягненне горада – 19-гадовы форвард Максім Сушко. Свае першыя спартыўныя крокі ён рабіў у горадзе над Бугам, летась быў задрафтаваны «Філадэльфіяй Флаерс» з НХЛ, а зараз выступае за зборную Беларусі на чэмпіянаце свету ў Даніі.
«Хакей у Берасці з’яўляецца, бадай, самым нецікавым і ненаведвальным відам спорту»
Затое адзначылася юніёрская каманда клуба: год таму падлеткі гулялі ў турніры ў Славакіі, дзе паўдзельнічалі ў лядовай бойцы не толькі з сапернікамі з каманды «Кошыцэ», але нават з суддзямі.
З хакеем на траве ў Берасці ўсё значна лепш. Мясцовы «Будаўнік» восем год запар станавіўся чэмпіёнам краіны і мае ў распараджэнні ўласны стадыён, які ў свой час прымаў маладзёжны чэмпіянат Еўропы.
Водныя вiды спорту
Яшчэ ў Берасці ёсць мясцовы вяслярны канал для аматараў водных відаў спорту. Ён на год маладзейшы за Заслаўскі канал, які адкрылі ў 2007-м.
Кажуць, берасцейскі канал найперш адметны тым, што з-за цікавай ружы вятроў там абсалютна адсутнічаюць буйныя хвалі. Для аматараў лічбаў: шырыня – 162 метры, даўжыня – 2,2 кіламетры, умяшчальнасць трыбунаў – 761 чалавек. А яшчэ ягоная фішка ў тым, што знаходзіцца ён літаральна перад вачыма польскіх памежнікаў – да мяжы адсюль усяго тры кіламетры.
«Кажуць, берасцейскі канал найперш адметны тым, што з-за цікавай ружы вятроў там абсалютна адсутнічаюць буйныя хвалі»
Пабудавалі яго не дзеля птушачкі ў дакументах: на базе канала дзейнічае цэнтр падрыхтоўкі маладых спартсменаў. У 2009 годзе тут прайшоў чэмпіянат Еўропы па акадэмічным веславанні. Канал атачае пяцікіламетровая лыжаролерная траса, а на тэрыторыі цэнтра маецца гасцініца «Акватэль» на 19 нумароў. Booking, дарэчы, ставіць ёй неблагую адзнаку – 8,6.
Цяпер самы маленькі абласны цэнтр Беларусі дасць фору ў спартыўным кірунку ледзь не кожнаму буйнейшаму гораду краіны. Давай глядзець, што будзе далей.
Фота: з афiцыйных суполак каманд
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекта.