18088 0

Аліна Дзеравянка

Намесніца дырэктара па праектах Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці Аліна Дзеравянка распавядае пра тое, як і навошта мадыфікаваць легендарную фартэцыю, тым больш калі рабіць гэта з розумам, а таксама як трэба падыходзіць да гісторыі сваёй краіны і ствараць новае на месцы старога.

 

Чым займаюцца: Развіваюць нерэалізаваныя магчымасці Брэсцкай крэпасці.

Дата заснавання: 2013 год.

Структура: 5 чалавек.

Кантакты:

Сайт   |   FB   |  Youtube

З кім гутарым: Аліна Дзеравянка, 30 год. Займае пасаду намесніцы дырэктара па праектах НДА «Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці». Мае тры вышэйшыя адукацыі. Стварала асабістыя праекты ў Маскве, але пераехала ў Берасце дзеля справы, якая ёй насамрэч падабаецца.

 


Гісторыя Аліны

– Я родам з Менска, вучылася ў БНТУ. Павінна была стаць інжынерам-будаўніком, але падчас вучобы, калі мне было 20, з’ехала на год у Вялікабрытанію, дзе проста жыла, працавала і вучыла англійскую мову на ўзбярэжжы Ла-Манша. Там я зразумела, што жыццё адно, і трэба пражыць яго па-сапраўднаму.

Пасля заканчэння ўніверсітэта стала шукаць тое, што насамрэч хацела б рабіць. Хутка трапіла у НДА «Здароўе – ХХІ стагоддзе», арганізацыю, якая займалася дапамогай дзіцячым дамам. Праз год вырашыла паехаць вучыцца культурнаму менеджмэнту ў Маскву, знайшла адукацыйную праграму са стыпендыяй для беларусаў. Пасля ўладкавалася ў Асацыяцыю менеджараў культуры, там адпрацавала тры гады, пакуль нас не запрасілі ў якасці экспертаў у Берасце. Трэба было дапамагчы ў правядзенні семінара, пошуку спецыялістаў з Еўропы і Беларусі, каб прыдумаць праекты для развіцця Брэсцкай крэпасці. Ініцыятыва гэтая належала аднаму бізнэсмэну. Ён, кожны раз прыязджаючы ў родны горад ды бачачы, у якім стане знаходзіцца крэпасць, вырашыў нешта з гэтым зрабіць. Сітуацыя склалася такая: мемарыяльны комплекс, які ўсе ведаюць, – гэта толькі адна трэць крэпасці, а астатняя частка знаходзілася ў заняпадзе і ўвогуле не выкарыстоўвалася. Мужчына зразумеў, што калі нічога не рабіць, то ў бліжэйшыя гады можна ўсё страціць.

«Я зразумела, што жыццё адно, і трэба яго пражыць па-сапраўднаму»

Намі быў распрацаваны праект «Брэст-2019», распісаны на год, цягам якога запланаваны розныя сустрэчы і дыскусіі. Усё гэта пачалося напрыканцы 2012-га, тады я ўпершыню трапіла ў Берасце і хутка пачала жыць на два гарады. Спачатку была надзея, што знойдзецца мясцовая каманда, якая зможа падтрымліваць развіццё праекта, але ж не выйшла. Здаецца, у той час я і вырашыла, што нічога з гэтай справай не атрымаецца, калі я не прысвячу ўсю сябе праекту. Так восенню 2013 года я канчаткова пераехала ў Брэст.

 

 



Што такое «Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці»?

– У 2013 годзе стала зразумела, што аднаго «Брэста-2019» мала, неабходна стварыць арганізацыю – больш афіцыйную структуру, якая магла б прасоўваць нашыя ідэі і намаганні. Так з’явіўся Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці, асноўная мэта якога – рэалізацыя праекта «Брэст-2019» і стварэнне шэрага іншых невялічкіх ідэй і праграм.

У аснове «Брэста-2019» – комплексны падыход да ўсей гісторыі крэпасці. Многія ведаюць пра 1941 год, але ж усё больш складана і разнастайна.

Спачатку тут знаходзілася старажытнае Берасце, пасля – буйны габрэйскі горад Сярэднявечча, і толькі ў 1830-м годзе горад быў фактычна перанесены ў іншае месца, а тут пабудавалі ўсім вядомую фартэцыю. Нельга забываць і пра саму гісторыю будаўніцтва крэпасці, якая цягнулася амаль сто гадоў. А яшчэ ж ёсць час Першай сусветнай вайны, так званы «польскі час» і шмат усяго іншага.

Зараз толькі частка пабудоў даступная для наведнікаў. Мы ж хочам развіць нерэалізаваныя магчымасці гэтага месца, плануем стварыць адзіны гісторыка-культурны цэнтр. Намагаемся адкрыць новыя пункты турыстычнай увагі, расказаць больш пра розныя перыяды гісторыі, якія амаль ніяк не рэпрэзентаваны.

«Усе ведаюць пра 1941 год, але ў гісторыі Брэсцкай крэпасці ўсё больш складана і разнастайна»

Зараз праект «Брэст-2019» даволі дэталёва распрацаваны: праведзены натурныя і архіўныя даследаванні, распрацавана канцэпцыя, створаны горадабудаўнічы майстар-план тэрыторыі, распрацавана фінансава-эканамічная мадэль рэалізацыі і шмат іншага. Але ад пачатку было зразумела, што такую справу немагчыма зрабіць без падтрымкі ўлады.

Чаму? Па-першае, з-за таго, што крэпасць – аб’ект дзяржаўнай уласнасці, па-другое, яна – гісторыка-культурная каштоўнасць. Усё, што мы рабілі цягам двух год, адбывалася пры падтрымцы як горада, так і вобласці. Але напрыканцы 2014 года ўлада ў рэгіёне змянілася, і дагэтуль новыя кіраўнікі знаёмяцца з праектам і Фондам, а мы чакаем прыняцця нейкіх пазітыўных рашэнняў, каб была магчымасць далейшай рэалізацыі.

На жаль, пакуль гэтыя рашэнні не прыняты. Але тое нельга назваць праблемай – гэта беларускія рэаліі.

 

 

 

Іншыя праекты

– За ўвесь час мы распрацавалі шмат цікавых рэчаў. Быў праведзены моладзевы фестываль «АрхРэвалюшан», падчас якога студэнты-архітэктары стваралі асабістыя праекты развіцця крэпасці праз 20 год. Мы рабілі трэнінгі, праводзілі апытанкі на вуліцах, даведваліся, што людзі памятаюць пра гісторыю Берасця.

Зараз ладзім вандроўкі на роварах, дзе паказваем невядомыя часткі Брэсцкай крэпасці. Яшчэ існуе праект «Бачыць крэпасць». Яго мэта – сабраць неабыякавых людзей, каб разам прыбраць ад смецця Брэсцкую крэпасць.

«Нам даводзіцца змагацца з кансерватыўнымі поглядамі грамадства»

Існуюць і зусім новыя рэчы, як распрацоўка мабільнай прылады «Схаваная гісторыя Брэсцкай крэпасці», ці Hidden History. У нас даўно была ідэя зрабіць мабільны гайд, які б дапамагаў людзям арыентавацца на вялікай тэрыторыі фартэцыі, бо не заўсёды можна знайсці добрага экскурсавода, яшчэ і англамоўнага.

Hidden History актыўна развіваецца з лета 2015 года сумесна з нашым партнёрам, кампаніяй ЕРАМ.

 

 

 

Пра складаныя і прыемныя моманты

– Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці – маладая каманда, мо праз гэта яна і сутыкаецца з некаторымі цяжкасцямі. Часам мы бачым пэўнае непаразуменне з боку больш сталых калег-гісторыкаў і краязнаўцаў. Нам даводзіцца змагацца з кансерватыўнымі поглядамі грамадства. Шмат хто лічыць, што крэпасць – гэта толькі брацкая магіла, і нічога тут змяняць не трэба. Але ж мы прытрымліваемся меркавання, што захоўваць і распавядаць, рэвіталізаваць тэрыторыю – таксама форма памяці і беражлівага стаўлення да спадчыны.

На нашых праектах адбіваецца і эканамічны крызіс. Зараз рэалізацыя «Брэст-2019» замарожана з-за таго, што ўсе распрацоўкі вяліся за кошт прыватных інвестыцый.

«Спадзяюся, усё будзе добра, трэба толькі пратрымацца год дваццаць»

Напрыканцы скажу, што я з самага пачатку была вельмі зацікаўлена ідэяй адраджэння Брэсцкай крэпасці і застаюся ў захапленні ад яе. Калі эксперты з Еўропы сцвярджаюць, што магчыма зрабіць такі буйны праект і прыцягнуць увагу распешчанага еўрапейскага турыста, то мы і самі пачынаем верыць. Але вынік не прыходзіць хутка. Я ведаю, што, напрыклад, у Польшчы Музей гісторыі польскіх габрэяў фармаваўся больш за дваццаць год, тое ж было і ў Ніжнім Ноўгарадзе з Музеем сучаснага мастацтва на тэрыторыі Арсенала. Відавочна, што шлях стварэння паўнавартаснай установы такога кшталту няпросты. Спадзяюся, усё будзе добра, трэба толькі пратрымацца год дваццаць.

 

 


Тэкст by Сяргей Шаматульскі

Фота by Раман Чмель


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.