Пачатак
– Я памятаю, як усё пачыналася. Мне сказалі, што ў першы працоўны дзень трэба прынесці свой алкаголь, – непітушчыя тут не вытрымаюць, – пасмейваецца Максім Засімук, аўтар «Бінокля”». – Ну, я і прынёс бутэльку віскі, і ўсе бессаромна яе выпілі.
Журналісты яшчэ трохі пажартавалі пра журналістыку і перайшлі да фактаў. «Бінокль”» з'явіўся ў жніўні 2016. Ідэя ўзнікла за месяц да гэтага. Даша Гарашчанка, выдавец, раней працавала ў іншым месцы і там пазнаёмілася з Арцёмам, цяперашнім галоўным рэдактарам. Яны былі ўпэўненыя, што вось-вось у Берасці з'явіцца гарадскі часопіс. Чакалі доўга. У выніку вырашылі адкрыць свой – менавіта такі, які ім самім хацелася б чытаць і глядзець. Хацелася сабраць вакол сябе моладзь, якая думае, якая стамілася ад крымінальных зводак, бытавухі і навін пра чэргі на польскай мяжы.
Для велізарнай колькасці берасцейцаў жыццё ў гэтым горадзе – толькі прэлюдыя перад пераездам у Менск ці Польшчу. А «Бінокль”»захацеў стаць пляцоўкай, якая дасць імпульс гарадскім ініцыятывам, дапаможа мясцовым палюбіць Берасце, паказаць класных герояў. Пры гэтым рэдакцыя не пазіцыянавала сябе як андэграўндную – проста іх каштоўнасці і інтарэсы падзяляе пэўная катэгорыя людзей. Каманда не разлічвае, што іх часопіс будзе чытаць такая ж велізарная аўдыторыя, як, напрыклад, галоўны навіновы сайт у Беларусi.
Назва
Назву «Бінокль”» прыдумаў Андрэй. Двукоссі з аднаго боку – прынцыповае напісанне: гэта адсылка да выявы бінокля і тэкставага элемента адначасова. Ніхто з каманды раней не працаваў у сферы медыя, таму яны не ведалі пра існаванне піцерскага гарадскога часопіса з такой жа назвай і пра сугучны Monocle. Грук у офісныя дзверы звычайна суправаджаўся пытаннем ад незнаёмцаў: «Вы ж прадаяце біноклі?»
Першыя чатыры месяцы пошукавыя сістэмы наогул не знаходзілі часопіс па такой назве. І калі «Бінокль”» з'явіўся на першай старонцы пошуку, рабяты істотна спустошылі свой бар.
Каманда
«Бінокль”»дзёрзка і смела заявіў пра сябе, узяўшыся з ніадкуль у горадзе, дзе многія выданні існуюць ледзь не стагоддзямі. Заснавальнікі сталі пісаць ва ўсіх сацсетках пра тое, што хутка адкрыюць гарадскі часопіс: прычым нават да таго, як пачалі праводзіць гутаркі. Журналісты з іншых медыя ўпарта іх ігнаравалі, а калі і прыходзілі, то патрабавалі касмічных заробкаў. У выніку набралі каманду з неабыякавых людзей, якія ўмеюць выказваць свае думкі і ідэі. Ні ў каго з іх няма журналісцкай адукацыі.
Да візуалу падышлі педантычна. Даша ўбачыла фатаграфіі Рамана Чмяля ў сацсетках і адразу закахалася ў яго стыль – шчыры, андэграўндны, нетыповы. Ён пачаў здымаць для «Бінокля”» і адразу сфармаваў аблічча часопіса. Праўда, чытачоў прыйшлося прывучаць да таго, што фатаграфіі могуць быць не глянцавымі, не гламурнымі, не вылізанымі. У офісе з візуалам таксама ўсё ў парадку: ілюстрацыі зрабіла мастачка Лёня Васільковіч.
У «Біноклі”» няма ярка выяўленых пасад, тут працуюць па прынцыпе халакратыі: усе самі сабе босы, адказныя за сваю працу. Таму некаторыя журналісты сыходзяць адразу, таму што не атрымліваюць указанняў зверху. Зараз ёсць пастаянныя аўтары і тыя, хто піша перыядычна. Галоўны рэдактар працуе выдалена з Польшчы.
Манетызацыя і аўдыторыя
Да «Бінокля’» ў горадзе было некалькі падобных часопісаў, якія існавалі на валанцёрскай аснове. Але Даша не верыла ў такую мадэль працы ў доўгатэрміновай перспектыве, таму разам з галоўным рэдактарам яны выбралі бізнэс-канцэпцыю. Сродкі на старт узялі са сваіх асабістых зберажэнняў, на якія існавалі першыя паўгода.
«Ёсць выданні, якія хочуць зарабляць адразу пасля адкрыцця. Па-мойму, гэта няправільная пазіцыя. Каб нешта прадаць аўдыторыі, спачатку ёй трэба нешта даць. Таму першыя паўгода мы прынцыпова не шукалі рэкламадаўцаў. Мы не грантавы часопіс, нас не фінансуе дзяржава ці прыватныя кампаніі. Гэта міф, які ходзіць вакол нас у Менску і Берасці, асабліва з-за галоўрэда ў Польшчы, а ён там жыве па сямейных абставінах», – кажа Даша.
У раскрутку ніяк не ўкладваліся, таму што былі занадта ўпэўненыя ў сабе. Арганічны рост здарыўся самастойна, і праз паўгода пасля старту ў часопіса з'явілася 30 000 унікальных наведвальнікаў – пастаянных і тых, хто давярае. Тады каманда ўсё ж узялася за рэкламныя матэрыялы, і цяпер часопіс так і манетызуецца. Пакуль працуюць толькі з рэгіянальнымі партнёрамі. У лістападзе 2017 года ў часопіса было 71 000 унікальных наведвальнікаў і каля 175 000 праглядаў у месяц.
«Калі ўсе асяроддзе ў курсе твайго праекта, то складаецца ілюзія, што пра яго ведае значна большая колькасць людзей, чым ёсць на самой справе. Але гэта вялікая памылка, гэта шоры на вачах, – кажа Даша. – Так, нас чытаюць многія, але ўсё адно ёсць куды расці».
Тэмы, прагляды, героі
Ёсць чыстыя, светлыя, важныя тэмы, якія рэдакцыі хочацца прасоўваць. Але культура, экалогія і іншыя тонкія матэрыі мала каму цікавыя. Проста гэта тыя ідэі, пра якія трэба пісаць, таму што яны хвалююць саміх журналістаў. Затое да матэрыялаў пра ежу заўсёды стабільна павышаны інтарэс. І з гэтым прыходзіцца мірыцца.
Усё, што звязана з самім Берасцем, чытаецца добра. Зрэшты, калі пра ўрбаністыку не пісаць з пункту гледжання праблемы, а разглядаць бягучыя змены ў горадзе, то берасцейцы больш актыўна праглядаюць такія матэрыялы.
«Хайп заўсёды існуе вакол крыві, трыбухі, ежы і архітэктуры – гэта зразумелы механізм»
На сайце амаль няма каментароў і троляў. Але калі спрэчкі і разгараюцца, то яны даволі інтэлігентныя. Затое ёсць дзіўная тэндэнцыя: чытачы пішуць у асабістыя паведамленні аўтарам, smm-шчыку, рэдактару і выказваюць меркаванне аб матэрыялах. А самы каментаваны матэрыял – пра дзяўчыну, у якой было 112 сэксуальных партнёраў да 22 гадоў (на момант публікацыі).
«Хайп заўсёды існуе вакол крыві, трыбухі, ежы і архітэктуры. Зразумелы механізм. Здаецца, гэты матэрыял прачытаў увесь горад і даведаўся, што ёсць і сэкс, і часопіс. Я ведала, што матэрыял набярэ вялікую колькасць праглядаў, але гэта не было маёй мэтай», – кажа Ксенія Пятровіч, аўтарка артыкула.
Даша:
«Брэст аморфны – і гэта тое, з чым хочацца змагацца. Мы хочам расхістаць гэты горад, вярнуць да жыцця. Тыя ж пытанні ўрбаністыкі датычацца не толькі вялікіх гарадоў. Тут мільён незанятых ніш – ёсць куды разагнацца. Спадзяюся, у нас атрымаецца».
Андрэй:
«Брэст круцейшы за Менск. Ён вельмі хутка рухаецца, мы не паспяваем за ім сачыць. І гэта не таму, што мы не можам наведаць усе выставы фальклору або шыцця. Мне здаецца, што тэмпы росту Брэста зараз трохі абганяюць Менск пачатку 10-х. Па сваіх невялікіх і сціплых параметрах Брэст валіць вельмі моцна: развіваецца мясцовы бізнес і ініцыятывы, прыходзяць сусветныя франшызы і інвестыцыі».
Максім:
«Калі я толькі прыехаў у Брэст з Адэсы, мне здавалася, што гэта самы тухлы горад у Сусвеце. Але калі пачаў круціцца ў сферы журналістыкі і стасавацца з цікавымі людзьмі, то зразумеў, што ўсё не так кепска. Прагрэс пачаў з'яўляцца менавіта за апошні год. Магчыма, я гэта заўважаю, таму што ўдзельнічаю ў класных дзвіжухах».
На пытанне, да чаго Берасце бліжэй па духу – да Польшчы ці Менску, – рабяты гулліва загаварылі па-польску.
Планы
Рабяты са сціплым пафасам заўважаюць: з-за свайго занадта інтэнсіўнага росту не паспяваюць за ўсімі магчымасцямі, якія ў іх ёсць. Напрыклад, хацелася б выходзіць у афлайн: ладзіць мерапрыемствы, фестывалі, адукацыйныя праграмы. У Берасці людзі яшчэ не распешчаныя якаснымі падзеямі.
І, вядома, рэдакцыя адкрытая да папаўнення каманды фатографамі, відэографамі, аўтарамі. Галоўнае, каб вочы гарэлі.
Фота – Таня Капітонава
Разбіраемся, колькі інфы мы зліваем у сеціва, калі падпісваем карыстальніцкае пагадненне з анлайн-сэрвісамі.
«II» – новы фільм Улады Сяньковай.
Футбол, кандытарскі, гатэльны бізнэс: каардынатар ініцыятывы «Рэспубліка Сонейка» – пра тое, на што здольны людзі з сіндромам Даўна.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.