947 0

Аксана Гайко

Адна з заснавальніц незалежнага тэатра «Крылы Халопа» Аксана Гайко распавядае пра тое, як нарадзілася і каму патрэбная арт-пляцоўка «Прастора КХ» у Берасці.

 

Чым займаюцца: правядзеннем лекцый, кінапаказаў і культурніцкіх падзей на новай берасцейскай пляцоўцы «Прастора КХ». Як тэатр «Крылы Халопа» ўдзельнічаюць у разнастайных тэатральных фестывалях і воркшопах.

Дата заснавання: 2014 год.

Структура: чатыры чалавекі, якіх цягам апошняга дзесяцігоддзя з’ядноўвае тэатр «Крылы Халопа» – з гэтай прычыны выразнай іерархіі ў камандзе не існуе.

Факты: Пляцоўка «Прастора КХ» адчыніла свае дзверы ўвосень 2014-га. З таго часу там адбылося больш за 70 мерапрыемстваў – ад літаратурных вечарын да лекцый па гісторыі кіно і калядных кірмашоў для дзяцей.

Кантакты:

FB VK  

 

З кім гутарым: Аксана Гайко, 39 год. Скончыла Берасцейскі політэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Гарадское будаўніцтва» і спецыяльны курс БГУ «Бізнэс і інфармацыйныя тэхналогіі». Рэжысёрка незалежнага тэатра «Крылы Халопа», менеджарка культурніцкай пляцоўкі «Прастора КХ».

 

 

Гісторыя Аксаны і тэатра «Крылы Халопа»

– Сярод студэнтаў політэхнічнага ўнівера я апынулася амаль выпадкова. У душы я стоадсоткавы гуманітарый, заўсёды хацела пісаць і перакладаць. Кожную сесію марыла пра тое, каб забраць дакументы і ўцячы куды-небудзь. Але ў пэўны момант у поле маіх інтарэсаў патрапіў тэатр, і ён мяне паглынуў. Пасля сканчэння вучобы ў вольны час мы з сябрамі «бавіліся ў тэатр» ды пераапрананні. Літаральна трызнілі Хармсам, яшчэ тады мы марылі зрабіць пастаноўку па ягонай п’есе «Лізавета Бам».

Тэатр «Крылы Халопа», які першапачаткова называўся «Свабодны тэатр», быў утвораны ў 2001 годзе. З таго часу пастаўлена дзесяць спектакляў, мы бралі ўдзел у розных майстар-класах і фестывалях у Беларусі, Украіне, Даніі ды Польшчы. Самы яскравы спектакль-шэсце «Малефіцыум» паказваўся ў Берасці, дзе ён аднойчы адкрываў гарадскі фестываль «Белая Вежа», а таксама ў Варшаве і Любліне. Былі пастаноўкі па тэкстах Пражко, Хармса і Кафкі, а таксама калядныя спектаклі і дакументальная п’еса «Чарнобыль».

«Гарадскія ўлады пакуль што робяць выгляд, што мы не існуем. Можа, гэта і да лепшага»

Паняцце «тэатр» можна разумець двума рознымі спосабамі: тэатр як людзі і тэатр як сістэма, што вырабляе прадукт. Дык вось, тыя людзі, якія дагэтуль рабілі незалежны тэатр «Крылы Халопа», зараз перакінулі ўсе намаганні на развіццё ў Берасці культурніцкай пляцоўкі пад назвай «Прастора КХ», што адчыніла свае дзверы ўвосень 2014-га.

Калі казаць пра прадакшн спектакляў, то надышоў час перарыву. Тым не менш у верасні на фестывалі ў французскім Манпелье мы пакажам дакументальны спектакль «Чарнобыль», які летась пабачыў свет на «Прызбе». А некалькі тыдняў таму мы правялі воркшопы ў межах тэатральнага фестывалю ў польскіх Вэнгайтах. У фокусе практыкуму была тэма бежанцаў, з боку «тэхнікі» – спалучэнне фізічнага тэатра і дакументальнага тэксту. Матэрыял для працы мы прывезлі з сабой – гэта запісаныя інтэрв'ю з дзяўчынай з Данецка і ўцекачамі з Афрыкі, а таксама з казашкай, чые бацькі ўцякалі з Казахстану ў 90-я.

 

 


Як дзейнічае «Прастора КХ»?

– Трупа нашага тэатра, на жаль, моцна змянілася цягам чатырнаццаці год – зараз нас засталося чацвёра, і гэтым складам мы пачалі працаваць над культурніцкай пляцоўкай у Берасці. Назву для яе ніяк не атрымоўвалася выдумаць, таму яна дагэтуль завецца «Прасторай КХ». На дадзены момант прыярытэты расстаўленыя такім чынам: на першым месцы для нас – пытанне ўтрымання і развіцця гэтай прасторы.

Мы імкнемся, каб пляцоўка напаўнялася разнастайнымі мастацкімі праектамі ў галіне тэатра, жывапісу ці іншых відаў творчасці, а таксама адукацыі. З лістапада па сёння ў «Прасторы КХ» ужо адбылося больш за 70 мерапрыемстваў – лекцый, кінапаказаў, майстар-класаў, прэзентацый кніг ды творчых праектаў. Прыязджалі таксама замежныя лектары, бо мы верым, што замежны досвед дапамагае пашырыць уласны кругагляд ды ўцягнуць Беларусь у міжнародны кантэкст.

Пытанне, ці паспела «Прастора» за восем месяцаў зрабіцца значнай для горада пляцоўкай, дастаткова складанае. Нашыя падзеі наведалі больш за тры тысячы чалавек, у асноўным гэта адукаваная моладзь ды інтэлігенцыя. Ёсць куды расці. Аднойчы на адну з лекцый у «Прастору» прыйшоў уніяцкі святар, для нас гэта было важна, бо мы неабыякава ставімся да тэмы талерантнасці.

З іншага боку, мы сутыкнуліся з праблемай таго, што большасць жыхароў навакольных дамоў нават не ведае, што мы тут такія ёсць («Прастора КХ» месціцца на цокальным паверсе жылога дома па вул. Халтурына). Думаем вось над добрасуседскім міні-праектам – трэба завабіць суседзяў на нашыя імпрэзы. Хочацца пабудаваць трывалую сувязь з берасцейцамі. Што да інстытуцыйнага дыялогу, дык гарадскія ўлады пакуль што робяць выгляд, што мы не існуем. Можа, гэта і да лепшага.

 

 

 

Місія і планы

– Навошта я гэта раблю? Раскажу такую гісторыю. Пад канец школьнага года мая дачка разам з класам пайшла пагуляць у лазертаг. Ім выдалі зброю і шлемы, і яны некалькі гадзін шмалялі адзін па адным. Мяне гэтыя забавы, што базуюцца на інстынктах і дрэнным пачуцці гумару, вельмі раздражняюць. Я працую дзеля таго, каб берасцейцы мелі доступ не толькі да лазертагу і танных камедый. Мы ствараем альтэрнатыву, прапаноўваем пераасэнсоўваць мастацтва, натхняцца гісторыямі нашых лектараў і ствараць добрыя казкі. Напрыклад, год таму мы зладзілі цэлы спектакль з дзецьмі з вёскі Вялікае Сяло і паказалі яго не толькі на «Прызбе», але і ў Берасці. Са сваёй дзіцячай пастаноўкай прыязджала да нас і Бенька.

«Я працую дзеля таго, каб берасцейцы мелі доступ не толькі да лазертагу і танных камедый»

План на бліжэйшую будучыню – пераўтварыць пляцоўку ў паўнавартасную мастацкую галерэю і ладзіць выставы. Засталося толькі набыць патрэбнае тэхнічнае абсталяванне, куратарка ўжо ёсць – мастачка Вольга Маслоўская. Так сталася, што «Прастору» мы адкрылі хутчэй, чым разлічвалі. Не было ніякага бізнэс-плана, нават дакладнай формулы функцыянавання пляцоўкі. На дадзены момант мы працуем над рэгістрацыяй культурніцкай установы і шукаем людзей, якія будуць зацікаўленыя ў яе развіцці і возьмуць на сябе частку адміністрацыйных задач.

Нашая мэта – развіваць у жыхароў горада актыўную жыццёвую пазіцыю, заахвочваць іх да ўдзелу ў нашых праектах. Спадзяюся, у каманды хопіць цярпення для гэтай не надта лёгкай місіі.

 

 

Фота by Раман Чмель


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.