Касмічны падыход
– Вова, ці можаш ты ўспомніць усе свае праекты?
– Гледзячы што лічыць праектамі. Калі мы гаворым пра музыку, то шмат праектаў знаходзіцца ў стадыі «пасіўнай працы». Напрыклад, «Противофаза». Для яго нам трэба было знайсці 10 голых дзяўчат – мы іх не знайшлі і купілі манекены, таму зараз яны «тусуюцца» ў двары. Гэты праект нібы ёсць, але ён не канцэртны і нават не альбомны – ляжыць у студыі, чакае свайго моманту.
Ёсць NABR. У ім песні пішуцца, кліпы здымаюцца, але да канцэртаў мы па-іншаму падыходзім: напрыклад, у Берасці мы яго наогул не хацелі прэзентаваць. За ўсю гісторыю NABR даў чатыры канцэрты, і ўсе яны былі праплачаныя. Першы канцэрт быў у пустым Re: Public, прыйшло ўсяго 15 чалавек, але гэта не перашкодзіла дырэктару запрасіць нас яшчэ раз.
Ёсць яшчэ Plum Bum, але гэта, сука, касмічны калектыў, які незразумелы нават мне. Мы граем – збіраецца поўная зала, потым на паўгода сыходзім. Наогул не рэпетуем, але за трыццаць хвілін да пачатку канцэрта прыдумляем новую песню.
Гэта музычныя праекты. Таксама граю ў тэатры «Напротив», там вельмі шчыльны графік: 5-6 спектакляў у тыдзень, граем у Берасці, Горадні, Менску. Гэта ТЮГ, дзіцячыя спектаклі, зусім іншая праца і публіка.
Улетку мы робім фестываль «Сумасшедший дом» прама ў нашым двары. Сёлета з-за занятасці быў толькі адзін івэнт, а летась – тры запар. На першым фэсце было 100 чалавек, потым 160, потым 200, а гэтым летам усё бітком было набіта. Пачынаем у тры гадзіны дня: спачатку дзіцячая праграма, потым паэтычныя выступы, мастацкія майстар-класы – і плаўна перацякаем у музыку.
Мой галоўны праект – дызайн-студыя Grafit. Студыя займае асноўны час: прыязджаю ў палову на дзявятую, з’язджаю – як атрымаецца. Працуем над лагатыпамі, брэндбукамі і ўсялякай лабудой. Цяпер, напрыклад, распрацоўваем айдэнтыку абласной дзяржаптэкі: яны прыйшлі да нас па лагатып, а ў выніку мы ім робім усё, аж да дызайну аўтамабіляў.
Яшчэ я займаўся жывапісам, выставамі, вышываў габелены, праводзіў лекцыі, але цяпер гэта ўсё адышло на задні план.
– Колькі гадзін у суткі ты спіш з такой нагрузкай?
– Сёння тры, учора – пяць. Але так рабіць нельга, таму што арганізм тупа вырубаецца. Я магу непрабудна ўкалваць, але ў такім рэжыме арганізм можа вытрымаць два з паловай тыдні. Потым трэба адсыпацца.
– Што цябе матывуе весці такі лад жыцця?
– Я прывык працаваць шмат і не магу інакш. Трэба ставіць перад сабой нейкія недасягальныя мэты: напрыклад, я мару паляцець у космас. Гэтая ідэя, якая ніколі не споўніцца, выцягвае за сабой усё астатняе. Калі ты марыш пра штосьці высокае і недасягальнае, усё астатняе здаецца фігнёй. Сам падумай: што такое ў космас паляцець, а што такое вывучыць ноты для фартэпіяна? Рэальна ж фігня!
«Я думаў, што жыву па японскай сістэме, калі людзі ўсё жыццё займаюцца адной справай»
З гэтай марай у цябе з лёгкасцю атрымліваюцца рэчы, якія раней здаваліся недасягальнымі. Арганізм жа мае вельмі шмат «падводных запасаў», у якіх захоўваецца энергія, пра якую ты не ведаеш з-за сваіх псіхалагічных платоў. Але гэтыя платы трэба пераступаць. Напрыклад, можна ў траліку не стужку VK гартаць, а кнігу пісаць. Я так, дарэчы, кнігу і напісаў.
– Plum Bum часта называюць «цыганскім калектывам». Гэта насамрэч так?
– Мая самая нялюбая песня ў Plum Bum – «Цыганы». Нічога круцейшага за гэты трэк у нас не было, і ён дапамог нам вылучыцца: гэта ска-песня, якая дазволіла нам «пералезці» праз плот самотнага року, на якім я вырас. Але мне яна ненавісная. Калі мы перайшлі на фармат «шчасце на сцэне – шчасце ў зале», людзі пачалі казаць пра тое, што мы граем цыганскую музыку, маўляў, цыганскі калектыў грае цыганскую музыку і ходзіць пад цыганскім сцягам.
«У кожнай песні Plum Bum, як і ў карцінах Шагала, ёсць Віцебск»
Уюн і сістэма
– Якая праца для цябе самая ненавісная?
– Я дзесяць гадоў працаваў у швейнай фірме. А палове на дзявятую ты прыязджаеш, у пяць сыходзіш – ад званка да званка. Раз у год адпачынак, і не факт, што доўгі, бо фірма прыватная. Я думаў, што жыву па японскай сістэме, калі людзі ўсё жыццё займаюцца адной справай. Напрыклад, малюе японец карпаў і да канца жыцця становіцца самым крутым малявальшчыкам карпаў. Я думаў, што рухаюся па гэтай сістэме, але ў нейкі момант зразумеў, што ні фіга я не японец, таму што на гэтай працы мяне задавальняла толькі зарплата.
Калі я адтуль зваліў, у мяне быў шок: я нічога іншага не ўмеў, а ў мяне дзіця і жонка, якіх трэба карміць. У выніку я апынуўся з патрэбным чалавекам у патрэбным месцы, і мы замуцілі Grafit. Падчас крызісу працавалі ў «нуль», і толькі праз тры гады з яго выкараскаліся.
Я ўсвядоміў сваю незалежнасць у той момант, калі стаяў пасярод Савецкай у гадзіну дня і піў каву. Разумееш, я п'ю каву пасярод працоўнага дня, а мне нікуды не трэба бегчы і не трэба ні ў каго адпрошвацца! Я на мінулай працы хлусіў, што мне трэба на лячэнне ехаць, абы канцэрт у Менску адыграць, а тут такая свабода.
Калі ты дзесяць гадоў сядзіш на адным месцы, крэсла прымае форму тваёй дупы. Ты цэлымі днямі сядзіш на працы, а потым марнуеш зарплату на тое, каб ад гэтай працы адпачыць. Не любіш сваю працу – звальвай. Страшна – не ный, знаходзь плюсы ў стабільнасці і гарантыях, якія табе там падаюць. У мяне няма ніякіх гарантый, але ў мяне ёсць свабода – гэта прыкольна, але за гэта трэба плаціць неслабую цану.
– Мне, да прыкладу, прыйшлося пісаць ва ўніверсітэце пачак заяў, каб на інтэрв'ю з табой вырвацца...
– У любога чалавека ёсць сістэма, па правілах якой ты жывеш і працуеш. Няма такой сістэмы, дзе прам усё будзе крута. Дзяржаўная сістэма, як і любая іншая, няшчасная, таму што ўяўляе сабой дакладны механізм, а жыццё ні фіга не дакладны механізм, яе нельга вымераць лінейкай. Калі ты трапляеш у сістэму, нават той жа ўніверсітэт, ты трапляеш у «драбілку асоб». І каб не «раздрабніцца», ты павінен быць гнуткім і спрытным, як уюн, тады ты зможаш з яе выбрацца.
Рэцэпт поспеху
– Як ты адважыўся пакінуць родны Віцебск і пераехаць у Берасце?
– Віцебск – гэта мой любімы горад, і ў кожнай песні Plum Bum, як і ў карцінах Шагала, ёсць Віцебск. Я гэты горад бясконца люблю, але мне ў ім усё настолькі надакучыла, што я вырашыў: трэба кудысьці рваць. Узяў гітару, заплечнік, жонку, лепшага сябра і чухнуў у Берасце. Сябар, дарэчы, праз два гады вярнуўся дадому, а я застаўся.
Цяпер, калі я вяртаюся ў Віцебск, я адчуваю, што ўсё тут добра, але гэта ўжо не мой горад. Я хаджу па Віцебску і разумею, што майго горада больш няма, таму што прайшло занадта шмат часу.
– Табе ніколі не хацелася з'ехаць з Беларусі? Не ўзнікала думкі, што тут балота?
– Балота ў нас з-за таго, што людзі жаруць бульбу. А бульбачка, сука, прытупляе мазгі. Гэта «хуткія вугляводы», пасля якіх табе хочацца спаць. Людзі жаруць бульбу ўсё жыццё, прыбываючы ў вечнай спячцы, з-за якой нас называюць памяркоўнымі і талерантнымі. Талерантнасць гучыць як лаянка і заключаецца не ў шыраце душы, а ў тым, што нам на ўсё па*баць: забралі гэта – па*баць, забралі іншае – таксама па*баць.
Як толькі ты перастаеш жэрці бульбу, твае рухі паскараюцца. Ты любіш сваю краіну не менш моцна, але ты больш не тармозіш. Калі ты не тармозіш, тут можна жыць: тут ёсць усё для таго, каб нармальна існаваць.
Ці ёсць сэнс некуды з'ехаць? Калі ты жывеш у Беларусі, ты абрастаеш сувязямі і людзьмі, якія дапамагаюць табе рухацца наперад. Калі ты паедзеш у тую ж самую Расію, з'явіцца магчымасць абрасці карыснымі сувязямі ў некалькі разоў хутчэй, але можа ўсё скласціся так, што ты пойдзеш працаваць, напрыклад, на будоўлю.
Па сутнасці, рэцэпт поспеху просты: не жэрці бульбу, займацца спортам, бухаць толькі добры алкаголь (калі бухаеш), паліць толькі добры тытунь (калі паліш) і займацца любімай справай. А калі ты яшчэ не будзеш скацінай апошняй, то ўсё будзе крута.
«Як толькі ты перастаеш жэрці бульбу, твае рухі паскараюцца»
– Што трэба рабіць, каб не быць скацінай?
– Мы ўсе чыталі кніжкі пра мушкецёраў, і там ёсць такія рэчы, як гонар і годнасць. У чым сэнс гэтых паняццяў? Годнасць – гэта тваё. Ты сябе ёй вымяраеш, і сам разумееш, наколькі ты можаш быць скотам. Бо ідэальных людзей няма, усе калі-небудзь памыляліся. Пытанне ў тым, што ты вынес з гэтых памылак, ці паўторыш ты іх.
Я за свае памылкі да гэтага часу разлічваюся: перад роднымі, перад сябрамі, перад усімі. Я дапусціў шмат сур'ёзных памылак, і з-за мяне пацярпелі людзі. Ці скаціна я? Так, у гэтых адносінах. Ці скаціна я ў тым, што яшчэ раз так зраблю? Не, бо я гэтага не паўтару. Усё гэта – твая годнасць.
І ёсць гонар, які ты нясеш у масы. Саступіць бабулі месца ў аўтобусе ці не саступіць? Дапамагчы камусьці ці не дапамагчы? Усё гэта вылазіць з чалавека, пры гэтым часта ў самыя нязручныя для яго моманты.
– Ты кажаш пра тое, што трэба займацца спортам, але сам курыш люльку...
– Разумееш, для таго, каб выкурыць люльку, патрэбна чатыры з паловай хвіліны. Але гэта, сука, мае чатыры з паловай хвіліны, у гэты час мяне ніхто не будзе чапаць. Для мяне гэта паўза. Я ж як бронецягнік: мне трэба спыніцца на станцыі, каб мне колы перакруцілі на больш вузкую або шырокую каляіну, і паехаць далей. Гэтая тая паўза, якая мне патрэбная, да таго ж гэтая паўза кайфовая і смачная.
«Мне, віцябчаніну, не складзе працы “сшыць” разарваную дэз-метал гуртом залу адной толькі гітарай з нейлонавымі струнамі»
Жаданне без агню
– Калі б Берасце было чалавекам, як бы ты яго ахарактарызаваў?
– Берасце вельмі мужчынскае. Калі Віцебск – цэнтр творчай безыніцыятыўнай інтэлігенцыі, то Берасце – гэта жаданне без агню, якое дае смеласць. Мне, віцябчаніну, не складзе працы «сшыць» разарваную дэз-метал гуртом залу адной толькі гітарай з нейлонавымі струнамі, як і не складзе працы з ніфіга стварыць канцэрт. А берасцейцы іншыя, хоць і ядуць менш бульбы.
– Як ты думаеш, Берасце мае патрэбу ў тваіх праектах?
– Усё, што робіць чалавек, ён робіць для сябе. Нават Супермэн ратаваў свет для сябе. Адпаведна ўсе гэтыя праекты патрэбныя мне. Ці робяць яны гэты горад больш культурным і еўрапейскім – другараднае пытанне. Гэта не эгаізм, проста я гэта раблю для таго, каб жыць. Калі мне хто-небудзь скажа: «Займайся толькі Plum Bum», я адкажу: «А нафіга мне гэта?» Я люблю Plum Bum, але не магу займацца толькі ім.
Гораду ўсё роўна на тое, што я раблю: з усяго Берасця мяне ведае мізэрны працэнт, і на маю дзейнасць не пофіг толькі ім. Астатнія жывуць сваім жыццём, і праекты Воўкі Плюмбума іх не хвалююць. Але, зноў-такі, мяне не парыць невядомасць: нават калі на мой канцэрт прыходзіць 15 чалавек, я выходжу і граю. Я не лічу паразай той факт, што на мой канцэрт прыйшоў такі мізэр. Параза – гэта адмена музыкам канцэрта. Калі ты граеш у пустой зале, ты ўсё роўна робіш працу: аднаго твая музыка ніяк не зачэпіць, а другога ўратуе ад пятлі, у якую ён збіраўся ўскочыць на наступны дзень. Таму наша праца – рабіць сваю справу, не думаючы пра тое, што трэба іншым.
– Калі б у цябе быў мільярд даляраў, ты б кінуў свае праекты?
– А чым мне тады займацца? Пабухаў бы які тыдзень-другі. А далей што? Грошы ж не ўсё вырашаюць, а ў сваіх праектах сам я, так што сэнсу адмаўляцца ад іх я не бачу.
Пытаемся ў глыбы журналісцкага лонгрыду, спецкара «Новай газеты» (а раней «Медузы») Іллі Азара пра сэнсы, заклікі і бонусы журналісцкай прафесіі і ці сумуе ён па «Медузе».
Гутарым з пісьменнікам Сашам Філіпенкам пра новы раман, боль і культуру памяці ў эпоху постпраўды.
Чытай «Нататкі з (ня)волі» ды іх гісторыю.
Пра беларускамоўны тык-ток, «Чарку на пасашок» і вывучэнне мовы.
У сетках сядзяць 5,63 мільёна.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
КАМЕНТАРЫ (1)
о человека загнало, отдохнул бы..