22172 2

Арт-пляцоўкі

Да з’яўлення арт-хабаў і крэатыўных прастораў у Менску, здаецца, усе ўжо прызвычаіліся. Мы вырашылі даведацца, дзе адбываюцца культурніцкія працэсы ў рэгіёнах, і знайшлі восем блізкіх нам па духу ды ідэалогіі пляцовак за межамі сталіцы. У агляд увайшлі: наватарскі дзяржаўны музей, антыкавярня, два пабы, два пакоі ў жылых будынках і дзве прыватныя сядзібы – карацей, дух жыве там, дзе хоча. Усім творцам і прадпрымальнікам прысвячаецца.

 

Віцебск

Арт-прастора на Талстога, 7

 

 

Адрас: вул. Талстога, 7
Што: Гістарычны будынак у цэнтры гораду на 10 залаў са змяшчальнасцю ад 30 да 80 чалавек ды ўнутраны дварок на 200 чалавек
З якімі прапановамі звяртацца: камерцыйных і некамерцыйных івэнтаў
Тэлефон для сувязі: +375 25 9133876
VK

 

Арт-прастора на Талстога, 7 – філіял музею «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва», які мае некалькі экспазіцыйных залаў у цэнтры гораду. У 2014 годзе будынак, што некалькі гадоў стаяў закінуты, перадалі на баланс музею, і з ініцыятывы дырэктара ВЦСМ Андрэя Духоўнікава прастора мелася стаць месцам канцэнтрацыі маладых мастакоў. «Прыклад запазычылі з берлінскіх мастацкіх майстэрняў, дзе месца працы мастака адначасова было і экспазіцыйнаю залай», – распавядае навуковы працаўнік музею Уладзімір Булаўскі. Афіцыйнае адкрыццё арт-прасторы адбылося 14 студзеня 2015 года, а ўжо ўвесну тут распачаліся шматлікія выставы, перфомансы, канцэрты. Большасць працаў для добраўпарадкавання будынку правялі маладыя мастакі, якім аддалі памяшканні арт-прасторы. «Сярод іх былі Сцяпан Драздоў, Ігар Сідараў, Наста Ганчарова, Кірыл Дзямчоў, Павал Юркоў, Грыша Гудкоў і шмат іншых, – успамінае Уладзімір. – З часам, з прычыны адміністратыўных абмежаванняў, напрыклад, часу працы, большасць мастакоў адмовіліся ад удзелу ў арт-прасторы, але пры гэтым працягвалі дапаўняць свае памяшканні новымі «фішкамі».

На гэты момант арт-прастора змяшчае 4 залы са зменнымі экспазіцыямі ды 6 залаў з пастаяннымі. Лекцыі і дыскусіі могуць адбывацца ў двух залах: адна на 50 чалавек, другая на 80–100. Таксама пры музеі ёсць зацішны дварок на 200 чалавек, дзе, напрыклад, праводзіліся летні маркет «Барадулінкі» ды сустрэча з Ромам Свечнікавым і Барысам Нікалайчыкам падчас іхнага трыпу вакол Беларусі на роварах з маторамі. З абсталявання ёсць гукаўзмацняльны апарат, неабходны для правядзення паўакустычных канцэртаў, лекцыяў, але няма праектара.

Летась тут актыўна праводзіліся літаратурныя імпрэзы, кінапаказы, творчыя вечары вядомых асобаў і музыкаў. Прыязджалі Альгерд Бахарэвіч, Віталь Рыжкоў, Воўка Плюмбум, Аляксандр Веледзімовіч ды іншыя, адбывалася онлайн трансляцыя ўручэння Нобелеўскай прэміі.

Па сутнасці, любы ахвотны, калі ўлічваць пэўную мастацкую вартасць праекту, можа зарганізаваць тут сваю імпрэзу. «Пры арганізацыі івэнтаў мы дамаўляемся з кожны індывідуальна, але звычайна музей патрабуе плату € 0,7 з чалавека пры правядзенні падзеяў староннімі арганізатарамі», – тлумачыць Уладзімір.

Інтэрв’ю з Уладзімірам Булаўскім чытай тут.

 

 

Арт-паб «Торвальд»

 

Адрас: вул. Талстога, 1
Што: Дзве аўтаномныя залы ў будынку канца XIX ст. на 75 і 200 чалавек, адна з якіх можа выкарыстоўвацца як канцэртавая пляцоўка.
З якімі прапановамі звяртацца: камерцыйных і некамерцыйных івэнтаў
Да каго звяртацца: Віталь Броўка
Тэлефон для сувязі: +37529 712 11 11
VK

 

«Пачалося ўсё з пошукаў памяшкання. Калі яшчэ не было арт-базы Vitebsk4me і з арэндавымі коштамі ў Віцебску было ўсё кепска, я залез у даўгі ды набыў кватэру, вывеў яе з жыллёвага фонду і пачаў рыхтаваць пад арт-пляцоўку. Было гэта 5 гадоў таму. Потым з’явілася арт-база, і гэтая патрэба адпала», – распавядае Віталь Броўка, адміністратар арт-пабу і вядомы мясцовы актывіст са стажам.

Потым да Віталя і ягоных паплечнікаў Захара Шлімакова і Рамана Воранава прыйшла ідэя адкрыць ірландскі паб у Віцебску. У працэсе рэалізацыі ідэя трансфармавалася ў арт-паб – вольную пляцоўку, культурнае месца, дзе праходзяць і акустычны канцэрты, і літаратурныя прэзентацыі, і проста месца, куды з 11 раніцы да 23 ночы можна прыйсці і душэўна пасядзець за куфлем піва. Як пляцоўка арт-паб працуе ўжо крыху больш за паўгода (то бок з лета 2015-га), як афіцыйная завідуха «грамадскага харчавання» яны адчыніліся напрыканцы сакавіка 2016-га.

У арт-пабе ажно тры ўзроўні: дом стары, таму столі тут былі па 4,5 м. Ёсць асноўная зала з балкончыкам і пад ім памяшканне, якое калісьці было топачнай для ўсяго дому, тут нават захавалася скляпенне з чырвонай цэглы. Цяпер гэта зала для гучнага адпачынку, для праглядаў спартовых матчаў, турніру па бір-понгу і проста для вялікіх кампаніяў. Максімальная запаўняльнасць ніжняй залы – 50 чалавек, верхняй – максімум пад 100. Праектар, гук, мікрафоны – усё ёсць.

За паўгода свайго існавання арт-паб «Торвальд» ужо прыняў шмат акустычных канцэртаў: гурта Nizkiz, Naka, ili-ili ды іншых. Тут святкавалі дзень Святога Патрыка і Дзень Волі, тут адбываліся разнастайныя літаратурныя імпрэзы і экалагічныя акцыі – Дзень балотаў, Гадзіна Зямлі. Па серадах тут збіраецца Віцебская школа фатаграфіі. «Гэта арт-пляцоўка ў шырокім сэнсе слова, мы адкрытыя для розных падзеяў – культурніцкіх, экалагічных, дабрачынных. Вядома, як і для камерцыйных прапановаў, але тут умовы абмяркоўваюцца асобна ў кожным выпадку», – кажа Віталь.

 

 

Магілёў

 

Цэнтр «Кола»

 

Адрас: зав. Чкалава, 16
Што: Прыватная двухпавярховая сядзіба ў цэнтры гораду з канцэртаваю залай на 150 чалавек
З якімі прапановамі звяртацца: выключна валанцёрскія івэнты
Тэлефон для сувязі: +375296226025
FB

 

Цэнтр «Кола» – гэта прыватная сядзіба ў цэнтры Магілёва, дзе актывісты на бясплатных самаарганізацыйных пачатках ладзяць імпрэзы, у тым ліку і адукацыйныя, з 2005 года. Усё пачалося з арганізацыі «Кола сяброў», якую ў 1995 годзе заснаваў журналіст Віталь Васількоў, бацька цяперашняга адміністратара Дзяніса. Суполка займалася падтрымкаю НДА ў Магілёве ды вобласці і дапамагала культурніцкім ініцыятывам. У 1999-ым на месцы старой хаткі ў цэнтры гораду пачалі будаваць гэты комплекс, дзе цяпер размяшчаецца цэнтр «Кола» – некалькі памяшканняў для сустрэчаў, канцэртаў і мерапрыемстваў.

Уласна цэнтр «Кола» пачаў дзеяць у 2005 годзе. Тут ёсць адмысловая зала для выступаў – ёй два гады і рамонт месцамі яшчэ цягнецца. Цяпер тут ёсць магчымасць правесці канцэрт на 150–200 чалавек, можна ладзіць семінары і нават існуе «хостэл» для сваіх на 5 чалавек. Уся гукавая апаратура і праектар таксама ёсць.

Тут праходзяць семінары, ладзяцца канцэрты, у тым ліку Вольскага, Вайцюшкевіча, летась прыязджаў «Рэлікт», напрыклад. Тут адбываліся творчыя сустрэчы з пісьменнікамі ды паэтамі, пералічыць усіх цяжка – Барадулін, Арлоў, Алексіевіч, мясцовыя магілёўскія творцы, летась 34mag прывозіў Рамана Свечнікава з прэзентацыяй другой часткі кнігі «Рома едзе». Толькі за мінулы 2015 год тут адбылося больш за 200 культурніцкіх сустрэчаў, канцэртаў, імпрэзаў.

«Няма ніякіх арэндавых патрабаванняў, апроч захавання парадку і чысціні. Але івэнты не маюць быць накіраваныя на зарабленне грошай, таму выставу-продаж футраў тут зладзіць немагчыма», – кажа Дзяніс.

Інтэрв’ю з Дзянісам Васільковым чытай тут.

 

 

Гомель

 

Тайм-клуб «Флэт»

 

Адрас: вул. Савецкая, 124
Што: Зала на 50–70 чалавек, якую можна выкарыстоўваць як канцэртавую пляцоўку
З якімі прапановамі звяртацца: камерцыйных і некамерцыйных івэнтаў
Тэлефон для сувязі: +375 29 3770464
VK

 

«Флэт» задумваўся год таму, на той момант у Гомлі ўжо была пара ўстановаў фармату «антыкавярня», але мы свядома адышлі ад гэтага азначэння і назваліся «тайм-кавярня». Нашаю мэтай было не столькі зрабіць месца, дзе можна праводзіць час за настолкамі ды гарбатаю з печывам, а стварыць пляцоўку для цікавых імпрэзаў для рознай аўдыторыі», – кажа Юля Старынская, супрацоўніца пляцоўкі.

«Флэт» размяшчаецца ў памяшканні, якое арганізатары арандуюць у аўтарамонтнага заводу, што ўжо даўно не функцыянуе. Рамонт арганізатары цалкам рабілі сваймі рукамі ды сіламі неабыякавых сяброў, нават збудавалі сцэну, каб можна было праводзіць канцэрты. Уся неабходная апаратура таксама ёсць. Адкрылася прастора 28 чэрвеня 2015 года. Памяшканне невялікае, нагадвае, хутчэй, залу для гледачоў, хоць адаптуецца пад патрэбы самой імпрэзы. Сталы, канапы з паддонаў (ручная работа!), крэслы – усё рухаецца і ўвесь час перамяшчаецца.

«Мы пасябравалі са шмат якімі грамадскімі арганізацыямі, што на нашай базе цяпер праводзяць свае імпрэзы, – кажа Юля.– У асноўным мы здаем памяшканне і час у арэнду, выключэнне робім для дабрачынных праектаў». Сярод іх – валанцёрскі арт-праект «Прамяні ДабрЫні», які ладзіў івэнт для дзяцей з сацыяльна-педагагічнага цэнтру. Тут праводзяць свае заняткі гурткі «АБФ» (Актыўным быць файна), курсы беларускай мовы «Мова нанова», арганізацыя ГДФ (інтэрв’ю з актывістам чытай тут), сярод іншага, «Новы Гомель» рэгулярна праводзяць у нас гарадскія сходы. Тут адбываліся майстар-класы ў рэкламе, псіхалагічныя трэнінгі ды семінары, гульні ў мафію, прэзентацыі кніг, лекцыі аб вандроўках, паэтычныя вечары, спектаклі, канцэрты – гэта няпоўны спіс таго, што можна наведаць у «Флэце» або правесці самому.

«Зусім нядаўна мы вырашылі крыху падкарэктаваць сваю назву, цяпер мы не тайм-кавярня, а тайм-клуб. Проста таму, што «Флэт» за час свайго існавання ператварыўся, хутчэй, у клуб паводле інтарэсаў, з рознымі кірункамі, чымся ў тайм-кавярню ў звыклым разуменні», – дадае Юля.

 

 

Берасце

 

Прастора «Крылы Халопа»

 

Адрас: вул. Халтурына, 2/1
Што: Зала на 70 месцаў і памяшканне для кава-паўзаў
З якімі прапановамі звяртацца: камерцыйных і некамерцыйных івэнтаў
Тэлефон для сувязі: +375297925820, +375298231916
VK  FB

 

Пляцоўка «Крылы Халопа» адчыніла свае дзверы ўвосень 2014-га. Яе стварыла каманда тэатру «Крылы Халопа», які паўстаў у 2001 годзе. З часам каманда тэатру перакінула ўсе намаганні на развіццё культурніцкай прасторы пад назваю «Крылы Халопа». Як кажа адная з арганізатарак Лена Штык: «Мы хочам стварыць месца, дзе адное мастацтва перацякае ў іншае, дзе спектакль перарастае ў выставу, а галерэя ў нефармальны ўніверсітэт, – такую прастору-трансформер».

Прыярытэтны кірунак працы пляцоўкі – нефармальная адукацыя: лекцыі, дыскусіі, майстар-класы, семінары, кінапаказы. «Таксама мы плануем адукацыйныя мерапрыемствы, звязаныя з сучасным сцэнічным мастацтвам, практычныя майстар-класы для дзяцей і дарослых, рэалізацыю тэатральных праектаў, у тым ліку з дзецьмі ды недзеяздольнымі людзьмі, працу тэатральнай бібліятэкі, абмен досведам з тэарэтыкамі і практыкамі з Беларусі ды іншых краінаў», – працягвае Лена. Яшчэ адзін кірунак дзейнасці – галерэйны, 16 снежня 2015 года адкрылася галерэя прасторы «Крылы Халопа». «Галоўнымі мэтамі ў гэтым кірунку мы ставім прысутнасць беларускага і замежнага сучаснага мастацтва ў публічнай прасторы, падтрымку і актывізацыю мясцовых мастакоў, падтрымку міжнародных экспазіцыйных праектаў, улічваючы прымежнае размяшчэнне Берасця», – тлумачыць Лена. Таксама праца пляцоўкі накіраваная на актывізацыю і падтрымку мясцовых ініцыятываў. Прастора адкрытая для рэалізацыі праектаў мясцовай супольнасці ды моладзі ў галіне мастацтва і адукацыі. Правядзенне івэнтаў на камерцыйнай аснове таксама магчымае, але ўмовы трэба абмяркоўваць у кожным выпадку асобна.

У прасторы «Крылы Халопа» ўжо праводзіліся праекты «На шляху да сучаснага музею–2015», «Еўрапейскае кафэ», фэст Cinema Perpetuum Mobile, фестываль «Экалёс», фестываль мабільнасці «Самаход», рэгулярна праходзяць заняткі курсаў «Мова нанова». Каманда 34mag таксама арганізоўвала імпрэзы ў гэтай прасторы: летась тут выступаў Дзяніс Чырка, галоўны арганізатар Freaky Summer Party ў Менску, а сёлета ў сакавіку адбылася лекцыя заснавальніцаў галерэі «Ў» Ганны Чыстасердавай і Валянціны Кісялёвай.

Інтэрв’ю з Аксанаю Гайко, прадстаўніцаю каманды «Крылы Халопа», чытай тут.

 


Прастора «Дзедзіч»

 

Адрас: вул. Маякоўскага, 46
Што: Палова прыватнага дому ў цэнтры гораду з залай на 30 чалавек і сваім дваром
З якімі прапановамі звяртацца: выключна некамерцыйных івэнтаў
Тэлефон для сувязі: +375298086377
VK   |   FB   |   Сайт

 

Арганізацыя «Дзедзіч» існуе 16 гадоў, і за гэты час яны змянілі шэсць памяшканняў, якія найперш выкарыстоўваліся як офіс, а імпрэзы ладзіліся ўжо пры магчымасці. «Нарэшце, у лістападзе 2014 года, мы пераехалі ў гэтую прыватную сядзібу. Нам хацелася мець прастору, каб праводзіць уласныя івэнты і запрашаць сюды сяброў. Але, натуральна, мы тут і працуем, і адзначаем святы», – кажа адміністратарка Алена Каховіч.

Гэта палова прыватнага дому ў цэнтры гораду з чатырма пакоямі ды сваім дваром. Апошні бонус самы каштоўны: «Калі ўлетку выходзіш з каваю адразу з кухні на сваю зялёную прастору, пачынаеш любіць усё навокал яшчэ больш», – каментуе Алена. Самае вялікае памяшканне аддалі пад імпрэзы, тут давялося садраць са сценаў паласатыя шпалеры і перафарбаваць пазалочаныя батарэі. З камфортам там могуць размясціцца 25–30 чалавек. «На папулярных імпрэзах людзі стаяць за паўметра ад лектара і запаўняюць суседні пакой, каб хоць бы паслухаць. Але здараецца, што прыходзіць пяць чалавек, і тады яны адчуваюць сябе больш чым свабодна», – кажа Алена. Тэхнічныя складанасці старога дому і суседзі за сценкай не даюць праводзіць вячэрнія і гучныя падзеі, таму памяшканне пакуль больш падыходзіць для адукацыйных мерапрыемстваў. Яшчэ ёсць два працоўныя пакоі, кухня і прахадное памяшканне для адпачынку і малых сустрэчаў. Пакуль гэтая прастора не зусім зручная і лагічная, таму ў планах перабудова і прыстасаванне двара для івэнтаў у цёплыя месяцы.

Асноўныя кірункі дзейнасці «Дзедзіча» – гэта папулярызацыя беларускай мовы і культуры, развіццё роварнага руху і студэнцкая адукацыя. Напрыклад, у іх існуе цыкл сустрэчаў «Ёсць размова» з рознымі цікавымі беларусамі, што ладзяцца прыкладна праз тыдзень. Час ад часу тут праходзяць кватэрнікі, адукацыйныя ды іншыя мелкафарматныя імпрэзы, а таксама івэнты партнёраў.

Звяртацца да «Дзедзіча» можна амаль з любымі прапановамі. Вітаюцца культурніцкія і адукацыйныя праекты. «У асноўным да нас прыходзяць каманды, якія толькі пачынаюць працаваць са сваёй ідэяй, і яны карыстаюцца нашаю прасторай бясплатна», – каментуе Алена.

 

 

Горадня

 

Арт-прастора «Дом46»

 

Адрас: вул. Лялявеля, 46
Што: Зала на 70 м²
З якімі прапановамі звяртацца: камерцыйных і некамерцыйных івэнтаў
Тэлефон для сувязі: +375 29 5800882
VK  FB

 

Праект «Дом46» з’явіўся ў лютым 2015 года. Яго заснавальніца, Жэня Рамановіч, танцорка і акторка з адукацыі, кажа: «Асноўная мэта нашага праекту – перазнаёміць цікавых людзей, танцораў, тэатралаў, мастакоў, фатографаў і даць ім пляцоўку для эксперыментаў, для стварэння чагосьці незвычайнага. Мы хочам зрабіць наш «Дом46» месцам, якое будзе аб’ядноўваць людзей і розныя віды творчасці».

Цяпер гэта адная вялікая прасторная зала, з абсталявання тут калонкі ды мікрафоны. Афіцыйнае адкрыццё пляцоўкі запланаванае на 7 траўня, да пляцоўкі на 70 м² дадасца зала на 120 м². Але цягам мінулага года тут ужо праводзіліся розныя івэнты. Цяпер на базе арт-прасторы дзее школа танцаў па кантэмпарары, дэнсхолу, брэйкінгу ды хаўсу, ёсць групы для дзетак і для дарослых. Таксама каманда «Дом46», усяго 7 чалавек, намагаецца супрацоўнічаць з рознымі краінамі. Гэтак, яны прывозілі ўкраінскага паэта Дзіму Пціцамі з кватэрнікам, а таксама Юлю Плотнікаву, якая танцуе ў тэатральнай трупе ўнука Чарлі Чапліна – Джэймза Т’ерэ. Арэнда пляцоўкі пад канцэрт будзе каштаваць ад € 13 да € 26 – напрыклад, нядаўна тут ладзілі акустычны канцэрт візіянеры з групы «». Да каманды можна звяртацца як з ідэямі праектаў на дабрачыннай аснове, гэтак і з камерцыйнымі прапановамі.

Інтэрв’ю з Жэняй Рамановіч чытай тут.

 

 

Ліда

 

Гастра-бар «ЧеховЪ»

 

Адрас: вул. Грунвальдская, 1-3
Што: Дзве залы, вялікая – на 100 чалавек, маленькая – на 20
З якімі прапановамі звяртацца: камерцыйных і некамерцыйных івэнтаў
Тэлефон для сувязі: +375 29 6177088
VK

 

Гастра-бар «ЧеховЪ» адчыніў свае дзверы 13 лютага 2016 года. Яго дырэктарка – Надзея Янкоўская, грамадская дзяячка, у мінулым арганізатарка шэрагу сацыяльных праектаў і мерапрыемстваў на Лідчыне. Адміністратарка і арт-дырэктарка – прадрымальніца і актывістка Лена Куляшова. Вядома, у першую чаргу «ЧеховЪ» – гэта рэстарацыя, але ж бар таксама і пляцоўка для адукацыйных і культурніцкіх падзеяў.

Пляцоўка складаецца з дзвюх залаў: асноўнай і VIP-зоны. Асноўная зала аздобленая ў класічным стылі, на сценах партрэты Чэхава ды кніжныя паліцы з класікаю, яе запаўняльнасць – 80–100 чалавек, VIP зала – на 12–20 чалавек. З абсталявання тут ёсць праектар, экран, гукавая апаратура, мікрафоны. Тут ужо праходзіла гульня «Мазгабойня», некалькі бізнес-семінараў, дзіцячых святаў і шлюбных семінараў.

«Мы адкрытыя для валанцёрскіх і сацыяльна значных праектаў, – кажа арт-дырэктарка Лена. – Мы гатовыя даць сваё памяшканне на бясплатных умовах, дапамагчы з фармуляваннем канцэпцыі падзеі, яе анансаваннем, тэхнічным суправаджэннем і стварэннем тэкставай і фотасправаздачы». Што датычыць камерцыйных праектаў, то ўмовы іх правядзення розняцца ў кожным выпадку. «Мы падтрымліваем івэнты, якія выклікаюць грамадскі рэзананс, інавацыйныя і цікавыя асабіста нам праекты», – кажа Лена.

Інтэрв'ю з Ленай Куляшовай чытай тут.

 

 

Фота by Таня Аліпчыкава, Маша Васількова, Саша Губская, Leah Skirudina, Наташа Ашэка, Гастра-бар «ЧеховЪ»


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ (2)
ava

vanillagore 22-04-2016, 17:59

Броўка і Булаўскі, конечно, фигуры значительные в культурной жизни Витебска, за их деятельность к моим словам благодарности может присоединиться ещё кучка народа, но в моём городе есть ещё, как минимум, площадка VZAP, которая используется для выставок и концертов-рейвов всяких разных. Открыта она сравнительно недавно на той же улице, что и знаменитый "Чердачок" (в котором-таки тоже проводятся выставки и место намоленное) в здании заводской столовой.
34, спасибо за статью и фото свежей рыбы, приеду - наведаюсь, внутри клёво.
(Вспомнил базу vitebsk4.me в подвале на Октябрьской - прослезился).

Адказаць
ava

Aliaksei Shota 03-09-2016, 15:29

У Гродне забыліся пра пляцоўку тайм-кафэ "Партал"

Адказаць

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.