Тэатр all inclusive: гісторыя пастаноўкі «Дыягназ – каханне»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 13.04.2018
- 19495
Стараннямі беларускіх актывістаў і актывістак Менск становіцца ўсё больш інклюзіўным – і гэта не толькі пра адукацыю, працу і побыт. Патроху інклюзія ўладкоўваецца і на сцэне: напрыклад, у Менску ўжо пару гадоў існуе сямейны інклюзіў-тэатр «i». А яшчэ нядаўна ў «Корпусе» іншая каманда прэзентавала спектакль «Дыягназ – каханне», у якім прынялі ўдзел жыхары псіханеўралагічнага інтэрната. Мы сустрэліся з тымі, хто гэта замуціў, і пагаварылі пра тое, як стварыць такі інклюзіўны праект і каму гэта трэба.
Каманда:
Ксенiя Галубовiч
Рэжысёрка, з 2017 года працуе валанцёркай у нямецкай дабрачыннай арганізацыі Kanikuli e.V.
Людмiла Францаўна
Вучылася ў беларускай кансерваторыі пры БССР, жыла ў Грузіі.
«Мы пазнаёміліся, калі я ўбачыла яе ў вельмі стыльным уборы на лесвіцы інтэрната. Я тады вырашыла зрабіць ёй камплімент за прыгожы касцюм і сказала, што яна выглядае так, быццам збіраецца ў тэатр ісці. А Людміла адказала: "Так, я і спявала ў тэатры раней". І з тых часоў мы сябруем», – кажа Ксенія.
Инесса
Малюе, стварае мяккія цацкі. З'яўляецца пастаяннай удзельніцай менскіх сацыяльных мерапрыемстваў.
«Інэса – папулярная жыхарка інтэрната, нічога не праходзіць міма яе», – усміхаецца Ксенія.
Руслан
Малюе, дапамагае шыць цацкі, у інтэрнат трапіў яшчэ ў дзяцінстве. Натхняецца прыродай і фільмамі. Любіць слухаць музыку і танцаваць.
Як паставiць «дыягназ»
Як прыйшла гэтая ідэя стварыць інклюзіўны спектакль?
Ксенія: Мне захацелася, каб усе ўбачылі, якімі цікавымі і таленавітымі могуць быць людзі, якія з'яўляюцца недзеяздольнымі. Насамрэч іх статус хавае вельмі шмат талентаў і здольнасцяў. Людзі з сіндромам Даўна, напрыклад, наогул чараўнікі: яны будуюць вакол сябе асаблівы свет, у якім могуць прыдумляць сабе і навакольным ролі. І рэпетаваць з імі вельмі цікава. Да таго ж спектакль у горадзе – гэта і творчы праект, і магчымасць сацыялізацыі.
Слухай, ты дастаткова смела вырашыла спалучаць стары шэкспіраўскі сюжэт з сучаснымі рэаліямі.
Ксенія: Беларусы не любяць усе табуяванае, таму, напэўна, мы і вырашылі адштурхоўвацца ад самага простага сюжэта (дзе жаніх і нявеста не могуць быць разам. – 34mag). Складаныя пытанні заўсёды прасцей даносіць людзям у простай і вядомай форме, а галоўнае – шчыра. І прытым што ў нас была асноўная база сюжэта, усё роўна пастаянна з'яўлялася нешта новае. У асноўным тое, што ў каго-небудзь з трупы атрымлівалася лепш. Напрыклад, калі ў двух акцёраў з групы добра атрымлівалася танцаваць разам, хаця ў сцэнарыі гэтага не было, то мы ставілі іх разам. Гэта дробязі, якія ў выніку сфармавалі спектакль.
«Складаныя пытанні заўсёды прасцей даносіць людзям у простай і вядомай форме, а галоўнае – шчыра»
Што наконт рэпетыцый? Ці лёгка табе было дамаўляцца з інтэрнатам?
Ксенія: Пачнем з таго, што ў інтэрнаце таксама ёсць зала для рэпетыцый, але часам яна занятая іншымі мерапрыемствамі. І я б не сказала, што складана арганізаваць рэпетыцыю. У тым ліку – выязную.
А калі я новы для інтэрната чалавек?
Ксенія: Чалавеку, які хоча арганізаваць інклюзіўны спектакль, але прыходзіць у інтэрнат у першы раз, на жаль, нічога не магу параіць – бо я працую з гэтымі рабятамі ўжо не першы месяц. Калі мяне наведала ідэя, я проста прыйшла і папрасіла пропуск для хлопцаў і дзяўчат, дамовілася, што кожны панядзелак мы будзем ездзіць на рэпетыцыі. А калі ты чалавек з вуліцы, то, вядома, у першую чаргу адміністрацыя будзе даведвацца, хто ты і навошта табе гэта. Інтэрнату неабходна зразумець, што яго жыхары будуць у бяспекі. Але дамовіцца, я думаю, можна заўсёды.
«Музыка першапачаткова была адным з найважнейшых элементаў – без яе магіі не атрымалася б»
За 3-4 месяцы да постаноўки «дыягназу»
Як праходзіла падрыхтоўка да спектакля?
Ксенія: Спачатку быў сюжэт, потым знайшоўся кампазітар Дзмітрый Кацяшоў. Музыка першапачаткова была адным з найважнейшых элементаў – без яе магіі не атрымалася б. Адну кампазіцыю мы нават запісвалі разам з Дзмітрыем і вакалам Людмілы Францаўны. Гэта быў вельмі цікавы вопыт імправізацыі – вынік здзівіў і кампазітара, і спявачку. Асобна я манціравала відэашэраг для праекцыі.
Яшчэ адзін важны момант у тым, што двое акцёраў – мае сябры: акцёр Дзмітрый Казлоў і мадэль Ульяна Дражына. Інклюзія – гэта ўзаемадзеянне, а не аддзяленне адных людзей ад іншых. Падрыхтоўка ішла даволі доўга: тры ці чатыры месяцы дык дакладна. І гэта ў тым ліку і выраб рэквізіту з нашай дэкаратаркай і ўдзельніцай спектакля Аляксандрай Траццяковай, рэпетыцыі, чыткі. Аляксандра разам з рабятамі стварала дэкарацыі для пастаноўкі. Гэта была яе ідэя – уключыць усіх у працэс стварэння атмасферы. Разам зрабілі асноўную дэкарацыю: гэта была такая вялікая арка з кветкамі з пап'е-машэ.
Што датычыць касцюмаў, то сукенкі мы выбіралі і куплялі разам з акторкамі. Некаторыя нам проста аддалі. Напрыклад, мая знаёмая перадала нам вясельную сукенку – у яе раней быў салон пракату. Аднойчы яна патэлефанавала і спытала: «Ксюша, а вам не патрэбныя?» – і прывезла цэлую кучу вячэрніх і вясельных сукенак. І вось адну з іх мы перашывалі спецыяльна для Джульеты – Юлі.
Інэса: А мне вельмі спадабалася тое, што мы дакуплялі з касцюмаў. Спадніцы, кофта... Для мяне было цікавей нават не выступаць на сцэне, а рыхтаваць спектакль.
Ксенія: Каб усё спалучалася па колеры і памеры, мы з дзяўчатамі хадзілі разам у адзін гандлёвы цэнтр і прымяралі ўсе: ім, вядома, спадабалася, таму што вакол было мора прыгожага адзення. Ды і Руслана вельмі парадаваў новы касцюм! У яго быў свой, які Руслан вельмі любіў, але ён яму не падыходзіў. Ці надакучыў. Хоць была думка, што пара класных гальштукаў яго выправіць. У выніку Руслан заявіў: «Не, я без касцюма выступаць не буду». І мы ў тэрміновым парадку паехалі шукаць яго. Дапамаглі нам у краме «Калі ласка», падабралі вельмі стыльны касцюм і кашулю.
Як праходзіў адбор на ролі?
Ксенія: Спачатку мы выбралі двух галоўных герояў – жаніха і нявесту. Нават адзін раз памянялі пару. У нашым выпадку галоўным было не прымусіць іх рабіць тое, што здаецца прыгожым, а знайсці для іх узаемадзеянне па душы. Раскрыць тое, што атрымліваецца лепш. Але, вядома, вельмі многае яны наогул выбралі і зрэжысавалі самі, адна з дзяўчат пастаянна мяняла сцэнар. Была сцэна, дзе ў канцы яна налівае ў шклянкі ваду, Юля з Русланам чокаюцца і п'юць. Гэтага не было ні на адной рэпетыцыі: яна паглядзела на галоўных герояў і проста з графіна таксама глынула.
Не было страшна, што рабяты могуць нешта сапсаваць?
Ксенія: Не. Калі мяне пыталіся: «Ты не думаеш, што Любе што-небудзь стрэльне ў галаву на сцэне?», то я адказвала, што спадзяюся на гэта! Усё, што рабілі рабяты, толькі паляпшала спектакль.
Жыцце падчас кахання
Чаму выбралі для пастаноўкі менавіта «Корпус»?
Ксенія: Таму што каманда «Корпуса» пазіцыянуе сваю прастору як месца, «якое любіць цябе». Першапачаткова я проста папрасіла іх даць месца для рэпетыцыі – хацелася, каб рабяты выязджалі ў нейкае прыемнае месца. Бо гэта не толькі падрыхтоўка, але і проста задавальненне – бачыць нешта, акрамя інтэрната.
А табе ж давялося быць не толькі рэжысёркай, але і менеджаркай спектакля! Што для цябе было складаней за ўсё?
Ксенія: Складаней за ўсё было ўсвядоміць, што трэба рабіць усё адначасова. Былі і іншыя дробныя праблемы: у Менску аказалася складана знайсці вялікая таксі. Колькі ні заказвалі – прыязджалі легкавушкі. Адзін раз дваццаць хвілін чакалі машыну – і гэта пры ўмовах менскай зімы. Часам я не магла зразумець, што адбываецца.
Ці было вам страшна граць сваю ролю?
Людміла: Асабіста я ўжо за ўсё сваё жыццё дастаткова выходзіла на сцэну. Я не толькі не баюся – я проста люблю быць на сцэне. Там глядач мяне разумее, успрымае, для мяне гэты момант становіцца асаблівым. Калісьці мне сказалі, што я залатая дзяўчынка, таму што зусім забываю, што знаходжуся на розных узроўнях з гледачом. То-бок я не аддаляюся ад гледача, а гарманірую з ім.
Складана прыцягнуць людзей наведаць інклюзіўны спектакль?
Ксенія: Не магу дакладна сказаць. Піярам мы займаліся разам з «Корпусам». Многім знаёмым рассылалі запрашэнні асабіста, і тут, напэўна, спрацавала сарафаннае радыё. Людзі адно аднаму столькі распавялі, што ўсе захацелі прыйсці паглядзець. У выніку нам нават не хапіла крэслаў, мы іх дастаўлялі, але многія ўсё роўна ў канцы стаялі. Некаторых сяброў акцёраў з інтэрната мы таксама прывезлі паглядзець.
«Інклюзія – гэта ўзаемадзеянне, а не аддзяленне адных людзей ад іншых»
Што ты зразумела для сябе пасля гэтага вопыту?
Ксенія: Галоўнае – не губляць цярпення. З многімі сітуацыямі я спачатку змагалася, а потым прыняла. Напрыклад, характар Руслана. Ён шмат разоў крыўдзіўся на мяне, прасіў прабачэння і крыўдзіўся зноў. І ўсё гэта адбывалася, калі мы пераконвалі яго, што яго ўласны касцюм падыдзе для спектакля. Акрамя таго, часам рабяты ўспрымаюць усё вельмі літаральна. Люба, адна з акторак, павінна была выходзіць, «тупаць нагой» і праганяць Джульету. Але яна выходзіла на сцэну і забывала тупаць, прыдумляла нешта новае. Тады Юля ёй і казала: «Люба, ну тупні нагой». Ёй было важна выконваць правілы гульні. Люба ўздыхала, тупала – і толькі тады Юля сыходзіла са сцэны. Але гэтыя моманты зрабілі спектакль шчырым.
Як думаеш, ці ёсць магчымасць для папулярызацыі інклюзіўных спектакляў? Ці ўсё павінна быць лямпава?
Ксенія: Я лічу, што павінна быць не лямпава, а наадварот, маштабна. Больш людзей павінна знаёміцца з тэмай інклюзіі. Не такой, калі людзей збіраюць асобна, забаўляюць і звозяць. Гэта не інклюзія, не кантакт з грамадствам. Інклюзія – гэта калі грамадства ўзаемадзейнічае і са сваёй часткай, і з людзьмі з асаблівасцямі.
Дарэчы, пра ўзаемадзеянне гледача і акцёра. Ці была ў гледачоў магчымасць пагутарыць з акцёрамі?
Ксенія: З акцёрамі можна было пагутарыць падчас аfterparty. Ульяна круціла пласцінкі з добрай музыкай, усе маглі патанчыць. Вяселле на сцэне сканчалася рэальнымі танцамі, дзе ўсе гледачы станавіліся ўдзельнікамі. Гэта таксама была прадуманая частка сцэнара мерапрыемства. А пасля паклону былі доўгія апладысменты, і адзін з акцёраў узяў мікрафон і вырашыў праспяваць. Усе сталі спяваць па чарзе. А спяваць яны могуць бясконца.
Фота – Віялета Саўчыц, Настасся Булахава