Валера Кёрціс: фотапраект Людмілы Пагодзінай
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 12.07.2018
- 9131
Творчая групоўка вядомай дыджэйкі, журналісткі і прамоўтаркі Людмілы Пагодзінай #KeepMinskWeird часцяком наводзіць дзвіж у Менску. Мы памятаем містычныя паведамленні, расклееныя па сталічных слупах напярэдадні выхаду новага «Твін Піксу». Зараз каманда punk'n'post-everything святкуе фарэва-янг-народзіны Іена Кёрціса, легендарнага саліста Joy Division. Адмыслова перад паці Пагодзіна апранула менскага хлопца Валеру, па словах Люды – вылітага Кёрціса, у стылёвую вопратку і забамбіла фэшн-праект. Keep Minsk Weird, і праўда!
Валера:
(двайнік Кёрціса)
– Мне 23 гады. Працую інжынерам-праграмістам на заводзе, яшчэ займаюся журналістыкай. Цікаўлюся шмат чым: тэхнарскімі штукамі, мастацтвам, прыгожымі рэчамі, людзьмі і падзеямі.
Музыка Joy Division, будзем шчырыя, вельмі нізкай якасці: «гаражны» гук і гэтае ўсё. Я такое люблю. Але мне Кёрціс імпануе хутчэй як чалавек, які гарэў сваёй справай. На першы іхні канц прыйшло трыццаць чалавек, а праз год – больш за тысячу. Гэта быў такі поспех, які нельга было прадказаць. JD паслалі на х*й RCA Records, пасля двойчы адшылі Warner Brothers з мільённымі кантрактамі дзеля таго, каб пісацца на нікому не вядомым лэйбле іхніх знаёмых Factory. Карацей, Іен рабіў найперш тое, што хацеў. Гэта цяжка і на гэта патрэбны пэўны кшталт мужнасці. Не тое каб гэта ў нас агульнае, але я б хацеў так рабіць-жыць. Гарэць.
Яшчэ нас аб'ядноўвае дэпрэсія, але гэта хутчэй квазіагульнае, бо яна ёсць шмат у каго і аніякай еднасці з імі я не адчуваю. Мае 23 даюцца мне ху*вата момантамі: дэпрэсія, алкаголь, нелюбімая праца, пошукі сябе. Праўда, з дэпрэсіяй ужо лягчэй, дзякуй маёй псіхалагіні і таблеткам. Не веру, што далей будзе толькі лепш, таму 24 мне дадуцца (калі дажыву) наўрад ці нашмат прасцей.
Пагодзіна кажа, што я вонкава падобны да Кёрціса, але я так не лічу.
Людміла Пагодзіна:
(камандантэ #KeepMinskWeird, арганізатарка мерапрыемстваў, дыджэйка, журналістка, фатографка)
– Такія музыкі, як Ігі Поп, Дэвід Боўі і Іен Кёрціс, паўплывалі не толькі на музычную гісторыю ў цэлым, але і сур'ёзна змянілі маё ўласнае жыццё. З гэтай прычыны ўжо пяты год запар мы, каманда #KeepMinskWeird, адзначаем Дзень народзінаў Іена Кёрціса (#iancurtisbdayparty), каб аддаць даніну традыцыі і патанчыць у кампаніі людзей, для якіх гэтая музыка і гэтае імя штосьці значаць. Такіх людзей у горадзе дастаткова, але не ўсе з іх пра нас ведаюць, а некаторым яшчэ не споўнілася 18. Але мы пачакаем.
У розныя гады маштаб мерапрыемства розны. Летась гэта быў вялікі арт-праект у Музеі Азгура. Сёлета – амаль хатняя атмасфера кватэрніка з конкурсам двайнікоў Іена Кёрціса (любы жадаючы можа прыняць удзел). Мы імітуем фрагменты індустрыяльнага і дэпрэсіўнага Манчэстара 70-х, запрашаем музыкаў, дыджэяў, мастакоў і віджэяў – кожны з іх працуе з тэмай постпанку. Ёсць толькі адно строгае правіла: на вечарыне Іена Кёрціса мы НЕ вешаем Іена Кёрціса. Гэта прынцыпова. Гэта не здзек і не эксплуатацыя – гэта свята, хай і змрочнае. Да таго ж у мяне ў фэйсбуку ёсць людзі з Манчэстара, якія альбо ведалі Іена, альбо працуюць з Пітэрам Хукам, былым басістам Joy Division і New Order, і я хачу рабіць нашыя вечарыны так, каб нам за іх не было сорамна.
Адкуль узяўся Валера? З ім атрымалася смешная гісторыя. Прыкладна раз на пяць гадоў, звычайна гэта спалучаецца з сур'ёзнымі зменамі ў жыцці, я сустракаю Іена Кёрціса. Апошні раз гэта было ў Будапешце ў 2013-м. Хлопец Том, 22 гады, з Манчэстара, пакутаваў на эпілепсію. На гэты раз Менск, 2018. Медыялабараторыя IdeaLab у нямецкім адукацыйным цэнтры – сяджу, гутару з калегамі, падыходзіць хлопец. Я кажу: «Табе калі-небудзь казалі, што ты падобны да Іена Кёрціса?» Валеру якраз 23, столькі было Іену, калі ён павесіўся. Валера нарадзіўся на адзін месяц і адзін дзень раней за Іена – усе гэтыя цікавыя дэталі ўсплылі ў працэсе гутаркі. Зразумела, звязаць гэтае знаёмства з падрыхтоўкай да штогадовай вечарыны было справай тэхнікі. Але трэба сказаць, што Валера больш паходзіць на Іена Кёрціса ў версіі фатографа і рэжысёра Антона Корбайна з фільма «Кантроль» – акцёра Сэма Райлі. З Сэмам я рабіла інтэрв'ю пару гадоў таму, а цяпер выкарыстала кадры з фільма з ім і рэальныя фатаграфіі Іена Кёрціса для нашага фота-мак’юментары.
Штаны – таты Пагодзінай
Абутак – Валерынага таты
Кашуля – сябра Пагодзінай
Рэмень – іншага сябра Пагодзінай
Паліто – Пагодзінай
Лакацыі – шэрыя спальныя пейзажы Малінаўкі і масты на Кастрычніцкай
Прыходзь 14 ліпеня на вечарыну The Annual Ian Curtis Bday Party, на якой, акрамя дыджэй-сэта Пагодзінай, можна будзе паслухаць Uhead, Vylinski і Воўку Плюмбума. Дзе? Шукай месца па хэштэгах #iancurtisbdayparty і #keepminskweird, а таксама на старонцы івэнта ў FB.
Вось як было летась:
Дысклэймер! Мы ніяк не прапагандуем паленне. Усе цыгарэты – выключна дзеля гістарычнай дакладнасці.
Візуал – Людміла Пагодзіна, Антон Корбайн
КАМЕНТАРЫ (2)
Парень скорее двойник Марка Э. Смита.
Тоже неплохо.