Народная Karma: новы бар на Камсамольскай
- 25.01.2018
- 14373
У самым бруху Верхняга горада адкрываецца новы бар, а хутчэй утульны барны пакойчык, які абяцае стаць гарачым спотам у паб-кроўлінгавых траекторыях менчукоў: Karma Room перш за ўсё скіраваная на танныя кошты і дух сяброўскіх пасядзелак. Напярэдадні адкрыцця мы прабраліся праз паўзакрыты ралет і высветлілі, як з дапамогай безадкіднай кухні дасягнуць нізкага цэнніку і чаму часам лепей змяшаць ром з колай і пачаць адразу размаўляць.
Верхні горад перажывае перараджэнне: на Рэвалюцыйнай наспявае вінны пераварот, дворыкі ўнутры становяцца ўсё больш дасканалымі, а Камсамольскай ужо паціху зашываюць распоратае бруха. Акурат пад яе ныркамі, насупраць Ziko, і адкрываецца новае месцейка Karma Room – сацыяльны бар са слоганам «Сабе і людзям».
Шыльды пакуль не бачна: гістарычныя будынкі даўжэй праходзяць узгадненні. Аднак хто ведае, той ведае. Чуткі пра тое, што ў цэнтры горада адкрываецца новы бар, дзе ўсё па пяць, па шэсць і па восем, разыходзяцца хутка. Уладальнікі жартуюць, што яны зараз працуюць у сапраўдным спік-ізі-фармаце.
Занырнуўшы пад паўзачынены ралет, мы апынуліся ў невялікім пакоі з прыглушаным святлом, пасярэдзіне якога стаяць чатыры вялікія, па-пабаўску збітыя сталы, уздоўж часткова аголенай цаглянай сцяны расцягнулася стойка, над якой з аднаго боку круцяць мульты з субцітрамі, з другога – экспаніруюцца працы маладога мастака Вадзіка Цішчанкі пад эгідай часопіса If Only, а з трэцяга – стракацяць экзатычнымі ўзорамі флэшы тату-майстроў з Good Sign Tattoo.
«Наша задача была – занізіць кошты як мага больш»
Глеб – ветлівы хлопец з шчыльна забітымі «рукавамі», прыязнай усмешкай і густой барадой – доўгі час працаваў бармэнам. У 2014 годзе разам з кампаньёнам Сашам, з якім ён адкрыў «Карму», і Лёшам з прадакшн-студыі Nota Kitchen Глеб хацеў адсвяткаваць свой дзень народзінаў на катэджы, але каб там прадаваць алкаголь. Высветлілася, што, не парушаючы закон, гэта зрабіць немагчыма – так і нарадзілася жаданне адкрыць уласнае піцейнае месца.
Тры гады спатрэбілася хлопцам, каб ідэя набыла фізічныя абрысы. Спачатку яны запусцілі серыю вечарынак пад аднайменнай назвай. Запартнёрыліся з бурбон-брэндам Four Roses і тату-студыяй Good Sign Tattoo: з першымі на камерцыйнай аснове, з другімі – на некамерцыйнай. Рабілі тусы ў «Хулігане», DIY Bar, «Клумбе», праехаліся разам з блюз-рок-бэндам Gray Dogs з турам па абласных гарадах Беларусі, дзе ладзілі лекцыі для бармэнаў, супрацоўнічалі з мясцовымі тату-студыямі – карацей, набіраліся вопыту і зараблялі сабе імя.
Пасля таго як хлопцы ўбачылі рэнтабельнасць праекта, яны ўзяліся за шкіркі сваёй мары – адкрыццё ўласна бара. «Як і ўсе, мы хацелі адкрыць бар для сваіх – той самы містычны бар, які ўсе так любяць і пра які ўсе так любяць казаць. Аднак мы зразумелі, што спачатку неабходна разлічыць эканамічную мадэль, – разважліва распавядае Глеб. – Спачатку мы дамовіліся з людзьмі, якія вырашылі нас падтрымаць фінансава. Нашыя інвестары – гэта нашыя госці, людзі, якія на працягу шматлікіх гадоў пераходзілі за намі ў розныя бары. Месца мы знайшлі выпадкова: да нас тут была кавярня “Дзюма”, пра якую ніхто з нашых знаёмых ніколі не чуў. На рамонт мы планавалі аддаць паўтара месяца, аднак атрымалася ўсё зрабіць больш чым за паўгода».
«Я заўжды казаў, што ў мяне лепшая ром-кола ў горадзе»
Пра канцэпцыю «Кармы» Глеб распавядае наступнае: «Тры гады таму, калі ў Менску адбывалася кактэйльная рэвалюцыя, калі ўсе бармэны хадзілі адзін да аднаго ў госці і смакавалі, што той ужо навыдумляў, я зразумеў, што мне зусім не цікавая кактэйльная культура. Я заўжды казаў, што ў мяне лепшая ром-кола ў горадзе. Бар мне цікавы як месца, дзе збіраюцца людзі. Часам прасцей зрабіць напой за дзве секунды і пачаць размаўляць з людзьмі. У Балонні, Празе, Брусэлі я знаходзіў такія месцы, якія людзі называюць народнымі, куды людзі прыходзяць не па выкшталцоныя напоі, а каб сустрэцца і пагутарыць».
Другі слуп «Кармы» – пачуццё дачынення. Адсюль мастакі, якія прыходзяць маляваць на сценах, эскізы тату-майстроў, экспазіцыя ад IfOnly, якая падтрымлівае маладых творцаў. «Таксама ў нас з’явіцца паліца для хэндмэйду, але не столькі бранзалеты і брошкі з гліны, а, напрыклад, пярсцёнкі ручной работы, – дадае Глеб. – Мы маглі накупляць сюды кучу раслін, аднак прапануем прыносіць іх усім жадаючым, каб кожны адчуваў нейкую сувязь з гэтым месцам. Спадзяюся, што праз паўгода тут з’явіца безліч розных карцін, статуэтак, флэшаў. Канцэпцыя “Кармы” заключаецца ў тым, каб прыносіць карысць у чым заўгодна. Рабяты з краст-тусоўкі, напрыклад, прынеслі данэйшн-бокс для прытулку для жывёл – і там даволі хутка збіраецца нармалёвая сума».
Кухня – таксама цікавы момант бара. «Я не разумею, як можна паіць людзей, не даючы ім паесці», – усміхаецца Глеб. Кухню ствараў шэф-кухар Ігар, які дагэтуль рабіў меню для MonkeyFood. У асартыменце – 5 відаў багету з начынкай, суп, які будзе мяняцца ў залежнасці ад сезона, і дэсерт «Напалеон». «Наша задача была – занізіць кошты як мага больш. Таму мы прытрымліваемся канцэпцыі безадкіднай вытворчасці: усе прадукты з бара мы стараемся выкарыстоўваць на кухні і наадварот. Напрыклад, у нас ёсць свежы агурок у бары – ён з’яўляецца і ў багеце, у нас застаюцца кумкваты, на якіх мы настойваем скотч, – мы іх перабіваем у канфіцюр, які ідзе ў “Напалеон”. Тое ж самае адбываецца з ачышчанымі ад цэдры апельсінамі. У нас нічога не прападае. Мы гэтым займаемся не толькі з-за экалогіі, але і для таго, каб эканоміць і быць лагічнымі. А з-за гэтага стравы становяцца толькі цікавейшымі».
Бар вельмі ўважліва ставіцца да веганаў. «Па-першае, адсутнасць мяса таксама змяншае кошт. Па-другое, хто б што ні казаў, вегетарыянства і веганства – гэта трэнд. Узнік ён дзякуючы модзе ці з-за жадання карысна харчавацца – не важна. Таму мы заўжды спачатку пытаемся, ці веганы нашыя наведнікі, бо, напрыклад, у нас ёсць ром на зефіры, а ў зефіры ёсць бялок. У нас два грылі: на адным мы гатуем мясную ежу, на другім – веганскую».
Па алкаголі канцэпцыя наступная: максімальна рыхтуецца ўсё загадзя (ром настойваецца на зефіры, скотч на кумкватах, гарэлка на журавінах), у час працы алкаголь наліваецца з адной бутэлькі, кола, тонік або сок – з другой. Кошты: 4 рублі – за піва, 6 рублёў – за спід-дрынкі, 8 рублёў – за кактэйлі. Таксама ёсць некалькі канцэптуальных шотаў, максімальна алкагольных, каб адразу грунтоўна закінуць за каўнер. Каштуюць па 5 рубасаў. Сярод безалкагольных напояў – гарбата. У планах – вырабляць арганічныя ліманады, імбірны эль.
«Мы заўжды спачатку пытаемся, ці веганы нашыя наведнікі»
Адкрыццё плануецца ў гэтую пятніцу, гасцям звараць агромністую чашу пуншу з бурбонам і пастараюцца не разнесці гэты пакойчык ушчэнт. «У Балонні я быў у бары, які называецца Anarchismo Comunista, неяк так. 25 гадоў таму палітычная ячэйка стварыла там карчму, у якую нас вялі нейкімі дварамі. Бар без аніякай шыльды, два велізарныя мужыкі на ўваходзе, якія ў цябе нічога не пытаюцца, драўляныя лавы, драўляныя сталы, бутэлька віна за 5 еўра, бутэрброд за паўтара – проста бітком: ад 18 да, напэўна, 70 гадоў, людзі сядзяць, у шахматы гуляюць, гамоняць. Вось я на такое хачу раўняцца», – падагульняе Глеб.
Фота: Таня Капiтонава