Вядома, можна было б зрабіць выгляд, што ніякага футбола ў прыродзе няма.
Лета ёсць, а футбола няма.
Еўра-2016? Не, не чуў. Вось Еўраопт – гэта сур’ёзна, яго не абмінеш. А футбол… Пралетарская забава, да таго ж досыць бязглуздая і зусім не эстэцкая.
Не, не буду дурыць мазгі добрым людзям.
Футбол я люблю.
Нават Уладзімір Уладзіміравіч Набокаў любіў футбол. У пару свайго студэнцтва ён гуляў за кембрыджскую дружыну, а пазней у Берліне нейкія нямецкія пралетары з рабочай каманды зламалі будучаму аўтару «Лаліты» падчас матчу два рабры. Ведалі б, што ён яе напіша, зламалі б яшчэ два. Набокаў гуляў на самай рамантычнай пазіцыі – брамніка. І ў футболе, і ў літаратуры. Вялікі быў чалавек. І брамнік неблагі.
Футбол у мяне заўжды асацыюецца з летам. І наадварот. А літаратура – з гульнёй на браме.
Менавіта таму пазаўчора мы з сябрамі пайшлі ў «Хуліган» пазаўзець за Уэльс.
«Хуліган» прыняў нас гасцінна. І вось мы сядзім у вялікім і цёмным, як царква падчас начной бамбардзіроўкі, ангары на самай пярэдняй канапе. Месца – лепш не прыдумаеш: ложа. Усё як паложана: піва, пільнасць, піратэхніка пачуццяў. Наперад, Cymru am byth! – ці як там па-валійску гучыць «Мы верім в нашіх ребят, валлійскіе драконы сегодня победят!».
Нас, канечне, загадзя папярэджвалі, што аднадумцаў у горадзе мы ў гэты вечар наўрад ці знойдзем. Менск задужа вялікі ды інтэлектуальны, ён заўзее за нашчадкаў Набокава. А мы ціпа чужыя на гэтым «празьніке жызьні».
Лухта, падумаў я тады, у маім фэйсбуку ўсе свае, усе за родны Уэльс.
Калі доўга сядзіш у тым фэйсбуку, чакаючы на матч, у нейкі момант падаецца, што ўсе за нас, што ўвесь Менск прыпадзе ўвечары да экранаў у адным парыванні: Cymru am byth! Тое самае з беларушчынай. Я заўважыў: у тых, хто доўга ёй займаецца, рана ці позна ўзнікае ілюзія, што ўсе навокал неверагодныя патрыёты і толькі тое і робяць, што чытаюць Быкава і моляцца на святую мову і «Пагоню». Але потым гучыць свісток і…
І ты апынаешся ў рэальнасці. Гульня пачалася.
З першых хвілін зрабілася ясна, што за Уэльс мы тут, у ангары, адны. Так бывае, калі доўга сядзіш у фэйсбуку.
Валійцы забілі першы гол. Нягучны, але выразны мат за нашымі спінамі сціхнуў, і ў трагічнай цішыні ангара мы чокнуліся куфлямі за гэты поспех.
«Даставай сцяг», – шапнуў я знаёмаму, які і праўда меў пры сабе валійскае знамя. Ён трывожна ўсміхнуўся, але вырашыў пакуль што ўстрымацца ад такой праявы радыкалізму.
І тады валійцы забілі яшчэ.
Горкі стогн прайшоў па ангары. Наша невялічкая кумпанія чокнулася зноў, марна чакаючы падтрымкі з задніх радоў.
Некаторыя людзі маюць Дар. Дар адчуваць патыліцай настрой тых, хто сядзіць за імі. Патыліцай ці, калі заўгодна, ж..ай: у дадзеным выпадку гэта сінонімы. І вось менавіта адной з гэтых сэнсарных частак я адчуў, што калі тут і ёсць прыхільнікі доблесных валійцаў, дык яны выйшлі пакурыць. За нашымі спінамі былі адны чытачы Набокава – і яны жадалі нам гора.
Нязлосна так, ласкава, па-добраму. Прынамсі, на гэты вечар.
«Даставай сцяг», – зноў папрасіў я знаёмага ўладальніка гордага валійскага знамені. Але ён палічыў, што і другі гол валійцаў – не самы спрыяльны момант.
А я б дастаў.
Недзе ў гэтым горадзе сядзелі такія самыя людзі, як мы. Як там было ў Набокава ў «Приглашении на казнь»: «Цинциннат пошел среди пыли и падших вещей, и трепетавших полотен, направляясь в ту сторону, где, судя по голосам, стояли существа, подобные ему». Амаль пра футбол. Цалкам магчыма, што і ў вялікім і цёмным ангары, дзе мы сядзелі, былі прыхільнікі зборнай Уэльса. Але яны былі ціхія і непрыкметныя.
«Нават Уладзімір Уладзіміравіч Набокаў любіў футбол. У пару свайго студэнцтва ён гуляў за кембрыджскую дружыну, а пазней у Берліне нейкія нямецкія пралетары з рабочай каманды зламалі будучаму аўтару «Лаліты» падчас матчу два рабры. Ведалі б, што ён яе напіша, зламалі б яшчэ два»
Можна зрабіць выгляд, што ніякага футбола няма.
Расія ёсць, а Уэльса няма.
Беларусь ёсць, а нас няма.
Фэйсбук ёсць, а нас няма.
Сцяг так ніхто і не дастаў. І матч мы з жонкай, дарэчы, не даглядзелі. Мы ішлі па ўжо амаль начным праспекце, радаваліся трэцяму голу, і я адчуваў, што недзе за вокнамі бараў і піўніцаў сядзяць выдуманыя мной людзі. А іншыя людзі, прачытаўшы гэтыя нататкі заўзятара, скажуць: «Што за фігня, у той вечар мы таксама глядзелі футбол у бары і ў нас усе пагалоўна былі за валійскіх цмокаў. Беларусы ж усе за беларушчыну, духоўнасць, валійскасць і незалежнасць. Месцы трэба ведаць, спадар Бахарэвіч. Быць разам з народам. Або сядзець дома і мучыцца са сваім байфлаем».
Так, гэта ўсяго толькі футбол. Але чаму тады ты так радуешся «Крумкачам» і чаму сэнсарныя часткі тваёй душы так чула рэагуюць, калі мяч апынаецца ў патрэбнай браме? Чаму табе важна, за каго ты? Чаму футбол так часта дорыць лёгкае адчуванне летняга цуду, а цёмнае мармытаньне аналітыкаў і іншых мудрацоў – толькі пякотку і зубны боль?
Хоць, канечне, гэта ўсяго толькі футбол. Не варты таго, каб марнаваць на яго каштоўныя беларускія словы. Лепш валійскія: Cymru am byth! Хай цуды працягваюцца, а далей паглядзім.
Да ўсяго трэба ставіцца лёгка і з іроніяй, праўда? Як быццам бы табе зноў дваццаць пяць.
Абавязкова пачытай папярэднія часткі праекту!
Самакаты з вуліцы Бразіл
Замест віншавання
Хто такі Джон Голт?
Асалода па-менску
Піць будзеш?
Anarchy in the РБ
Проста слова на літару Дэ
Альгерд Бахарэвіч прымярае на сябе ролю рэвізора і наведвае кнігарню «Сон Гогаля» на вуліцы Леніна.
Апошняя калонка праекту «Таемны госць» – пра тое, якімі словамі выказваўся і чым падманваў нас Менск апошнія месяцы.
«У траўні па Менску трэба гуляць пехатой». Альгерд Бахарэвіч – пра тое, як горад пачынае любіць сябе і нават адчуваць задавальненне.
Альгерд Бахарэвіч першы раз у жыцці наведвае барбершоп – што толькі не зробіш летам 2016-га!
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.