Ненавіджу ныцікаў.
Ага, вас. Вас – і не рабіце выгляд, што я да кагосьці іншага звяртаюся. Я вас ведаю як аблупленых: «У мяне дэпрэ-э-эсія, мне да псіхія-а-атра трэба, я апа-а-асен для обшчаства, мне ску-у-ушна…»
Ненавіджу ныцікаў. Асабліва ўлетку. Улетку трэба быць фашыстам: хто не шчаслівы, таго трэба тапіць у Менскім моры. Калі ўсплыве – значыць, і праўда ў чалавека праблемы. А калі патоне – што ж, меней народу, болей кіслароду, як казаў мой настаўнік хіміі. Але ён нядаўна памёр, ад старасці, мой настаўнік, а маладым ныцікам цяпер раздолле.
Кажуць, што калі добраму чалавеку блага – гэта блюз.
А калі нейкаму чалавеку блага і ён усім расказвае, які ён добры: знаёмым і незнаёмым, ахвотным і выпадковым ахвярам, у розных сацыяльных, асацыяльных і несацыяльных сетках – гэта называецца Дэпрэсія. Дэпрэсія з вялікай і нуднай літары Дэ.
Дэпрэсіяй можна патлумачыць усё: няздарнасць, ляноту, апатыю, слабасць аператыўнай памяці і нават адсутнасць патрыятызму. А паспрабуй патлумач нешта з дапамогай блюзу. Не выйдзе. Таму блюз не ў модзе, маладое пакаленне абірае дэпрэсію: яна шчырая, шматфункцыянальная і з адной кнопкай. Націснуў – і ты герой.
Кажуць, што яна, іхная Дэпрэсія, лечыцца. А вось блюз вылечыць немагчыма, ён на ўсё жыццё.
Ненавіджу ныцікаў. Нацыкаў, канечне, больш, але ныцікі неяк бліжэйшыя.
Вось так начытаешся гэтага іхнага ныцця – і раптам разумееш, у чым адрозненне здаровага і дэпрэсіўнага маладога пакалення ад нашай нягеглай генерацыі.
Калі ў нас, прасці госпадзе, дэпрэсія і творчы крызіс, мы сціскаем зубы, маўчым і ўдаем, што ўсё ОК. Мы ўсміхаемся. Напіваемся. Ванітуем. Чапляемся – але не вешаемся. Мы жывучыя. Нас прывучылі, што ніякай дэпрэсіі не бывае, ёсць толькі блюз.
А вось калі ў гэтых сучасных маладых арганізмаў дэпрэсія і творчы крызіс, яны так і кажуць. Яны пра ўсё кажуць уголас!
Быццам дэпрэсія і творчы крызіс могуць быць апраўданнем.
Быццам гэта і праўда хвароба такая.
Быццам гэта тое, пра што можна гаварыць без сораму.
Знайшлі чым ганарыцца.
«І вось яны прывезлі сваю дэпрэсію і свой крызіс у Менск. Ну, так атрымалася – не ўсім жа везці ў Менск дэмакратыю. Дэпрэсія – як мэбля з ІКЕА: прывозіш па частках, збіраеш на месцы. З дэмакратыяй яно неяк цяжэй…»
Але гэтыя маладыя выраслі з перакананнем, што ўголас можна гаварыць пра ўсё на свеце. Пра месца пад сонцам і пра месячныя, пра славу і слабасць, пра творчы крызіс і казюркі ў носе. І пра дэпрэсію – вось пра што яны асабліва любяць пагаварыць.
«Ах, у мяне дэпрэсія… Падтрымайце мяне… Мне патрэбная псіхалагічная дапамога… Я нічога не магу, я ні на што не здатны(-ая)… У мяне ўсё жыццё дэпрэсія, моцы няма трываць…» «Усё жыццё» – так у іх, маладых, называецца два-тры месяцы іхнага толькі што аформленага існавання.
Так і хочацца сказаць кожнаму паасобку: ну дык ідзі і павесся, ануча. Дык не павесяцца ж. Напішуць, што ніхто не разумее іхнай цудоўнай дэпрэсіі, іхных велічных пакутаў, іхных прусакоў, іхнай няпростасці. Бо што такое выказаная публічна дэпрэсія, як не дэкларацыя ўласнай няпростасці, уласнай выключнасці.
У тупога быдла – бяздарная нуда, а ў маладых і творчых – яна, Яе Вялікасць Дэпрэсія. Дэпрэсія – самая вычварная форма снабізму.
Каб разабрацца, што такое мастацкая дэпрэсія, і заадно быць у курсе найноўшых тэндэнцый еўрапейскага ныцця, я надоечы не пашкадаваў два рублі і схадзіў на выставу Topp&Dubio пад назвай «0, 00» у галерэю «Ў». Выстава адчынілася на самым пачатку лета – у ныцікаў наогул нюх на садысцкія штучкі: не каб зімой свяціць сваімі нулямі, не, яны абіраюць лета, лета сапсаваць лягчэй. Наколькі я зразумеў, Topp&Dubio – гэта такі нідэрландскі мастацкі дуэт двух ныцікаў, які знаходзіцца ў глыбокім творчым крызісе і перманентнай дэпрэсіі. І вось яны прывезлі сваю дэпрэсію і свой крызіс у Менск. І ўжо тут сталі вырашаць, што з усім гэтым майном рабіць. Ну, так атрымалася – не ўсім жа везці ў Менск дэмакратыю. Дэпрэсія – як мэбля з ІКЕА: прывозіш па частках, збіраеш на месцы. З дэмакратыяй яно неяк цяжэй…
Выстава Topp&Dubio – гэта, калі хто яшчэ не бачыў, мноства выкладзеных на сталы круглых і авальных прадметаў. Дынамік, попельніца, ручны эспандэр, шыны, дыскі ды іншыя фіговіны. На сценах напісаныя розныя дэпрэсіўныя банальнасці, кшталту:
«Людзі, якія не ведаюць,
якога чорта яны робяць,
мусяць не стаяць на шляху тых,
хто ведае».
Я стаяў, учытваўся ў гэтыя залатыя словы і паціху пранікаўся да Topp&Dubio павагай. Яны прыехалі да нас у самы разгар сваёй дэпрэсіі і творчага крызісу. Прыехалі ў краіну, якая сама магла б падзяліцца гэткімі рэсурсамі з кім заўгодна. Але нідэрландскія мастакі не разгубіліся, сабраліся, набраліся смеласці: назапасілі кругляшоў, напісалі на сценах розныя сентэнцыі, павесілі фота, на якім мужык скідвае з балкону нешта круглае. Напэўна, свой творчы крызіс. А мог бы і сам выкінуцца. Але: 0,00. Усе жывыя і здаровыя. А вы кажаце: дэпрэсія…
Ёсць рэчы, якія ты мусіш зрабіць. Напрыклад, пражыць гэтае лета. Адтэрміноўкі не працуюць. Апраўданні не прымаюцца. Дэпрэсіі не лічацца. Лета – гэта проста яшчэ адзін круг.
Абавязкова пачытай папярэднія часткі праекту!
Самакаты з вуліцы Бразіл
Замест віншавання
Хто такі Джон Голт?
Асалода па-менску
Піць будзеш?
Anarchy in the РБ
Альгерд Бахарэвіч прымярае на сябе ролю рэвізора і наведвае кнігарню «Сон Гогаля» на вуліцы Леніна.
Перадапошняя серыя «Таемнага госця» – пісьменнік Альгерд Бахарэвіч адказвае ўсім крытыкам вуліцы Бразіл.
Апошняя калонка праекту «Таемны госць» – пра тое, якімі словамі выказваўся і чым падманваў нас Менск апошнія месяцы.
«Менскае лета – як сад сцяжынак, што разыходзяцца ўва ўсе бакі, і заблукаць у іх – абавязак кожнага культурнага чалавека». Новая калонка Альгерда Бахарэвіча.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
А калі ныцік гей?