Таемны госць: замест віншавання

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч працягвае на старонках 34mag разбірацца, як пачуваецца ў менскім леце 2016-га пакаленне тых, хто нарадзіўся ў 1990-ыя. У другім выпуску рубрыкі «Таемны госць» – «Дзявятая Мая», выстава Аляксея Талстова, пафас, ад якога не збегчы, і, вядома, Празнік, які заўсёды з табой.

 

«Дзявятая Мая» – неблагая назва для жаночай панк-групы. Калі б я быў жанчынай і граў панк-рок, я б так і назваўся. І пляваць, што ў Расіі ўжо ёсць гурт пад назвай «Восьмая Марта» – «Дзявятая Мая» гучыць не горш.

Мы мелі б дазвол на гастрольна-канцэртную дзейнасць, пісалі б (як гэта прынята ў беларускіх панкаў) філасофскія калонкі для «Советской Белоруссии», выступалі б у парку Горкага на Масленіцу і абавязкова паўдзельнічалі б у «Еўрабачанні».

І, можа быць, аднойчы нас нават запрасілі б пайграць на Дзень Перамогі перад Палацам спорту. «С вамі сегодня панк-группа “Девятая Майя!”». Мы апрануліся б параненымі санітаркамі – бінты, гімнасцёркі, калготкі набакір. І злабалі б ліхі кавэр на «Этот День Победы»: «С седіною на вісках!» – цягнулі б мы сваймі пісклявымі жаночымі галасамі ды тлумачылі абыякавай чэрні, «как в костре потухшем таял уголек». Галоўнае – трапіць у сэрцы, а не ў ноты, праўда?

І ўвесь Менск падпяваў бы нам. Увесь гэты чортаў горад – самы пафасны горад Еўропы. У топку Празніка прыдасца ўсё: галоўнае, каб дым пайшоў. Каб запахла чалавечынкай – пажадана, маладой і здаровай.

Ён і так пафасны, гэты горад, у любую пару года, але на пачатку траўня яго пафаснасць пачынае зашкальваць. У гэты час усё, за што б ён ні ўзяўся, робіцца быццам бы капслокам – некаторыя клавішы гэтага гораду безнадзейна заліпаюць, але ў рамонт Менск ужо не здасі. Не тая мадэль.

Кожны змагаецца з гэтай пафаснасцю па-свойму.

 

 

У мастака Аляксея Талстова, напрыклад, адчынілася выстава ў «Ў-падвале». На адкрыцці народ частавалі малаком. Выстава мае назву «Гэта так прыгожа!»: заходзіш усярэдзіну, а там, сярод афіцыёзных кветак і налітага ў крышталёвыя сасуды малака, кожную хвіліну гучыць уступная нота дзяржаўнага гімну. Брыммм! – і гэтая ўрачыстая нота павісае ў паветры, завершаная і самазадаволеная. Хочацца стаць навыцяжку або здзейсніць акт самаспалення: залежыць ад таго, колькі малака ты выпіў. Пратэст? Дэканструкцыя? Не! Малако скісне само. У кожным свяце – пах смерці, шашлыком яна пахне або малаком.

Іншыя ўцякаюць са сталіцы куды далей. Вызваляюць горад ад сваіх панурых пысаў. Быццам у Жлобіне, Лунінцы або якой-небудзь палескай вёсцы дзявятага траўня ніколі не надыдзе. Каляндар – апошні дыктатар Еўропы.

Трэція спрабуюць прымірыць пафас і ўласнае партфоліа. На дзявятым траўня таксама можна зарабіць.

Чацвертыя памінаюць продкаў, посцяць у фэйсбуку карцінкі або пішуць «Ніколі зноў». Для прытомнага люду дзявятага траўня – як дзяды або радаўніца. Або едуць у Вільню – дзе акурат напярэдадні ляніва шумелі дні Еўропы: тыя самыя песні, танцы, шашлыкі… Толькі пафасу было значна меней.

Пятыя…

А вось іх больш за ўсіх. Галоўныя аб’екты Празніка, усяядныя і ўсюдыісныя. Ні панкі, ні танкі, ні вальсы іх не бянтэжаць.

«У гэтай моладзі і праўда няма нічога святога. Нават нянавісць ім незнаёмая. На магічныя формулы дзяржавы яны проста паціскаюць плячыма»

Праўда, сёлета абышлося без танкаў. Затое ў нядзелю давялося назіраць святочны крэатыў ля Ратушы. Умоўна маладыя стрыжаныя патрыёты прапаноўвалі самотным дзяўчатам панасіць іх на руках. Калі якая адмаўлялася, яе бралі гвалтам. Пераможцам можна ўсё – як і іхным праўнукам.

Дзяўчаты вырываліся. Чамусьці ім не падабаўся крэатыўчык. Патрыёты не здаваліся і патрабавалі ад непакорлівых выканаць іхны грамадзянскі доўг.

Збоку ўсё выглядала як спланаваны перформанс – няйнакш нейкая маладзёжная арганізацыя вырашыла дадаць навізны ў святкаванне. А, можа, гэта госці сталіцы знаёмілі менчукоў са сваймі экзатычнымі «пабеднымі» традыцыямі? Мянчанкі не ацанілі – вось гаўнючкі. Скончылася ўсё ўмяшальніцтвам слаўнай менскай міліцыі, якая паставілася да сітуацыі на дзіва памяркоўна. Празнік усё ж.

Празнікі трэба перацярпець, як стыхію. Іх нельга прымаць блізка да сэрца. Калі гэтага не зрабіць, іхны пустаслоўны пафас накрые цябе – успрымаючы пафас сур’ёзна, ты сам пачынаеш гаварыць на яго мове.

Мяне даўно цікавіць пытанне: як жывуць з усім гэтым людзі, народжаныя на пачатку 90-ых?

 

 

Як ім удаецца не трапляць ні ў першыя, ні ў пятыя, ні ў дзясятыя – а захоўваць спакой і жыць як ні ў чым не бывала? Кожны год на пачатку траўня ці ліпеня заставацца сабой і трымацца ад пафасу на такой адлегласці, каб ні дым шашлыка не далятаў, ні «смуглянка-малдаванка» не даставала? Як?

Некалі я назваў іх «дзецьмі Лукашэнкі». Можа, і занадта рэзка, але ў нечым гэта праўда. Бо іншай Беларусі яны не бачылі – і таму адразу ж, з малаком маці засвоілі правілы гульні. Канфармісты ад нараджэння, падрыхтаваныя да абсурду і выхаваныя ў ім, яны неяк выгадаваліся на гэтым дэмісезонным пафасе і ацалелі. А мусілі змагацца, пратэставаць ці хаця б цешыць сябе ціхім сабатажам. Ім павінна было балець – а яны радуюцца.

Радуюцца, блін. І бягуць ад любых ідэяў ды ідэалогіяў. Яны не пярэчаць, яны прарастаюць скрозь Празнікі і рытуалы і застаюцца там, дзе ўчора баляваў чарговы Празнік. Не ўцякаюць.

Ім нават не прыходзіць у галаву іранізаваць з прапагандысцкіх рытуалаў, зарганізаваных для іх клапатліваю дзяржавай. Як можна іранізаваць з дажджу або камароў? Падаецца, яно, гэтае пакаленне, уключыла Празнікі ў сваё прыроднае асяроддзе – і зрабіла іх часткай сваёй штодзённасці. Дзявятага мая, што адгукнецца трэцім ліпеня, – як даты ў народным календары, дні святых, імёны якіх ужо нічога не значаць.

У гэтай моладзі і праўда няма нічога святога. Нават нянавісць ім незнаёмая. На магічныя формулы дзяржавы яны проста паціскаюць плячыма. Апалітычнае пакаленне, так – але першае, для якога свет не складаецца з Беларусі ды нейкай там заграніцы. Першае, загартаванае несвабодай настолькі, каб не звяртаць увагі на яе заклёны і перасцярогі. Першае, для якога дзявятага траўня – гэта проста гісторыя і трохі вулічнага шуму.

Пафас вечных Празнікаў не псуе ім ні вясны, ні лета, яны жывуць так, быццам салюты і вальсы грымяць недзе далёка, за кальцавой дарогай, і «уголькі тают» зусім не для іх.

 


КАМЕНТАРЫ (2)

Комаров
Комаров | 11.05.2016 19:29

Пафоса везде хватает, что у немцев, что у голландцев, что у индусов. что, Украина не пафосная? Так что мы тут не одиноки. Флаги только разные, а на деле - выходные это святое.

3 1 +2
Пільны
Пільны | 11.05.2016 14:20

Альгерд, вы самі адказваецце на ваша пытанне, як жыць з гэтай рэчаіснасцю: «Празнікі трэба перацярпець, як стыхію. Іх нельга прымаць блізка да сэрца. Калі гэтага не зрабіць, іхны пустаслоўны пафас накрые цябе – успрымаючы пафас сур’ёзна, ты сам пачынаеш гаварыць на яго мове». Рэжым як стыхія: як сыры клімат у Пецярбургу ці спёка ў Абу-Дабі. Рэалізаваць сябе можна і пры плюс сарака.

5 0 +5