Таемны госць: асалода па-менску

«Таемны госць» Альгерда Бахарэвіча, выпуск чацвёрты. Ноч музеяў, шчаслівы травень і горад Менск, жыхары якога нарэшце пачынаюць любіць сябе.

 

У суботу на экскурсію Адама Глобуса па літаратурным Менску сабралася чалавек сто.
А, можа, і сто пяцьдзясят, я не лічыў.

Сто пяцьдзясят юных душаў, гледзячы на якіх і не скажаш, што ў тым раі, куды яны некалі трапяць, будзе бібліятэка. Сто пяцьдзясят модна апранутых маладых менчукоў і менчучак, якія заварожана слухалі камічныя і містычныя гісторыі пра даўно памерлых пісьменнікаў. Боўтаючыся разам з моладдзю ў цёплай цемры, я думаў пра тое, што ведаю ў гэтым натоўпе хіба чалавек шэсць, не лічачы экскурсавода. А астатнія – хто? Што яны тут забылі?

Што ім той Караткевіч, тыя Вера Маркава з Лесяй Украінкай? Што ім гэтыя кніжкі, вуліцы, дамы, вокны ў забыты ўсімі свет?

Эта што, па-вашаму, суботні оддых? Ідзіце і думайце, как зарабляць свае дзеньгі!

А яны ўсё не адстаюць. Ловяць кожнае слова. Аж гідка робіцца.

Не, у іхным узросце мы былі не такія.

У іхным узросце нам было напляваць, дзе мы і хто мы. Нарадзіўся – жыві, як напісаў адзін паэт. Горад існаваў толькі ў канкрэтным сённяшнім дні, як мятлік. Гэта потым ужо, пачытаўшы кніжкі, мы адкрывалі ў сабе менчукоў. І вакол нас вырастала поўнае таямніцаў нашае Места.

А гэтыя прыйшлі на ўсё гатовае. Вось у іх, бачыце вы, Ноч музеяў… Хочаш – гістарычны, хочаш – мастацкі, хочаш – ВАВ, а не хочаш: каля музею Янкі Купалы прапануюць няўежныя музычныя хот-догі, слухай і танчы, хоць падавіся.

А яны ходзяць па Менску за Глобусам, сочаць за ягонымі рухамі, слухаюць пра кніжкі, якіх даўно ніхто не чытае. Пакаленне слухачоў. Генерацыя візуалаў.

«Любы горад, аднойчы назваўшыся горадам, робіцца вечным, нават Салігорск»

Вядома, мы гадаваліся ў савецкай правінцыі. А яны – у сталіцы суверэннай дзяржавы. Нам трэба было самім дарасці да адчування, што гэта наш горад, а іх… А іх падсадзілі. На Менск, на гісторыю, на ўсведамленне сябе як жыхароў вечнага гораду – бо любы горад, аднойчы назваўшыся горадам, робіцца вечным, нават Салігорск.

Мы ішлі ад тэатру Янкі Купалы да Дому афіцэраў, а адтуль доўгімі чародамі праз парк на вуліцу Фрунзэ. Наперадзе натоўпу з ліхтаром у руках крочыў сам Глобус, падобны да гамельнскага дудачніка, які вырашыў звесці з гораду ўсіх дзяцей. Ведаеце гэтую нямецкую легенду? І, як тыя дзеці, экскурсанты пакорліва крочылі за Глобусам па менскіх вуліцах, усё далей і далей ад цэнтру. Падавалася, зараз з травеньскага вечара, з зараснікаў чаромхі і бэзу пачуюцца галасы іхных бацькоў: «Сярожа! Танечка! Ванюша! Дзе вы? А ну дамоў!». А яны ў адказ: «Можна, мы яшчэ трошкі пагуляем у менчукоў?».

Можна. Трэба.

А цяпер бадай пра галоўнае.

Менск маладзее. І гэта адчуваецца не толькі калі выходзіш з «Беларусбанку» з яго чэргамі на сто пяцьдзясят пенсіянерак. Моладзь імкліва асвойвае гэты горад і робіць яго сваім. Вуліца за вуліцай нехаця, але здаюцца на літасць пераможцаў. Што ні кажы, а Менск ужо дастаткова стары, каб адчуць сябе маладым.

 

 

А быць маладым – значыць адкрываць для сябе ўсё новыя і новыя задавальненні. Пашыраць іх межы і цаніць асалоду. Калі мне было 25, я ганяўся па Менску ў яе пошуках – і выціснуць штосьці з гэтага панылага гораду было рэдкай удачай. Менск ганарыўся сваёй старасцю і слядамі пластычнай хірургіі на сваім разарваным і сшытым наноў целе. Тут можна было быць мастаком, фрыкам, спеваком або паэтам – але ў аснове гэтага заўжды была спецыфічная менская дэпрэсія. Ніякай радасці – толькі тая, якую ты сам для сябе прыдумаў.

Сапраўды, сталася так, што Менск ніколі нельга было назваць горадам задавальненняў. Ён заўжды быў, хутчэй, месцам пакуты і змагання. Суворым горадам, строгім, як сувораўская вучэльня, жыць у ім заўжды значыла выжываць. Якая ўжо тут асалода… Менск як Спарта, Менск як жорсткі від спорту, у якім перамагаюць самыя загартаваныя. І, вядома, тыя, хто ўмее прыстасоўвацца – гэта быў горад канфармістаў, горад слуг. Часам слугі бунтавалі, часам тут лілася кроў, але нават бунт наўрад ці мае нешта агульнае з задавальненнем.

Менск быў горадам, жыхары якога не любяць сябе. Не любяць і, на жаль, не паважаюць. Кожны мянчук старэйшага веку скажа, што любіць сябе непрыстойна, што трэба быць непрыкметным, ціхім, сціплым і не вытыркацца. Ад гэтай нелюбові ды непавагі жыхароў да сябе горад пацярпеў не менш, чым ад нацысцкіх бамбаванняў, камуністычных эксперыментаў і лукашэнкаўскіх навабудаў.

«У траўні па Менску трэба гуляць пехатой. Быць самому сабе экскурсаводам і экскурсантам»

І вось, падаецца, час надышоў. Няўжо і праўда тут навучыліся любіць сябе і Менск нарэшце адчуе задавальненне?

Экскурсіі па ўласным горадзе, які ты не ведаеш, – знак любові да сябе. Кожны наш выхад з дому – і ёсць экскурсія ў невядомае, бо гэты горад занадта доўга сам сябе гідзіўся і ненавідзеў.

Задавальненне блізка, працягні руку – і дастанеш. Каб атрымаць яго напоўніцу, трэба крыху распрануцца. Скінуць лішняе, распрастаць спіну, адчуць, што лета не за гарамі, а за паркам Горкага, што яно ўжо тут. Выгуляць кашулю з віленскага сэканд-хэнду або новую сукенку – гэта ганаровае права менчука на асалоду.

У траўні па Менску трэба гуляць пехатой. Быць самому сабе экскурсаводам і экскурсантам.

Выйсці з дому позна ўвечары, зазірнуць у агністыя вочы Менску, лавіць голай скурай іх іскры, ныраць у паркі, вынырваць у кавярнях і адчуваць, што ўсё гэта можа і мусіць радаваць.

У кожнага гораду – сваё вычварэнне і свая асалода. Асалода па-менску – гэта летняя ноч, калі кожны твой крок адгукаецца ў гісторыі гэтага места, і ты разумееш, што ты не ведаў пра яго нічога, а яно ведае пра цябе ўсё.

 

 

Фота by palasatka і poliakowa

 


КАМЕНТАРЫ (1)

Adam Hlobus | 2016-05-25 15:52:57

Нечаканая шматлюднасць крыху напружвала, але мы ўсё ж прайшлі ад зачыненай да адчыненай кнігарні і не пагубляліся… Дзякуй за падтрымку!

18 0 +18
Адказаць

КАМЕНТАВАЦЬ