Шабаш #3: 21vek і падрыхтоўка да SPRAVA
- Рубрыка: ШАБАШ
- 04.07.2018
- 5051
Першыя ліпеньскія выходныя запомніліся нашым сябрам не парадам, а фестывалямі, падрыхтоўкай да фестываляў і легендарнай п*дарскай вечарынкай.
Аня Жданава
Даведаўшыся, што плануецца фестываль 21vek, я ўзрадавалася лайнапу і кошту і купіла білет за пару месяцаў. У мяне былі некаторыя чаканні: пагрэцца на траўцы, пабадзяцца па тэрыторыі закрытага аэрапорта, зрабіць некалькі сэлфі на фоне радасных сонечных мардашак і выканаўцаў.
Але нешта пайшло не так, калі я даведалася прагноз надвор'я на першае ліпеня. Я выкарыстала сваю любімую рэакцыю «ану пройдзе» і не думала аб гэтым да апошняга. Іншага роду абурэнне выклікала палітыка фестывалю з аднаразовымі пасамі і дзіўнай чарговасцю выканаўцаў. Не люблю, калі з людзьмі абыходзяцца так. Калі білет каштуе 21 рубель – гэта не падстава быць негуманнымі. У нас у краіне гэтага часта не разумеюць, адсюль шмат праблем.
Думала аб сустрэчы з Земфірай як аб нечым вінтажным і асабістым. У апошні раз была на яе канцэрце ў 2010 годзе, і тады яна была не ў лепшым стане духу. Гэта быў яе перыяд самавітай рок-зоркі: «Вы ўсе вакол – go fuck yourself». Хіба што зэдлічкамі не кідалася. Такую Земфіру я калісьці любіла і хацела ўбачыць – калючай і з надрывам.
Яшчэ я хацела на «Дэльфіна». І, можа, на LP. І Therr Maitz, калі пашанцуе. Сама думка «калі пашанцуе» суправаджала мяне ад першага кроку ў лужыну красоўкам і да позняга вечара, пакуль я не ўварвалася ў дом, прамоклая да ніткі.
Спачатку доўга пялілася ў акенца і на «Дэльфіна» ў выніку не пайшла. Мы з сяброўкай доўга разгойдваліся, потым набылі дажджавікі, рванулі на фэст і паспелі да пачатку Therr Maitz. Бяляеў быў нядрэнны ў дыялогах з публікай, хоць я звычайна гэтага не люблю. Рудая вакалістка прыгожая сама па сабе, а гітарыст Мікалай пацешна глядзеўся ў ролі музычнага генія другога плана. Атрымаўся вельмі дзёрзкі музычны кактэйль, а сама група выявілася вельмі згулянай і здольнай разагнаць просты радок «I feel good tonight» да 15-хвіліннага джэму з выхадам у катарсіс.
З забавак: выпіла піва з дажджом, з'ела пластыкавы хот-дог, сустрэла парачку непазнавальных знаёмых і пастаяла ў чарзе ў слізкі біятуалет. Усе чакалі выхаду багіні.
Земфіра праспявала пару песень, а я падумала, што мяне трошкі надурылі. Вывераныя аранжыроўкі, лёгкія, дзесьці нават банальныя, зробленыя ў кампаніі фрэш банды. І папуры, якое слізгала з адной песні ў іншую. Падобна, фестывальны фармат для музыкаў узроўню Земфіры дазваляе ім не падлашчвацца з эмоцыямі, не агаляць душу, а проста адпрацоўваць. І гэтая думка прайшла міма мяне, калі я купляла ў парывах радасці білет.
«Хочаш эмоцый? Ідзі на сольны канцэрт, Жданава!» – сказала сяброўка. Згодная, што ўжо тут.
А калі Рамазанава закруцілася ў расійскі сцяг, я проста яе па-чалавечы зразумела: усё ж такі яна ўжо нікому нічога не павінна. А свае ўспаміны, звязаныя з яе песнямі і касетнымі плэерамі, засуну-ка я сабе глыбей. Дождж акампанаваў пафасным думкам, але падчас «Жить в твоей голове» ён быў добрым, быццам па замове.
Мяне б наогул многае задавальняла, калі б не дождж. Было вельмі холадна, усё адцягвала ад музыкі. Ну і галоўная нялюдскасць фестывалю – аднаразовыя пасы (я ўжо казала, але паўтаруся). Калі б не яны, я б і «Дэльфіна» паслухала, пагрэлася і вярнулася зноў. Упэўненая, так хацелі зрабіць многія. Я пабыла ў аэрапорце каля двух гадзін, на LP не засталася. Радасныя эмоцыі заканчваліся, пальцы распухалі, як сасіскі, ад халадовай алергіі і дажджавой вады. Бруд пад нагамі, кітайскія дажджавікі, чужыя парасоны ў вочы, слізкае ўсё змазвала цудоўнае.
Наогул я рада, што лета такое фестывальнае, але мне хочацца, каб арганізатары думалі не толькі пра грошы, але і пра людзей. Мне ў беларускіх івэнтах гэтага часта не хапае.
Мацей Сабураў
рэжысёр, суарганізатар фестывалю SPRAVA
Раніца суботы выдалася пахмурнай і халоднай. З цяжкасцю падпарадкоўваючыся ўласнаручна створанаму штодзённаму рытуалу ранішняга заплыву, я ўзяў кубак кавы і паплёўся на пірс. Трохі разагрэўся, зрабіўшы зарадку, сабраўся з сіламі і нырнуў.
Ненавіджу душ, а ваду люблю. Усім целам імгненна перамяшчаешся з дрымоты ў няспанне. Нібы адкрываеш шампанскае, нібы... Стоп, хопіць! Кава, цыгарэта і дадому.
Потым трэба было зрабіць відэа для сацсетак фестывалю. У гэтым годзе намі знойдзена, па-мойму, выдатная фармулёўка – «Фестываль месца».
Вечар. Прыехаў Захар – брыгадзір будаўнікоў на фестывалі. Прывёз старое нямецкае фартэпіяна ад Андрэя Дубініна – яно спатрэбіцца для другога дня фэсту, калі будзе граць класічная музыка. Увесь вечар ля вогнішча абмяркоўвалі будаўніцтва фестывальнага пляжу.
Нядзеля. Дасталі з Захарам з нетраў гаража «запарожац». 7 гадоў таму ён быў галоўным героем кліпа , а сёння нямоглы і стары. Дзякуючы Захару ён яшчэ пабегае па фестывальным паўвостраве, парадуецца і парадуе.
Увесь дзень круцілі гайкі, а да вечара загрузілі «запарожац» у мікрааўтобус. Захар павёз яго да сябе ў майстэрню ў Менску, каб зрабіць з яго памаладзелы арт-праект і вярнуць у Белую Царкву.
І так дзень за днём. Яшчэ цэлы месяц у нас адна тэма – SPRAVA.
Аляксандр Карнейчук
галоўны рэдактар 34mag
Гэтыя доўгія выходныя, як і ўсе сёлетнія чэрвеньскія, я правёў у вёсцы, у хаце, якую мы набылі з жонкай месяц таму. Гэта здарылася знянацку. Мы падшуквалі, куды нам уцякаць з горада летам, але ўсе сямейныя сядзібы былі разабраныя сваякамі, а на ўсялякія санаторыі не хапіла б ніякай цярпімасці, таму вырашылі купіць сваё жыллё і пасля беглага агляду прапаноў спыніліся на першай. З’ездзілі, паглядзелі – і ўжо праз тыдзень прадзіраліся праз гушчар у персанальным ляску.
Хата наша размяшчаецца ў невялікай вёсцы на 70 дамоў, вакол – некалькі карэнных суседзяў, астатнія надзелы аблюбаваныя дачнікамі. І вось пасля пары наездаў уся акруга ведала, што ў вёсцы з’явіліся новенькія. І пацягнулася чарада цікаўных. То, як у навелах Кінга, вырасце сілуэт мясцовага прапойцы Дзімкі на ганку, то малы Дзяніска бяжыць знаёміцца са жменяй размарыну, то дачнік Глеб успамінае, як гарэла твая хата. А ты быццам зайшоў у кантору мясцовай нябачнай рэдакцыі і даведаўся ўсе апошнія навіны: чыя жонка сышла ў секту, хто мае самагонны заводзік і ў які колер сёлета модна фарбаваць плот.
Дзе-дзе, а ў вёсцы як ніколі патрэбна мастацтва смол-токаў. Пажадана, каб у цябе былі напагатове гісторыі для прадавачкі пра апошнія перамяшчэнні суседзяў, некалькі кур’ёзаў з жыцця для суседкі і філасофскія назіранні за надвор’ем для спадара Антося. А ўзамен ты атрымліваеш шчырага слухача, неадступнага дарадчыка і чалавека, для якога ты маеш бачнае значэнне, а не з’яўляешся няяснай постаццю на пешаходным пераходзе ля метро.
Уладзімір Булаўскі
Гэтыя выходныя ў Віцебску мы жылі новым фэстам Kartonka, які рабілі 2 ліпеня першы раз. Але 30-га паспеў вырвацца на фестываль «Наш дзень» у Менск разам з Akute. Увогуле з гуртом атрымалася адыграць 3 фэсты за 2 дні – ідзем на рэкорд! На «Нашым дні» было настолькі сяброў і знаёмых, што ўзнікла ўражанне нейкага карпаратыўнага свята ці вяселля з усімі выцякаючымі. Парадавала зона НДА, дзе і мы выставілі сваю шыльду vitebsk4.me і збіралі водгукі пра Віцебск. Самымі актыўнымі былі людзі за 40 год, якія з цеплынёй узгадвалі сваё студэнцкае юнацтва.
Усю нядзелю рыхтавалі лакацыю да Kartonka – а гэта 1500 кв.м. карданажнага камбінату непадалёк ад цэнтру. Галоўная выснова з перажытага – усё варта рабіць СВОЕЧАСОВА і ЗАГАДЗЯ. Праз затрымкі ў дастаўках абсталявання фэст мы пачалі з двухгадзінным спазненнем, на што атрымалі шмат негатыўных водгукаў ад першых наведнікаў. Канешне, пад вечар усе разгарачыліся, што і не дзіўна з такім лайнапам. Але асадачак застаўся. Таму планаваць наступны фестываль і рыхтавацца да яго мы пачынаем ужо зараз. У цэлым першы бясплатны фэст Kartonka наведала больш за 2000 чалавек – паглядзім, колькі прыйдзе, калі зробім мінімальны платны ўваход.
Зранку трэцяга ліпеня схадзіў на Плошчу Перамогі, дзе планаваліся асноўныя актыўнасці да Дня Непазбежнасці (закрэслена) Незалежнасці Беларусі. Пабачыў, як ішла падрыхтоўка да параду. Большасць актыўных дзеянняў была накіраваная на назіранне за небам, якое абяцала, што ўсё пройдзе мокра, – у выніку так і было (а можа, так і трэба). Вечаровы салют з майго раёна больш нагадваў гукі навальніцы. Адразу падумалася: «Вось бы тыя затрачаныя сродкі нам на Kartonka – пашумелі б».
Чатыры дні каляндарных выходных у гэты раз прайшлі максімальна ў працы, а гэта азначае, што далей можна крыху выдыхнуць і рыхтавацца да фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Вось дзе пройдзе «Славянскі базар» здаровага чалавека.
Маша Пархімчык
журналістка 34 Media
У пятніцу я была на вечарыне ў «Маладосці». Каб патрапіць на яе бясплатна, трэба было сказаць на камеру: «Я – п*дар». Так склалася, што па жыцці я хаджу толькі на бясплатныя івэнты, да таго ж я п*дар. Карацей, заставалася выбраць мінімальна дзіравыя красоўкі, выпіць піва «Па акцыі» і дайсці да месца.
За івэнт адказвала зусім неадэкватная кантора «Дарагая рэдакцыя», таму я была ўпэўненая ў тым, што мяне чакае ноч якаснай х*йні. З дзікімі танцамі ў атачэнні потных целаў, бамбезнай музыкай, набегамі на «Рублёўскі», світаннем пад сасісачнай на Зыбе і салодкім сном у цягніку метро.
У гэты раз «Рэдакцыя» салідарызіравалася з праектам «Справа Пі», які выступае супраць любой гамафобнай чэрні. Абвяшчаючы сябе п*дарамі на камеру, госці вечарыны адціскалі ў цемрашалаў слова, якое апошнія выкарыстоўваюць як зброю. Забіраць зброю заўсёды весела, да таго ж і слова гучнае-смачнае, хочацца захаваць яго для сябе, як прыгожы цацачны пісталецік.
Было супер тусіць з сябрамі, знаёміцца, абдымацца, цалавацца – атрымліваць асалоду ад непадробных эмоцый. Абсалютнае шчасце – адчуваць сябе абсалютна сваёй, ну, быццам адкрылася сакрэтная дзверца ў дзівосны свет, дзе каштоўны кожны і кожная. Дзе няма міліцыі, якая тлумачыць некаму, што я «обесцениваю истину» і кудысьці «не пройду».
На памяць ад вечара застаўся бранзалет «Я підар, значыць існую». То сапраўды.
Фота – з уласных архiваў герояў, Мiхаiл Мiхайлаў