Распавядзі, што за выстава будзе ў Менску, у якой тэхніцы створаныя працы?
Фармат досыць стандартны для выставы: гэта палотны, тыражная графіка, то бок надрукаваныя шаўкаграфіяй постэры. З канца жніўня–пачатку верасня мінулага года я пачаў маляваць палотны акрылам. І з сябрамі мы пачалі рабіць шаўкаграфію. Гэта мы і прэзентуем на выставах у Маскве, Піцеры, Нью-Ёрку, а цяпер – у Менску.
Як ты прыйшоў да гэтага фармату ад лічбавага?
Неяк незаўважна. Ніхто гэтага не зразумеў, я сам гэтага не зразумеў. Дасюль не ўсвядоміў. І нават не ведаю, наколькі гэта правільны крок. І ніхто не ведае. Гэта ж сон.
Проста пацягнулася рука за пэндзлем?
Былі розныя прычыны і перадумовы. Насамрэч, даўно хацелася трапіць у галерэйную прастору. Расійскія рэаліі такія, што ёсць некаторая зашоранасць у арт-прасторах, у галовах людзей, што ў гэтых тусоўках. Для іх дыджытал-фармат і дыджытал-прынты не маюць месца быць. Дакладней, маюць, але па-за галерэямі, бо не нясуць ніякай мастацкай каштоўнасці, на іхнае меркаванне. Што, вядома, суцэльная лухта, і сусветныя тэндэнцыі гэта даказваюць. Таму я паспрабаваў сябе ў іншым фармаце, і першая выстава паказала, што акей, гэта мне ў прынцыпе ўласціва.
А чаму так хацелася ў галерэі трапіць?
Дык усё проста. На іншую аўдыторыю. Паглядзець, наколькі гэта жыццяздольнае ў гэтай прасторы і гэтым фармаце. Бо дыджытал, як і любая форма, мае свае абмежаванні. Калі ў Расіі дыджытал-фармат не прымаецца ў якасці гэтак званага мастацтва, то даводзіцца неяк выкручвацца. Пры гэтым інтэрнэт нікуды не падзеўся, ёсць інстаграм, фэйсбук, усялякія блогі. Яно проста паралельна існуе.
Ёсць амбіцыя мастаком звацца і прысвяціць гэтаму жыццё?
Далёка капаеш – я так далёка не гляджу. Не загадваю я! Займаюся ў гэты момант тым, што мне падабаецца, і заўсёды намагаўся гэта рабіць.
Але калі проста «ствараць», то доўга на гэтым не пражывеш у нашым рэгіёне...
Гэта ж не адмяняе камерцыйных праектаў, якія паралельна існуюць. Але яны звязаныя з выяўленчымі штукамі таксама. У тым ліку кліпы, якія я рабіў для «Мумий Тролля». Хоць гэта і калаб, усё роўна камерцыйны праект. Так што ўсё нармалёва, усе ядуць, грэчка, катлетка – усё ёсць.
«Так што ўсё нармалёва, грэчка, катлетка – усё ёсць»
А як прайшла выстава ў Нью-Ёрку? Якія ўражанні ад галерэі ды аўдыторыі?
Добра было, нічога асаблівага. Усе тыя ж людзі, толькі размаўляюць на іншай мове. Ёсць старыя людзі, ёсць маладыя людзі, ёсць жывёліны, сцены белыя, карціны вісяць. Усё тое ж самае. Адзінае, што нейкія яны е**нутыя. Тусоўка, людзі ходзяць, цікавяцца. Вось у Піцеры быў вельмі смешны чувак. Дарослы дзядзька з барадою падышоў да мяне і пачаў расказваць, пра што мае карціны. Гэта было клёва! Я такога чакаю ад людзей, гэта класна! І ён так ладна ўсё распавядаў, я аж афігеў.
Супала з тваім бачаннем?
Можа, і не супала, але гэта было яшчэ адное прачытанне. Гэта, можа, нават больш крута, чым проста ўкладаць чалавеку, маўляў, вось так і гэтак. Людзі глядзяць, нешта сабе прыдумляюць, я ж кажу, гэта як сон. Там жа таксама не зразумееш, што адбываецца наагул.
Распавядзі ўсё ж такі, што такое «Дыскамфорт». Штодзённасць гэта ўсё ж такі надзейна і зразумела, або гэта руціна, якая прыносіць дыскамфорт і ад якой хочацца збегчы?
Мне падаецца, гэта адное і тое ж. Гэта два бакі аднаго медаля. Так класна пасядзець дома на канапе, перад тэлевізарам. Любяць гэта людзі. Гэта і штодзённасць, і руціна адначасова. І камусьці камфортна, ён сядзіць і хоча сядзець, а нехта хоча вырвацца. Камусьці камфортна, але ён не разумее, што яму трэба вырвацца. У гэтым камфорце хаваецца дыскамфорт. Там шмат прачытанняў гэтага можа быць.
А, калі заходзіць з боку стылістыкі, раскажы, што на цябе ўплывае, што натхняе?
Калі казаць максімальна проста, то гэта можна апісаць словамі «сюррэалістычны поп-арт». А ўплывае шмат розных рэчаў: жыццё нашае няпростае. Ці простае. У каго якое. Па сутнасці, уплывае ўсё, што ты бачыш. Усялякія мёртвыя людзі, мёртвыя ў добрым сэнсе. Добрыя чувакі, якія былі, – артысты, мастакі. Чаму я кажу «мёртвыя»? Бо яны сапраўды мерцвякі, маць іх! Сучасныя мне падабаюцца нейкія рабяты, але як іх можна раўняць – не зразумела. Неабходна даць ім час, каб яны столькі ж пратрымаліся, тады можна будзе іх раўняць. Я магу назваць імёны, але я не ведаю, у якой ступені яны ўплываюць. Ты глядзіш усе гэтыя фільмы, кнігу чытаеш, ютуб глядзіш, тупы смешны ролік. Я ўчора прачнуўся, і мне ў галаву прыйшла карцінка, я яе зафіксаваў у якасці эскізу. Практычна ў сне. Мне падабаюцца мастакі японскія старыя. Я кажу «мастакі», але па факце яны нешта сярэдняе паміж мастакамі і дызайнерамі. Яны рабілі ўсялякія дызайны, афармленні, плакаты, вокладкі кніг. Гэта ўсё як твор мастацтва, а, можа, нават лепей за тыя творы, што вісяць у галерэях. Японцы – гэта першае, на што натыкаешся, калі пачынаеш шукаць нешта ў гэтым кірунку: Tadanori Yokoo, Kazumasa Nagai, Ikko Tanaka, Shigeo Fukuda, Toshio Saeki. Не ведаю, можа, таму, што я з Далёкага Усходу, азіяцкая культура блізкая мне.
А можна падрабязней, не адчуваеш сябе да канца рускім чалавекам?
Ды не, рускі я! А хто такі рускі чалавек? Вось гэта цікава! Не ведаю, я адчуваю сябе проста чалавекам. Часам, жывёлінаю. Люблю сабак, ведаеш.
А коцікаў?
Апошнім часам усё больш і больш. Але ў мяне на іх алергія. Таму я не магу іх да канца палюбіць, як трэба.
Ты кажаш, што цябе натхняе эстэтыка 90-ых...
А каго ж яна не натхняе, хто жыў у 90-ыя? Проста гэта як з музыкаю, як з усім. Усё, што табе падабалася ў дзяцінстве, у юнацтве – гэта потым самыя крутыя рэчы, якія на цябе ўплываюць. І падабаюцца табе, умоўна кажучы, да канца жыцця. Прынамсі ты іх паважаеш. Так ці іначай, яны на мяне паўплывалі і ўплываюць дагэтуль.
«Музыка лепшая за карцінкі! Лепей нават, чым быць Андрэем!»
Можа быць, раскажаш пра паходжанне слова «флаконкишочки»?
Гэтая гісторыя, як усе мае гісторыі, нічым не сканчаецца. Проста вельмі даўно ў дзяцінстве мы з маім сябрам прыдумлялі смешныя прозвішчы. Вось такое прозвішча з’явілася. Тады нам падавалася гэта вельмі смешным. Цяпер гэта, вядома, тупа. Але што я магу зрабіць? Калі я пачаў маляваць ужо тут, у Маскве, мне трэба было кудысьці выкласці мае малюнкі, партфоліа. І трэба было нейкі нікнэйм прыдумаць. І гэта першае, што прыйшло ў галаву.
Ты зусім адышоў ад музыкі. Выяўленчая форма бліжэйшая?
Можа, і так. Хоць я дагэтуль лічу, што музыка – гэта найлепшая форма з мастацтваў.
Лепшая за карцінкі?
Вядома! Лепей, чым быць Андрэем!
Польскі фатограф Караль Грыгорук – пра асноўныя прынцыпы стрыт-фота, неабходныя тэхнічныя веды, натхненне і візуальнае лайно.
Гуру фупрэматызму Максім Швед – пра тое, як пераўтварыць беларускую паказуху ў мастэрпісы сучаснага мастацтва.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (2)
О ужас, какими только глупостями не занимаются люди в наше время от безделья.
Кайф!