«Корпус» 2.0. Перазагрузка
- 01.02.2018
- 13408
«Корпусу» – год! Гісторыю крэатыўнай пляцоўкі па адрасе праспект Машэрава 9/8 можна падзяліць на два сезоны: у 2016 годзе тут з'явіўся «Корпус 8» і пражыў год у агоніі, а ў пачатку 2017-га прастора змянілася і стала называцца «Культ. цэнтр “Корпус”». Са зменай уладальнікаў месца стала прыцягальнай кропкай для творчай тусоўкі, актывістаў, багемы і ўсіх неабыякавых людзей. За 2017 год сцены «Корпуса» прынялі як мінімум 36 тысяч чалавек падчас 128 запланаваных мерапрыемстваў і іншых сабантуяў. Фіксуем росквіт гэтага культавага культурнага месца.
Каманда
Аляксандр Багданаў aka Papa Bo
Арт-дырэктар. Адказвае за музычны складнік. Прыдумляе канцэпты фестываляў, вядзе перамовы. Мые падлогі. Дыджэй і па сумяшчальніцтве – тэхнік. Часта сам грае на мерапрыемствах – як на табурэце, так і без яго. Выдатны канферансье. Кажуць, вельмі добры.
Маша Значонак
Дырэктарка. Займаецца працай з партнёрамі, праектамі, усімі ўзгадненнямі. Залівае каток, мые падлогі. Самая дзелавітая ў камандзе, марыць глабальна. Дэвіз: «Рабі – будзе».
Аня Дапшэвічутэ aka Дапш
Ідэолаг на прадпрыемстве. Працуе са СМІ, валанцёрамі і партнёрамі. Апісвае дзейнасць, праводзіць экалагічную палітыку. Курыруе цыкл мерапрыемстваў «Корпус говорит», мые падлогі і залівае каток. Засяроджванне спакою.
Света Гатальская
Дызайнерка. Адказвае за SMM і адміністратарскія функцыі. Таксама ўключаная ў праектную дзейнасць. Як бачыш, усё займаюцца праектамі (і мыюць падлогі). Repair Cafe – ідэя Светы. Рагатушка з бліскучымі вачамі.
Славік
Бармэн. Пакуль бар працуе ў сціснутым фармаце, але хутка будзе пашырацца (чытай далей). Кодавае імя Славіка – «Ружовы». Сціплы і маўклівы.
Сутнасць «Корпуса»
Цяпер «Корпус» – гэта практычна ўся прастора на першым паверсе будынка за выключэннем пары крам. Тут ёсць сцэна, выставачная прастора, невялічкі бар і прасторны кабінет з шыльдачкай «Дырэкцыя», дзе мы і адасабляемся. Рабятам нават не трэба задаваць пытанняў – яны самі з запалам выплюхваюць усе свае падставы для гонару.
Papa Bo: У студзені 2017 года мы з Машай зайшлі ў пустое, цёмнае, сырое памяшканне і пачалі актыўна працаваць. Праз паўтара месяца мы правялі першае мерапрыемства, і з тых часоў тут кожны дзень нешта адбываецца. Мы сфармавалі каманду і выпрацавалі фірмовы стыль і пазнавальную эстэтыку «Корпуса». Сабралі вакол сябе прыхільнікаў гэтай дзіўнай, лямпавай, хатняй і DIY-эстэтыкі.
У нас з'явіліся пастаянныя партнёры і велізарная колькасць людзей, якія нам сімпатызуюць і хочуць унесці свой уклад у справу. Мы яе рэалізуем не для сябе, а для многіх людзей, і яны актыўна рэагуюць. «Корпус» – гэта ў першую чаргу не будынак, а людзі.
Маша: Як мы прапісалі ў сваёй місіі, «Корпус» – гэта пляцоўка для ўзаемадзеяння розных сацыякультурных ініцыятыў і грамадзянскіх актыўнасцяў, сучаснага мастацтва, творчасці, бізнэсу і крэатыўных індустрый. Мы правялі вялікую колькасць мерапрыемстваў: выставачных, музычных, адукацыйных – у асноўным, забаўляльных. Большасць з іх альбо ініцыяваныя намі, альбо рэалізаваны з нашай тэхнічнай і канцэптуальнай дапамогай.
Бываюць мерапрыемствы, якія першапачаткова прыдумляем не мы, а людзі збоку – і тады мы разам дапрацоўваем фармат, расказваем аб усіх магчымасцях «Корпуса». Мы досыць пераборлівыя і прымаем далёка не ўсе прапановы.
Света: Я прыйшла ў «Корпус» з грамадзянскага сектара і кайфанула ад таго, што тут лёгка аб'ядноўваюцца прадстаўнікі розных арганізацый і ініцыятыў. Звычайна ўсе сядзяць па сваіх норках, а тут яны перасякаюцца, знаёмяцца, будуюць агульную дзвіжуху. Мне здаецца, Менску вельмі не хапала такога месца.
Маша: Яны рэальна пачынаюць узаемадзейнічаць! Але ўсё адно многія да гэтага часу заціскаюцца, хоць і ведаюць адно аднаго. Мы ўсе робім кучу карысных спраў для горада, але разрознена. Калі б усе гэтыя праекты можна было акумуляваць у адным месцы, то іх можна было б зрабіць больш прыкметнымі і на дзяржаўным узроўні. Трэба ўсё рабіць сумеснымі намаганнямі, інакш гэта не будзе развівацца і расці.
Papa Bo: Але калі ў нас абрынецца сцяна, то нават у трыццаціградусны мароз сюды прыбяжыць натоўп старых сяброў і ўзвядзе яе зноў. Гэта ўсім вядомыя музыкі, актывісты – карацей, багемная дарослая тусоўка, якой даўно не хапала месца з кучай цікавых мерапрыемстваў. Пры гэтым, калі ты прыходзіш бухі ці «са сваім», цябе не выганяюць, а радуюцца табе. Дапамогуць падняцца, калі ўпадзеш. Больш ні адно месца ў Менску для ўсёй гэтай багемна гуляшчай і вальнадумнай тусоўкі не падыходзіць. Кагосьці мы ведалі раней, з кімсьці пасябравалі за мінулы год.
Наогул, мы з Машай – арганізатары са стажам. І мы ведаем, што ні адно чужое памяшканне не можа адпавядаць тваім запытам. Надакучыла бадзяцца па чужых хатах і забягаць туды на дзень, адаптоўваць прастору, тэрмінова ставіць дэкарацыі і спешна потым іх выносіць.
Маша: «Прыдуркаватасць і адвага» – наш новы дэвіз. А калі сур'ёзна, то мы хочам зрабіць свет лепей праз мерапрыемствы, якіх так не хапае. Можна скардзіцца на несправядлівасць, гендарную няроўнасць, адсутнасць цікавых падзей, нерэнтабельнасць. А я лічу: рабі – будзе. Мары рэальныя, калі іх выразна распісаць.
Праекты і напрамкі
Канцэрты
«Корпус» – гэта месца з густаўшчынай. У каманды ёсць уласнае ўяўленне аб прыўкрасным, і яны маюць поўнае права паказваць сваё бачанне на сваёй пляцоўцы. Тут праходзіць усё, акрамя рэйваў і дыскатэк. Канцэрты здараюцца не часта, а падзейна – мала, але грунтоўна. Калі «Корпус» вязе гурт, то ўражальны: напрыклад, «СБПЧ» ці «Аигел». Калі праводзіць фестываль, то канцэптуальны і вывераны.
Выставы
Калі тут праходзяць выставы, то толькі тыя, што падымаюць вострасацыяльныя тэмы. Напрыклад, «Адкрыта жыць», «Мяжа», вялікі праект часопіса «Имена». Або тыя, якія нясуць чыстую візуальную эстэтыку: напрыклад, выстава Сяргея Сялецкага ці англійскага дызайнера і мастака Бэна Тэлана.
«Мы за чыстую прыгажосць. Асабіста я люблю глядзець на твор мастацтва і атрымліваць нейкую эмоцыю ад сузірання або ўдзелу, а не ўчытвацца ў тэкст на аркушы А4 пра сэнс твора», – тлумачыць Papa Bo.
Адукацыя
«Корпус говорит» – бясплатныя лекцыі на вельмі розныя тэмы, якія праходзяць у «Корпусе» кожны панядзелак. За паўгода праект разросся да таго, што даты забітыя на 2 месяцы наперад. Кожны раз прыходзіць больш за сто чалавек. Калі што, «Корпусу» патрэбныя крэслы!
Future Sound of Music – адукацыйны праект для музыкаў, створаны сумесна з сайтам experty.by. Кожныя два месяцы тут будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя шоу-бізнэсу і прасоўванню сябе. У планах – завяршыць гэтую справу вялікім шоукейсам.
«Пятиминутка» – гэта не свабодны мікрафон з незразумелымі тэмамі, а лабараторыя для людзей, што вольна думаюць і парадаксальна існуюць, там яны вырошчваюць свае тварэнні. Такі шанец на пяць хвілін славы або ганьбы.
«Фотофестиваль ФШ1», у межах якога пройдуць лекцыі і семінары ад прафесійных фатографаў для пачаткоўцаў.
Кіно
Праект «KinoKORPUS», куратарка – Маша Траўберг. Яна калекцыянуе рознае дзіўнае кіно і прыдумала цікавую канцэпцыю: прама перад пачаткам паказу ў «Корпусе» дастаюць рандомны фільм з велізарнай скрынкі і глядзяць кіно наўздагад. Часам 40-50% людзей знікае, не дачакаўшыся канца. Таксама ў траўні праходзіць штогадовы фестываль кінамузыкі «Белое зеркало».
Барахолка
«КультЛичности» – гэта вялікі форум-барахолка, на якім розныя вядомыя асобы збіраюць рэчы з гісторыяй і прадаюць іх. Таксама героі выбіраюць якую-небудзь адну рэч, і ў канцы вечара яна сыходзіць з малатка. Атрыманыя грошы накіроўваюць на дабрачыннасць.
Repair Cafe
Repair Cafe – майстэрня, дзе можна вярнуць да жыцця любую рэч: ад абутку да ровара. Можаш паўдзельнічаць як майстар, так і як «кліент».
Каворкінг
Днём можна прыйсці ў «Корпус» і папрацаваць. Адны плюсы: зручнае размяшчэнне, wi-fi, кавярня, утульнасць ва ўсім. Хутка яшчэ з'явіцца класная бібліятэка.
Канферэнцыі
Тут праходзяць разнастайныя форумы: ад сустрэч з прывазнымі гуру SMM да 34 Media Days.
Каток
Ужо заліты, але з-за недастатковай колькасці маразоў пакуль закрыты для катання. Калі ўсё ж пахаладае, то ў «Корпусе» можна будзе ўзяць канькі напракат ці ж прыйсці са сваімі і пакоўзацца на лёдзе. А ў канцы лютага тут пройдзе барахолка для сноўбардыстаў.
Двор
Вясной 2018-га рабяты плануюць пашырыць сваю тэрыторыю: на месцы паркоўкі будзе дворык «Корпуса». Там з'явяцца актыўнасці для дзяцей, веламайстэрня, кампосная яма для смецця. Будуць праводзіцца кінапаказы і экамаркеты. У першай палове красавіка каманда пачне саджаць кусты і вінаград – тады і стартане трансфармацыя прасторы. А потым яны яшчэ возьмуцца за двор, які знаходзіцца за «Корпусам». Там крута.
Кавярня
Вясной 2018-га адкрыецца кавярня ўнутры «Корпуса»: там будуць супы, салаты, закускі і сэндвічы з сезонных прадуктаў. З часам з'явіцца і алкаголь, так што можна будзе прыйсці паглядзець кіно з келіхам віна пад адкрытым небам.
Экалогія
У «Корпусе» паказаны прыклад таго, як можна весці экалагічны лад жыцця: напрыклад, тут падзяляюць смецце, не выкарыстоўваюць хімікаты, тут ёсць асобныя кантэйнеры для лямпачак і батарэек. Ты можаш прынесці сюды пластыкавыя крышкі для добрай справы, якую ладзіць мануфактура па перапрацоўцы пластыка Zaduma.
Яшчэ «Корпус» падтрымлівае ініцыятыву My Cup Please: калі прыходзіш са сваім кубкам, атрымліваеш зніжку ў 20% на свой напой. Таксама поўным ходам ідзе распрацоўка экалагічнай палітыкі: неўзабаве з'явіцца асобны дакумент аб тым, як зрабіць мерапрыемства больш «зялёным».
Інклюзіўнасць
«Корпус» плануе стаць інклюзіўным месцам, але гэта працяглы і дарагі праект. Цяпер людзі з інваліднасцю могуць трапіць сюды толькі з дапамогай збоку. Пераўтварэнні пачнуцца з прыбіральняў: у найбліжэйшай будучыні тут можа з'явіцца хаця б адна інклюзіўная кабінка. Яшчэ ёсць ідэя зрабіць гендарна нейтральныя прыбіральні.
Валанцёры і партнёры
Дапш: Мы напрацавалі гіганцкую супольнасць пад назвай #cultHEROES. Гэта асобны хэштэг, які гуляе па ўсіх магчымых сацсетках. У нас ёсць некалькі «відаў» валанцёраў: ёсць людзі, якія хочуць быць у курсе падзей і перыядычна далучацца да нас на якія-небудзь віды працы.
У нас ёсць спецыяльная форма, пры запаўненні якой можна паказаць сваю супермоц: хтосьці ўмее будаваць, хтосьці – фатаграфаваць. Гэта дапамагае нам вывуджваць патрэбных людзей пад пэўныя заданні. Ёсць людзі, якія сталі нашымі пастаяннымі валанцёрамі, – напрыклад, пасля Vulica Brasil рабяты амаль месяц жылі тут.
Маша: Мы сапраўды працуем з валанцёрамі, тлумачым задачы і ўмовы. Часцяком валанцёраў успрымаюць як рабоў, але ў «Корпусе» гэта не так. Магчыма, збольшага з-за гэтага і склалася такая супольнасць: у нашай валанцёрскай базе ўжо 120 чалавек.
Дапш: Адсоткаў 80 з іх – гэта студэнты ад 19 да 22 гадоў.
Маша: Гэта людзі, якім патрэбны досвед і зносіны, а ў нас гэтага ўсяго больш чым дастаткова. Яшчэ ў нас ёсць старцы – сябры «Корпуса». Мы іх называем #КультЛичности. Яны дапамагаюць нам і парадай, і справай, і табурэтам.
Дапш: У нашу супольнасць трэба ўключаць яшчэ і партнёраў. Але гэта не кампаніі, якія проста даюць нам бабло, – у нас няма спонсараў. Усе партнёры даюць нам штосьці канкрэтнае, у нас няма грашовых адносін. Напрыклад, Remmers дапамагаюць з усімі матэрыяламі для афарбоўкі, і наша падлога – гэта іх заслуга. Bosch дапамагае з усімі інструментамі для рамонту. SPP кансультуюць нас па канкрэтных пытаннях. Фінансавая лабараторыя аказвае бухгалтарскую падтрымку, Сяргей Сялецкі – ганаровы старац і мастак, майстар-фламастар «Корпуса». Пры гэтым яны падзяляюць нашу эстэтыку і не імкнуцца завесіць усю прастору банерамі.
Papa Bo: У нас ёсць і культурныя партнёры, з якімі мы муцім сумесныя праекты. Напрыклад, інстытут Гётэ, музей Азгура, Палац мастацтва. Мы піярым адно аднаго і дзелімся сваімі пляцоўкамі. Цяпер вядзем размову аб сумесным праекце на Ночы Музеяў. Для гэтага мы хутка ўвядзем хештэг #cultPARTNERS.
Маша: На любым мерапрыемстве нас пытаюцца, як фінансуецца «Корпус». Мы – незалежная пляцоўка. Так, у нас ёсць платныя мерапрыемствы, але мы стараемся трымаць баланс і адкрытыя да любых прапановаў, новым ідэям і партнёрам. Першапачаткова мы стартавалі з ідэяй стварэння пляцоўкі, на якой змогуць узаемадзейнічаць бізнэс, культура, мастацтва, грамадзянскія актыўнасці, сацыяльныя праекты. Цяпер у нас росквіт, цяпер – лепшая эпоха «Корпуса».
Планы на 2018
Правесці шоукейс-фестываль
Адкрыць каток
Пераабсталяваць дворык
Адкрыць кавярню
Завесці бібліятэку
Зрабіць «Корпус» інклюзіўным
Распрацаваць экалагічную палітыку
Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.
Фота – Таня Капітонава