З таго часу як інтэрнэт пабег па оптавалакне ў кожны дом і кожную кватэру, актывізм не ведае межаў. Ты можаш данесці каштоўную ідэю да любога чалавека, які цябе разумее і заходзіць на YouTube. Няхай ты жывеш у Маскве, а ён(яна) – у Шанхаі. Кіберактывізм абыходзіцца без віз. Мы пагаварылі з Нікай Водвуд (aka nixelpixel) пра тое, як уладкаваная такая актыўнасць, наколькі яна эфектыўная і як спраўляцца з выгараннем, калі гутарыш з аўдыторыяй праз манітор.
З кім гутарым?
Ніка Водвуд – ілюстратарка, кіберактывістка, аўтарка канала nixelpixel на YouTube, які часткова прысвечаны тэорыям і практыкам фемінізму. Ніка распавядае пра сэксізм, аб’юзіўныя адносіны, культурную апрапрыяцыю, бодзіпазітыў, жаночую мастурбацыю, менструальныя чашы. Яе відэа збіраюць тысячы лайкаў і каментароў.
За што змагаецца?
Ніка падзяляе ідэі інтэрсекцыянальнага фемінізму. На яе канале ёсць асобны ролік на тэму прывілеяў і сістэм прыгнёту.
– У твайго канала цяпер 320 142 падпісчыка(-цы). Колькі іх было да таго, як ты апублікавала першы ролік пра фемінізм?
– Каля 30 тысяч.
– Тэма фемінізму суседнічае ў цябе з іншымі штукамі: ілюстрацыямі, укулеле, падарожжамі. Ну то-бок блог працягвае заставацца асабістай сцэнай, на якой ты час ад часу праводзіш «фемлікбезы». У цябе не было жадання завесці нейкую асобную пляцоўку, каб размежаваць асабістае і палітычнае? Напрыклад, стваральніца фемінісцкага тэлеграм-канала «Дачка разбойніка» такім чынам пазбавіла сваіх фрэндоў з Facebook гендарнай павесткі і адначасова абараніла сябе ад негатыўнага фідбэку.
– Я разумею, чаму гэта добрае рашэнне для Насці Красільнікавай. Яе канал – хутчэй безасабовы праект з вызначаным фарматам. Калі ў яго зменіцца аўтарка і кантэнт застанецца на тым жа высокім узроўні, нічога дрэннага не адбудзецца, усе працягнуць шчасліва яго чытаць. Ён можа жыць вечна.
Мой блог, наадварот, не прывязаны да фармату і прывязаны да маёй асобы. Я магу распавядаць пра сваю котку, вучыць гатаваць, гаварыць пра фемінізм – людзям будзе цікава ўсё гэта, таму што яны падпісаныя асабіста на мяне. У гэтым плане няма ніякага падзелу на асабістае і палітычнае – мае фемінісцкія погляды будуць праяўляцца ва ўсім, што я раблю. Я ж чалавек. Калі гэта не блізка каму-небудзь, я не буду рабіць дадатковых намаганняў з гэтай нагоды.
– Калі ты здымаеш ролік пра фемінізм, каго ты ўяўляеш у якасці ідэальнага(-ай) гледача(-кі)? І ў чые рукі ў ідэале павінны трапляць твае коміксы пра лукізм і гендарную ідэнтычнасць?
– Я ўяўляю саму сябе ў больш раннім узросце і сваіх цяперашніх сяброў і сябровак. Коміксы перш за ўсё павінны трапляць у рукі тым, каму трэба пацверджанне таго, што яны – нармальныя, не адны ў гэтым свеце і не выдумалі праблемы, з якімі сутыкаюцца.
– У розных інтэрв'ю ты казала, што цікавасць да фемінізму зарадзілася ў цябе з пабліка «сіла кіскі»: спачатку ты хэйціла яго стваральніцу, а потым прыйшла да ўсведамлення, што там пішуць правільныя рэчы. Дарэчы, апошні пост у «сіле кіскі» сімвалічны: гэта рэпост тваёй фоткі з яго стваральніцай і подпісам «Ultimate #силакиски». Дык вось, Ніка, у цябе ёсць такія «гісторыі наадварот», калі твае хэйтары(-кі) пераходзілі на бок дабра?
– Так! Прывет, Рома!
– У цябе ўжо сфармавалася вялікая лаяльная аўдыторыя, якая чакае новыя ролікі пра фемінізм. Ты адчуваеш гэты запыт і адказнасць перад падпісчыкамі(-цамі)? Плануеш выпускаць ролікі з пэўнай рэгулярнасцю?
– Адчуваю, але мне падаецца важным не адчуваць ніякага абавязку па колькасці кантэнту перад падпісчыкамі. Эмацыянальнае выгаранне сярод актывістак – норма, яны добраахвотна адкрываюцца гвалту, марнуюць свой асабісты час на даволі цяжкую бясплатную працу, а ад іх яшчэ нешта патрабуюць? Важны ж любы ўнёсак. Не мусіць быць аніякага ціску, і я забараняю сабе яго адчуваць. Стараюся, каб запыт не ціснуў, а надаваў мне ўпэўненасці ў тым, што мой унёсак будзе ўспрыняты з цікавасцю.
«Калі жанчыны кажуць пра сэксізм, мужчыны іх не слухаюць, але часам слухаюць мужчын; калі цемнаскурыя кажуць пра расізм, белыя іх не слухаюць, але часам слухаюць белых»
– Ці бывалі моманты, калі табе здавалася: «Усё, не хачу больш гэтага ўсяго, хачу проста граць на ўкулеле, маляваць Пёсю, і к чорту той фемінізм»?
– Вядома, у мяне бываюць моманты, калі я «смуткую ад розуму» і мару нічога не ведаць, але what has been seen cannot be unseen. У гэтым плюс фармату – можна рабіць усё, што мне хочацца. Калі ў мяне няма сіл ці часу рабіць складаны ролік пра фемінізм, я раблю што-небудзь іншае.
– Як думаеш, чаму фемінізм выклікае такую моцную дупную боль? Нават некаторыя блогеркі, якія транслююць фемінісцкія ідэі, быццам адхрышчваюцца ад слова «фемінізм» і самі сябе феміністкамі не называюць.
– Думаю, прычын некалькі. Людзям некамфортна ўсведамляць, што яны ў чым-небудзь не маюць рацыі і робяць іншым балюча; страшна ад таго, што свет несправядлівы і не ўсё паддаецца твайму кантролю; непрыемна, што не ўсё ў тваім жыцці – вынік прыкладзеных намаганняў і працы. У рэшце рэшт, не ўсе хочуць і ўмеюць гугліць, сацыялогія для многіх проста вельмі складаная для разумення, ну і вакол самога слова «фемінізм» вялікая стыгма. Каб з гэтым змагацца, трэба працягваць ствараць і распаўсюджваць інфармацыю.
– У кіберактывізме, як правіла, востра стаіць праблема хэйту. Як ты прыйшла да ідэі таго, што табе патрэбны мадэратар? Раскажы, калі ласка, падрабязней, як уладкаваная яго праца, якія ўказанні ты яму дала.
– Я чытаю ўсе каментары, люблю камунікаваць з падпісчыкамі і ствараць бяспечную прастору для гэтага. Хачу, каб усе нарэшце ўсвядомілі: калі даваць хэйтарам пляцоўку, нікому не захочацца пакідаць нармальны каментар і знаходзіцца там. Калі ваша мэта – стварыць супольнасць, то мадэрацыя – гэта неабходнасць.
Калі мне ў гэтым спатрэбілася дапамога, мы блакавалі чалавек па пяцьдзясят у дзень. Канкрэтныя ўказанні я не магу раскрыць, але магу сказаць, што гэта проста эфектыўнае выкарыстанне ўсіх мадэрацыйных магчымасцяў пляцовак. Калі на платформе ёсць нейкая функцыя, трэба ёй карыстацца.
– Цябе, напэўна, абвінавачваюць у тым, што ты жывеш у такім ружовым свеце вясёлкавых поні і хочаш чуць толькі галасы згодных. Што ты адказваеш людзям, якія лічаць, што актывісту(-цы) трэба абавязкова «ісці ў народ» і «адукоўваць масы»?
– «Ідзі адукоўвай».
«Калі мае стужкі складаюцца з фемінізму, коцікаў і вібратараў, сутыкненне з рэальнасцю адбываецца наўпрост за дзвярыма маёй кватэры, дзе сусед стаіць і паліць у майтках»
– Ці выходзіш ты сама час ад часу з інфапухіра, каб паглядзець на свет пад іншым вуглом? Якім чынам?
– Думаю, тут трэба падзяляць канформныя і неканформныя погляды і інфармацыю. Сэксізм, гамафобія, расізм і іншае – гэта «норма», а фемінізм і павага да правоў людзей – не. Калі вы ў «пухіры нармальнасці», вашы сябры ржуць з Шурыгінай і называюць геяў «підарамі», адзіная магчымасць паглядзець на свет па-іншаму патрабуе вашых усвядомленых высілкаў, а астатняе зробіць інтэрнэт. Я нават не ўпэўненая, што гэта можна назваць пухіром, калі ў ім знаходзіцца большасць людзей. Хачу заўважыць, што чалавек сам робіць крок насустрач новай інфармацыі. Не трэба цешыць сябе ілюзіямі, што спрэчкі з незнаёмцамі ў каментарах прывядуць да чагосьці, акрамя вашага нервовага зрыву.
Калі ж я знаходжуся ў «пухіры ненармальнасці» і ўсе мае стужкі складаюцца з фемінізму, коцікаў і вібратараў, сутыкненне з рэальнасцю адбываецца наўпрост за дзвярыма маёй кватэры, дзе сусед стаіць і паліць у майтках. Ці не! Вось у стужцы, напрыклад, пастаянна вылазіць сэксісцкая рэклама, і я нічога не магу з гэтым зрабіць. Не існуе ніякага інфармацыйнага пухіра і «мяне-свету» – гэта ўсё раздзьмутая ідэя прыхільнікаў агрэсіі і цкавання.
«Бываюць моманты, калі я мару нічога не ведаць, але what has been seen cannot be unseen»
– Раскажы пра сяброўства і супрацоўніцтва з іншымі кіберактывіст(к)амі.
– Менавіта сяброўства з іншымі актывісткамі надае мне больш за ўсё ўпэўненасці і сіл. Мы часта перапісваемся, нешта тлумачым або папраўляем, абменьваемся вопытам, лайкаем адна адну і каментуем, расказваем сваім падпісчыкам(-цам) адна пра адну. Усё гэта вельмі важна. Хачу асобна згадаць Тоні Лашдэна, які на працягу некалькіх гадоў падтрымлівае мяне, дапамагае, тлумачыць складаныя моманты і працягвае быць плячом, на якое я заўсёды магу абаперціся. Тое ж самае магу сказаць пра Міру Тай.
Прынцыповыя моманты і рознагалоссі – для мяне не адно і тое ж.
Калі нейкая актывістка са мной не згодная і ініцыюе абмеркаванне, я прыслухоўваюся, стараюся прыйсці да кансэнсусу і паглыбіць свае погляды – бо ва ўсіх розны досвед і розная інфармаванасць. Такое адбывалася неаднаразова. Часам гэта робіцца ў таксічнай форме, але нават у такіх выпадках атрымліваецца знайсці паразуменне ў асабістых адносінах. Пра таксічнасць унутры актывізму ёсць добрае відэа Міры Тай.
Калі я бачу рознагалоссе і сумняюся ў сваіх поглядах, то звычайна пішу сама і прашу дапамагчы.
Калі ж гаворка пра прынцыповыя моманты, напрыклад пра інтэрсекцыянальнасць, трансінклюзіўнасць, то я проста не стасуюся з чалавекам і стараюся не падтрымліваць камунікацыю. Лёгка засяродзіцца на тым, што нас аб'ядноўвае, пакінуўшы нейкія прыгнечаныя групы ззаду і абясцэніць іх праблемы, калі яны цябе не кранаюць, але так рабіць нельга.
– Ты пазіцыянуеш сябе як інтэрсекцыянальная феміністка і распавядаеш пра розныя сістэмы прыгнёту. Напрыклад, тлумачыш падпісчыкам(-цам), што такое «блэкфэйс» і чаму гэта не ОК. У цябе няма адчування, што часам ты прысвойваеш голас групы, да якой не належыш?
– Калі жанчыны кажуць пра сэксізм, мужчыны іх не слухаюць, але часам слухаюць мужчын; калі цемнаскурыя кажуць пра расізм, белыя іх не слухаюць, але часам слухаюць белых. Задача саюзнікаў – выкарыстоўваць свае прывілеі для таго, каб дагрукацца да «сваіх», таму так важна на індывідуальным узроўні не маўчаць, калі твае бро адпускаюць мізагінныя жартачкі. Але з кожнай лыжкай улады, якую мы дадаем, з'яўляецца больш праблем.
Уявіце такую сітуацыю, толькі выбачайце за спрошчанае апісанне працы чыноўнікаў. Сядзяць у Думе адныя толькі мужчыны, і раптам хто-небудзь з іх вырашае зрабіць добрую справу і крыміналізаваць хатні гвалт. Ён малайчына? Так. Выкарыстоўвае свае прывілеі для абароны правоў жанчын? Так. Яго дзеянні карысныя, але яшчэ больш карысныя яны былі б, калі б ён прыняў закон кватавання для прадстаўніцтва жанчын у Думе, які б забяспечыў прыняцце такіх законаў самімі жанчынамі. Ён усё адно малайчына, я пахвалю яго ў сацыяльных сетках і парадуюся, але важна памятаць, што гэта не лепшае, на што мы здольныя.
«Калі даваць хэйтарам пляцоўку, нікому не захочацца пакідаць нармальны каментар і знаходзіцца там. Мадэрацыя – гэта неабходнасць»
Так, казаць «вось ёсць такая з'ява, і зараз я распавяду вам пра вопыт людзей, якія з ёй сутыкаюцца» – гэта прысваенне. Я актуалізавала праблему blackface, выступіла з крытыкай дзеянняў беласкурай дзяўчыны і лічу сваё відэа важным і карысным – і адначасова праблематычным.
Безумоўна, шкодна прысвойваць галасы групы, да якой не належыш, каб гэтыя галасы заглушыць, сказіць і абясцэніць. Напрыклад, калі Мэт Дэйман апраўдвае Луі Сі Кея і прымяншае прынесеную ім шкоду або калі феміністкі сядзяць у офісе і спрачаюцца пра тое, забараняць сэкс-працаўніцам браць грошы за сэкс ці не.
– Што ты думаеш наконт таго, што ўсялякія крывадушныя «найкі» і «эйчэндэмы» юзаюць тэму фемінізму ў сваіх прома?
– Тут падобная сітуацыя. Брэнд у любым выпадку будзе штосьці казаць і распаўсюджваць нейкія ідэі – нашмат лепш, калі гэтыя ідэі будуць прасоўваць фемінізм, бодзіпазітыў і гэтак далей, чым адваротнае. Пры гэтым важна падкрэсліваць недахопы капіталізму і крытыкаваць канкрэтныя кампаніі, прыцягваць іх да адказнасці і патрабаваць большай празрыстасці.
– У цябе не ўзнікае адчуванне, што кіберактывізм – гэта такая «плюшавая актыўнасць» і што ўжо час падарвацца і рынуцца куды-небудзь на вуліцы з транспарантам?
– Не. Мне здаецца, любы карыстальнік інтэрнэту ведае, у якіх выпадках кіберактывізм нашмат больш эфектыўны. Вулічныя акцыі таксама важныя для пэўных задач, але паміж імі не павінна быць супрацьпастаўлення.
– Ці не адчуваеш паблажлівага стаўлення да сабе з боку актывістаў(-ак), якія прасоўваюць ідэі фемінізму ў афлайне?
– Не, ніколі такога не бачыла з боку актывістаў. Вось з боку праціўнікаў фемінізму – так, абясцэньванне актывісцкай дзейнасці вельмі распаўсюджанае.
– У чым, на твой погляд, галоўныя перавагі кіберактывізму перад афлайнавай актыўнасцю?
– Выхад на вялікую аўдыторыю, геаграфія, абмежаваная толькі доступам да інтэрнэту, ананімнасць (пры жаданні), фізічная бяспека, зручны збор сродкаў.
– Якія сітуацыі мацуюць тваю веру ў свае сілы і ў тое, што ты робіш нешта патрэбнае і правільнае?
– Больш за ўсё мне дапамагае падтрымка сваякоў і сяброў, а таксама людзей, якімі я сама захапляюся. Яшчэ лісты ад падпісчыкаў і падпісчыц пра тое, як у іх усё пакрысе наладжваецца дзякуючы новым ведам. Лічбы таксама радуюць – колькасць падпісчыкаў нагадвае мне, колькім людзям усё гэта цікава.
– Чаго нам чакаць ад Нікі Водвуд у бліжэйшы час?
– Хачу каляндарык на 2018 год з Пёсем зрабіць і нарэшце адкрыць сваю краму.
Як і чаму пратэстуюць за мяжой – румынскі рэжысёр і актывіст Андрэй Даскалеску распавядае пра лютаўскія пратэсты 2017-га, на якія выйшла 600 тыс. чалавек.
Казахстанскія актывісткі Дыяна Акрэмава і Гульміра Біржанава – пра тое, як змагацца з прапагандай у СМІ.
Актывіст арганізацыі Doorbraak Ёрыс Ханзэ – пра тое, што галандцы не тыя, кім падаюцца.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (4)
и это пройдет
знайшлі, вы, сонейкі, у каго ўзяць інтэрв'ю .-.
Глубоко капнули, наконец-то, ура!
По-больше бы и чаще материалов с такой подачей и отдачей...
«капнули», «по-больше» – ой, интеллектуальный авангард нации подтянулся