Я не ведаю, як гэта: быць беларусам у Рыа-дэ-Жанэйра.
Напэўна, не вельмі.
Кажуць, там бандытызм, беднасць і карупцыя. Прыляцеў, махнуў сваім сінім пашпартам, як хустачкай, наўздагон самалёту – а яго, пашпарта, ужо няма. І кашалька няма, і крэдыткі, і тэлефона, і гадзінніка. І толькі пакамечаны, прабіты мінулай зімой талончык Мінсктранса, які цудам заваляўся ў кішэні, грэе спустошаную душу…
Беражы яго. Ён твой апошні напамін аб Радзіме. І, магчыма, менавіта ён урэшце прывядзе цябе дамоў.
У тваю ўнутраную Бразілію, дзе няма ні беднасці, ні карупцыі, ні бандытаў.
А ёсць толькі цёплыя фарбы, і пахі, і гукі, і танцы мулатаў з мулаткамі, і гэтыя, як іх… муралы. Амаральныя, агромністыя і яркія, як нашы ілюзіі. Мулаты з мулаткамі, а муралы з муралкамі – і ўсё зліваецца ў вар’яцкі стракаты вераснёўскі вір на Кастрычніцкай.
Быць бразільцам у Менску весела і проста.
Бедны, як тая фавэла, у лірычным, нібы фанданга, настроі, з шырокай, быццам фазэнда, душою, разадзеты, не раўнуючы фламінга, ты выходзіш з метро, мінаеш міліцэйскі кардон і трапляеш на вуліцу Бразіл.
Проста на карнавал. Ідзі і бразіль. Brasil-da-Upado.
А нападуць – адбівайся.
На сёлетнім закрыцці вуліцы Бразіл мы разбразілілі ўсе грошы, на славу павесяліліся і, напэўна, змерзлі б як цуцыкі, калі б не кава, танцы і стрыт-арт.
Стрыт-арт грэе Менск. За месяц да ацяпляльнага сезона грэе гэты чортаў горад – і абсалютна бясплатна.
А цяпер я чытаю ў сеціве крытыкаў фэсту і разумею, што як бразільцу мне крыўдна і за вуліцу Бразіл прыйшоў час заступіцца. За графіці, за верасень, за родны горад, за лета, якое дзякуючы фестывалю затрымалася ў ім крышку даўжэй, чым прадугледжвала ягоная віза.
Прэтэнзій у крытыкаў Бразілу, як высветлілася, хапае.
Іхнае самае любімае слова: «мазня». Пэцканіна. Маўляў, вось няздары, замазюкалі гарадскія сцены, дык было б яшчэ нармальнае мастацтва, а так стрыт-арт адзін.
Што мазня, а што не – пытанне старое. Але не проста старое. Яно састарэлае. Называць нешта мазнёй – значыць прызнаваць, што ты сам састарыўся, адстаў, не даехаў да сваёй унутранай Бразіліі. Мазня – слова з лексікону нудных і панылых індывідуумаў, якія, была б іхная воля, выключылі б у гэтай планеты гук і выцерлі б з яе ўсе колеры, бо гэта замінае ім аддавацца сваёй велічнай дэпрэсіі. Падазраю, што праціўнікі графіці і стрыт-арту – з той самай слаўнай пароды жыхароў Менска, якія любяць прыязджаць з-за мяжы і ныць, які шэры і нецікавы ў нас горад. Іхны галоўны страх: што ўсё тут пераменіцца і нагода для ныцця знікне. «Мазня» іх палохае, бо выбівае з-пад ног зэдлік. Яны ніколі не змогуць змірыцца, што тут можа быць нешта вартае ўвагі. Менск нецікавы, бо ён мусіць быць нецікавы – вось яна, логіка сеціўнага зануды.
«Менск нецікавы, бо ён мусіць быць нецікавы – вось яна, логіка сеціўнага зануды»
Яшчэ пішуць, што мастакі навязваюць сваю «мазню» гораду. «Чаму я мушу на гэта глядзець?» Па качану. Горад арганізаваны такім чынам, што ён штосекунды нам нешта навязвае.
Чужыя сцягі. Тупую рэкламу. Брыдотныя транспаранты. Абсурдныя плакаты. Нікому не патрэбныя бязглуздыя выявы. Рускі шансон у маршрутках. Папсу, прапаганду і паўпраўду. Хлусню – і «мазню». З усяго гэтага доўгага спіса толькі «мазня» жывая, яна лезе, як трава, як пустазелле, яна сцвярджаецца ў прасторы і сцвярджае саму прастору. Усё астатняе мёртвае. Не ведаю, як хто, а я за тое, каб мне навязвалі нешта жывое, а не розную мярцвячыну. Калі ўжо такія ў горадзе правілы і без навязвання нам нікуды. А наогул: сапраўдны гарадскі жыхар мусіць выпрацоўваць у сабе імунітэт супраць навязвання. Жывучы ў горадзе, мы самі выбіраем, што бачыць, а што не.
Калі мы і праўда – «гарадскія».
У сеціве я наткнуўся на каментар Міхала Анемпадыстава, які яшчэ два гады таму крытыкаваў вуліцу Бразіл за тое, што муралы на Кастрычніцкай выглядаюць недарэчна – яны неарганічна ўпісваюцца ў яе «карцінку» і псуюць эстэтыку старых муроў. Не, мастак не супраць стрыт-арту – ён за тое, каб ён квітнеў у іншых кушчах. У спальных раёнах, напрыклад. На дамах-каробках. Вось там было б самае месца.
Не ведаю, не ведаю. Старога Менска засталося так мала, што хутка яго трэба будзе даставаць з гарадскога цела па аскепачках, па драбочках і хаваць пад шкло. Гэта і будзе смерцю горада. Канцом Места. Стрыт-артысты злучаюць стары Менск з Менскам сучасным. Менск тым і цікавы, што ўключае ў сябе ўсё: і цагляную кладку Кастрычніцкай, і Шабаны, і сталінскі ампір, і тугу Зялёных Лугоў, і завод «Гарызонт», і трактаразаводскі пасёлак, і турыстычныя цацкі Траецкага, і Малінаўку з Лошыцай. Усё-ўсё ёсць Менскам, і ўсё трэба сагрэць бясплатнай цеплынёй жывога дотыку.
Адно з самых рэзкіх выказванняў на адрас «менскай Бразіліі» гучала неяк так: «кардонны макет кардоннага свята». Нешта такое. Маўляў, сімулякр, «дазволенае мерапрыемства», афіцыйная імітацыя вулічнага мастацтва.
Калі развіваць гэтую смелую метафару, дык і людзі на вуліцы Бразіл былі кардонныя.
«Проста мы, бразільцы, паважаем тых, хто нешта робіць»
А вось не. Лухта. Ніякія мы не кардонныя. І ніхто нас на вуліцу Бразіл не заганяў, хутчэй наадварот – нас адтуль выганялі. Нас можна было памацаць у натоўпе, ухапіць за руку, наступіць на мазоль, прадаць нам нейкую фіговіну на блышыным рынку, зазірнуць у нашыя вочы, прымружаныя ад зыркіх фарбаў на шэрым менскім фоне. Прыслухацца, як іранічна мы выказваліся пра сябе, вас, сеціўных ныцікаў, горад, Бразілію і гэтыя… як іх… муралы.
Проста мы, бразільцы, паважаем тых, хто нешта робіць.
Тых, хто змяняюць гэты горад, калі хоча ў ім нейкіх зменаў. Тых, хто робяць яго такім, якім хоча бачыць.
Рабіць, а не ныць.
Любіць, а не пагарджаць.
Да апошняга талончыка, прабітага мінулай зімой. Да апошняга лісця на апошнім дрэве пад акном. Да першай уключанай батарэі.
«Добры дзень, мяне завуць Альгерд Бахарэвіч, і я вегетарыянец». Працяг аўтарскай рубрыкі «Таемны госць».
Штотыднёвая калонка Альгерда Бахарэвіча пра дзіўныя адкрыцці лета 2016-га: у новым выпуску – парады Майстра Лі, кіндлы на мокрых жыватах і Харукі Муракамі.
Кім я буду, калі лета скончыцца? Кім будзеш ты? Таемны госць Альгерд Бахарэвіч кажа лету «Бывай!» – і ўзгадвае ўсё.
«Свабода і няволя бягуць у адным натоўпе, судакранаючыся лакцямі». Альгерд Бахарэвіч назірае за тымі, хто бяжыць менскі паўмарафон.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
Учора быў на вуліцы Brasil/Кастрычніцкая. Вельмі прыемна ўразіла новымі графіці. Асабліва спадабаліся расфарбованыя лаўкі
идя по улице бразил, я кое что сообразил... )