Міла Котка, прадзюсарка і куратарка фестывалю:
– Першыя фестывалі ўвасаблялі кароткатэрміновыя працэсы. Гэта быў пачатак, нараджэнне, нам важна было пераканаць, што так рабіць можна, пераадолець боязь у мясцовых мастакоў, выйсці ў свет. Тады мы не думалі, што фестываль будзе мець працяг. Гэта быў чэлендж – скарыць гару. А на гары мы ўбачылі, якія гарызонты адкрываюцца перад намі…
У другі год мы дадалі івэнтнасці: прыдумалі рабіць закрыццё на Кастрычніцкай вуліцы. Пасля мы зразумелі, што ўплываем таксама і на ўрбанізм, на людскія плыні, таму задумаліся, як стварыць ідэальную гарадскую прастору. Мы пачалі запрашаць усіх, хто ў гэтым горадзе крупінкамі раскіданы па розных кутках: веласупольнасць, эколагі, птушачкі, расліначкі, крафтавікі – у кожнага ёсць свая ідэя, як зрабіць нешта крутое. Але адно дзеянне губляецца, тады ты ствараеш платформу з грунтам, куды можна проста кідаць семкі і глядзець, што з гэтага атрымаецца.
Чацвёрты год – гэта ўжо план і развіццё гарадской прасторы. Гэта не толькі муралы, гэта ўжо глабальнае мысленне. У красавіку мы запрасілі бразільскага архітэктара Лаўрэнса Жыменэса. Цэлы тыдзень разам з Гошам Заборскім і ініцыятыўнай групай архітэктараў і ўрбаністаў яны прыдумлялі ідэі для вуліцы Кастрычніцкай. Больш за тое, яны зразумелі, што гэта не вуліца, а паўвостраў, з канкрэтнымі абрысамі па Свіслачы. Тут ёсць і канцэртная зала, і студэнты, заводская тэрыторыя, дзе ты нікому не будзеш перашкаджаць, – разнастайная зона. Такое мысленне закладае падмурак на доўгатэрміновае развіццё гэтай тэрыторыі, таму сказаць, што будзе ў гэтым годзе, мне ўжо складана, таму што ў нас планы на пяцігодку. Калі раней гэта быў этап, потым форма, чацвёртым фестывалем, я б сказала, мы запускаем працэсы. І што будзе зрэалізавана сёлета – гэта тое, што паспее ў гэтым працэсе атрымацца.
Ідэальны хмарачос
Двухпавярховая архітэктурная абракадабра – «Ідэальны хмарачос» – ужо красуецца на лужку ў канцы Кастрычніцкай. Праект быў прадстаўлены майстэрняй «ШЦ architects» мінулай восенню, але грошы на яго сабралі толькі да лета 2017-га. У выніку ля трамвайнага кальца з’явіўся драўляны каворкінг на адкрытым паветры з электрычнасцю ад сонечных батарэй, памідорамі дажджавога паліву і барнай стойкай. «Адразу мы думалі, што гэта занадта высакамоўная назва, лепш бы яго назваць “Шматфункцыйная шпакоўня”, – кажа Міла. – Але потым мы зразумелі, што гэта ідэал, які маладыя архітэктары ўвасобілі ў публічнай прасторы, – месца, вольнае ад камерцыі. Ты можаш там пасядзець, паляжаць. І ні ў каго не трэба пытаць на гэта дазволу».
Dante Horoiwa
(29 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Цеплаэнергетычны інстытут (тарэц будынка) (вул. Раманаўская Слабада, 5А)
Што малюе: Традыцыйны для многіх культур свету абрад абрэзвання валасоў жанчыне. Мурал малюе пэндзлем і акрылам.
Бразільскі мастак японскага паходжання пачаў сваю мастацкую дзейнасць у 15-гадовым узросце як камерцыйны ілюстратар, але паволі вуліцы Сан-Паўлу прыцягнулі яго да стрыт-арту, дзе ён некаторы час, дарэчы, дзяліў студыю з Імаі Юскам, удзельнікам папярэдняй Vulica Brasil. Апошнія пяць год Данчы жыве адзін у гарах Мінас-Жэрайс пасярод вадаспадаў і ўзгоркаў удалечыні ад гарадскога шуму і камерцыйнага мастацтва.
Японскія карані граюць вялікую ролю ў мастацтве Араівы, яго муралы – як візуальныя іерогліфы. Ён даследуе станы паміж падсвядомасцю і свядомасцю, паміж самасвядомасцю і светам. «Мне цікава ўвасабляць нябачныя сілы, якія вакол нас, рэчы, якія прыводзяць нас да слепаты і адсутнасці разумення. Яны прымушаюць нас заглушаць інтуіцыю і інстынкты, што дазваляе нам адчуваць сябе досыць камфортна. Гэтыя рэчы дазваляюць нам забыць пра нашы недахопы, але і пажыраюць унутраныя сілы, неабходныя, каб расці далей».
Яго працы выстаўляліся ў Бразіліі, Нідэрландах, Аўстраліі, ЗША. Апошні мурал ён маляваў 8 гадоў таму.
Dedablio
(30 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Культ. цэнтр «Корпус» (пр. Машэрава, 9)
Што малюе: Абстрактныя рознакаляровыя выявы людзей.
Дыегу Дэдабліу пачаў маляваць ва ўзросце 15 гадоў на вуліцах роднага горада Татуй, у штаце Сан-Паўлу. На творчасць мастака моцна ўплывае афрабразільская народная культура з віхрам колераў, этнічных матываў, падобных да сучаснага наскальнага роспісу. У сваіх працах і матэрыялах Дыегу спалучае традыцыі з паўсядзённай глабалізацыяй, а развінанне колераў і ліній падпарадкоўвае музычнай метрыцы, будуючы кампазіцыю быццам па нотах.
Яго муралы красуюцца на сценах Амстэрдама, Сан-Паўлу, у Аргенціне, на чарзе – Менск, дзе мастак увасобіць на «Корпусе» пачутую мелодыю горада, па ходзе прыдумляючы вайб малюнка.
Zeh Palito
(30 гадоў, Лімейра, Бразілія)
Дзе малюе: Будынак абутковай фабрыкі «Луч» (вул. Кальварыйская, 18)
Што малюе: Прыродную кампазіцыю з раслінамі, вазай і якой-небудзь птушачкай.
Данілу Сільва aka Zéh Palito малюе графіці з 2001 года. Яго лёгка пазнаць па стылі: муралы Зэ Паліту стракацяць жывёламі, раслінамі, людзьмі, колерамі, якія сплятаюцца ў цэласную сэнсавую адзінку. Ён шмат падарожнічае і вельмі цікавіцца антрапалогіяй, таму перад стварэннем кожнага мурала занураецца ў мясцовае жыццё, даследуе мясцовую флору і фаўну, а пасля праз кветкі і сюррэалізм выдае сацыяльныя мэсэджы, важныя для наваколля. Жывёлы, людзі і прырода зліваюцца ў яго ў адзінае цэлае, каб паказаць, што ўсе мы роўныя ў жыццёвым цыкле. «Я стараюся дзяліцца сучаснай візуальнай міфалогіяй праз тэмы містыкі і метраполіі. Ствараць дыялог паміж людзьмі, жывёламі, прыродай і будучыняй, выкарыстоўваючы мову яркіх кветак, арганічных і геаметрычных форм, абстрактных ліній, экзотыкі і летуценнага настрою».
Яго працы прадстаўленыя ў Аргенціне, Бельгіі, Паўднёвай Карэі, Чылі, Іспаніі, ЗША, Егіпце, Польшчы, Малайзіі, Тайландзе, В'етнаме, Замбіі. У Сан-Паўлу ён размаляваў офіс Facebook.
Міла: Мы хацелі аддаць Зэ Паліту велізарны мурал на Даўмана. Але праблема гэтага года не тое, што сканчаюцца сцены, а тое, што ў горадзе з'явілася шмат рэкламы, і яна павялічваецца. Сцены, на якіх патэнцыйна можна было б намаляваць, альбо здадзеныя пад рэкламу, альбо чакаюць, калі пад яе здадуцца. У выпадку з Даўмана перамагла рэклама.
Ты ўжо нават фільм не здымеш, каб у фоташопе не замазваць бігборды. Я не маю нічога супраць рэкламы, я маю супраць яе лішкаў і нізкай якасці. Трэба прыдумляць кампаніі, якія рэкламавалі б, напрыклад, космас, мікрафлору, свядомасць. Чаму толькі goods?
У гэтым годзе мы хочам зрабіць замах на бігборды і размаляваць некалькі шчытоў балончыкам. Мы б хацелі паказаць, што гэта таксама палотны і класныя месцы для мастацтва. Раз ужо такія дуры стаяць у горадзе, трэба неяк іх выкарыстоўваць. Мы паспрабуем. Хоць бы адзін. Ці тры.
Ramon Martins
(36 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Корпус МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая, 19-5)
Што малюе: Працягне свой грамадны мурал з жывёламі партрэтам жанчыны.
Гэты вар’ят прыязджаў летась на Vulica Brasil. Напэўна, ты бачыў(-ла) яго агромністую псіхадэлічную сцяну з выявамі зубра, пеўня, жорава і аленя? Гэты мастэрпіс яшчэ зафіксаваны як самы вялікі мурал у свеце, зроблены адным мастаком. Дык вось, гэты вар’ят вяртаецца! Побач з масівам завода ўзвышаецца шматпавярховік, якім і спакусіўся Рамон – там ён, верагодна, намалюе партрэт. Яго рэкорд ужо спрабуюць пабіць, таму ён вырашыў вярнуцца і канчаткова абазначыць, хто тут найкруцейшы.
Рамон Марцінс нарадзіўся ў Сан-Паўлу, але вырас у вёсцы разам з бабуляй. Праз пастаянныя пераезды ягоная творчасць – гэта неверагодны мікс тэхнік і візуальнай мовы з усяго свету: дзікая трапічная прырода, арганічныя дэкаратыўныя эскізы, матывы бразільскага барока, гарадская вулічная культура, азіяцкая антычная традыцыя, поп-культура і контркультура, масавая адзінота і ананімныя партрэты – ці можаш ты сабе ўявіць гэта?
У 2005-м Рамон атрымаў бакалаўра выяўленчых мастацтваў у Guinard School of Art у Белу-Арызонці ды адразу там дэбютаваў у галерэі сучаснага мастацтва Léo Bahia Arte Contemporanea. У 2009-м Рамона запрасілі на ротэрдамскі R.U.A Festival, у межах якога ён стварыў шыкоўны мурал Love Spreads. Затым ён браў удзел у сан-паўлаўскай выставе De Dentro Para Fora De Fora Para Dentro, якую, паводле падлікаў куратараў, наведалі 140 тысяч чалавек за 10 тыдняў. Ягоныя працы можна знайсці ў Музеі сучаснага мастацтва ў Рыа-дэ-Жанэйра і Музеі мастацтва ў Сан-Паўлу, а таксама на сценах Бразіліі ды Еўропы.
L7M
(28 гадоў, Сан-Паўлу, Бразілія)
Дзе малюе: Будынак Belavia (вул. Няміга, 12)
Што малюе: Экзатычную птушку.
Стрыт-арт-арнітолаг Луіс Марцінс aka L7M таксама вяртаецца ў Менск, каб намаляваць яшчэ адну птушку на будынку Belavia на рагу Нямігі і Раманаўскай Слабады (побач з Макдональдсам). Хоць ён часам малюе чалавечыя твары і медуз, усё-ткі птушкі – гэта яго тэма. Ён атаясамлівае іх са свабодай, з ладам жыцця мастака, які таксама лётае з краіны ў краіну. Зараз у Менску намаляваныя калібры і вяртлявая чаротаўка. Мясцовыя просяць намаляваць яго бусла ці іншую лакальную птушку. Але Луіс кажа, што ў тым і справа, што птушкі лётаюць, дзе хочуць, таму класна намаляваць тут экзатычную птушку, якую вы ў жыцці не бачылі, а яна выпадкова заляцела да вас. Бо гэта разнастайнасць і іншы свет.
Балончык з фарбай Луіс узяў у рукі яшчэ ў 13-гадовым узросце, пасля вывучаў мноства тэхнік малявання і ў выніку прыйшоў да міксаванага стылю з выкарыстаннем кітайскай тушы, латэксу, пастэлі і акрылу. Аднойчы фарбай яму служыла нават кока-кола!
Першым натхненнем для Луіса быў авангардны прамянізм. На сваіх вулічных палотнах мастак камбінуе абстрактныя геаметрычныя формы з галаваломкай адценняў – і ўсё гэта на фоне выяваў крылатых сяброў. Луіс востра перажывае дысгармонію навакольнага асяроддзя, таму ягоныя карціны – гэта складана пабудаваны хаос у элегантнай падачы. У яго стылёвая фішка харчавання: ён не вегетарыянец, але не есць менавіта мяса птушак.
Rimon Guimaraes
(29 гадоў, Курыціба, Бразілія)
Дзе малюе: Ніжне-Ляхаўскі мост (вул. Кастрычніцкая)
Што малюе: Дыялог колераў – зборны вобраз усіх культур.
Рымон маляваў у Менску ў 2015 годзе, гэта яго загадкавая жанчына красуецца на жылым будынку на Калініна. Сёлета мастаку даручана ўпрыгожыць уваход на Кастрычніцкую – мост ля Дынама. Як гэта будзе – нам самім цікава. Замест пад’ёмнікаў, напэўна, давядзецца прыгнаць лодку ці катамаран.
Працы Рымона насычаны касмапалітычным духам, ён шмат спадарожнічае і таксама ўгрызаецца ў мясцовую культуру. Калі піва – то толькі локал, калі адзенне – то толькі з мясцовай тканіны. У творчасці ён спалучае розныя спосабы самавыяўлення: дызайн, відэа, выяўленчае мастацтва, скульптура.
Гарадскі стрэс і незадавальненне тым, што адбываецца ў свеце, падахвочваюць мастака выступаць супраць палітыкі капіталізму і масавай рэкламы. Калі Рымон стварае працы ў гарадской прасторы, ён кіруецца мэтай выцягнуць людзей з камфортнай і манатоннай штодзённасці і прымусіць іх зірнуць на вуліцу як на месца, дзе можна абменьвацца жыццёвым досведам, а не проста кудысьці спяшацца.
Рымон удзельнічаў у шэрагу калектыўных выстаў у Бразіліі, а з 2005 года праводзіць персанальныя выставы ў Сан-Паўлу, Порту-Алегры, Белу-Арызончы (Бразілія), Антверпене (Бельгія), Буэнас-Айрэсе (Аргентына), Амстэрдаме (Нідэрланды), Турыне (Італія), Цюрыху (Швейцарыя), Куала-Лумпуры (Малайзiя).
Дарэчы, ён таксама музыкант, таму чакай яго выступ, а дакладней калабарацыю з беларускімі музыкамі на закрыцці фестывалю.
Сяргей Кірушчанка
(66 гадоў, Менск, Беларусь)
Дзе малюе: Будынак МЗКР (вул. Кастрычніцкая, 16)
Што малюе: Дакладна геаметрычную абстракцыю, пакуль загадка – якога колеру.
Класік беларускага мастацтва ажыццёвіць так званае «рукапацісканне пакаленняў»: разбавіць эмацыйна-фігуратыўны арт Кастрычніцкай сур’ёзнымі, фундаментальнымі абстракцыямі, да якіх прыходзіць мастак, калі ў ім прачынаецца філосаф. Рашотка Кірушчанкі з’явіцца на будынку, які «навісае» над барам «Хуліган», а потым яшчэ і займее канцэптуальны навес.
Сяргей Кірушчанка ўпершыню стаў вядомы як удзельнік суполкі «Няміга-17» – аб’яднання мастакоў, якія ўскалыхнулі арт-кам’юніці познесавецкага Менска, калі арганізавалі выставу наўпрост у сваёй майстэрні на 17 паверсе дома на Нямізе. На працягу 40-гадовай творчай дзейнасці Сяргей паглыбляецца то ў архаічнае мастацтва і кубісцкі пейзаж, то ў абстрактныя формы, лэнд-арт і канцэптуалізм. Але самыя пазнавальныя працы Кірушчанкі – гэта, канешне, выявы з рашоткай. Ён гуляецца з ёй і ў галерэйных прасторах, і выходзіць на вуліцу: дарэчы, першы мурал на Кастрычніцкай намаляваў менавіта ён. Акрамя плоскасцей ён працуе са скульптурай, шаўкаграфіяй, фатаграфіяй, відэа, лэнд- і паблік-артам.
У 1977 годзе Кірушчанка скончыў Мастацкі інстытут у Менску. З 1983-га член Саюза мастакоў Беларусі. У 2014-м разам з Аляксеем Барысёнкам і Сяргеем Шабохіным заснаваў сайт-архіватар сучаснага беларускага мастацтва KALEKTAR.
Міця Післяк
(35 гадоў, Менск, Беларусь)
Дзе малюе: Офісны будынак (вул. Чыгуначная, 31-1)
Што малюе: Пакуль невядома.
Беларускі стрыт-артыст. Вядомы па рэпрадукцыі карціны беларускага мастака Івана Хруцкага «Партрэт жанчыны з кветкамі і садавіной» на Карла Маркса, якую ён самастойна ўзгадніў з уладай. А таксама графічнымі выявамі «Сабакі ў пад’ездзе», «Кавярні ў сцяне», касмічным роспісам студыі Sette і вайбераўскімі стыкерамі з пандай FSP.
Міцеў стрыт-арт часцяком нагадвае аловачны скетч, але з вялікай ступенню дэталізацыі і нязменна добрым настроем – ці то касмічная прастора за плячыма яго брата, ці то трус, які запрашае накаціць вінца.
Mutus
(27 гадоў, Менск, Беларусь)
Дзе малюе: Гімназія № 75 (вул. Свярдлова, 30) і майстэрня скульптара Івана Міско (вул. Інтэрнацыянальная, 11)
Што малюе: Узгорысты ландшафт, які ўвасабляе жыццёвы шлях чалавека, і касманаўта.
Яўген Сасюра aka Mutus – беларускі мастак з Пінска. Пачынаў свой творчы шлях у 2011 годзе з нелегальнай выявы Боба Марлі ў родным горадзе, за што атрымаў штраф. Аднак гэты інцыдэнт справакаваў супрацоўніцтва з гарадскімі ўладамі, пасля чаго з’явіліся роспісы апор моста праз Піну на гістарычную тэму. Пасля ўдзельнічаў у акцыі Signal’а Must Act – Must Art, на першай Vulica Brasil маляваў разам з бразільцам Tinho. Таксама адзін з вядомых яго муралаў – папяровы самалёцік на будынку менскага аэрапорта на Аэрадромнай.
Сёлета Mutus прымецца адразу за два муралы: першы з'явіцца на заднім фасадзе 75-й гімназіі, які праглядвае праз вокны Galileo, другі – на схаванай ва ўтульным дворыку Верхняга горада майстэрні знакамітага «касмічнага» скульптара Івана Міско, аўтара ледзь не ўсіх «галоў» савецкіх касманаўтаў. Дарэчы, Міско сам выразіў жаданне, каб на будынку яго атэлье што-небудзь намалявалі.
Творчая майстэрня «ЭХО»
Дзе ствараюць: Будучы культурны кластар Белгазпрамбанка (вул. Кастрычніцкая, 16)
Што ствараюць: Плеценыя з лазы прыродныя трубы, якія аплятуць заводскі будынак.
«Эхо» – гэта творчы дуэт Паліны Піраговай і Васіля Цімашова. Яны робяць як невялікія прадметы інтэр’еру, так і масіўныя лэнд-арт скульптуры. Але нязменным застаецца прыродная форма, якую яны надаюць кожнай працы. Сюррэалістычныя, быццам нябачныя істоты, якія заўжды жывуць побач з намі, іх скульптуры робяць грунтоўны ўнёсак у развіццё сучаснага дэкаратыўнага мастацтва Беларусі.
На Vulica Brasil яны аплятуць будынак МЗКР трубамі-каранямі, якія, прарываючы асфальт, будуць несці энергію зямлі ў будынак, зараджаючы яго жыццём. На ніжніх элементах скульптуры можна будзе сядзець.
Bazinato
(35 гадоў, Маладзечна, Беларусь)
Дзе стварае: Тратуар на вуліцы Кастрычніцкай побач з ЦЭХам
Што стварае: Скульптуру «вялікай істоты» з рэчавым кросінгам.
Аўдыявізуальны мастак і даследчык, грамадскі і экалагічны актывіст, папулярызатар сучаснага мастацтва. Даследуе свет, яго макра- і мікраструктуры, патэрны і сувязі. Прапаноўвае ўздзейнічаць на асяроддзе, прастору і час, ужываючы ў сваіх эксперыментах усе даступныя практыкі мастацтва і навуковыя веды.
Апроч удзелу ў персанальных і групавых выставах, Bazinato займаецца стрыт-артам, рабіў інсталяцыі ў межах першай і трэцяй Vulica Brazil. Пачаў засяляць горад зверанаўтамі – заступнікамі зямлі, якія вучаць людзей, як ладзіць з навакольнай рэчаіснасцю. Сёлета ён увасобіць наступную істоту ў выглядзе скульптуры з нішай у грудзях, праз якую можна будзе абменьвацца рознымі артэфактамі. «Я ствараю сімбіёз бактэрыі, чалавека і расліны. Новую структуру, новае цела, новыя функцыі. Бактэрыі ўмеюць знаходзіць чужыя часцінкі ДНК і ўбудоўваць іх у сябе для паляпшэння сваіх магчымасцяў. Расліны валодаюць неверагоднай здольнасцю ператвараць сонечную энергію ў энергію росту і развіцця. У чалавека найскладанейшы мозг, супастаўны па складанасці з будовай сусвету. Сумеснае зліццё бактэрыі, чалавека і расліны адкрывае неверагодныя магчымасці для пазнання сувязяў і працэсаў, якія адбываюцца ў сусвеце».
Cowek
(32 гады, Ліда/Менск, Беларусь)
Дзе стварае: Дзесьці на Кастрычніцкай
Што стварае: Камень-валун з чалавечым тварам.
Пакуль над старадаўнім муралам Cowek’а вырастаюць леташнія зялёныя пасадкі, Жэня вырашыў паспрабаваць сябе ў скульптуры. Сёлета ён зоймецца фармаваннем каменя-валуна ў чалавечы рост, пад якім, як пад грыбам з мульціка, можна будзе схавацца ад непагадзі. Плануецца, што гэты грыбок стане татэмам фестывалю.
Тэматыка прац Жэні караніцца ў старажытнай беларускай міфалогіі, народных казках, у прыродных матывах і вобразах. Ён шукае ўзаемасувязь шэрага гарадскога ўрбанізму з жывою энергетыкай прыроды. На жаль, горад як самастойны арганізм ужо выходзіць за свае межы, тым самым пачынае запаўняць і кранаць святое – прыроду.
Cowek – адзін з заснавальнікаў часопіса-альманаха «Сігнал», які асвятляе дзейнасць вулічнага мастацтва ў Беларусі. Сталы рэзідэнт Vulica Brasil: браў удзелы ва ўсіх фестывалях, працягне і ў гэтым. Таксама маляваў на стрыт-арт-фэсце MustAct у Магiлёве, Гомелi, Горадні, Баранавічах і Рагачове. Ягоныя працы ёсць у Варшаве i Гданьску, Вільнюсе, Санкт-Пецярбургу і Ярэмчы.
HutkaSmachna
(35 гадоў, Менск, Беларусь)
Дзе робяць: Непрыкметная будка з боку паркінга ля ENZO
Што робяць: Вешаюць на яе свае знакамітыя люстэркі.
Даша Бубен
(34 гады, Гомель/Менск/Варшава, Беларусь/Польшча)
Дзе робіць: Ля будынка МЗКР на Кастрычніцкай і ў дворыку «Лаўкі»
Што робіць: Пераздыме лепшых супрацоўнікаў завода на дошцы гонару, а таксама створыць галерэю адной фатаграфіі.
Даша Бубен – беларуская фатографка і мастачка, вучылася ў менскай Акадэміі мастацтваў і варшаўскай Акадэміі фатаграфіі, доўгі час рабіла фота для рэкламных праектаў, працавала фотарэдактаркай у часопісе «Таймер».
Для Vulica Brasil Даша запросіць лепшых супрацоўнікаў МЗКР на модную фотасесію і абновіць гэты трахец пашпартны стыль дошкі гонару. А таксама зробіць дзе-небудзь у дворыку «Лаўкі» галерэю адной фатаграфіі, экспазіцыя якой будзе мяняцца раз у некалькі месяцаў.
Арт-грузавік
Пра Марата RGB мы пісалі раней. У мінулым годзе ён ужо выстаўляў свой грузавік на Vulica Brasil як дадатковае палатно: мастакі малявалі на вонкавых сценках кузава. Сёлета Марат запрашае мастацтва ўнутр канцэпт-кара: менавіта там ён размесціць сваю карцінную галерэю перадзвіжнікаў.
Трамваі
Падчас фестывалю на Кастрычніцкую вернуцца распісаныя летась трамваі. Плануецца абнавіць старыя малюнкі і зноў вярнуць іх у дэпо. «Іх стала страшна пакідаць, – кажа Міла. – Людзі, якія жадалі пакуціць у трамваі, разбівалі вокны. Разы тры дэпо рамантавала іх, але ўжо калі пачалі выдзіраць крэслы, нам самім іх стала шкада і мы сказалі: забірайце. На жаль». Па словах арганізатараў, гэта быў самы магнетычны аб’ект мінулага фэсту, людзі да іх так і ліплі.
Метро
Сёлета горад даў дабро размаляваць адзін вагон метро. Знутры і звонку. Тады мастацтва стане рухомым і зможа дасягаць канцавых станцый метрапалітэна. Магчыма, хтосьці лішні раз праедзе на метро, каб злавіць гэты вагон, а не ў самоце на персанальным аўтамабілі.
Архітэктура
У канцы жніўня зноў прыедзе бразільскі архітэктар Лаўрэнса Жыменэс, які 28 жніўня правядзе варкшоп «Зялёныя кварталы ў горадзе: жыццё сярод будынкаў», а на наступны дзень сустрэнецца з архітэктарамі і ўрбаністамі Менска, каб абмеркаваць далейшы план футурыстычнай мутацыі горада.
Кіно
Падчас фестывалю таксама прывязуць кінастужку Street River разам з яе рэжысёрамі і героямі. Фільм пра тое, як 10 мастакоў прыехалі ў амазонскія плямёны і замуцілі там арт-галерэю на хацінах туземцаў. У мясцовых жыхароў няма базавых чалавечых даброт: чыстай вады, санітарыі, медыцынскіх устаноў, школ, электрычнасці – да чаго мастакі і прыцягваюць увагу. Паказ і сустрэча са стваральнікамі праекта пройдзе 30 жніўня ў «Корпусе».
Эка
Сёлета эколагі працягваюць удасканальваць свае інтэрвенцыі на Кастрычніцкай. Да парклета ля Moby Dick яны прысабачаць сонечныя панэлі, якія дазволяць зараджаць да чатырох дэвайсаў адначасова, а таксама падсілкуюць бліжэйшы ліхтар. Яшчэ абновяць расліны ў кантэйнерах над стрыт-артам Ковэка. Нагадваем: летась Юля Стратовіч і Moss Town Studio азелянілі верхавіну мурала, але частка раслін з-за маразоў памерла. У планах эколагаў таксама зрабіць два клумбапарклета: адзін перад КЗ «Менск», другі – пад лоджыяй за паркінгам «Данарыта». Ну і нарэшце арганізаваць раздзельны збор смецця на Кастрычніцкай.
Панядзелак, 7 жніўня
11:00 Прыезд мастака Horoiwa
Пятніца, 11 жніўня
18:00 Прэм’ера дакументальнага фільма Vulica Brasil (Space, вул. Кастрычніцкая, 16а)
Cерада, 16 жніўня
15:00 Прыезд мастака Dedablio
18:05 Прыезд мастака Ramon Martins
Cубота, 19 жніўня
15:00 Прыезд мастака Zéh Palito
Субота ды нядзеля,
19–20 жніўня
Экамаршрут, выезд на прыроду (Мір, Свіцязь)
Панядзелак, 21 жніўня
11:00 Адкрытая прэс-канферэнцыя з нагоды пачатку фестывалю (Space, вул. Кастрычніцкая, 16а)
14:00 Пачатак арт- і урбан-інтэрвенцый
Чацвер, 24 жніўня
11:00 Прыезд мастака L7M
Пятніца, 25 жніўня
12:20 Ад'езд мастака Ramon Martins
19:00 Творчая сустрэча з мастакамі (Space, вул. Кастрычніцкая, 16а)
Субота ды нядзеля,
26–27 жніўня
Мерапрыемствы на вуліцы Кастрычніцкай
Нядзеля, 27 жніўня
18:25 Прыезд архітэктара Lourenço Gimenes
19:15 Прыезд мастака Rimon Guimarães
Панядзелак, 28 жніўня
10:00–18:00 Варкшоп з бразільскім архітэктарам Лаўрэнса Жыменэсам «Зялёныя кварталы ў горадзе: жыццё сярод будынкаў» (Space, вул. Кастрычніцкая, 16а)
Аўторак, 29 жніўня
19:00 Творчая сустрэча з архітэктарамі і ўрбаністамі (Space, вул. Кастрычніцкая, 16а)
Серада, 30 жніўня
20:00 Паказ фільма Street River. Сустрэча з рэжысёрамі і героямі (Культ.цэнтр «Корпус», пр. Машэрава, 9)
Чацвер, 31 жніўня
Наведванне дзіцячага дома (г. Чэрвень)
Субота ды нядзеля,
2–3 верасня
12:00–12:00 24-гадзінны карнавал-закрыццё: танцы, тэатр, кіно, візуальныя мастацтвы, музыка, гастраномія, мода, маркет, спорт і лекцыі (вул. Кастрычніцкая)
Панядзелак, 4 верасня
8:10 Ад'езд архітэктара Lourenço Gimenes
8:10 Ад'езд мастакоў Zéh Palito, Horoiwa, Dedablio
12:10 Ад'езд мастака Rimon Guimarães
Аўторак, 5 верасня
11:05 Ад'езд мастака L7M
Дакументальны фільм пра Vulica Brasil
Стрыт-артысты, графітчыкі, архітэктары, урбаністы і эколагі – распавядаем пра дзейных асобаў сёлетняга свята вулічнага мастацтва.
Сабралі поўны спіс мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў дзень закрыцця Vulica Brasil 2016.
Фотафіксацыя галоўных падзей заключнага дня урбан-фестывалю Vulica Brasil. Viva la Кастрычніцкая!
Прэзентуем на старонках 34mag маштабную дакументальную стужку пра тое, што такое фестываль стрыт-арту Vulica Brasil і што ён значыць для горада.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (4)
Бразил - это тот, который из Брутто?
На детских площадках и в садах это рисуночки смотрелись бы лучше. И уровень соответствующий у большинства гостей.
ты скучное говно
Как я понял, суть претензий предыдущего оратора - это смысловая пустота пестрых раскрасок данного проекта. Возможно, это весело и нескучно, но зачем же дискредитировать понятие "art"?! Карнавал - возможно; Декоративный покрас - может быть.