Ноч музеяў і Менск

 

Сёлетняя Ноч музеяў не была такой хайпавай, як мінулая, але нам стала цікава, з якіх частак складаецца галоўны каляндарны трамплін у лета. Каліфарнійскі захад на Зыбіцкай, «жарышка» ў НЦСМ і Ленін у стылі Неа – такім мы запомнілі Менск позняй вясной 2017-га.

 

Шасціметровы Карл Маркс дэманстратыўна адвярнуўся ад натоўпу разгарачаных капіталістаў на танцпляцы. Яркія прамяні праслізнулі па бюстах Леніна, а тыя ў адказ нават не паморшчыліся. Янка Купала глядзеў на ўсё гэта бязладдзе з верхняй паліцы. Ён і рады б крыкнуць: «Годзе, годзе!», але барабаны ўсё роўна б заглушылі яго адчайны крык. Так што яму і яго бронзава-гіпсавым суседзям заставалася толькі глядзець і зайздросціць. Усё ж такі ноч музеяў толькі раз на год, можна і пацярпець, хлопцы.

А пачыналася ўсё куды больш бяскрыўдна ...

 

 

 

Зыбіцкая. 20.00

 

– Так, ну і дзе бабулькі? Нам патрэбныя шчаслівыя танцуючыя бабулькі! Хто-небудзь бачыў хоць адну?

Пачаць ноч музеяў з вечарынкі 80+ здалося нам вельмі дзёрзкім і арыгінальным рашэннем. З месца ў кар'ер, у эпіцэнтр угару. Толькі вось знайсці месца дыслакацыі навалы гэтых гарэзлівых «хоць-куды»-пенсіянераў аказалася куды складаней, чым мы думалі. Грацыёзныя мадам і месье з высакароднай сівізной у той вечар былі раўнамерна раскіданыя па Зыбіцкай сярод натоўпаў танцораў, музыкаў, бітбоксераў, п'яных школьнікаў, сабак і веласіпедыстаў. Здаецца, яны былі зусім не зацікаўлены ў тым, каб для іх рабілі нейкае асобнае мерапрыемства. Што за дыскрымінацыя па ўзроставай прыкмеце? Хто сказаў, што нізкія частоты шкодныя для слыху? Брахня! Уключы сваёй бабулі мінімал хаус, і яна ўспомніць маладосць, вось пабачыш! Толькі гэта... Спачатку ўсё ж такі лепш пракансультавацца з лекарам.

Сонца павольна садзілася, ператвараючы Зыбіцкую ў маленькую Каліфорнію. Хто-небудзь, пастаўце Red Hot Chili Peppers, калі ласка! Такога захаду не было даўно. Горад ажыў пасля паўгадавой зімы і падскочыў так, што цяпер яго ўжо ніяк не пакласці назад. Хтосьці танчыць капаэйру, хтосьці гарлапаніць «Воины cвета» ў самапальны комбік, хтосьці глушыць партвейн на бардзюры за барам, і ўсе аднолькава шчаслівыя. Нават бамжы збянтэжана цалуюць рукі праходзячым міма дзяўчатам. Гэты вайб дзіўнага народнага яднання не будзе пакідаць нас да самай раніцы.

 

 

 

 

 

 

 

НЦСМ на Някрасава. Выстава «Горад Усярэдзіне». 21.30

 

«Мааам, ну яшчэ пяць хвілінак! Мне да другой!» – вось настолькі не хацелася пакідаць Зыбіцкую. Але 53-ці тралейбус, дзесьці нават супраць нашай волі, павёз нас у бок вуліцы Някрасава. Бяздушная машына.

Па натоўпу людзей у сўітшотах «Юнацтва», глухім пульсе басоў і «скенку» мы знайшлі будынак НЦСМ. Тыповая сітуацыя для месцаў, дзе выступае «Бассота». Паводле прагнозаў, сіноптыкі абяцалі ў «дурцы» парывісты «шчуууш», татальную «жарышку» і ападкі ў выглядзе мокрага свэгу. Мы былі ў прадчуванні.

Наймілейшага выгляду білецёркі на ўваходзе, здаецца, нават не падазравалі, якое пекла адбываецца ў іх прама над галавой. На лесвіцы мы перасекліся з Бакеем:

– О, здарова! Так, значыць, трымай і прыходзь!

Чорны Знахар са сваёй Пэпсікольнай Бэйбай раздаваў флаеры на свой сольнік у Re:public. Ідэальнае траплянне ў мэтавую аўдыторыю. Узяў і прыйду. Але спачатку на выставу.

А вось і пекла. На другім паверсе размясціліся каля дзясятка пакояў, у кожным з якіх адбывалася нейкая дзвіжуха. Ці не адбывалася нічога зусім, але толькі таму, што гэта інсталяцыя, так было задумана, і наогул нічога ты не разумееш у мастацтве, ідзі адсюль!

У вялікім чырвоным зале батліліся брэйкеры. Вось ужо дзе і напраўду была «жарышка». І ў прамым, і ў метафізічным сэнсе. Нават Гарашчы Жыраф крадком выціраў пот пад фірмовай панамкай і перыядычна выходзіў падыхаць свежым паветрам. Людзей было больш чым дастаткова. Хтосьці нават лез на вакно або на велізарныя калонкі, каб лепей разглядзець тое, што адбываецца ў коле. Хай цяпер хто-небудзь паспрабуе сказаць, што брэйкданс мёртвы! У нас ёсць парачка вогненных фотаздымкаў у якасці контраргументаў!

З чырвонага зала людзі выбіраліся задаволеныя, але напаўжывыя і з жаласным крыкам: «Вады-ы-ы». Тыя несмяротныя, у каго яшчэ заставаліся сілы, перабягалі ў сіні пакой на DJ-сэт «Бассоты», дзе іх канчаткова дабіваў напаўголы Kipah. Гэта была сапраўдная бойня. Я бачыў, як людзі плакалі і клікалі маму пад «Я думал раскачаться – это сложно», але праз сілу працягвалі танчыць. Самыя ўстойлівыя з тых, хто абраў НЦСМ у гэты вечар, несумненна, перажылі катарсіс, спазналі дзэн і напаткалі ўсю моц сучаснага мастацтва. Мы ж, пабаяўшыся заўчаснага кармічнага перараджэння, адправіліся далей.

 

 

 

 

 

 

 

Корпус 8. Выстава часопіса «Имена». 22.30

 

Ад НЦСМ пешшу да плошчы Якуба Коласа. Новыя «канверсы» жудасна нацёрлі пяткі, але яно таго варта. Які ж Менск круты па начах! Нават матацыклісты без глушыцеляў выклікалі ў гэтую ноч не звыклую прагу крыві, а жаданне прыабняць і пашкадаваць. Да таго ж іх было шмат і ў іх, падобна, была свая «Ноч музеяў».

Вялікую відэаінсталяцыю на сцяне «Корпуса 8» было відаць яшчэ на падыходзе. Усе гэтыя пацешныя мультыплікацыйныя караблікі малявалі дзеці са студыі «Мы ёсць і мы разам». Саму выставу «Имен» не бачыў толькі лянівы, і пра яе ўжо многае было сказана. Ад сябе дадам: на выхадзе з залы ў мяне дрыжалі каленкі. Пасля шумнай і каляровай тусы ў НЦСМ героі «Имен» гавораць з табой шэптам, але на вельмі сур'ёзныя тэмы. На такім кантрасце ты ўспрымаеш сказанае яшчэ больш яскрава. Ты спачуваеш, ганарышся, баішся, змагаешся разам з героямі выставы, прапускаеш праз сябе іх гісторыі, захапляешся інсталяцыямі, якія прымушаюць думаць і дзейнічаць. Калі б «Имена» не з'явіліся год таму, іх неадкладна трэба было б прыдумаць.

 

 

 

 

 

 

 

Палац мастацтваў. Выстава «Арт-Беларусь». 22.45

 

Новая выстава, новы чэкпоінт – і зноў разрыў шаблону. Такі кансерватыўны і акадэмічны Палац мастацтваў у гэтую ноч быў зусім да сябе не падобны. Атмасфера на першым паверсе будынка нагадвала ўрок выяўленчага мастацтва ў дзіцячым садку. Людзі малявалі адно аднаго, мазаліся фарбамі, смяяліся над тым, што атрымалася, і з гонарам вывешвалі вынікі сваіх прац на ўсеагульны агляд. Прычым у прыгожых рамках і на самыя бачныя месцы. Усё было сур'ёзна. Пара такіх карцін – і можна з чыстым сумленнем заяўляць сябрам, што выстаўляўся ў Палацы мастацтваў, – выдатны лайфхак!

У рамках выставы «Арт-Беларусь» кожны мог адчуць сябе мастаком. Да самапальных шэдэўраў выбудоўвалася цэлая чарга з жадаючых дапоўніць кампазіцыю. У поўнач на «палотнах» не засталося жывога месца. І карціны былі сапраўды геніяльнымі, бо кожная з іх з'яўлялася па сутнасці мастацкай сацапытанкай. Смерць жабяня Пепе, конь-людаед, атака іншапланецян і адвечнае пытанне: «Як жыць пасля ўсяго гэтага?» – вось што на самой справе хвалюе сярэднестатыстычнага беларуса. Гэтыя работы трэба разглядаць доўга і ўдумліва, звяртаючы ўвагу на дэталі, каб нічога не выпусціць. Прама як палотны Босха. Мы таксама пакінулі на палотнах парачку сваіх тэгаў – паспрабуй знайдзі.

На другім паверсе панавала ўжо больш звыклая для Палаца атмасфера сур'ёзнай выставы. Ахоўнікі ва ўсю сачылі на тым, каб ты па інерцыі не дамаляваў чаго-небудзь да літаграфіі Шагала. Але часам так хацелася, сапраўды кажучы! Да таго ж, я думаю, сам Марк Захаравіч быў бы не супраць такога флэшмобу. Але правілы ёсць правілы, нічога не зробіш.

Натхніўшыся сапраўдным і несапраўдным, але жудасна вынаходлівым, народным мастацтвам, мы сабраліся сіламі для апошняга марш-кідка.

 

 

 

 

 

 

 

 

Мемарыяльны музей-майстэрня Азгура. 23.55

 

– Ты ніколі не быў у музеі Азгура? Ну рыхтуйся!..

Да чаго канкрэтна мне трэба рыхтавацца, я так і не зразумеў, але настойлівасць, з якой наша спадарожніца сказала гэтыя словы, памножаная на дзвесце грам партугальскага партвейну, выпітых па дарозе, зрабілі сваю справу – я быў заінтрыгаваны.

І нездарма. Цяжка апісаць сваё першае ўражанне, калі ты апынаешся ў велізарным пакоі, забітым бюстамі знакамітых культурных дзеячаў і правадыроў рознай ступені важнасці.

Кароткі канцэнтраваны курс гісторыі ўперамешку з адрэналінам расцякаўся прама па вянках. Асабліва шмат было, чакана, Леніных. Маленькія, вялікія, з кепкай і без, у пінжаках і плашчах – Ільічы глядзелі прама ў душу з усіх паліц майстэрні. Іх колькасць, здавалася, пераўзыходзіла суму ўсіх астатніх бюстаў, разам узятых. Аказваецца, Леніны таксама бываюць розныя. «Павадыр пралетарыяту, які паказвае далонню ў камуністычнае далёка» – самы папулярны, але далёка не адзіны «псіхатып» помніка Ульянаву.

У Азгура Ленін мог наогул што заўгодна: вось ён папраўляе плашч у стылі Неа з «Матрыцы», а вось павучальна глядзіць на наведнікаў майстэрні з вышыні сваёй сяміметровасці, карцінна прыклаўшы руку да сэрца. Некаторыя статуі стаялі вельмі блізка адно да аднаго, што стварала смешныя мізансцэны. Напрыклад, на адной з паліц тры Ільічы нешта вельмі горача абмяркоўвалі адзін з адным, мяркуючы па іх жэстах. Можа быць, дэкрэт аб дармаедстве? Адзін быў за, а два іншых відавочна супраць. 2-1. Нават Леніны ўсё разумеюць.

Калі святло выключылася і зайгралі барабаны, я раптам падсеў на параною. Бюсты з усіх паліц прапальвалі спалоханы натоўп гіпсавымі поглядамі. Канцэрт трыа барабаншчыкаў – ці не апошняе, чаго ты чакаеш у такім месцы. Але літаральна праз тры песні ўсё стала на свае месцы – людзі пачалі танцаваць. У нейкі момант у натоўпу атрымалася нават арганізаваць нешта падобнае да слэму. Я нават стаў перажываць за цэласнасць насоў бліжэйшых да танцпляца Леніных. Але, здаецца, усё абышлося.

Сівой прафесар ва ўсю падкочваў да маладых студэнтак і спрабаваў танцаваць з імі факстрот пад драм-н-бэйс. Выглядала трохі недарэчна, але жудасна міла. Людзі вар’яцелі, і нарэшце нас нагнаў той самы катарсіс, ад якога мы ўцяклі з выставы НЦСМ. Адчуванне найпаўнейшага яднання з натоўпам і ўсеагульнай эйфарыі. Ноч музеяў стала нагадваць маленькі Новы год. А дзіўнага выгляду дэкарацыі вакол дадавалі святу агеньчыку. Здаецца, Купала і Колас на верхняй паліцы пашкадавалі, што ў іх няма ног.

 

 

 

 

 

Плошча Перамогі. 7.15

 

Людзі разышліся толькі ў пяць раніцы, стомленыя, але задаволеныя і абноўленыя. Світанак на Плошчы Перамогі быў не горш захаду на Зыбіцкай. Гуляючы па пустых вуліцах, прама пасярод дарогі мы праводзілі разбор палётаў мінулай ночы. На падыходзе да метро нас дагнаў вельмі каларытны, падвыпіўшы і вельмі шчаслівы хлопец. Паказаў «казу», усміхнуўся і ўцёк па сваіх справах, напяваючы песню «Ляпіса» сабе пад нос. Здаецца, чыйсьці «маленькі Новы год» таксама атрымаўся на славу. А тым часам любімы горад, які гэтай раніцай сам быў падобны да вялікага музея, рыхтаваўся сустрэць новы дзень.

 

 

 


КАМЕНТАРЫ (3)

jane
jane | 30.05.2017 09:42

рэпорт агонь, дзякуй!

6 0 +6
Volha Blazhevich | 26.05.2017 18:14

Усё, канечне, крута. Але з НЦСМ у Корпус праз плошчу, пардон, каго-каго? Янкі Купалы? Сур'ёзна? Акуратней трэба з любімым горадам.

1 0 +1
34mag.net | 27.05.2017 14:31

Канешне ж, мы мелі на ўвазе ізраільскі горад Ашдод. Дзякуй за заўвагу!

6 0 +6