Антанiна Сцябур, каардынатарка
– «Мяжа» – выставачны праект Гётэ-інстытута, творы 23 маладых мастакоў і мастачак з адзінаццаці краін Еўропы і Азіі. Гэта выстава пра межы ў самым шырокім сэнсе. Асноўныя пытанні: дзе сканчаецца Еўропа і пачынаецца Азія? на што ўплываюць межы і хто іх праводзіць?
Выстава перасоўная. Яна ўжо была ў Маскве, Пецярбургу, Краснаярску і Кіеве, а потым паедзе ў Дортмунд. Далей у Цэнтральную Азію. Архітэктурнае рашэнне нестандартнае: 23 чорныя скрынкі, якія з аднаго боку абмяжоўваюць мастака(-чку), але з іншага – дазваляюць раскрыць скрынку па-рознаму.
Мне здаецца, тэма межаў заўсёды актуальная. У гэтым свеце наўрад ці калі-небудзь будзе вырашана гэтае пытанне. Я б, вядома, скасавала ўсе межы, калі б такая магчымасць была. Вызначаць межы – гэта наогул вельмі па-мадэрнісцку.
Куратары абралі працы вядомых і перспектыўных сучасных мастакоў і мастачак. Кожны(-ая) значны(-ая) у сваім рэгіёне. Яны не задавольваюцца тыповымі фарматамі мастацтва, накшталт карцін або фатаграфіі, а эксперыментуюць: выкарыстоўваюць тэхналогіі, відэа-арт.
Фархад Фарзаліеў
«Мугам-Караоке»
У гэтай працы два пласты. Першы – іранічны. Можна проста прыйсці і паспяваць караоке. Караоке – гэта адзін з самых папулярных відаў адпачынку ў Азербайджане. Куратары кажуць, што можна скласці караоке-мапу: чым далей рухаешся ў краіны Цэнтральнай Азіі, тым больш караоке на адну вёску. Фархад прапануе далучыцца да нацыянальнага баўлення часу, уцягвае ў гэты забаўляльны фармат.
Пачынае граць музыка, з'яўляюцца песня з тэкстам пра Нагорны Карабах і краявіды гэтай тэрыторыі. Як мы ведаем, паміж Азербайджанам і Арменіяй ідзе вайна. Нагорны Карабах – тэрыторыя, якую гэтыя краіны не могуць падзяліць.
Сітуацыя нават складаней, чым паміж Расіяй і Украінай. Калі твае бацькі ў Арменіі, а ты ў Азербайджане, то магчымасці прыехаць да іх у госці няма. Нават калі яны захварэлі або памерлі. Зусім ніяк.
Віды Нагорнага Карабаху – не фатаграфія, а 3D-малюнак. З-за бамбёжак і абстрэлаў архітэктура Карабаху практычна знікла і больш нам не даступная. Толькі ў віртуальнай рэальнасці.
То-бок ты прыходзіш і думаеш, што зараз павесялішся, але раптам за весялосцю выяўляецца сур'ёзнае палітычнае выказванне.
Аліна Копіца
«Вясельная сукенка»
Гэтая праца – прыклад таго, як асабістая гісторыя становіцца пунктам адліку для таго, каб асвятліць вялікую сацыяльную праблему.
Мастачка Аліна з Украіны выходзіла замуж за грамадзяніна Швейцарыі. Каб даказаць, што шлюб не фіктыўны, улады Швейцарыі запатрабавалі іх перапіску. Натуральна, у перапісцы было шмат інтымнага. Ніхто б не захацеў, каб гэта прачытаў хтосьці трэці.
Відаць, для швейцарцаў Аліна была недастаткова еўрапейкай. Гэта так закранула мастачку, што яна раздрукавала ўсю перапіску на шлюбнай сукенцы і выходзіла ў ім замуж. Гэта не арыгінал сукенкі, а яго копія. Вяселле было некалькі гадоў таму, і мастачка знішчыла сукенку, але потым аднавіла яе.
Калі мы мантавалі выставу, я чытала нейкія фрагменты перапіскі. Было вельмі нязручна: там сапраўды шмат асабістых рэчаў. Досыць вострая праблема не толькі межаў Еўропы, але і праблема вызначэння межаў прыватнага і публічнага.
Сяргей Шабохін
«Мы суровыя спажыўцы культурных рэвалюцый»
Гэта частка вялікага даследчага праекта Сяргея, які прысвечаны аб’яднанню УНОВИС. У 20-х гадах Малевіч разам з Лісіцкім і іншымі стварылі школу УНОВИС, дзе навучалі супрэматызму.
Малевіч напісаў асноўныя тэарэтычныя працы, якія ляглі ў падмурак дызайну. У канцы 20-х – пачатку 30-х усе яго пошукі-даследаванні апынуліся тут нікому не патрэбнымі. Але яны былі запатрабаваныя на Захадзе.
Безумоўна, для Захаду мы – Усход. Атрымалася такая трансгрэсія: ідэі Малевіча сышлі з Усходу на Захад. Калі ўтрыраваць, то можна сказаць, што без Малевіча не было б сучаснага айфона. Яны з Баўхаўсам прыдумалі асноўныя правілы, па якіх працуе дызайн: спалучэнне колераў і формаў.
У 90-х гадах адбылася адваротная гісторыя: дызайн, які гадамі адпрацоўваўся на Захадзе, вярнуўся пасля развалу Савецкага Саюза да нас, але мы сталі яго спажыўцамі.
Першыя тры літары міргаюць, адбываецца гульня слоў: «Мы суровыя спажыўцы культурных рэвалюцый», «Заходнія спажыўцы культурных рэвалюцый» і «Усходнія спажыўцы культурных рэвалюцый». Гэтая праца аб тым, што мяжа пераходу дызайну ўвесь час трансгрэсіўная. У рэшце рэшт мы ўсе так ці інакш спажыўцы культурных рэвалюцый.
Сауле Дзюзенбіна
«Казахскія забавы»
Сауле – з Казахстана. Яна працуе з тэмай шпалераў. У Казахстане ў 1997 годзе сталіцу з Алматы перанеслі ў Астану.
Астана – гэта такі гімн нуварышаў. У Казахстане з'явіліся грошы, і тыя, каго можна называць «малінавымі пінжакамі», пачалі актыўна будаваць горад. З'явіліся «маленькая Венецая» і «маленькі Парыж». У іх нават ёсць свая «Трыумфальная арка» – такая ж, як у Парыжы, толькі паболей і панавей.
Сауле распавядае, што горад выглядае прыгожа на фота, але абсалютна не прызначаны для жыцця: не разлічаная ружа вятроў. Горад размешчаны сярод пустыні, і калі людзі пераходзяць з адной вуліцы на другую, то іх зносіць ветрам. Але на фотаздымках усё прыгожа.
Калі мы не ведаем кантэксту, то малюнак выглядае як класічныя шпалеры са смешным патэрнам. Вось, напрыклад, рогі і коні. Традыцыйна ў Казахстане існавалі качавыя плямёны, якія займаліся жывёлагадоўляй. Але сённяшнія багатыя людзі – гэта ўчарашнія прадстаўнікі традыцыйных грамадстваў. Яны спажываюць Шанэль і іншыя еўрапейскія брэнды з вялікім задавальненнем. Таму рогі закручаныя ў знак Шанэль.
Таус Махачова
«Дзевятнаццаць за дзень»
Руская мастачка Таус Махачова – з Каўказа. Яна даследуе вяселлі ў Дагестане. Вяселле ў Дагестане – адна з самых значных падзей. Ёсць нават гандлёвыя цэнтры, прысвечаныя цалкам вяселлю.
Цягам дня Таус са сваім сябрам, вясельным фатографам, наведалі 19 вяселляў і зрабілі мноства фотаздымкаў. Дарэчы, няпрошаны госць не можа быць адрынуты на такім свяце.
Мясцовыя разумеюць, як святкаваць вяселле па традыцыйных канонах, але што рабіць з тым кантэкстам, які дастаецца ад Еўропы? Для іх Еўропа – гэта сімвал дастатку. Яны хочуць быць моднымі і сучаснымі, але інтэрпрэтуюць гэта па-свойму. Напрыклад, вось прыўкрасная машына, цалкам усеяная стразамі. У творы мы бачым, як злучаецца еўрапейскае разуменне вяселля з традыцыйным.
Вольга Жытліна
«Насрэдзін у Расіі»
Воля працуе з тэмай працоўных мігрантаў. У Расіі гэта вялікая праблема. Працоўныя мігранты не маюць юрыдычнага статусу, яны выключаны з грамадства, пры гэтым выконваюць самую жудасную і страшную працу і абсалютна ніяк не абароненыя. «Хіба можа быць у працоўных мігрантаў культура?» – задае пытанне большасць рускіх (і беларусаў).
Таму яны прыдумалі газету «Насрэдзін у Расіі». Гэта такі персанаж, які ў складаных сітуацыях заўсёды знаходзіць дасціпны выхад, як і працоўныя мігранты, якія пастаянна трапляюць у нейкія неверагодна складаныя сітуацыі і павінны ўвесь час думаць, як з яе граматна выйсці.
Воля дае голас самім мігрантам. Яны пішуць артыкулы, разважаюць, паказваюць, як фармуюцца стэрэатыпы. Яна дае ім сваё СМІ. Пачытаўшы гэтыя газеты, мы можам пазбавіцца нейкіх стэрэатыпаў.
Наталля Дзю
«Бывайце, мае азіяцкія вочы…»
Гэта праца, калі цела мастака ці мастачкі з'яўляецца яго выказваннем.
Метафара простая: спачатку мастачка – вусень, затым потым яна змяняе разрэз вачэй і пераўтвараецца ў матылька. Дзіўна, што пасля аперацыі мастачка не стварыла ніводнай працы. Аперацыю яна зрабіла ў 2007 годзе.
Адна з самых распаўсюджаных і самых балючых аперацый у краінах Цэнтральнай Азіі – па змяненні разрэзу вачэй. Гэта не самая бяспечная аперацыя ў свеце, але на яе ўсё адно збіраюць грошы, каб наблізіцца да эталону еўрапейскай прыгажосці. Сярод прадстаўнікоў Азіі і Афрыкі тры самыя папулярныя аперацыі – не па павелічэнні грудзей ці вуснаў, а па змене разрэзу вачэй, падаўжэнні ног і памяншэнні вуснаў. Такая гісторыя пра посткаланіялізм.
21 кастрычніка, субота
15:00 – экскурсія па выставе «Мяжа»
Гэта, бадай, найлепшы спосаб наведаць выставу. Антаніна Сцябур правядзе экскурсію і распавядзе ўсё так падрабязна, як у нашым гайдзе. Раім прыйсці!
25 кастрычніка, серада
19:00 – паказ фільма «Цэнтр Еўропы», рэжысёр Станіслаў Муха
Дзе знаходзіцца цэнтр Еўропы? Польска-нямецкі рэжысёр накіроўваецца ў падарожжа, каб адказаць на гэтае пытанне. Эўрыка: адзінага цэнтра Еўропы няма. На гэты статус прэтэндуюць дзясяткі гарадоў і мястэчак у радыусе каля 2000 км ад Германіі да Украіны. Іранічны дакументальны фільм пра тое, што геаграфічны і сэнсавы цэнтр Еўропы аказваецца прынцыпова недасягальным.
28 кастрычніка, субота
14:00 – экскурсія для дзяцей і іх бацькоў
Што такое мяжа? Як фарміруюцца межы? Ці можна і ў якім выпадку іх можна парушаць? Адказы на гэтыя пытанні ў гульнявой форме будзе шукаць Соня Садоўская разам з дзецьмі. Рэкамендавана для дзяцей 6-10 гадоў і іх бацькоў.
30 кастрычніка, панядзелак
19:00 – інтэрактыўная гульня «Межы і міграцыя»
Разам з грамадскім аб’яднаннем Human Constanta ў гульнявой форме ўдзельнікі змогуць лепш разабрацца з тэмамі міграцыі і ўцекачоў.
3 лістапада, пятніца
19:00 – лекцыя «Вучыцца ў “Дакументы”»
«Дакумента» – мегавыстава, якая адбываецца кожныя пяць гадоў у Касэлі. Цэнтральнай тэмай сёлетняй «Дакументы» стала тэма меж і ўцекачоў. Антаніна Сцябур, Ганна Карпенка, Ганна Самарская распавядуць пра тое, як можна працаваць з тэмай уцекачоў у полі сучаснага мастацтва, даследуючы працы мастакоў і куратараў.
4 лістапада, субота
14:00 – экскурсія для падлеткаў
У інтэрактыўнай форме Соня Садоўская правядзе экскурсію. Удзельнікі ў межах экскурсіі будуць вучыцца чытаць працы сучасных мастакоў, узаемадзейнічаць з імі і задаваць пытанні адно аднаму.
Сачы за абвесткамі на старонцы ў Facebook
Выстава працуе штодзень з 12:00 да 21:00 да 7 лістапада ў культ. цэнтры «КОРПУС» (пр-т Машэрава, 9, корпус 8)
Уваход вольны
Гутарым з куратаркай выставы Non-fashion Дзінай Даніловіч пра спалучэнне індустрыі моды з мастацтвам.
І яшчэ 14 галоўных пытанняў пра жыццё, сусвет і ўсё такое.
Занатавалі мультымедыйныя аскепкі выставы Антона Сарокіна «Мінулае яшчэ не скончылася, будучыня ўжо не настала».
Дыскусіі, прэзентацыі, інтэрактыў.
Холад прыроды і цяпло людзей.