Запіскі з будучыні
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 18.04.2018
- 17185
На мінулых выходных у «Корпусе» сабралася прыстойная колькасць інтэлектуалаў і неабыякавых гледачоў, каб пагаварыць пра тэхналагічныя змены апошняга часу і іх уплыў на будучыню. Прыносім табе свой канспект форуму і разам з ім – новыя падставы задумацца пра YOLO. І так, перачытай гэты матэрыял у 2050-м.
«Магчымасці і рызыкі інфармацыйнага грамадства»
Мары Педак, старэйшая экспертка e-Governance Academy (Эстонія)
У Эстоніі ўжо можна камунікаваць з урадам у электронным выглядзе. Гэта крута, таму што камп’ютар не возьме хабар. Карупцыя можа знікнуць.
Эстонія – адзіная краіна, дзе ёсць галасаванне праз інтэрнэт. Гэтым карыстаецца траціна жыхароў. Галоўнае – наяўнасць выбару.
Усе сістэмы павінны быць простымі. Інакш людзі не будуць імі карыстацца.
Sms-абвесткі павінны быць такімі: «Дарагі(-ая) спадар(-ыня), вашы кіроўчыя правы даступныя і будуць дастаўлены вам заўтра. Ваш урад».
У Эстоніі ёсць некалькі правілаў распаўсюджвання персанальных дадзеных. Першае: мы даем свае дадзеныя дзяржаве з пэўнымі мэтамі. Паліцыя не можа выкарыстоўваць тыя дадзеныя, якія мы аддаем іншай структуры, напрыклад для атрымання пашпарта. Другое: чалавек асабіста дае дазвол на выкарыстанне сваіх дадзеных.
Людзі сталі часцей карыстацца электроннымі формамі, таму што там просты дызайн. І ёсць давер да ўрада. Без даверу няма электроннага ўрада.
У Эстоніі ідзе тэндэнцыя пераносіць паслугі ў смартфон. Таксама ўжо існуюць лічбавыя амбасады.
«Чалавек у чаканні штучнага інтэлекту»
Уладзімір Мацкевіч, філосаф і метадолаг, стваральнік Лятучага ўніверсітэта
Мы будуем тэхнічныя сістэмы па аналогіі з мозгам. Так мы даведаемся больш пра чалавечы мозг.
Разуменне прыроды нейрона і яго функцыянавання ў арганізме прывяло да з'яўлення міжпрадметных работ – напрыклад, «Перапрацоўка інфармацыі ў чалавека».
Камп’ютары навучаюцца на аснове нейрасеткі. Гэта той жа працэс, якім раней займаліся біхевіярысты.
Усё, што адбываецца ў лічбавым выглядзе, без чалавека з'яўляецца проста жалязякамі.
Чалавек – галоўны прыдатак камп’ютара. І наадварот.
Першыя ксенафобскія думкі з'явіліся падчас узнікнення тэлефонных сетак. Людзі думалі, што яны могуць пачаць жыць сваім жыццём.
Сёння ні адна нейрасетка не можа наблізіцца да чалавечага мозгу і сама прымаць рашэнні.
У тэхнічным прагрэсе мы пакуль што дайшлі да ўзроўню плоскіх чарвякоў. Адлегласць ад сённяшняга стану тэхнічнага прагрэсу да мадэлявання чалавечых эмоцый – як ад плоскіх чарвякоў да малпы.
Уменне чалавека выяўляць сябе – прыкмета наяўнасці найпрасцейшай рэфлексіі.
«Адукацыя будучыні: арыентацыя на базавы безумоўны даход або тэхналагічны прарыў»
Таццяна Вадалажская, праграмная каардынатарка Лятучага ўніверсітэта
Адукацыя – гэта сфера параджэння новых тэхналагічных змяненняў.
Павел Лебедзеў, галоўны інжынер Itransition
Тэхналогіі не маюць нацыянальнасці.
Чалавек будучага нічога не павінен чалавеку сучаснага.
Я цяпер запушчаны на вельмі дрэнным жалезе, мяне гэта вельмі не задавальняе. Гэта пытанне і да навукі, і да тэхналогій.
Лола Трапш, дырэктарка замежнай Executive Search-кампаніі Pedersen & Partners у Беларусі
Павіннасць як форма бянтэжыць. Нашы дзеці нам нічога не павінны.
Тыя, хто бярэ на сябе смеласць вучыць іншых, самі абавязаны пастаянна вучыцца.
Глядзець дыскусію цалкам
«ІТ-краіна»
Ігар Мамоненка, генеральны дырэктар групы кампаній BelHard
$ 500 000 – гадавая зарплата пачаткоўцаў спецыялістаў па штучным інтэлекце ў Швейцарыі.
«Hardware Belarus»
Людміла Антаноўская, старшыня рады асацыяцыі «Инновационное приборостроение» ў Беларусі, уладальніца і дырэктарка холдынгу «Полимастер»
Скрытыя чэмпіёны – паняцце, якое апісвае не надта вядомыя кампаніі, якія выдатна спраўляюцца са сваёй справай.
Асноўная праблема, з якой мы сутыкаемся, – дрэнны імідж краіны. Інжынеры і распрацоўшчыкі ў Беларусі выдатныя.
Айцішнікі Беларусі маюць лепшыя суадносіны кошту і якасці.
Талерантнасць дазваляе беларусам падбудоўвацца пад усіх.
Тэхнічныя пісьменнікі і маркетолагі – тыя «лірыкі», якія патрэбныя ў IT.
Я тут, каб зрабіць hardware больш вядомым.
Нам патрэбныя не філосафы, а футурысты – людзі, якія прадказваюць будучыню. У айці патрэбныя спецыялісты, якія могуць прадказаць тое, што будзе трэба праз 5-10 гадоў, а лепш – праз 50.
Глядзець выступ цалкам
«Новая Suomi. Погляд з 2050 года»
Іван Сухій, палітолаг, медыякансультант
Кумір падлеткаў – рэпер Looka – здзейсніў камінг-аўт: ён антрапаморфны робат са штучнымі інтэлектам.
У рэжыму сышла з-пад ног краіна. Некалькі дзесяцігоддзяў таму ў гэта было складана паверыць.
Грамадства сыходзіць у паралельную рэальнасць. Не дзякуючы дзяржаве, а шмат у чым – насуперак.
У трэндах беларускай кухні – дары прыроды. Мала хто вырашыцца гэта есці, але ўсім будзе цікава. Бульба – старая кухня.
Галоўная кніга 2050 года: «Беларускі цуд: Беларусь як няздольная ахвяра абставін».
Паваротны момант: беларусы зразумелі, што яны не дурнейшыя за фінаў і кітайцаў.
IT – гэта не пра hardware і праграмаванне. Гэта пра спосаб знайсці сваю нішу.
Беларусь стала багатай дзякуючы нішаваму IT-сектару, добрай экалогіі і натуральнай звычцы жыць па правілах.
Усё здарылася, таму што не было іншага выйсця.
Глядзець выступ цалкам
«Адказныя дадзеныя: пытанні этыкі і бяспекі»
Сяргей Кадомскі, дырэктар па аналітыцы ў Playrix
Няма бясплатных прылад. Тавар – гэта вы, ваша ўвага і вашы дадзеныя.
Пры куплі смартфона вы проста выбіраеце, якой кампаніі будзеце зліваць свае дадзеныя.
Аляксей Казлюк, праваабаронца, даследчык лічбавых свабод, сузаснавальнік Human Constanta
Мы гаворым не пра будучыню, а пра сучаснасць. Не ўсе разумеюць, што будучыня ўжо наступіла.
Марына Сакалова, кандыдатка гістарычных навук, даследчыца сацыяльнай гісторыі тэхналогій
Прагнозы не спраўджваюцца. Але яны патрэбныя для таго, каб вызначыць, да якіх наступстваў можа прывесці група падзей і тэндэнцый.
Цяпер за намі сочаць сотні Вялікіх Братоў.
Глядзець дыскусію цалкам
«Сімбіёз або супрацьстаянне: чалавек і штучны інтэлект»
Таццяна Шчытцова, філосафка, прафесарка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта
Страх перад тэхналагічнымі зменамі ўключаны ў сам лад гэтай сістэмы.
Мы баімся штучнага інтэлекту, таму што баімся страціць кантроль. У наш утапічны светапогляд заключана магчымасць кіраваць усім.
Ірына Дубянецкая, біблеістка, філосафка, акадэмічная дырэктарка «Беларускага калегіума»
Blue Brain Project – праект Еўрасаюза, у рамках якога ствараюць камп'ютарнае мадэляванне чалавечага мозгу.
У прыроду чалавека заключана жаданне ствараць нешта грандыёзнае.
Глядзець дыскусію цалкам
Фота – Таня Капітонава