Спікеры:
Вольга Шпарага – філосафка, выкладчыца ECLAB
Іван Ведэнін – сузаснавальнік платформы Talaka
Дар’я Царык – журналістка часопіса «Имена»
Мадэратарка:
Саша Губская – журналістка 34mag.net, івэнт-менеджарка.
«Беларусы пералічваюць больш грошай на краўд-праекты»
Іван Вядзенін: Сузаснавальнікам платформы Talaka я стаў у 2012 годзе. На той момант ідэя гучала проста: беларусы павінны сваімі сіламі вырашыць праблемы. Мы павінны быць самі з вусамі.
Talaka – гэта не краўдфандынгавая платформа. Talaka – гэта платформа для рэалізацыі праектаў. У фокусе нашай увагі – дапамагаць актыўным людзям рэалізаваць іх праекты.
Раней, калі праекту для рэалізацыі яго задумкі патрэбныя былі грошы, ішлі да бізнэсу ці чалавека з грашыма, а наўзамен прапаноўвалі спонсарскі пакет. Краўдфандынг дазваляе зрабіць гэтую тэхналогію масавай.
«МаеСэнс» запусціўся ў 2011-м і ў першы год сабраў 40 тысяч даляраў. Далей пачалося ўзыходжанне. У 2015-м з'явіліся дзве пляцоўкі: Talaka і Ulej. У 2017 годзе я сабраў дадзеныя з пляцовак – у суме атрымалася каля 561 тысячы даляраў. У гэтыя падлікі не патрапілі прыватныя ініцыятывы: напрыклад, збор грошай на альбом Вольскага ці збор сродкаў на выплату штрафаў кнігарні «Логвінаў».
«Мы павінны быць самі з вусамі»
Калі параўнаць са статыстыкай Расіі, то ў іх аб'ём сродкаў, сабраных з дапамогай краўдфандынгу, амаль у 10 разоў больш. Але калі перавесці суму на аднаго жыхара Расійскай Федэрацыі і Беларусі, то апынецца, што ў нас у пераліку на аднаго жыхара сабрана амаль у два разы больш сродкаў. Беларусы пералічваюць больш грошай на краўд-праекты.
«Палітыка адкрытасці – галоўная зброя краўдфандынгу»
Іван Вядзенін: Краўд-тэхнологіі заснаваныя на прынцыпе публічнасці і адкрытасці. Палітыка адкрытасці – галоўная зброя краўдфандынгу. Калі людзі бачаць, што ўсё празрыста, яны працягваюць укладвацца.
Калі краўдфандынг стане ўсеагульным, то, на мой погляд, наступіць прамая дэмакратыя, калі адны людзі прапануюць праекты, а іншыя – у іх інвестуюць. Talaka прыносіць будучыню ў Беларусь, і краіна спрабуе гэта засвоіць. Тое, што з'яўляецца навінкай у Беларусі, на Захадзе – ужо другі эшалон.
За 2017 год Talaka сабрала 105 тысяч даляраў. Сярэдні чэк – каля 25 даляраў. Максімальны плацеж, які можа прайсці праз нашу сістэму, – 5 тысяч беларускіх рублёў. Мінімальны – 1 беларускі рубель.
«Калі краўдфандынг стане ўсеагульным, то наступіць прамая дэмакратыя»
Калі вы збіраецеся запускаць краўдфандынгавую кампанію, дзякуючы гэтай сярэдняй суме вы можаце разлічыць колькасць людзей, якіх трэба ўцягнуць у кампанію. Калі вам патрэбна тысяча даляраў, падзяліце тысячу на 25 даляраў, і атрымаеце 40 чалавек – колькасць людзей, якіх трэба ўцягнуць у кампанію.
Вольга Шпарага: Ці можна зрабіць высновы пра тое, якога роду праекты больш падтрымліваюць: культурныя, звязаныя з тэхналогіямі або сацыяльныя?
Іван Вядзенін: Гэта маё нелюбімае пытанне. Я евангеліст краўдфандынгу і сцвярджаю, што ў любой сферы можна сабраць грошы. Дэ-факта зараз на платформе больш праектаў, звязаных з нацыянальнай культурай і мовай. Туды можна аднесці і медыя. Напрыклад, «Наша Ніва» сабрала 17 тысяч беларускіх рублёў на выданне гісторыі беларускіх напояў.
«Мы ўсе фінансава задзейнічаны ў сістэме»
Дар’я Царык: У любой сістэме нешта існуе толькі таму, што яно патрэбнае. Калі яно не патрэбнае, то яно адмірае. Мы робім «Имена», таму што не мае значэння, у каго колькі грошай, калі няма каманды і ідэі.
Калі ў сакавіку 2017-га былі суды, мы прыходзілі падтрымаць сяброў. На судах тыя самыя сведкі выглядалі сытымі. Адразу відаць: іх добра кормяць. Потым я ўзгадала, як мы санітарылі ў дзявятым аддзяленні «Псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў №3 г. Мінска». Я задумалася: са сваёй кішэні аплачваю харчаванне адной катэгорыі асоб і іншых. Гэта бюджэтныя грошы. Мы ўсе фінансава задзейнічаныя ў сістэме. Калі ты спажываеш брэнд, ты згодны з яго палітыкай. Адпаведна, я асабіста аплаціла суды і пакарміла сведак.
«У любой сферы можна сабраць грошы»
Калі мы зірнем на прыклад Расіі, то ўбачым, што сацыяльны сектар быў аддадзены на водкуп ндаашнікам. Тыя функцыі, якія фармальна ўскладзеныя на дзяржаву, не выконваюцца.
«Імёны» – ужо даўно не медыя. Змяніўся нават юрыдычны статус. У ідэале гэта будзе міжнародны фонд. «Імёны» – гэта пасярэднік паміж фінансавымі рэсурсамі і тымі, хто можа гэтыя рэсурсы асвоіць і пусціць на важнае.
«Журналіст – генератар энергіі, які выпрацоўвае эмоцыю»
Іван Вядзенін: Усё было вельмі проста: у «Імёнаў» спачатку была Каця Сінюк, за якой стаяла якасная журналістыка. Для яе гэта быў бой. З аднаго боку, стаяла задача раскруціць гісторыю ад адной зачэпкі да лагічнага завяршэння. З іншага боку, падлучаліся краўд-тэхналогіі, якія дазвалялі трансфармаваць у дзеянне тую энергію, якая выпрацоўваецца ў чытача.
Журналіст – генератар энергіі, які выпрацоўвае эмоцыю і эмпатыю. Галоўная задача – накіраваць эмпатыю не ў каментары, а на націск кнопкі «трэба дапамагчы». Гэта тое, што пакладзена ў падмурак праекта «Імёны».
Дар’я Царык: Камунікацыя эфектыўная толькі тады, калі ёсць дыялог. Мы павінны зрабіць аналітыку, каб растлумачыць, чаму трэба выдаткаваць. Мы выкарыстоўваем сторытэлінг – інструмент фандрайзінгу. У прыярытэты я стаўлю інтарэсы герояў і гераінь. Апошняе, што мяне хвалюе, – як гэта паўплывае на трафік. Галоўная мэта – дапамагчы чалавеку.
«Краўдфандынг фармуе іншы тып спажыўца»
Вольга Шпарага: Краўдфандынг выкарыстоўвае сацыяльныя медыя і абапіраецца на тое, што вялікая колькасць людзей удзельнічае ў стварэнні агульнага прадукту невялікімі высілкамі. Калі паглядзець на глабальны краўдфандынг, то яго ключавыя напрамкі – мастацтва, навука і тэхналогіі.
Пра краўдфандынг пішуць, што гэта новы тып посткапіталістычнай салідарысцкай эканомікі, паколькі яна абапіраецца не на кансьюмера, а на прасьюмера – адказнага кансьюмера. Калі мы ўдзельнічаем сумесна ў стварэнні прадукту, мы задумваемся пра тое, як ён ствараецца, – узнікае гэтая самая адказнасць. Краўдфандынг сапраўды фармуе іншы тып спажыўца.
«Галоўная задача – накіраваць эмпатыю не ў каментары, а на націск кнопкі “трэба дапамагчы”»
Другі важны момант: краўдфандынг дазваляе пазбегнуць пасярэднікаў. Для выдання кнігі, напрыклад, не патрэбны выдавецкі дом. Мы адмаўляемся ад лэйбла.
Трэці важны момант – салідарнасць. Мы сумесна ўдзельнічаем, прымаем, кантралюем. Даследчыкі кажуць, што ў краўдфандынгу працэс важнейшы за прадукт.
Дзяржава перакладае адказнасць на нашы плечы – адбываецца эрозія сацыяльнай дзяржавы. Таму ў рамках краўдфандынгу з'яўляецца сацыяльнае вымярэнне.
«Салідарнасць – гэта неабыякавасць да болю іншага чалавека»
Мы шмат гаворым пра культурную ідэнтычнасць: хто мы такія, беларусы. Але ёсць і сацыяльная ідэнтычнасць. Праект «Имена» паказвае, што наша грамадства складаецца з вельмі розных людзей і груп. Адна з важных задач – паказаць гэтую разнастайнасць і зрабіць бачнымі розных людзей. Акцэнт на сацыяльнай ідэнтычнасці вельмі важны, таму што дапамагае выявіць агульныя адрозненні.
У нас мусяць быць два кірункі: індывідуальная адказнасць і праца ўнутры супольнасці і з супольнасцю.
Краўдфандынг – класны інструмент у злучэнні з сацыяльным вымярэннем. Спадзяюся, ён будзе развіваць салідарнасць і ўзаемадапамогу. У нас няма сацыяльных і гуманітарных даследаванняў. Нам патрэбныя розныя механізмы, каб пазнаваць больш пра сябе і вучыцца потым дамаўляцца адно з адным.
Салідарнасць звязаная з тым, што я гляджу на іншага чалавека і лічу, што ён не варты такога жыцця. Я не пагаджаюся з тым, што чалавек знаходзіцца ў такім стане. У каштоўнасным значэнні салідарнасць – гэта неабыякавасць да болю іншага чалавека.
«Краўдфандынг выбівае глебу з-пад ног у дзяржавы»
Іван Вядзенін: Як былі звязаны ў Беларусі грамадства і дзяржава? Маналітнасць дасягалася ўзаемным кантрактам. У нейкі момант кантракт стаў парушацца.
Краўдфандынг выбівае глебу з-пад ног у дзяржавы. Ён дазваляе людзям самім кіраваць сваім жыццём. Краўдфандынг дае магчымасць ствараць і падтрымліваць тое медыя, якое яму хочацца, а не быць абавязкова падпісаным на «Савецкую Беларусь». Гэта значыць перайсці ад індустрыяльнага да хэнд-мэйдавага фармату. Краўдфандынг павялічвае разнастайнасць.
«Адказнае галасаванне – аснова краўдфандынгу»
Сам факт паспяховай краўдфандынгавай кампаніі часам з'яўляецца лепшай крытыкай неэфектыўнасці дзяржструктур. Гісторыя з інтэрнатамі вывела на паверхню неэфектыўнасць структур і прымусіла нешта з гэтым зрабіць. Дзяржаве цяжка ад гэтага адмахнуцца. Свайго роду гэта і ёсць soft power – весці камунікацыю з дзяржавай праз падтрымку важных праектаў. Замест дывановай бамбардзіроўкі бюджэтам яно пачынае больш удумліва яго выкарыстоўваць.
Нават у Швецыі дзяржава да канца не ведае, куды інвеставаць у культуру. І яны ўжываюць краўдфандынг як спосаб зразумець, як развіваць музеі.
Сам факт таго, што ты застаешся з рублём, робіць голас значным. Адказнае галасаванне – аснова краўдфандынгу.
«Інстытуты павінны быць прадметам нашай крытыкі»
Вольга Шпарага: Мы фінансуем дзяржаву. Яна не дае справаздачу перад намі. Таму мы маем права патрабаваць, каб вырашаліся тыя пытанні, за якія яна ўзяла на сябе абавязак. Актывізацыя галасаваць рублём важная, але мусіць быць накіраваная ў тым ліку на змяненне сістэмы інстытутаў. Інстытуты павінны быць прадметам нашай крытыкі.
Я не палітык і не грамадскі дзеяч. Я прадстаўніца адукацыі. Магу сказаць: «Пачытайце пра сацыяльная дзяржавы». Гэта трэба рабіць у кожнай сферы. У палітычнай – не быць лібертарыянцам і не казаць, што рынак усё дазволіць. У сферы адукацыі мы павінны думаць пра прыладу інстытутаў. У сферы мастацтва трэба паказваць і выяўляць, а не толькі заклікаць да канкрэтных пачуццяў эксплуатаваць нашу эмпатыю. У нас павінны быць крытычная і аналітычная ўстаноўкі. Для гэтага нам неабходная адукацыя.
Глядзі наш стрым з івэнту на Facebook.
Як гэта было: усе 34 Media Days у канспектах: vol. I, vol. II, vol. III.
Заставайся на хвалі, сустрэнемся ў новым сезоне.
Занатавалі вузлавыя моманты афлайн-дыскусіі 34 Media Day пра тое, ці могуць медыя змяняць гараджан і хто мае права фарбаваць камяні ў зялёны.
У новым выпуску 34 Media Day абмеркавалі, чаму сэкс больш не прадае, а жаночыя смочкі ў сацсетках – табу.
Канспект трэцяга афлайн-гэзэрынга 34 Media Day на тэму экалогіі і яе прысутнасці ў СМІ.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.