Baranki PunX: контркультура, анархія і гуманізм
- 15.03.2018
- 11299
Пакуль у Менску адзін за адным адкрываюцца тэхна-клубы і кіпіць рэп-дзвіжуха, у Баранавічах за бурленне горада адказваюць трушныя панкі. Мы рызыкнулі вырвацца з цяплічных сталічных умоў і адсвяткаваць чатырохгоддзе групоўкі Baranki PunX – мясцовай супольнасці, якая топіць за контркультуру, анархію і гуманізм.
Баранкі гну
$ 1,5 – цана за вельмі сюррэалістычнае падарожжа з Менска ў, здавалася б, непрыкметныя Баранавічы. Горад, пра які мясцовыя жыхары толькі і могуць сказаць: «У нас ёсць авіябаза і добрая чыгунка». З 200 тысяч насельніцтва большасць моладзі пасля заканчэння школы імчыцца ў Менск, Варшаву або з года ў год апантана ўдзельнічае ў латарэі Green Card. Але мы ж ведаем, што ў любым мястэчку ёсць кампанія неабыякавых і няўрымслівых людзей, якія не даюць адно аднаму запярдзецца ў віры бытавухі.
Брудна-белыя бярозкі на фоне светла-шэрага неба з акна цягніка нарэшце змяняюцца змрочнай чыгуначнай станцыяй, дзе нас сустракае Жэня – інтэлігентны анархіст з чэпкім позіркам. Кажа рэзка, адрывіста.
– Чым наогул ваш горад жыве?
– Усе бухаюць і б'юцца. Звычайны правінцыйны горад. «ДДТ» прыязджалі нядаўна. Кажуць, шмат людзей прыйшло.
Жэня – сузаснавальнік двух альтэрнатыўных рухаў, якія і трымаюць рэшткі маладняку ў Баранавічах, – Baranki PunX і «Дом Контркультуры». Хлопцы цікавяцца крытыкай сучаснага грамадства, антыфашызмам, гісторыяй, філасофіяй, паліталогіяй, лічацца з меркаваннямі анархістаў. Гэты вечар мы разам правядзём за размовамі пра «левых» і скончым канцэртам з дзікімі панкамі на фоне дыска-шара і пілона.
«Усе бухаюць і б'юцца. Звычайны правінцыйны горад»
Дом Контркультуры
Як звычайна і бывае з усімі актывістамі, «Дом Контркультуры» стварылі людзі, якім востра не хапала месца для абмену ідэямі і правядзення цікавых ім мерапрыемстваў. У свой час Жэня жыў у Менску, працаваў у транспартнай сферы, але потым вырашыў вярнуцца ў Баранавічы і разгайдаць родны горад.
Разам з чатырма сябрамі яны стварылі сваю бібліятэку з кнігамі, якія наўрад ці патрапяць на паліцы звычайных крам. Запусцілі кінаклуб, на сеансы якога зазвычай прыходзіць 15-20 чалавек.
«У Менску я пабываў у "Фіяльце", і мне спадабалася ідэя Movie Nights. Не толькі ж співацца можна ў Баранавічах», – кажа Жэня. Ён веган, як і трое яго калег. Пяты – вегетарыянец. Усе хлопцы розныя: хтосьці вучыцца, хтосьці працуе, у кагосьці ўжо сям'я і дзеці. Але ўсіх аб'ядноўвае цікавасць да контркультуры, каштоўнасцяў правоў чалавека, гуманізму і недыскрымінацыі.
Яны ладзяць лекцыі пра вегетарыянства, робяць майстар-класы па прыгатаванні фалафелю. У перспектыве – правядзенне Жывой Бібліятэкі, але пакуль няма пасоўнай лакацыі.
Культурна-асветніцкая арганізацыя «Дом Контркультуры» – яна ж «Крытычнае мысленне» – зусім свежая: яе зарэгістравалі ў кастрычніку 2017 года, але першыя сустрэчы сталі праводзіць у ліпені. Каманда ўсё яшчэ знаходзіцца ў пошуках сваёй прасторы, а пакуль што арандуе памяшканні – напрыклад, гарадскія бібліятэкі.
«У Менску я пабываў у "Фіяльце", і мне спадабалася ідэя Movie Nights. Не толькі ж співацца можна ў Баранавічах»
«Што такое "біясацыяльны фаталізм", нават гугл не змог адказаць»
Прыкметы «біясацыяльнага фаталізму»
Пачатак быў запамінальным. Хлопцы саступілі пляцоўку мясцовым антыфашыстам, якія запрасілі анархіста Аляксея Сутугу выступіць з лекцыяй. Ён былы палітвязень з Расіі. У выніку ўсе госці з'ехалі ў міліцыю: спачатку ў памяшканне зазірнуў адзін міліцыянт у касцы, папрасіў прабачэння, знік, а праз дзесяць хвілін прыехаў нарад. Уся гэтая каманда прыбраных людзей не ведала, што рабіць. Яны загадалі ўсім ляжаць... і разгубіліся. Потым прыйшлі больш дасведчаныя людзі ў цывільным і сталі разбірацца.
«У нас забралі ўсю тэхніку, а кнігі Хэмінгуэя спрабавалі аформіць як літаратуру анархічнага зместу. Яшчэ на ўсялякі выпадак канфіскавалі касеты, але малады супрацоўнік міліцыі не ведаў, што з імі рабіць, – мабыць, ён быў занадта малады», – узгадвае Жэня. Яму 25.
У дадатак забралі каля 50 кніг, адну з іх – «Исход. Подростковая проза» – прызналі экстрэмісцкай. У заключэнні экспертнай камісіі была фраза, што кніга змяшчае сцэны гвалту, агрэсіі і прыкметы «біясацыяльнага фаталізму», які распальвае міжнацыянальную варожасць.
«Што такое "біясацыяльны фаталізм", нават гугл не змог адказаць. На мае довады, што ўсе расійскія серыялы пра бандытаў можна забараніць па тых жа крытэрыях, суддзя нічога не адказала», – кажа наш праваднік па вывараце Баранавічаў. У выніку Жэні і Сутугу далі штрафы за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Пазней «Дом Контркультуры» стаў праводзіць сумесныя мерапрыемствы з Human Constanta і праваабарончым цэнтрам «Вясна»: распавядалі аб правах чалавека і гуманітарным антыфашызме, запрашалі навукоўцаў, якія разбіраюцца ў гэтых тэмах. Восенню 2017-га адным з іх стаў расійскі анархіст Пётр Рабаў. Ён кандыдат філасофскіх навук, дацэнт кафедры філасофіі Маскоўскага педагагічнага ўніверсітэта. У той краіне да яго няма ніякіх прэтэнзій. У Горадні ж яго лекцыю па філасофіі сарвалі. Пасля гэтага ён прыехаў у Баранавічы і выступіў у прыватнай кватэры сярод вузкага кола людзей, а потым яго павязалі на вакзале. Прычына класічная – маўляў, лаяўся матам і размахваў рукамі. У выніку яго дэпартавалі з Беларусі на 10 гадоў.
Жэня кажа, што цяпер у іх няма асаблівых канфліктаў з уладамі: «Але мы ведаем, што яны за намі сочаць. Супрацоўнікі міліцыі часта тусуюцца каля месцаў, дзе мы праводзім канцэрты. Часам яны апранаюцца ў цывільнае, але рацыі іх выдаюць. Часам і на лекцыі прыязджаюць, садзяцца ў суседнім кабінеце і праслухоўваюць. Дзіўныя паводзіны – мы б не выгналі іх, калі б яны зайшлі».
«Мы жартуем, што ёсць Baranki PunX і Baranki Drunks»
Baranki PunX
«Мы жартуем, што ёсць Baranki PunX і Baranki Drunks, – пасміхаецца Жэня. – Baranki PunX – гэта моладзевая маргінальная супольнасць, заточаная на контркультурую моладзь, якая выходзіць за рамкі панк-гета».
Хлопцы ладзяць асветніцкія мерапрыемствы і канцэрты, збіраюць грошы для мясцовых прытулкаў для жывёл, удзельнічаюць у фрымаркетах, спрабуюць адрадзіць Food Not Bombs, праводзяць фестываль «Рок супраць нянавісці». Дапамагаюць знаёмым, у якіх з'явіліся праблемы са здароўем або з міліцыяй.
1 сакавіка 2014 года яны правялі першы канцэрт, а на мінулым тыдні адзначылі чатырохгоддзе, дзеля чаго мы і сарваліся з Менска.
«У нашага горада зручнае месцазнаходжанне, таму да нас прыязджаюць людзі з Менска, Бярозы, Стаўбцоў, Горадні, Берасця, нават з Віцебска. Сёння нейкі чувак аўтастопам з Тулы едзе», – кажа Жэня, пакуль мы па сакавіцкіх лужынах крочым да клуба.
«Baranki PunX – гэта моладзевая маргінальная супольнасць, заточаная на контркультурую моладзь, якая выходзіць за рамкі панк-гета»
Музыка Баранавічаў
«У нас амаль няма мясцовых груп, так ужо атрымалася. Мясцовая тусоўка – каля 50 чалавек, на канцэрты прыходзіць прыкладна 100. Дзесьці ёсць і рэперы, але іх яшчэ менш, – кажа Жэня пра набалелае. – Тут складана дамаўляцца з пляцоўкамі аб правядзенні канцэртаў: арганізатары не разумеюць, што мы будзем рабіць іх пастаянна і гэта будзе прыносіць ім даход. У Баранавічах усё дэпрэсіўна і дрэнна, таму людзі проста хочуць нахапаць сабе грошай хутчэй».
Самай паспяховай хардкор-групай з Баранавічаў была Die my darling! – яны ездзілі па Еўропе, Расіі, Украіне. Да гэтага часу выступае група HornyCats, хоць хтосьці з банды з'ехаў у Штаты, а на замену ўзялі бубнача з менскай групы «Бостонское чаепитие». Раней тут былі і панк-гурты: НАРВ, Play4May, «Храп мамонта», Nova Prospect, «ПБ», Bordyr, I'm fine. Распаліся, раз'ехаліся, сталі дальнабойнікамі.
Яшчэ ў Баранавічах быў легендарны клуб NSL, дзе прывозамі перыядычна займаўся Дзіма Ску.
«Ён арганізатар ад бога, які ўмеў рабіць неверагоднае: напрыклад, дзякуючы яму некаторыя еўрапейскія групы падчас вялікага туру маглі прыехаць у Беларусь і выступіць толькі ў Баранавічах – дапусцім, Nine Eleven». Цяпер у будынку былога культавага клуба знаходзіцца танцавальная студыя. У парку насупраць раней быў замак – цяпер на яго месцы грамадскі туалет.
Сюр-панк
– Ну што, яны ўжо прыехалі?
– Так, стаяць.
Апавяданні Жэні набываюць рэальнае ўвасабленне, калі мы падыходзім да клуба з занадта салодкай назвай «Шакалад»: ля ўвахода ўжо абуральна прыпаркавалася міліцэйская машына. Некалькі супрацоўнікаў моўчкі скануюць поглядамі публіку. За 15 хвілін да пачатку канцэрта здарылася тры бойкі, ініцыятарам адной з іх была дзяўчына. Кажуць, такога звычайна не бывае.
– Чувак, табе патрэбна ўпіска? Звяртайся! – абдымае адзін панк іншага, у якога ў кроў разбіта брыво.
Той матляе галавой і какетліва пазіруе на камеру.
На ўваходзе нам не выдаюць буржуазных аднаразовых бранзалетаў – проста чорным маркерам малююць тлустыя крыжы на руках. Гардэроб – ён жа грымёрка – працуе па прынцыпе самаабслугоўвання, але гэта наўрад ці кагосьці бянтэжыць. Як і дыска-шар, пілон і ружовае святло.
Мы канчаткова перастаём верыць у рэальнасць таго, што адбываецца, калі на другой песні юны панк крочыць на сцэну, скача на суседа, але не падае тварам у плітку – побач тут жа фармуецца натоўп і дружна падтрымлівае яго стэйдждайвінг.
У гэты час свае вострасацыяльныя тэмы зачытвае Вадзім, сацыёлаг з Горадні. У сваім праекце «Контркультура» ён робіць мноства адсылак да «левых» аўтараў і рэвалюцыйных ідэй. «Ён называе гэта анарха-рэп. Гэта адзіны рэпер, які заўсёды будзе жаданым госцем для нас», – паспявае сказаць Жэня ў прамежку паміж прымірэннем файтараў.
– Праспявай мой любімы трэк! – крычыць нехта з залы.
– Не, не буду, – проста адказвае Вадзім.
Мінусы ён ставіць наўпрост з планшэта, прысядаючы да яго на кукішкі пасля кожнай песні. А на вуліцы свая вечарына: міліцыя з'ехала, бойкі працягнуліся, прычыны не агучаны.
Адзін брэнд алкагольнай прадукцыі, які лічыць сваёй мэтавай аўдыторыяй забяспечаных мужчын 35+, моцна памыляецца: яго напоі проста ля ўвахода, захлёбваючыся, п'юць хлопцы, у якіх яшчэ шмат гадоў будуць пытацца пашпарт.
Калі наша гатоўка заканчваецца, а жаданне выпіць піва для «забяспечаных мужчын 35+» мацнее, мы выпраўляемся на пошукі бліжэйшага банкамата. Нашым правадніком становіцца 19-гадовы эмабой Ілля, які грае панк-хардкор-метал-альтэрнатыву ў гурце «Каждому Своё». Ён кажа, што толькі ў тусоўцы Baranki PunX адчувае сябе сваім і таму не хоча ехаць у вялікія гарады.
«Адзін брэнд алкагольнай прадукцыі, які лічыць сваёй мэтавай аўдыторыяй забяспечаных мужчын 35+, моцна памыляецца»
Тым часам ужо адыгралі гарадзенскія панкі «Джараш» – гэта быў іх другі канцэрт у такім складзе. «Але гэта гурт з зорнымі ўдзельнікамі: у ім ёсць хлопцы з Contra La Contra, Bagna, Monday Suicide, I Hope You Die, Agida, ND Panda», – смакуе кожнае слова Жэня.
Потым з'явіліся менскія панк-хардкоршчыкі Destroyers. У Баранавічах яны – старажылы канцэртаў, гралі тут яшчэ ў 2005 годзе. З Віцебска прыехалі time2begin – магчыма, гэта быў іх самы далёкі выезд за кар'еру.
Калі на сцэну выходзяць хэдлайнеры – менскі фолк-гурт «Бостонское чаепитие» з жаночым вакалам і баянам, нам ужо пара з'язджаць: інакш можна застацца ў горадзе з авіябазай і добрай чыгункай як мінімум да наступнага дня нараджэння Baranki PunX.
...$ 1,5 – цана за вельмі сюррэалістычнае падарожжа з Менска ў, здавалася б, непрыкметныя Баранавічы. Сюды трэба прыязджаць па рэшткі ашалелай шчырасці, якую цяпер рэдка сустрэнеш на модных сталічных тусоўках.
Чытай таксама:
«Больш шуму: гісторыя панк-сцэны Берасця»
Кароткая гісторыя панку Горадні
Фота: Таня Капiтонава
КАМЕНТАРЫ (2)
Авторки первый раз выбрались на панк концерт ?
Спасибо за внимание к моей персоне я в 1ые засветился в статье ! !
Вы ребята молодцы продолжайте в том же духе ! !