– Так, значыць, нямецкія панкі, так?
– Так!
– Касплэяць гопнікаў і робяць каверы на рускую папсу, так?
– Менавіта!
– Пад баян, бубен і пустую бутэльку?
– Так, усё так! Толькі не пад баян, а пад акард...
– Ужо выехаў!
Фрыкі піпл
Музычныя фрыкі – галоўныя рухавікі культурнага прагрэсу апошніх гадоў. Bloodhound Gang паказалі ўсяму свету, што маральныя асновы і этычныя рамкі – гэта для лохаў. Die Antwoord пераканалі нас, што ў трэшы можа быць свая прыгажосць і эстэтыка. А ў брэменскай групы Misha Kapa ёсць усе шанцы навучыць Еўропу насіць шкарпэткі паверх штаноў і спяваць «Белыя ружы». Ты толькі ўяві, як было б крута: ад Лондана да Варшавы – адна суцэльная Серабранка! Рай для Макса Каржа: у кожным куце можна кліпы здымаць!
Што наогул можа быць больш дзіўным і крутым, чым немец у скуранцы і алкашцы, які спявае: «Што ж ты, фраер, здаў назад»? Вось і мы не змаглі прыдумаць годны адказ. Над прапановай схадзіць на канцэрт Misha Kapa асабіста я разважаў максімум секунд пяць. Прапускаць падобнае трэш-шапіто было проста недаравальна.
«У Еўропе ўяўленне пра тутэйшую музыку і культуру ўсё-такі вельмі стэрэатыпнае: гарэлка, “Калінка”, матрошка»
Наша займальная гутарка з чувакамі з гурта пачалася яшчэ за тры гадзіны да канцэрта. Бутэлькі, ногі і акардэон доўга наладжваць не трэба, а харызма ў «Мішы Капы» і гэтак заўсёды наладжана, як па камертоне.
– Прывітанне! Я Улад, а гэта Олі, мы і ёсць Misha Kapa!
Як жа адразу адлягло! Мае веды ў нямецкай знаходзяцца на ўзроўні «Ооо, я-я, іхлібэдзіх, Ангела Меркель», таму пачуць знаёмую гаворку было прыемна. Улад апынуўся рускім імігрантам, які пераехаў у Нямеччыну з Уладзівастока яшчэ ў дзяцінстве, а Олі – чыстакроўны немец, які не разумее па-руску ніводнага слова (калі не браць у разлік мацюкі).
– Прывітанне, хлопцы! Як прайшоў ваш канцэрт у гарадзенскім «Несцерцы»?
Улад: Выдатна! Прыйшло чалавек сто, усе падпявалі, танцавалі, спадзяемся, сёння будзе гэтак жа крута!
– Вы заўважылі адрозненне паміж беларускай публікай і еўрапейскай?
Улад: Так, вядома! У першую чаргу тут усе ведаюць тэкст і хорам падпяваюць. У Германіі людзі, натуральна, больш танчаць.
Олі: Для мяне наогул усё, што зараз адбываецца, – гэта бясцэнны вопыт! Я паступова пачынаю разумець вашых людзей і музыку. У Расіі і ў Беларусі людзі больш эмацыйна рэагуюць на нашы выступы, нам вельмі падабаецца граць для вас!
У звычайным жыцці хлопцы моцна адрозніваюцца ад сваіх сцэнічных вобразаў. Улад падобны хутчэй да Алега ЛСП, чым да прапітага гопніка, а на Олі хоць і апранута класічная алімпійка «Адыдас» – усё роўна яна выглядае на ім неяк іншародна. Еўрапейскі менталітэт за «Абібасамі» не схаваеш, як ні старайся!
– На песнях, якія вы сёння выконваеце, у Беларусі вырасла цэлае пакаленне. А вось чаму вы цікавыя еўрапейскаму слухачу?
Улад: Ну глядзі, у нас з самага пачатку была ідэя такой маленькай культурнай рэвалюцыі. У Еўропе ўяўленне пра тутэйшую музыку і культуру ўсё-такі вельмі стэрэатыпнае: гарэлка, «Калінка», матрошка. Наша задача – зламаць гэтыя стэрэатыпы. Кожны наш кавер мы прапускаем праз сябе і прыўносім у песню нешта новае. Нашы рыфы на акардэоне гучаць больш жорстка, можна нават сказаць – па-панкаўску. Мы хочам, каб людзі пачулі і падумалі: «Ага, значыць ёсць і такое. Гэта цікава! Трэба даведацца пра гэтую музыку пабольш».
Песенькі з кладоўкі
– Цяпер у Еўропе дзякуючы калекцыям Гошы Рубчынскага прасочваецца цікавасць да постсаўковай гоп-эстэтыкі 90-х. Ці адчулі вы неяк гэтую хвалю?
Улад: А хто такі Гоша Рубчынскі? Не, на мэйнстрым нам заўсёды было пофігу. Мы з самага пачатку круціліся ў нямецкім андэграўндзе, і ўсякія модныя павевы абыходзілі нас бокам. У нас усё неяк удала склалася: мы з Олі працавалі ў адным музеі ў Брэмене, і высветлілася, што ён таксама цікавіцца рускай музыкай. Але толькі такой, ведаеш: «Вагончик тронется, перрон останется...» – больш сур’ёзнай, напэўна. А я сказаў: «Нее, чувак, давай валіць што-небудзь трэшовае. Так будзе значна весялей!»
– Пачакай, ты хочаш сказаць, што ніякага хайпу вы адмыслова злавіць не жадалі?
Улад: Не, мы проста збіраліся ў кладоўцы, гралі песенькі, пілі і атрымлівалі задавальненне. Аднойчы нас паклікалі сябры сыграць на дзень народзінаў. Потым яшчэ раз. Пасля пайшлі канцэрты. Потым нас пачалі клікаць на буйныя фестывалі. Усё неяк спантанна і само сабой адбылося. Гэтак жа выпадкова і паступова мы выпрацоўвалі і ўласны стыль. У адным з клубаў клёва гучала падлога. Я пачаў адбіваць рытм нагой у якасці акампанементу – атрымалася крута. З тых часоў заўсёды так робім, у нас нават спецыяльная падстаўка для гэтага ёсць. Потым, ужо на другім выступе, на сцэне неяк з’явілася пустая бутэлька. Паспрабаваў фігануць ёй па бубне – закаціла! І так вось паціху мы станавіліся тымі, кім з’яўляемся цяпер.
– А бутэлька, дарэчы, у вас у кожным горадзе розная?
Улад: Так, яна нават ёсць у нашым райдары. Абавязкова «Кока-кола», абавязкова двухлітровая – больш ніякая не гучыць. Трымаць іншыя бутэлькі жудасна нязручна. Арганізатары часам думаюць, што мы жартуем, і несур’ёзна ставяцца да гэтага пункта, але гэта вельмі важна!
«Прыцягвае гэты вайб, гэтая магчымасць зразумець ваш менталітэт і вашу культуру на нейкім псіхадэлічным, эмацыйным узроўні»
Тут я дастаў з заплечніка двушку «Расінкі» і паставіў на стол.
– Мы тут падрыхтавалі невялікі прэзент. Гэта наш беларускі «Спрайт». Па крытэрах вашага райдара, напэўна, не ідэальна падыходзіць, але хто ж ведаў...
Улад: О, дзякуй! Ну нічога, адну песеньку, спецыяльна для 34mag мы на ёй дакладна злабаем.
– Олі, пытанне да цябе: якой была твая рэакцыя, калi ты ўпершыню пачуў «Белыя ружы»?
Олі: Спачатку я наогул не разумеў, у чым прыкол, хоць чыста меладычна мне нават спадабалася. Цяпер я ўжо ўрубаюся ў тэкст, ведаю, што і як, але першараднай для мяне застаецца менавіта мелодыя ў такіх песнях. Прыцягвае гэты вайб, гэтая магчымасць зразумець ваш менталітэт і вашу культуру на нейкім псіхадэлічным, эмацыйным узроўні. А тэкст – гэта ўжо трэцяя справа.
Улад: Вось дарэчы, сам тэкст у «Белых ружах» таксама псіхадэлічны...
– З таго часу, як вы сталі граць такую музыку, якое месца ў вашай творчасці заняў алкаголь?
Улад: Мы, дарэчы, практычна не п’ем. Хоць людзі ўсё роўна думаюць што мы заўсёды пад чымсьці на канцэртах. Не – толькі чыстая энергія! У пачатку нашага творчага шляху клубы ў Германіі прапаноўвалі нам выступаць за бясплатны бар, і гэта было крута. Але калі ты пачынаеш атрымліваць ад сваёй музыкі ўжо нейкія грошы, ты пачынаеш ставіцца да гэтага больш сур’ёзна. І паступова алкаголь сыходзіць на другі план. Тут або піць, або граць. [«Касіяпея» можа паспрачацца на гэты конт. – 34mag.]
Олі: Алкаголь, зноў-такі, больш грае ролю псіхадэлічнага натхняльніка.
– Вы вельмі любіце гэтае слова...
Улад: О так, яно вельмі добра апісвае тое, чым мы займаемся!
Хлопцы ўвесь час усміхаюцца і жартуюць. Калі б усе «гопнікі» былі такімі прыязнымі, то раён «Партызанскай» стаў бы сапраўднай турыстычнай Меккай Менска. З начнымі карнаваламі і фестывалямі здаровай ежы.
Гопніцкія гісторыі
На сцэне выставілі святло. Рэквізіт у выглядзе бутэлькі самагонкі і двух гранёных шклянак прыгожа пераліваўся ў святле фіялетавага пражэктара. А адразу за ім стаяў галоўны канкурэнт нашай «Расінкі» на сённяшні вечар – пустая тара з-пад «Кока-колы Зіроў». Яна сапраўды была куды больш «стройная» за нашу прыгажуню. Шанцуе ж некаторым!
– Ці былі на вашых канцэртах нейкія канфузы, бойкі, разборкі? Бо атмасфера, скажам так, абавязвае.
Улад: Так, пастаянна нехта падае на сцэну напрыканцы выступу. Яшчэ бывае, што да Олі пачынаюць чапляцца п’яныя мужыкі: «Браценік, сыграй пра гранітны каменьчык у грудзях, ад душы ў душу прашу!» А Олі ж нічога не разумее, толькі галавой ківае, і такі: «Таа-таа, акей!» Яшчэ неяк раз быў у турэцкім гатэлі выпадак пацешны. Мы гралі «Мурку», і быццам бы ўсё ішло як звычайна: людзі танчылі, пілі, весяліліся. І тут зноў падышоў нейкі ў край адбіты персанаж і давай да Олі прыставаць: «Браценік, ты разумееш, што вы граеце?! Вы што, злодзеі ці што? Вы сядзелі? Ды як вы можаце!» Мужыка, вядома, адразу ж прагнала ахова, але на наступным канцэрце мы ўжо з невялікай асцярогай гралі «Мурку»...
«Бывае, што пачынаюць чапляцца п’яныя мужыкі: “Браценік, сыграй пра гранітны каменьчык у грудзях, ад душы ў душу прашу!”»
– А самі вы што слухаеце?
Улад: Мы меламаны. Я слухаю ўсё: ад джаза і фламенка да альтэрнатывы і постпанку.
Олі: А я адкрыў для сябе ваш шансон. У ім сапраўды больш цікавага, чым вы думаеце. Гармоніі запамінаюцца адразу ж. Яшчэ мне падабаецца фолк і цыганская музыка.
Да нашай размовы далучаюцца арганізатары канцэрта Саша і Андрэй, і мы плаўна перацякаем у адну са шматлікіх кавярань на Зыбіцкай. Артыстам таксама трэба есці.
Саша: Я памятаю, як пару гадоў таму ладзіў ім канцэрт у Горадні ў нейкім гаражы. Было дзіўна, незразумела, але вельмі крута! Цяпер хлопцы сур’ёзна падраслі: «немец» нашмат лепш грае на акардэоне, «цыган» навучыўся спяваць. Пазаўчора на канцэрце я са здзіўленнем заўважыў, што прыйшло даволі шмат людзей з таго самага першага «гаража». То-бок людзі яшчэ памятаюць. З другога боку, пра такое хрэн забудзешся наогул!
Лакацыя змянілася. Цяпер мы ўсім вялізным складам жуём піцу ў адным з кафэ недалёка ад клуба. Олі і яго дзяўчына дзіка ўгараюць з таго, што музыка ў зале, як заўсёды, не супадае з карцінкай у тэлевізары. Кіркораў, які спявае голасам Беёнсэ, – гэта сапраўды смешна. Асабліва калі ты немец і для цябе гэтая сітуацыя – наогул разрыў шаблону.
– Міша Капа – ваш уласны, выдуманы персанаж? Як ён выглядае, чым займаецца?
Улад: Міша Капа – гэта такі худы мужычок у майцы-алкашцы. Ён жыве ў лесе, збірае грыбы, ловіць рыбу, любіць піць і спяваць. Такі зборны вобраз, ведаеш. У нас нават на адной з першых афіш быў яго малюнак – пашукай у ВК.
Пошук выдаў прыкладна штук дваццаць патэнцыйных прэтэндэнтаў. Прычым палова з іх падыходзіла пад апісанне.
– Тут гэта... Занадта шмат такіх «Міш Кап».
Улад: Ух ты ж б*яць! Дай мне паглядзець, калі ласка. Ха-ха! Олі, мы знакамітыя!
Олі быў заняты. Ён слухаў займальную гоп-гісторыю ад Андрэя, арганізатара канцэрта ў DIY. Гісторыя пачыналася са свята, а скончылася панажоўшчынай – класіка! Олі быў уражаны.
Унутраны ляснік
Мантажная злепка – і вось мы ўжо зноў у DIY. Пацаны ператвараюць сябе ў «Міш Кап» прама ў туалеце клуба. Улад малюе на сабе нейкія вельмі мудрагелістыя ўзоры. Нешта сярэдняе паміж касцюмам Супермэна і беларускім нацыянальным арнаментам. Кожны, хто праходзіць міма, пакідае на яго целе нейкую сваю метку. Саша намаляваў зоркі на плячах. Андрэй напісаў імя нейкага аўтарытэта. Мы, у сваю чаргу, пакінулі для гісторыі лога 34mag на рэбрах (напэўна, самая дзіўная банерная рэклама за ўсю гісторыю часопіса) і надпіс «Міша, усё ху*ня, давай па новай!» на ўсю спіну.
Олі начапіў класічную гоп-кепку, срэбраны ланцужок і скуранку – і вось пазл склаўся: цяпер ён сапраўдны гопнік. Не адрозніш ад арыгінала. Вось так, шляхам няхітрых касметычных маніпуляцый, інтэлігентнага немца можна пераўтварыць у сухараўскага жыгала. Нават трохі страшна стала ад такіх метамарфоз. Яшчэ паўсотні вогненных фотак у мясцовай бакоўцы – і нашы «татавыя валацугі» былі гатовы забіваць.
І яны забівалі, чорт вазьмі! На танцпляцы сабралася няшмат народу, але яны палілі напалмам, як у апошні раз. У нейкі момант нават здалося, што зараз пачнецца слэм. Пад тую самую «Мурку». Ужо балюча шчыльна стукала бутэлька і занадта пампоўна валіў акардэон. Сапраўды небяспечная песня, хлопцы не падманулі.
І ці то піва ўзяло верх, ці то ўва мне раптам прачнуўся свой унутраны ляснік Міша Капа, але ў канцы канцэрта я злавіў сябе на тым, што стаю пасярод танцпляца і ва ўсю гарлапаню «Любэ». Прычым я паняцця не маю, адкуль ведаю тэкст. Напэўна, гэта закладзена ў генетычным кодзе. Побач са мной стаіць нейкі чувак з дрэдамі і гарлапаніць з такім жа натхненнем. Здаецца, мы нават спеліся па тэрцыі.
«У канцы канцэрту я злавіў сябе на тым, што стаю пасярод танцпляца і ва ўсю гарлапаню “Любэ”»
«Ты нясі мяне, рака» разносіцца па ўсёй Зыбіцкай, Улад валіць магутнае сола на нашай «Расінцы», а на фоне ўсёй гэтай вакханаліі Сяргей Бадроў, які транслюецца праектарам на ўсю сцяну, спакойна запальвае цыгарэту. Вось яна, псіхадэліка, вось ён, сапраўдны сюррэалізм! Здаецца, Олі і Улад нават «Грамадзянскую Абарону» могуць кавернуць так, што ты будзеш танцаваць да страты прытомнасці. Гэтыя немцы дакладна ведаюць, у чым сіла, – сіла ў бутэльцы, брат! Усім Misha Kapa, пацаны! Чакаем у госці зноў!
Былы ўдзельнік TonqiXod Максім Субач прадстаўляе новы этна-джазавы праект.
Пошаговая инструкция для тех, у кого болит сердце от государственных нарушений закона.
Саліст групы NABR Воўка Плюмбум ірве душу на шматкі ў новым выпуску Minsk Music Sessions.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.