Сёння заканчваецца прыём анкет на латарэю Green Card. Мы пагаварылі з Андрэем і Ганнай, якія выйгралі віды на жыхарства і пераехалі ў ЗША. Праз сем гадоў пражывання ў Штатах Андрэй вярнуўся ў Беларусь, а Ганна ўжо больш за чатыры гады працуе ў Нью-Ёрку і вяртацца не плануе. Якія пытанні вырашае эміграцыя, ці мяняецца жыццё пасля атрымання грын-карты і навошта вяртаюцца ў Беларусь – дзве гісторыі пра надзённае.
Андрэй
44 гады, пісьменнік
пражыў у ЗША 7 гадоў, вярнуўся ў Беларусь і жыве ў Менску
Я пачаў гуляць у латарэю грын-кард у 2002 годзе. Тады яшчэ падавалі папяровыя заяўкі, і ліст трэба было запаўняць ад рукі. Шэсць гадоў я ўпарта слаў фатаграфіі, і ў 2007 годзе ўсё атрымалася. Выйграў нават не я, а мая жонка. Звычайна рэкамендуюць адпраўляць заяўкі ад сябе і ад мужа, так шанцы ўдвая вышэй.
Я падаваўся, бо не быў задаволены працай і быў парадкам фрустраваны сваім жыццём у цэлым. Мне здавалася, што эміграцыя ў Штаты магічным чынам вырашыць усе мае праблемы.
Пасля стандартнай тэхнічнай працэдуры мы з жонкай з'ехалі. Нейкі час жылі паасобку. Жонка з дачкой – у бацькоў у Нью-Ёрку, а я – у Каліфорніі ў сястры жонкі. З адукацыі я фінансіст. Цягам трох месяцаў я знайшоў працу па спецыяльнасці, што наогул вялікая рэдкасць. Спачатку я беспаспяхова рассылаў рэзюмэ анлайн. Потым стаў выязджаць у горад, хадзіць па кавярнях і рэстаранах, пытацца, ці ёсць вакансіі. У адной краме я запоўніў папяровую форму, і на наступны дзень мне ператэлефанавалі. Мяне ўзялі на пасаду асістэнта фінансавага дырэктара. Я займаўся ўсім запар: фармаваў справаздачы, вёў камп’ютарны ўлік, рабіў інвентарызацыі. Аднойчы даведаўся, што жыву ў самым дарагім (пасля Гаваяў) штаце – у Каліфорніі, дзе ўсё на 10-15% даражэй, чым у астатніх.
«Жыццё нібы выкладзенае ў футарал – няма магчымасці перадыхнуць»
У Амерыцы ўсё жыццё пабудавана вакол працы. Усё стаіць на тым, працуеш ці не. Любы амерыканскі лэндлорд у першую чаргу правярае твой крэдытны рэйтынг і рэпутацыю. Няма працы – пачынаюцца пытанні. Жыццё нібы выкладзенае ў футарал – няма магчымасці перадыхнуць.
Там іншая рабочая этыка: у працоўны час у інтэрнэце не пасядзець, па тэлефоне не пабалбатаць. Такія рэчы выразна адсочваюць і адразу спыняюць. Увесь час адчуваеш сябе пад каўпаком. Плацяць за тое, што ты робіш, а не за тое, што ты такі сімпатычны чалавек.
Кожны год я прыязджаў у Беларусь у адпачынак. Амерыканскі адпачынак – гэта 10-12 дзён. Чым даўжэй ты працуеш на кампанію, тым больш дзён табе налічваюць. Спачатку мой адпачынак быў 10 дзён, а праз чатыры гады павялічыўся да 14. Амерыканцы наогул вельмі мала адпачываюць.
Я прапрацаваў чатыры з паловай гады бухгалтарам, а потым маё жыццё крута змянілася: я раз'ехаўся з жонкай і застаўся адзін. Калі мне стукнула 40 гадоў, прыйшлі і экзістэнцыяльныя пытанні. Стала зразумела, што я ўсё жыццё займаўся працай, якая мне не падабалася, і ніколі не быў гэтым задаволены. Унутраная калатня вельмі знясільвае: калі ўвесь час думаеш пра тое, як навокал усё х*ёва, то гэта падточвае. Я звольніўся.
Пасля звальнення яшчэ некаторы час працаваў як дробны бізнэсмен: набыў ліцэнзію і заняўся прыборкай памяшканняў, але справа не ішла. Цягам трох-чатырох месяцаў я выдаткаваў усе свае ашчаджэнні і застаўся ні з чым.
«Унутраная калатня вельмі знясільвае: калі ўвесь час думаеш пра тое, як навокал усё х*ёва, то гэта падточвае»
У момант поўнага адчаю мая даўняя сяброўка прапанавала пісаць для анлайн-часопіса. Я адразу прыдумаў дваццаць тэм для артыкулаў і зразумеў: гэтая праца для мяне. Так пачалася эпапея з пісьменніцтвам, якая змяніла маё жыццё цалкам.
Каля двух гадоў я жыў на даходы ад тэкстаў для рускамоўных СМІ. Мне хапала: я пакрываў рахункі, мог дазволіць аплаціць арэнду пакоя, крэдыт на аўтамабіль і разлічыцца па сямейных абавязках. На гэтыя грошы можна было жыць, хоць і ўпрытык. Але ўся гэтая гісторыя скончылася ў 2014 годзе, калі абваліўся расійскі рубель. Гэта быў самы сапраўдны канец эпохі. Тады стала зразумела, што зарабляць выключна пісьменніцтвам не атрымаецца. Пастаянна хвастаць свайго «крэатыўнага каня» было цяжка. За тры гады я напісаў трыста з лішнім калонак на ўсе тэмы, якія толькі мог прыдумаць.
У Штатах я пражыў 7 гадоў і ў выніку вельмі стаміўся ад пастаяннай адсутнасці грошай. Даволі доўга я жыў ілюзіяй пра тое, што калі буду пісаць больш, то змагу зарабляць пісьменніцтвам. Я нават спрабаваў вярнуцца ў рэжым «з дзевяці да пяці», але мяне пастаянна выштурхоўвала з гэтага нейкая сіла. Усё разам прывяло мяне да думкі: паеду дадому, перадыхну – і гэтае «дадому» ператварылася ў вяртанне.
«У амерыканцаў значна менш раздражняльнікаў, чым у нас. А тут пастаянна нейкі шухер»
Тут мне камфортна. Няма пачуцця, што ўсё прапала. Так, вакол шмат фрустраваных людзей, але іх жыццё значна багацейшае эмацыйна. Амерыканцы ж людзі спакойныя і нават у пэўным сэнсе сумныя. Размеранасць жыцця ператварае іх у менш цікавых людзей з пункту гледжання мастацкага матэрыялу. Жыццё іх зводзіцца да базавых рэчаў: праца, здароўе, адукацыя, дзеці, кар'ера. У іх значна менш раздражняльнікаў, чым у нас. А тут пастаянна нейкі шухер.
Чалавек без артыстычных амбіцый у Штатах будзе адчуваць сябе выдатна. Дастаткова проста быць занятым на працы. Я ж накшталт трупаеда: мяне цікавяць рэчы, якія звычайных людзей раздражняюць, прымушаюць злавацца і перажываць. Напэўна, у мяне іншыя інтарэсы, некалькі перакручаныя з пункту гледжання звычайнага чалавека.
Ганна
26 гадоў, Product Manager у Vimeo
пераехала ў ЗША 4 гады таму, жыве ў Джэрсі-сіці, працуе ў Нью-Ёрку
Калі мне было 11 гадоў, бацькі выйгралі грын-карту. Я цьмяна памятаю, як мы збіралі стос дакументаў, праходзілі медыцынскае абследаванне, ездзілі ў Варшаву на сумоўе. Бацькі да гэтага падрыхтаваліся сур'ёзна, таму ніякіх праблем не было.
Калі прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, мы вырашылі, што ў Беларусі вучыцца значна танней, чым у Штатах. Таму чатыры гады таму я скончыла БДЭУ па спецыяльнасці «эканамічная інфарматыка» і пераехала ў Штаты. Асаблівых прычын з'язджаць у мяне не было. Я хацела паглядзець, што будзе далей. Бацькі не прэсавалі мяне, а казалі: «Мы ўсё зрабілі для цябе. Вырашай сама, што табе трэба ад жыцця». Я пераехала з думкай, што заўсёды змагу вярнуцца і нічога не страчу, калі проста паспрабую.
«Нью-Ёрк нікога не шкадуе: тут такіх, як я, яшчэ 10 мільёнаў – адчуваеш сябе кузуркай. Тут ты сам за сябе»
Культурнага шоку ў мяне не было. Падчас вучобы ва ўніверы я праводзіла лета ў Штатах. Інтэгравацца было цяжка ў маральным плане. Першы год быў самым пякельным. Я пераехала ад бацькоў у Нью-Ёрк і пачала жыць асобна. Нью-Ёрк нікога не шкадуе: тут такіх, як я, яшчэ 10 мільёнаў – адчуваеш сябе кузуркай. Тут ты сам за сябе. Нельга судзіць аб усёй Амерыцы па Нью-Ёрку: гэта мешаніна з людзей. Тут вельмі шмат адзіноты, але, мне здаецца, калі вельмі захацець, то дагрукацца да людзей можна.
У першы год у Штатах у мяне з'явіліся сябры з Беларусі. Я тэлефанавала ім у слязах: «Усё, я з'язджаю ў Беларусь. Больш не магу тут заставацца». У адказ чула: «Нешта ты распусцілася. Прыязджай у Філадэльфію!» Яны былі маім падмуркам.
У Менску я працавала ў EPAM'е, і ў мяне ўжо быў вопыт. Зараз працую ў Vimeo. Цэлы год я маніторыла іх сайт, правярала кожны тыдзень, ці ёсць вакансіі. Ніякай супергісторыі няма: з'явілася вакансія, закінула рэзюмэ, прайшла кучу сумоўяў – і ўсё атрымалася. На сумоўі глядзяць у першую чаргу на адэкватнасць кандыдата. Вядома, на вопыт таксама глядзяць, але важней за ўсё, ці можа чалавек працаваць у камандзе, ці не баіцца цяжкасцяў – усе гэтыя soft skills.
Я працую шмат, але тут усе працуюць шмат. У Vimeo звычайна ўсе прыходзяць да 10-й раніцы, калі пачынаюцца першыя мітынгі, а сыходзяць а 6-7 вечара. Раней адпачынак быў 15 дзён, а цяпер – безлімітны, і пры гэтым яшчэ аплачваецца. Гэта такі хітры ход у IT-кампаніях, каб канкурыраваць. Вядома, усё будуецца на сумленні: наўрад ці нехта будзе браць вельмі доўгі адпачынак. Vimeo адносна гігантаў індустрыі – вельмі маленькая кампанія: у штаце працуе прыкладна 200 чалавек. Халявіць у галаву не прыходзіць, праца цікавая і пагружаюся ў яе з галавой.
«Не было адчування дома. Па хаце бегалі мышы – ад гэтага па начах я не спала»
У першай кватэры ў Джэрсі-сіці былі прусакі. Зімой там з'явіліся мышы, ад якіх немагчыма было пазбавіцца. Мая кватэра была недарагая адносна рынкавага кошту кватэр у той мясцовасці і зусім малюсенькая, але гэта не была тыповая манхэтанская «шафка».
Не было адчування дома. Я вярталася дадому і не разумела, якога чорта плачу такія вар'яцкія грошы. Па хаце бегалі мышы – ад гэтага па начах я не спала. Праз год я пераехала адтуль ва ўтульную кватэру таксама ў Джэрсі-сіці, прама за Гудзонам. Шлях да працы на Манхэтан займае ўсяго сорак хвілін.
Я сумую па Серабранцы, сябрах. Часам хтосьці выкладзе ў Instagram фота майго двара ў Серабранцы – і аж сэрца шчыміць! У першы год у Штатах я была ўпэўненая, што вярнуся. Здавалася, пасяджу год-два, назбіраю грошай, вярнуся ў Беларусь, куплю кватэру або замучу бізнэс. Цяпер такіх думак у мяне няма. Вяртацца не хочацца. У Менск я прыязджаю раз у год узімку на два тыдні. Я прыязджаю і бачу, як Менск развіваецца. Моладзь у Менску класная, усе прыгожыя.
У Штатах вельмі своеасаблівыя размовы пра Менск. Вельмі лёгка з'ехаць за мяжу і казаць: «Менску трэба зрабіць тое і выправіць вось гэта». Мне здаецца, людзі шукаюць як мага больш прычын, чаму ў Менску ўсё так кепска, быццам спрабуюць апраўдаць свой выбар з'ехаць у Штаты.
У Беларусі я ніколі не назірала змену ўлады. Для амерыканцаў пайсці прагаласаваць – гэта іх права, яны гэтым ганарацца. Дзень выбараў год таму быў вельмі прыўзняты. Катастрофа здарылася на наступны дзень. Людзі закупіліся спіртным і збіраліся святкаваць. Усё скончылася тым, што людзі проста напіліся з гора. Пасля выбараў на людзях не было твару, усе былі забітыя і засмучаныя, плакалі, ніхто не мог паверыць, што гэта насамрэч адбылося. Першы раз я бачыла амерыканцаў у такім стане.
Але ёсць у гэтым і штосьці добрае. Перамога Трампа навучыла людзей быць уважлівымі адно да аднаго. Напрыклад, «Жаночы марш» – гэта глабальная з'ява, адна з самых выдатных падзей, на якіх мне ўдалося пабываць. Зараз у Штатах ствараюцца розныя кам'юніці, людзей вучаць паважаць усіх, незалежна ад гендарнай прыналежнасці, нацыянальнасці, рэлігійных перакананняў і сэксуальных пераваг.
Імёны змененыя па просьбе героя і гераіні.
Фота by palasatka
Прававая памятка пра законы, інструменты і падводныя камяні.
Это не случай, когда «блогер решил запеть», а логичное возвращение к истокам.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.