Як задайвіць у натоўп хэдбэнгераў і пракраўдсёрфіць да самага мош-піта, не страціўшы па дарозе ніводнага зуба, – распавядаем прапісныя ісціны паводзінаў на рок-канцэрце. Адобрана Фрэдам Дзёрстам!
Адзін мой добры сябар, які ў свае гады забіў у слэме не адну пару «канвероў», любіў паўтараць: «Калі канцэрт скончыўся, а табе так нічога і не разбілі, – значыць, гэта быў дрэнны канцэрт». З вуснаў чалавека, які перажыў прыезд Prodigy, Rammstien і Limp Bizkit, гэтыя словы гучалі вельмі пераканаўча. Наогул гісторыі такіх вось «прапаленых канцэртных хадакоў» падобныя хутчэй да ўспамінаў ветэранаў вайны ў В’етнаме: «І вось стаю я, унучак, у цэнтры мош-піта, Фрэд Дзёрст пачынае гарлапаніць прыпеў My Generation, і я раптам разумею, што адступаць мне няма куды: вакол раз’юшаныя в’етконгаўцы!» – і ўсё ў гэтым родзе. Захоплівае і палохае адначасова.
Калі ж твае погляды не настолькі радыкальныя і цэльнасць твару для цябе важнейшая за панкаўскі запал, ці ж наадварот: ты вельмі хочаш мачыць, але не ведаеш, як правільна, спецыяльна для цябе, дружа, наш маленькі туторыял. Як задайвіць у натоўп хэдбэнгераў і пракраўдсёрфіць да самага мош-піта, не страціўшы па дарозе ніводнага зуба. Пагналі!
Што такое:
Шырокае і ўсёабдымнае паняцце, якое ўключае ў сябе ўсе ніжэйпералічаныя пункты. Калі верыць Вікіпедыі, то слэм – гэта дзеянне публікі на музычных канцэртах, пры якім людзі пхаюцца і ўразаюцца адзін у аднаго. Але я лічу такое вызначэнне занадта сухім і бяздушным. Яно больш падыходзіць для апісання метро ў гадзіну-пік, чым для такой прыгожай з’явы.
Слэм – гэта праява сапраўднай рок-н-рольнай волі. Сэнс у тым, каб кожны член імправізаванага кола (сёркла) змог рухацца так, як яму ўздумаецца. Хочаш піхацца – наперад. Хочаш круціць «млын» – калі ласка, толькі пастарайся нікога не забіць, калі не цяжка. Абсалютная дэмакратыя. І ўвесь гэты броўнаўскі рух адгароджаны ад простых канцэртных абывацеляў высакароднымі «ахоўнікамі слэму», якія не дадуць атрымаць па твары выпадковаму разяваку і своечасова вернуць назад у кола згубленага ў прасторы і часе слэмера.
Насуперак ходкай думцы, у слэме ніхто не ставіць сваёй мэтай забіць ці пакалечыць цябе. Гэта наогул не бойка, а хутчэй танец, хоць збоку можа здацца інакш. Ва ўдзельнікаў слэму ёсць звод няпісаных правілаў, галоўныя з якіх – «будзь уважлівым і паважай людзей, якія слухаюць з табой адну музыку» і «калі ў коле хтосьці ўпаў – неадкладна дапамажы яму ўстаць». Калі ты ведаеш гэта, за сваю захаванасць становіцца ледзь спакайней.
Як правільна:
Да слэму трэба быць гатовым і маральна, і фізічна. Калі перспектыва выпадкова атрымаць локцем у нос ад разгарачанага суседа цябе не натхняе – не варта ісці ў кола. Калі ўсё ж такі вырашыш – тэлефон, дакументы і гаманец пакінь сябрам. А лепш у гардэробе. А яшчэ лепш дома, навошта яны табе на рок-канцэрце?
Апранацца таксама трэба адпаведным чынам. Прыкід а-ля «еду на лецішча» – якраз той самы варыянт. Надзень тое, што не шкада будзе парваць. Таму што калі твая дарагая футболачка Stussy застанецца паміраць на халоднай і бяздушнай падлозе Re:public, ніхто табе не скажа «прабач». Сэ ля ві, братачка, ты ведаў, куды ішоў. Тое ж тычыцца і высокіх абцасаў у дзяўчат – лепей не трэба. Пры самым спрыяльным раскладзе ты проста зламаеш абцасы. У горшым выпадку – ногі. Прычым як сабе, так і навакольным. Таму несмяротныя «конверы» застаюцца такімі папулярнымі сярод наведнікаў рок-канцэртаў.
Яшчэ адзін важны момант. Людзі ў слэме, часцей за ўсё, – людзі п’яныя (калі ты, канешне, не на канцэрце Brutto). Калі ты таксама збіраешся, проста ведай сваю меру, каб забава не ператварылася ў мардабой.
Што такое:
У апошнія гады словы «слэм» і «мош» сталі практычна сінонімамі. Але тру-рокеры ўсё ж такі памятаюць, у чым іх адрозненне. Мош – гэта больш жорсткі від слэму, калі ўдзельнікі не толькі штурхаюць адзін аднаго пад рыф любімага гурта, але і выпісваюць пры гэтым дзіўныя зігзагі рукамі і нагамі, што робіць гэтую забаву яшчэ больш відовішчнай і траўманебяспечнай. Па правілах усё таго ж слэмерскага этыкету, удзельнік, які збіраецца выканаць «жорсткі мош», абавязаны паведаміць пра гэта сваім суседзям, і яны створаць вакол яго пустую прастору, каб мінімізаваць рызыкі траўмы.
Як правільна:
У інтэрнэце можна знайсці нямала відэатуторыялаў па класічных мошавых рухах. Трохі хатняй практыкі – і ты гатовы(-а) падрываць танцпляц. Самы папулярны рух – гэта, зразумела, «млын». Танцор становіцца ў пазіцыю «ногі на шырыні плячэй, рукі ў бакі», пераносіць цэнтр цяжару назад і пачынае бескантрольныя махавыя рухі верхнімі канечнасцямі, аддалена нагадваючы самы шалёны млын у свеце. Цікава было б, дарэчы, пабачыць, як выконвае «млын» Шыва…
Што такое:
Як можна было здагадацца з назвы, гэта тыя самыя знакамітыя скачкі са сцэны на кароткія дыстанцыі. Часцей за ўсё ў натоўп, радзей – на падлогу, калі траекторыя разлічана няправільна. Асабліва наіўныя зараз развітаюцца з ілюзіямі: людзі ў зале апрыёры не гараць асаблівым жаданнем лавіць цябе. Зразумела, калі ты не сімпатычная студэнтка з трэцім памерам грудзей, тады жадаючыя падцягнуцца нават са слэму. У астатніх жа выпадках цябе ловяць проста таму, што не жадаюць, каб ты ўпаў(-ла) ім на галаву. Зыходзячы з гэтага, прыходзім да высновы, што скакаць лепш за ўсё, калі ў клубе солд-аўт і расступіцца людзям будзе папросту няма куды. Нават пры вялікім жаданні.
Як правільна:
Добранька разбяжыся і падрыхтуйся, але не зацягвай са скачком, таму што злы і помслівы сек’юрыці можа нагнаць цябе хутчэй, чым ты прачуеш усё хараство вольнага палёту. Яны, як правіла, не асабліва цырымоняцца са «скакунамі». Не ўздумай скакаць нагамі наперад, пускай табе і здаецца, што так больш бяспечна. Будзе не вельмі прыемна, калі тваё «у-у-і-і-і» абернецца для кагосьці накаўтам. Уяві, што ты ныраеш у басейн: расслабся і дай «вадзе» цябе злавіць. «Вадзе», а не ахоўніку.
Што такое:
Не блытаць з краўдфандынгам (хоць іх прынцыпы збольшага падобныя). Краўдсёрфінг – лагічны працяг стэйдждайвінга. Натоўп нясе цябе па ўсёй зале, пакуль ты глядзіш у столь і марыш пра вечнае. Дзе-небудзь у сярэдзіне цябе ўсё ж такі скінуць, але пакуль думаць пра гэта рана – тваё цела расслаблена і адпачыва-а-ае. Ой, глядзі: хтосьці спрабуе выцягнуць з тваёй кішэні гаманец! Ай-яй-яй! Ну мы ж дамовіліся пакінуць усё дома!
Як правільна:
Тэхнік краўдсёрфінга існуе нямала: ад класічных «на спіне» або «на жываце» да экстравагантных «стоячы» або «ўніз галавой». Часам краўдсёрфінг становіцца часткай шоу для саміх удзельнікаў гурта. Напрыклад, бубнач Twenty One Pilots Джош Дан часта адпраўляецца сёрфіць па зале прама са сваёй барабаннай устаноўкай, пакуль ягоны «калега» Талер Джозэф выцягвае складаныя вакалізы, стоячы на руках сваіх фанатаў. У такія моманты не складана адчуць сабе Ісусам. Гэтак жа краўдсёрфінг з’яўляецца важным элементам канцэртаў Rammstein. У нейкі момант Ціль Ліндэман або яго сябры-карапузы садзяцца ў гумовую лодку і адпраўляюцца ў плаванне па ўсім стадыёне, не забываючы пры гэтым найграваць свае партыі. Вечная слава бесправадному гітарнаму перадатчыку!
Што такое:
«У лесе нарадзілася ялінка» для рабят з цяжкім дзяцінствам. Па сутнасці, гэта такі мадыфікаваны карагод: натоўп бегае па коле, паступова павялічваючы хуткасць, і рэзка зрываецца да цэнтра, калі гурт пачынае граць прыпеў. Акрамя забаўляльнай, сёркл-піт мае яшчэ і прафілактычную функцыю. Бегаючы па коле, удзельнікі не даюць слэму «схлопнуцца», пашыраючы вольную прастору. Такім чынам, пасля сёркла месца хопіць усім і ніводны дурань не перамоле цябе ў муку сваім «млынам».
Як правільна:
Гэта адзін з самых цікавых відаў слэму. Галоўнае – завяжы матузкі. Бо падаць у сёркле ой як непрыемна! Цябе, вядома, падымуць, але ёсць вялікі шанец, што да гэтага па табе паспее прабегчыся статак дзікіх буйвалаў. Беражы сябе, камрад!
Што такое:
Гэта класічны «башкатрэс». Тое, як твая бабуля ўяўляе сабе рокераў. Асабліва эфектна глядзіцца, калі хэдбэнгер валодае вялікай шавялюрай. Трохі архаічны, але глыбока паважаны ўсімі спосаб слэму. Па сцвярджэнні Лемі з Motorhead (царства яму нябеснае), хэдбэнгінг быў прыдуманы фанатамі яго гурта, а поўная назва гучала раней як «motorheadbanger». Не будзем спрачацца з заслужаным мёртвым чалавекам...
Як правільна:
Я думаю, ты ведаеш, чаго ўжо там! Бярэш галаву, трасеш у такт – гатова, ты бездакорны(-ая)! Для паляпшэння эфекту можна яшчэ паспрабаваць абліць галаву вадой, але не факт, што суседзям па слэме прыйдзецца даспадобы твой лёгкі «марскі брыз». Хоць хэдбэнгінг і з’яўляецца самым бяспечным відам слэму, ладзіць сваім мазгам перагрузкі ў 6g таксама не варта. Пры моцнай трасяніне твой мозг будзе біцца аб сценкі чэрапа, як напаўняльнік маракасаў, што можа прывесці да гематомы і, у асабліва рэдкіх выпадках, нават да інсульту. Але гэта, вядома, пры ўмове, што хэдбэнгінг будзе рэгулярным і жорсткім, а амплітуда «трасяніны» занадта вялікай. Таксама «башкатрэс» можа прывесці да траўмаў шыі, так што ва ўсім лепш ведаць меру.
Што такое:
Так званая «сцяна смерці» – самы жорсткі і «мясны» від слэму. Сустракаецца толькі на канцэртах самых адбітых хардкоршчыкаў. Сутнасць простая: зала дзеліцца на дзве часткі і, па камандзе гурта, «сценкі» бягуць дубасіцца адна з адной, на пару хвілін уваскрашаючы дзевяностыя.
Як правільна:
А ніяк. Яно таго не варта. Падумай пра бацькоў, дзяцей, кветкі, ружовыя поні. Жыццё – гэта ж штука выдатная, так што халера з імі, з гэтымі «дэс ўоламі»!
Парада ад бывалага краўдсёрфера Іллі Чарапко-Самахвалава:
Наогул я занадта часта атрымліваў траўмы на сваіх жа канцэртах, каб даваць камусьці парады. Калі я скачу ў залу, я доўга пра гэта не думаю, гэта атрымліваецца абсалютна спантанна, так што пра тэхніку бяспекі не можа ісці і гаворкі.
Але адну раду магу даць дакладна. Паважаныя спадары стэйдждайверы! Калі вы ўжо залезлі на сцэну, пераканаўчая просьба: калі ласка, не тапчыцеся па прымочках музыкаў! Так вы псуяце шоу і толькі павялічваеце рызыку атрымаць траўму, бо музыкі таксама не жалезныя! Не прымушайце іх лішні раз фізічна напружвацца.
«Час паліць усё благое ды натхняцца на наступны год».
Почему мы закрываем глаза, когда нам врут в лицо, – разбираемся, как нам выжить в эпоху постправды.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.
КАМЕНТАРЫ (1)
ну наканецта методичка