21377 0

Вольга Аполька

Выканаўчы дырэктар моладзевага адукацыйнага цэнтра «Фіяльта» Вольга Аполька – пра тое, як выхоўваць неабыякавых і актыўных грамадзян.

 

Чым займаюцца: Нефармальнай адукацыяй, рэалізацыяй моладзевых ініцыятыў.

Дата заснавання: 17 лютага 1995 г.

Структура: Падраздзяленняў і філіялаў няма.

Факты: Адна з першых недзяржаўных некамерцыйных моладзевых арганізацый у Беларусі. Першая арганізацыя ў краіне, якая ў 2008 годзе заснавала праект роўнага навучання і выпусціла больш за 30 экспертаў у гэтай сферы, цяпер яны з'яўляюцца міжнароднымі трэнерамі. За 20 гадоў існавання «Фіяльты» тут адбылося больш за 1000 майстар-класаў, а на яе мерапрыемствах пабывала больш за 20 тысяч маладых людзей. У рамках міжнароднай праграмы EVS «Фіяльта» прыняла каля 50 валанцёраў у Беларусі і адправіла больш за 40 валанцёраў у розныя краіны. Арганізацыя выступае партнёрам у міжнародных трэнінгах і абменах, на якія за апошнія 5 гадоў даслала каля 100 удзельнікаў.

Кантакты:

 Сайт   |  
FB   |   VK

Вольга Аполька, 26 гадоў. Скончыла БДМУ, па размеркаванні працуе дзіцячым рэнтгенолагам. У «Фіяльце» чатыры гады.


 

Гісторыя Вольгі

– Спачатку я проста прыходзіла ў «Фіяльту» на Movie Night. Потым пачала актыўна ўключацца ў жыццё арганізацыі, была валанцёрам, а з часам стала прымаць самастойныя рашэнні па арганізацыі розных мерапрыемстваў. У рэшце рэшт папярэднія кіраўнікі перадалі «стырно ўлады» нам, маладняку, так я і стала выканаўчым дырэктарам. Але ўсё роўна мы перыядычна бачымся з заснавальнікамі «Фіяльты», таму што ўсе варымся ў «Трэцім сектары».

 


Чым займаюцца ў «Фіяльце»?

– «Фіяльта» – адна з першых незалежных моладзевых арганізацый у Беларусі, якая займаецца нефармальнай адукацыяй. Мы дапамагаем рэалізоўваць розныя ініцыятывы. Гэта працуе так: да нас звяртаецца хто-небудзь са сваёй ідэяй, мы аказваем экспертную падтрымку і прадастаўляем месца для правядзення івэнтаў. На нашым сайце маецца ўкладка «Ёсць ініцыятыва?», дзе можна запоўніць анкету і прапанаваць сваю ідэю. Напрыклад, так з’явілася адно з нашых самых папулярных мерапрыемстваў – Movie Night. Рабяты прапанавалі паказваць кіно ў «Фіяльце» і ладзіць абмеркаванне пасля прагляду. Гэты праект існуе ўжо больш за 5 гадоў, і звычайна мы паказваем фільмы на сацыяльныя тэмы.

«Мы падыходзілі да маладых людзей, ціснулі ім руку і, не спыняючы поціску, пыталіся: “А ты б паціснуў мне руку, калі б я сказаў, што я ВІЧ-пазітыўны?”»

Адзін з нашых апошніх папулярных праектаў – «Навука па-за сабой», ініцыятыва па папулярызацыі навукі. Мы запрашаем лектараў, звычайна прафесараў, якія простай мовай тлумачаць асновы навукі і адказваюць на ўсе пытанні. На гэтых мерапрыемствах у нас заўсёды аншлаг. Напрыклад, адзін прафесар з БДУ распавядаў пра адронны калайдар, а іншы з БДУІР – пра штучны інтэлект. Аднойчы быў святар з Менскага Свята-Духава кафедральнага сабора, які чытаў лекцыю пра рэлігію. Тэма складаная – ёсць шмат спрэчных пытанняў і нюансаў, і ўсе хацелі падлавіць лектара на якой-небудзь супярэчнасці. Але не атрымалася: святар быў вельмі эрудыяваны і валодаў сучасным падыходам да тэмы, ён ніколі не казаў «У Бібліі напісана так – і на гэтым кропка». Цікава, да таго ж ён выкладае астраномію ў БДПУ.

Яшчэ ў нас праходзіць некалькі моўных курсаў, напрыклад, English Club – наша даўняя ініцыятыва, якая дае магчымасць папрактыкавацца ў англійскай. Таксама мы прымаем валанцёраў па праграме Еўрапейскай Валанцёрскай Службы (EVS), таму нашы іншаземныя госці навучаюць «фіяльтаўцаў» і ўсіх ахвотных сваім мовам. Звычайна кожны год у нас ёсць курсы нямецкай і польскай моў, а зараз яшчэ і курсы іспанскай, бо з’явіўся валанцёр з Іспаніі.

 

 

Дзяржава, замежжа, рэгіёны

– Мы пастаянна супрацоўнічаем з дзяржструктурамі, іх падтрымка патрабуецца ў розных пытаннях: ад рэгістрацыі замежных валанцёраў да афармлення нашых праектаў.

Але часам і дзяржструктурам патрэбная наша дапамога. Напрыклад, аднойчы нам прапанавалі зрабіць сумесны праект на тэму ВІЧ. Першага снежня, у Дзень барацьбы са СНІДам, мы арганізавалі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» акцыю: падыходзілі да маладых людзей, ціснулі ім рукі і, не спыняючы поціску, пыталіся: «А ты б паціснуў мне руку, калі б я сказаў, што я ВІЧ-пазітыўны?» Некаторыя адразу вырываліся, а хтосьці казаў: «Вядома». Было вельмі цікава назіраць за рэакцыяй людзей. Зразумела, потым мы распавядалі ім пра нашу акцыю і выдавалі ўлёткі, у якіх было напісана пра шляхі перадачы інфекцыі.

«Гэтая праграма перавярнула Наташына жыццё, па вяртанні яна кінула працу ў банку і пачала пісаць музыку»

Што тычыцца нашай міжнароднай дзейнасці, то мы пастаянна ўдзельнічаем у праграме Erasmus+, якая раней называлася Youth In Action. У нас ёсць партнёры практычна ва ўсіх краінах Еўропы. Мы супрацоўнічаем на розных узроўнях: на трэнінгах, абменах, партнёрскіх візітах, калі прадстаўнікі моладзевых арганізацый з розных краін прыдумляюць новыя праекты.

Так у нас з’явілася «зорная гісторыя» Наталлі Куніцкай. Яна паехала па моладзевым абмене ў Швецыю. Група ўдзельнікаў складалася з музыкаў: трубачоў, клавішнікаў, бубначоў. Яны ўсе былі з розных краін і разам прыдумлялі песні і кліпы на розныя сацыяльныя тэмы. На той час Наташа працавала ў банку, а музыка была для яе толькі хобі. Гэтая праграма перамяніла Наташына жыццё, па вяртанні яна кінула працу ў банку і пачала пісаць музыку. Мы вельмі ёй ганарымся.

Таксама мы стараемся працаваць з рэгіёнамі. Напрыклад, нашы «фіяльтаўцы» Ксюша Малюкова і Лёша Каваленка, якія праводзяць Movie Night, зараз ездзяць па абласцях і дзеляцца вопытам арганізацыі такіх мерапрыемстваў. Яны ўжо пабывалі ў Гомелі, Жодзіне, Оршы і збіраюцца паехаць на Палессе. Таксама ў нас ёсць праграма Youth On, якая хутка завершыцца «Кірмашом лепшых практык працы з моладдзю». Мы паспрабавалі аб’яднаць арганізацыі трэцяга сектара па ўсёй Беларусі: у нас былі прадстаўнікі з Віцебску, Берасця, Смалявічаў, Жодзіна. Мы дапамагалі ім пашырыць свае веды па арганізацыі розных мерапрыемстваў: як вызначаць сваю мэтавую аўдыторыю, як працаваць з ёй, як прыцягваць і ўтрымліваць валанцёраў. І ўжо ёсць вынікі: адна ўдзельніца гэтага праекта зрабіла антыкафэ ў Смалявічах, так што цяпер у гэтым горадзе з’явілася месца, дзе можна цікава і прыемна прабавіць час.

 

Тэкст і фота by Таня Капітонава


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.